Куб (фільм, 1997)

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
КубM:
англ.: Cube
Постар фільма
Жанр фільм жахаў[6][7], навукова-фантастычны фільм[d][6][8][…] і псіхалагічны хорар[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар Дэрэк Роджэрс
Кампазітар
Кінакампанія Cineplex Odeon Films[d], Viacom і Telefilm Canada[d]
Працягласць 90 хв.
Бюджэт ~365 000 CAD[1][2]
Зборы 501 818 USD (ЗША)[3]
10,3 млн USD (Францыя)[4]
Краіна
Мова англійская
Год 1997 і 13 ліпеня 2000[5]
Наступны фільм Куб 2: Гіперкуб
IMDb ID 0123755
Афіцыйны сайт (англ.)

«Куб» (англ.: Cube) — навукова-фантастычны псіхалагічны трылер 1997 года, першы поўнаметражны фільм канадскага рэжысёра Вінчэнца Наталі[14]. У цэнтры сюжэта — шэсць чалавек, якія прачнуліся ў лабірынце з мноства пакояў у форме кубоў. Яны мусяць знайсці выйсце або загінуць ад голаду, смагі і смяротных пастак. Слоган кінастужкі — «Не шукай прычыну. Шукай шлях вонкі»[1]. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Ніколь дэ Бур, Морыс Дзін Уінт, Дэвід Х’юлет.Перайсці да раздзела «Акцёрскі склад»

Нягледзячы на малы бюджэт, фільм змог атрымаць высокія ацэнкі ад гледачоў і дабіцца прызнання з боку крытыкаў, атрымаўшы статус культавага. Высока былі ацэнены нечаканыя павароты сюжэта, напружанасць дзеяння і клаўстрафобны настрой фільма. Таксама высока была ацэнена акцёрская ігра выканаўцаў галоўных роляў.Перайсці да раздзела «Ацэнкі і крытыка» Карціна сабрала мноства прэстыжных узнагарод розных кінафестываляў, у тым ліку «Сярэбранага крумкача» Брусэльскага фестывалю фантастычных фільмаў[en], прэмію Канадскага таварыства кінааператараў, прыз глядацкіх сімпатый і гран-пры Фестывалю фантастычных фільмаў у Жэрармеры[en], а таксама прэмію за найлепшы фільм на фестывалях у Пучхоне[en], Каталоніі[en], Садберы[en] і Таронта.Перайсці да раздзела «Узнагароды»

Поспех «Куба» паспрыяў стварэнню яшчэ некалькіх карцін у гэтым кінасусвеце: у 2002 годзе выйшаў сіквэл «Куб 2: Гіперкуб», а ў 2004 годзе — прыквэл «Куб Нуль». У 2021 годзе быў зняты японскі рымейк фільма.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Мужчына, апрануты ў робу з надпісам «Alderson», прачынаецца ў кубічным пакоі. Акурат у сярэдзіне кожнай з шасці граняў пакоя размешчаны люк. Мужчына адчыняе люк у адной са сцен памяшкання, зазірае ўнутр — і бачыць такі ж самы пакой, толькі іншага колеру. Ён правярае яшчэ некалькі люкаў — яны таксама вядуць у іншыя кубічныя пакоі. Урэшце ён вырашае перабрацца ў адно з суседніх памяшканняў. Як толькі ён выходзіць на сярэдзіну новага пакоя, яго разразае металічная сетка. Мужчына літаральна развальваецца на кавалкі.

У іншым пакоі сустракаюцца яшчэ некалькі людзей. У адной кампаніі аказваюцца Хелен Холаўэй, Квенцін, Джаан Левен і Дэвід Уорт. Ніхто не ведае, як яны патрапілі ў гэтае месца. Праз некаторы час у пакой праз люк трапляе мужчына па імені Рэн. Ён аказваецца крымінальнікам з вялікім вопытам уцёкаў з турмаў[15]. Рэн кідае чаравік у адзін з суседніх пакояў, трымаючы яго за звязаныя між сабой шнуркі. У пакоі спрацоўвае агнямёт. Праверыўшы іншы пакой і прызнаўшы яго бяспечным, мужчына ўваходзіць туды і кліча за сабой астатніх. Рэн правярае яшчэ адзін пакой, кідаючы абутак — пакой бяспечны, але як толькі Рэн аказваецца ў пакоі, яму ў твар трапляе кіслата. Рэна ўцягваюць назад у бяспечны пакой, аднак яму ўжо не дапамагчы. Неўзабаве ён гіне.

Шукаючы паратунку, палонныя абменьваюцца звесткамі пра сябе. Хелен працуе лекарам, Квенцін — паліцэйскі, Джаан Левен — школьніца, якая захапляецца матэматыкай, Уорт — інжынер. Дарогай кампанія знаходзіць маладога чалавека па імені Казан. Хлопец выглядае псіхічна хворым, але здольны разумець навакольных[15]. Холаўэй настойвае, каб яго ўзялі з сабой. Квенцін спрабуе захапіць пазіцыю лідара групы. Таксама ён часта робіць выпады ў бок Казана і Уорта. Усім астатнім з цяжкасцю ўдаецца яго супакойваць. Члены групы задаюцца шматлікімі пытаннямі: як яны патрапілі сюды, дзе знаходзіцца гэтае збудаванне, хто іх сюды пасадзіў. Аднак пошук адказу часта прыводзіць да спрэчак. У адной з іх Уорт прагаворваецца, што з’яўляецца праекціроўшчыкам каркаса Куба[15]. Аднак Уорт настойвае на тым, што не ведаў, з якой мэтай вялася распрацоўка Куба[16].

Левен, на аснове інфармацыі пра каркас, атрыманай ад Уорта, пачынае разумець прыкладную будову Куба. Яна заўважае, што кожны пакой мае свой нумар — тры трохзначныя лікі. Левен прапануе гіпотэзу, паводле якой сумы лічбаў кожнага з трох лікаў — гэта каардынаты месцазнаходжання пакояў. Такім чынам, Куб складаецца з 17 576 памяшканняў: 26 пакояў у даўжыню, 26 — у шырыню і 26 — у вышыню. Яна прапануе вызначыцца з цяперашнім іх месцазнаходжаннем у Кубе і рухацца да найбліжэйшага краю. Таксама дзяўчына заключае, што пасткі знаходзяцца ў пакоях, у нумарах якіх ёсць простыя лікі. Аднак, у адным з патэнцыйна бяспечных пакояў Квенцін аказваецца паранены дротам, што часткова абвяргае першасную гіпотэзу. Рухаючыся далей, палонныя трапляюць у сітуацыю, дзе вымушаны прайсці пакой, сэнсары якога рэагуюць на гук. Гэта задача аказваецца вельмі складанай і напружанай, бо перабірацца трэба ўніз праз столь наступнага пакоя. Да таго ж, псіхічна хворы Казан можа загаварыць і падвергнуць смяротнай небяспецы іншых. Квенцін патрабуе пакінуць Казана, але не сустракае падтрымкі. У рэшце рэшт, усім удаецца перабрацца.

Адзін з пакояў аказваецца бакавым: з аднаго з бакоў люк вядзе не ў іншы пакой, а ў пустэчу. Знешні свет аказваецца закрытым дадатковым корпусам, размешчаным на значнай адлегласці ад пакояў Куба. Палонныя звязваюць свае робы, каб спусціць некага ўніз. Як адну з самых лёгкіх, выбіраюць Хелен. Аднак даўжыні імправізаванай вяроўкі не хапае, Хелен разгойдваецца, спрабуючы дастаць да знешняй абалонкі. У гэты момант з-за ўзварушэння пакояў усе губляюць раўнавагу і выпускаюць вяроўку. Квенціну ўдаецца злавіць Холаўэй, але праз нейкі момант ён адпускае яе руку, а іншым кажа, што Хелен сарвалася. Стома расце, даюць аб сабе знаць абязводжванне і голад, каманда патрабуе адпачынку. Квенцін, які захапіў лідарства, распараджаецца выдзеліць адну гадзіну на сон. Праз некаторы час ён будзіць Левен і прадпрымае спробу збегчы з ёй ад астатніх, але паліцэйскага спыняюць.

Цяпер палонныя імкнуцца спусціцца ўніз, аднак у адным з пакояў знянацку натыкаюцца на цела Рэна. Члены групы ўпадаюць у адчай, бо аказваецца, што яны хадзілі кругамі. Уорт жа не губляе здольнасці валодаць сабой і прыцягвае ўвагу астатніх да таго факту, што цяпер на месцы пакоя, дзе трапіў у пастку Рэн, пустэча. Левен заключае, што пакоі Куба могуць перамяшчацца. Між іншага гэтая здагадка тлумачыць шум, штуршкі і моцную вібрацыю, якую перыядычна адчувалі палонныя. Левен удакладняе сваю гіпотэзу наконт пастак: пра пасткі сведчаць не толькі простыя лікі, але і ступені простых лікаў. Аднак дзяўчына заяўляе, што падобныя вылічэнні валодаюць «астранамічнай складанасцю». У гэты момант Казан пачынае каментаваць разважанні дзяўчыны-матэматыка. Аказваецца, ён валодае здольнасцю фенаменальна хутка знаходзіць адказ у дадзенай задачы. Бачачы, што Квенцін чыніць усё больш гвалту, Левен з Уортам змаўляюцца ўцячы ад яго і робяць яму пастку, у выніку якой Квенціна ўдаецца скінуць у люк. Левен, Уорт і Казан збягаюць. Героі хутка набліжаюцца да выхаду.

Палонныя выяўляюць пакой-мост, які паводле гіпотэзы Левен можа перамясціцца за межы Куба. Пасля чарговага перамяшчэння ў люку замест чорнай пустэчы аказваецца яркае белае святло. Першым выходзіць Казан. Уорт жа ўпадае ў дэпрэсію і кажа, што не заслугоўвае свабоды. Левен угаворвае яго выйсці. У гэты момант з’яўляецца Квенцін і наскрозь пратыкае дзяўчыну фрагментам дзвярной ручкі. У наступнае імгненне паліцэйскі раніць інжынера, а сам спрабуе выйсці праз адкрыты люк. Але ў апошні момант Уорт хапае Квенціна за нагу. Пакой зрушваецца ўбок, пачынаючы свой чарговы шлях па лабірынце — і рассякае Квенціна. Паранены Уорт кладзецца на падлогу побач з Левен. Казан ідзе наперад і аказваецца заліты яркім белым святлом.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]


   Ніколь дэ Бур   –   Джаан Левен, школьніца-матэматык
   Морыс Дзін Уінт   –   Квенцін, паліцэйскі
   Дэвід Х’юлет   –   Дэвід Уорт, архітэктар
   Нікі Гуаданьі[en]   –   Хелен Холаўэй, урач
   Эндру Мілер[en]   –   Казан, аўтыст
   Уэйн Робсан[en]   –   Рэн «Крапіўнік», крымінальнік
   Джуліян Рычынгс[en]   –   Алдэрсан

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

Праца над сцэнарыем[правіць | правіць зыходнік]

Ідэю фільма Наталі выношваў каля пяці гадоў. Асноўная задума была завязана на прагматычнай асаблівасці — вельмі абмежаваным бюджэце. З-за невялікай колькасці сродкаў Вінчэнца планаваў зняць прыгодніцкую карціну або фільм у жанры саспенс[en], у якім дзеянне адбываецца толькі ў адным пакоі. Акрамя Наталі над сцэнарыем працавалі Грэм Мэнсан і сябар дзяцінства рэжысёра Андрэ Біжэлік[16]. Асноўная ідэя фільма досыць простая — шэсць чалавек, прачнуўшыся ў бясконцым лабірынце пакояў, павінны знайсці выхад, перш чым памруць ад голаду і смагі. Аднак перакладаючы ідэю на паперу, каманда «распрацоўвала кітайскую галаваломку з нуля». Скончыўшы сцэнарый, рэжысёр лічыў, што самая складаная частка працы засталася ў мінулым, аднак, прыступіўшы да здымак, ён зразумеў, што памыляўся[17]. У раннім варыянце сюжэту персанажы павінны былі знайсці рэшткі іншапланетнай ежы. Потым ад гэтай ідэі адмовіліся, каб зрабіць паходжанне Куба больш таямнічым[1].

Здымкі[правіць | правіць зыходнік]

«Куб» быў зняты за 20 дзён на складзе гуказапіснай студыі «Wallace Film» у Таронта[18][19]. Для здымкаў быў пабудаваны ўсяго адзін пакой памерамі 14×14×14 футаў[20]. Колер пакоя змяняўся пры дапамозе зменных панэляў. Фільм здымаўся паслядоўна для кожнага колеру, так як змена панэляў патрабавала часу. Першапачаткова пакоі планавалася зрабіць шасці колераў, але з-за недахопу бюджэту было выкарыстана толькі пяць. На здымках прысутнічалі толькі адны працуючыя дзверы[20]. Улічваючы невялікі бюджэт, Наталі дакладна распланаваў кожную сцэну і распрацаваў раскадроўку, у выніку чаго былі ўлічаны наймалейшыя дэталі, што не пакідала месца для выпадковасці. Такім чынам, нават самы амбіцыйны эпізод, у якім чалавек літаральна распадаўся на кавалкі, быў зняты без неспадзяваных затрымак. Адной з найбольш складаных тэхнічных праблем нечакана аказалася вага дзвярэй паміж пакоямі куба. У першы ж здымачны дзень аказалася, што люк быў настолькі цяжкі, што яго не мог зварухнуць ні на цалю нават Морыс Дзін Уінт, самы моцны з акцёраў. Так як па ходу сцэнарыя дзверы мусілі пастаянна адчыняцца і зачыняцца, было вырашана здымаць вялікую дыялогавую сцэну. Тым часам мастак па спецэфектах Уільям Філіпс перарабіў канструкцыю дзвярэй літаральна з падручных матэрыялаў, купленых у гаспадарчай краме[17]. Кампанія «C.O.R.E.» стварыла ўсе лічбавыя спецэфекты для фільма бясплатна[1].

Саўндтрэк[правіць | правіць зыходнік]

Музыку да фільма напісаў Марк Корвен. Саўндтрэк, які складаецца з пяці кампазіцый агульнай працягласцю крыху больш за 20 хвілін, з’явіўся ў iTunes 1 студзеня 2008 года[21]. Лэйбл «Radar Records» выдаў яго 18 сакавіка таго ж года[22][23].

Cube (Original Motion Picture Soundtrack)
Назва Працягласць
1. «Why Are We Here?» (бел.: Чаму мы тут?) 05:11
2. «The Rope» (бел.: Вяроўка) 04:13
3. «Prime Numbers» (бел.: Простыя лікі) 03:18
4. «Wrong Door» (бел.: Няправільныя дзверы) 02:26
5. «Escape» (бел.: Выйсце) 06:43
21:51

Выхад і прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

Пракат і зборы[правіць | правіць зыходнік]

Здымкі Наталі лічыў катастрофай і быў вельмі здзіўлены, калі кіно атрымала міжнароднае прызнанне. «Калі б на той момант мне сказалі, што „Куб“ выйдзе ў шырокі пракат і атрымае працяг, я б упаў з крэсла» — адзначае рэжысёр[24]. Бюджэт фільма па розных ацэнках склаў 350—365 тысяч канадскіх долараў (каля 300 тысяч долараў ЗША)[1][2]. Прэм’ера фільма адбылася 9 верасня 1997 года ў межах 22-га[en] Міжнароднага кінафестывалю ў Таронта[25][26]. 18 верасня 1997 года фільм выйшаў у пракат у Таронта, Атаве і Манрэалі[26]. У ЗША «Куб» стартаваў у абмежаваным пракаце 11 верасня 1998 года[27]. Першы тыдзень прынёс усяго 57 тысяч долараў, усяго ў хатнім пракаце стужка сабрала крыху больш за 500 тысяч[3]. У Францыі, аднак, каса фільма склала 10,3 млн. долараў[4]. «Куб» стаў пятым мастацкім фільмам, выпушчаным у межах праекта Цэнтра канадскага кіно[28]. На відэакасетах «Куб» выйшаў у 1999 годзе, а ў фармаце Blu-ray — у 2012 годзе[29]. У Сінгапуры карціна была выпушчана ў крыху скарочаным выглядзе — мінімальныя змены закранулі восем сцэн[30].

Ацэнкі і крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Рэйтынгі
Выданне Адзнака
AllMovie 3 з 5 зорак3 з 5 зорак3 з 5 зорак3 з 5 зорак3 з 5 зорак[27]
Empire 4 з 5 зорак4 з 5 зорак4 з 5 зорак4 з 5 зорак4 з 5 зорак[2]
Internet Movie Database 7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак7.3 з 10 зорак[31]
Metacritic 6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак6.1 з 10 зорак[32]
Rotten Tomatoes 6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак6.2 з 10 зорак[33]

Паводле дадзеных агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 37 рэцэнзентаў 23 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 62%[33]. Іншы папулярны агрэгатар крытычных аглядаў, «Metacritic», дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 61 бал са 100 магчымых на аснове 12 рэцэнзій[32]. Карыстальнікі папулярнага рэсурсу «Internet Movie Database» адзначылі фільм ацэнкай у 7,3 бала па дзесяцібальнай шкале[31].

Рэцэнзенты адзначалі, што фільм пра футурыстычную турму стаў самай клаўстрафобнай канадскай карцінай усіх часоў[18]. Яны таксама хвалілі інтрыгу, палітычныя алегорыі, неадназначнасць[34], раптоўныя павароты сюжэта, напружанасць дзеяння[35], мінімалістычнае музычнае суправаджэнне[15]. Нярэдка карціну называлі культавай[24][1][36][37][38]. Расійскі часопіс «Мир фантастики[ru]» уключыў трылогію пра Куб у рэйтынг «Скарбніца кінематографа» ў жанры навуковай фантастыкі[39].

Шэраг рэцэнзентаў выдзеліў недахопы працы Наталі — так, «Los Angeles Times» не спадабалася матэматычная падаплёка карціны[28], а «The New York Times», «San Francisco Chronicle», «Variety» і «TV Guide» палічылі слабымі некаторыя дыялогі[15][35][40][41]. У «Reel Film Reviews» адзначалася, што пасля гадзіны прагляду кіно адчувальна «выдыхаецца», аднак пазней выходзіць «на ўражвальную фінішную прамую»[14].

Міхаіл Папоў, супрацоўнік часопіса «Мир фантастики», заявіў, што для стварэння культавага фільма не патрабуецца вялікіх сродкаў, і кіно, «знятае за лічаныя капейкі», нярэдка аказваецца сапраўдным шэдэўрам. Фільм быў ахарактарызаваны як твор мастацтва, самае каштоўнае ў якім — унікальная сюжэтная лінія і першасортная акцёрская ігра. Узровень пастаноўкі кінастужкі забяспечваецца пачуццямі, эмоцыямі і ўзаемаадносінамі персанажаў. У выніку, «Куб» — гэта не проста трылер, гэта гімн клаўстрафобіі, які расказвае пра барацьбу чалавека з самім сабой. Крытык выразіў думку пра тое, што першая частка атрымалася найбольш удалай у трылогіі, і яна парадуе гледачоў як з тэхнічным складам розуму, так і з гуманітарным[1]. Яўгеній Ухаў, аглядальнік з «Film.ru», назваў карціну адной з самых загадкавых і невытлумачальна прыцягальных прац у сваім жанры, напоўненай філасофіяй, рэлігіяй і дынамічным змаганнем за жыццё[42].

Персанажы карціны разнапланавыя. Квенцін напачатку дае матывацыю для выратавання[2] і праяўляе лідарскія якасці[43], але па меры развіцця сюжэта пераўтвараецца ў псіхапата. Левен — матэматычны геній[2], якая валодае вострым розумам і добрымі аналітычнымі здольнасцямі[1]. Холаўэй — урач[2] і заўзяты канспіролаг[15], злёгку неўраўнаважаная[1], крыху паранаідальная[2] і схільная да панікі[43]. Уорт — задумлівы архітэктар, адзін з канструктараў Куба[2][40][43], па сваёй прыродзе замкнуты[1] і цынічны[15]. Аўтыст Казан з’яўляецца савантам[2] і з часам набывае статус «джокера ва ўраўненні»[44]. Казана параўноўвалі з персанажам Дасціна Хофмана з «Чалавека дажджу»[40][43] і Форэстам Гампам[en][45]. Успаміны персанажаў туманныя: ніхто не можа ўспомніць, як яны патрапілі ў лабірынт[27]. Чаргуючы супрацоўніцтва і канфлікты, героі шукаюць міфічнае выйсце з Куба[2]. Наталі не баіцца ўмешвацца ў чаканні аўдыторыі адносна лёсаў персанажаў, што робіць карціну непрадказальнай[44]. Акцёрскі ансамбль дэманструе выдатную працу на кінематаграфічным эквіваленце голай сцэны[40].

Аглядальнік «Los Angeles Times» лічыць, што рэжысёр паступіў мудра, не даючы тлумачэнняў, хто пабудаваў Куб і чаму менавіта героі фільма аказаліся ў яго сценах[28][43]. «AllMovie» назваў стужку трыумфам фантазіі над бюджэтам[44]. Да найбольш заварожваючых момантаў фільма адносяць сцэну з пакоем, у якім пастка рэагавала на гук[14]. Існуе меркаванне, што «Куб», мог быць натхнёны эпізодам «Пяць персанажаў у пошуках выхаду[en]» тэлесерыяла «Зона прыцемкаў[en]»[45][46]. Рэцэнзенты адзначылі, што атмасфера кінастужкі нагадвае «Працэс[en]» Франца Кафкі, а на сцэнарную аснову будовы Куба, магчыма, паўплываў расказ Роберта Хайнлайна «Дом, які збудаваў Ціл»[1]. Крытыкі таксама адзначылі некаторую агульнасць з фільмамі «Сфера[en]», «Пі[en]»[2][34], «THX 1138[en]» і серыялам «Зняволены[en]»[35]. Нярэдка прыводзяцца параўнанні канструкцыі Куба з вялізарным кубікам Рубіка[47][2][15][41][44].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 13 кінаўзнагародамі і яшчэ 9 намінацыямі[48].

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант(ы) Вынік Сп.
Кінафестываль у Таронта 04-13.09.1997[en] Найлепшы канадскі дэбютны фільм[en] «Куб» Перамога [15]
Кінафестываль Сінефест у Садберы[en] Верасень 1997 Найлепшы ігравы фільм Антарыа «Куб» Перамога
Кінафестываль у Сіджэсе[en] 08-17.10.1998[ca] Найлепшы фільм[ca] «Куб» Перамога [49][50]
Найлепшы сцэнарый[ca] Вінчэнца Наталі, Андрэ Б’еліч[sv], Грэм Мэнсан[en] Перамога
Фестываль фантастычных фільмаў у Жэрармеры[en] 27-31.01.1999[fr] Гран-пры «Куб» Перамога
Прыз крытыкаў «Куб» Перамога
Прыз глядацкіх сімпатый «Куб» Перамога
Джыні 04.02.1999[en] Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка[en] Ясна Стэфанавіч Намінацыя [51]
Найлепшы мантаж[en] Джон Сандэрс Намінацыя
Найлепшы гук[en] Дарсі Кайт, Стыў МакНэймі, Пітэр Келі, Тод Уорэн Намінацыя
Найлепшы мантаж гука[en] Стывен Бардэн, Крэйг Хеніган, Джыл Пёрдзі, Сью Конлі, Джон Лэйнг, Джон Сіверт Намінацыя
Найлепшая музыка[en] Марк Корвен Намінацыя
Fantasporto[en] 25.02-06.03.1999 Гран-пры — Найлепшы фільм «Куб» Перамога [52]
Найлепшыя спецэфекты Боб Манро, Джон Марэла Перамога
Прыз глядацкіх сімпатый «Куб» Перамога
Брусельскі фестываль фантастычных фільмаў[en] Сакавік 1999 «Сярэбраны крумкач» «Куб» Перамога
Канадскае таварыства кінааператараў[en] 27.03.1999 Прэмія за аператарскую працу ў мастацкім кіно Дэрэк Роджэрс Перамога [53]
Сатурн 09.06.1999[en] Найлепшы рэліз хатняга відэа «Куб» Намінацыя [1]
Фестываль фантастычных фільмаў у Пучхоне[en] 16-24.07.1999 Найлепшы ў Пучхоне «Куб» Намінацыя
Выбар журы «Куб» Перамога
Прэмія «Бензапіла» часопіса «Фангорыя»[en] 1999 «Бензапіла» за найлепшы абмежаваны рэліз/відэа-рэліз «Куб» Намінацыя
Асацыяцыя кінакрытыкаў Турцыі[en] 27.01.2003[tr] Найлепшы замежны фільм «Куб» 20-е месца

Аналіз[правіць | правіць зыходнік]

Будова Куба[правіць | правіць зыходнік]

Функцыянальная будова Куба была прыдумана матэматыкам Дэвідам Правіка (англ.: David W. Pravica). Куб складаецца з вонкавай абалонкі — саркафага — і ўнутранага куба. Адзін бок вонкавай абалонкі мае даўжыню 434 футы (~132 метры). Унутраны куб складаецца з 263 = 17 576 кубічных пакояў (ад гэтага ліку неабходна адняць невядомую колькасць пакояў, дзякуючы адсутнасці якіх забяспечваецца рух астатніх), рабро кожнага з якіх мае даўжыню 15,5 фута (~4,72 метра). Паміж унутраным кубам і абалонкай існуе пустая прастора, роўная 15,5 фута. Кожны пакой пазначаны трыма ідэнтыфікацыйнымі трохзначнымі нумарамі, напрыклад, 517 478 565. У гэтых ліках зашыфраваны пачатковыя каардынаты пакоя ў сістэме каардынат х, у, z. Лікі таксама вызначаюць рух пакоя і яго наступную пазіцыю, якія атрымліваюцца шляхам цыклічнага аднімання лічбаў адна ад адной. Выніковыя лікі затым паслядоўна дадаюць да зыходных. Толькі адзін пакой («пакой-мост») можа датыкацца да вонкавага саркафага[54]. У кожным пакоі размешчана па шэсць дзвярэй — у цэнтры сцен, падлогі і столі[47].

Героі карціны будавалі разнастайныя здагадкі пра Куб, у прыватнасці аб тым, што ён мог быць пабудаваны ваенна-прамысловым комплексам, касмічнымі прышэльцамі або нейкімі «багацеямі»[2]. Аднак рэжысёр карціны Вінчэнца Наталі адзначае наступнае[16]:

« Паходжанне Куба пакрыта таямніцай. Пра гэта гаворыцца ў сюжэце, і на самай справе, мы бачым, што адзін з персанажаў прымаў удзел у стварэнні Куба, але нават ён не меў поўнага ўяўлення пра тое, што гэты будынак з сябе ўяўляе. Яго сутнасць на самай справе ніколі не раскрываецца цалкам. Гэта заўсёды застаецца загадкай. І для сябе, і для людзей, з якімі я пісаў сцэнарый, было больш цікавым пакінуць двухсэнсоўнасць і такім чынам даць месца для інтэрпрэтацый.
»

Імёны персанажаў[правіць | правіць зыходнік]

Імёны ўсіх персанажаў фільма выбраны не выпадкова і ўзяты з назваў розных турмаў: Квенцін — гэта турма Сан-Квенцін[en] у Каліфорніі, вядомая сваімі жорсткімі ўмовамі. Казан — Казанская турма (Татарстан), Холаўэй — жаночая турма Холаўэй[en] у Лондане, Рэн — турма ў Рэне, Францыя, Алдэрсан — турма[en] ў аднайменным горадзе[en] ў Заходняй Віргініі, Левен і Уорт — турма Левенуорт[en] у горадзе Левенуорт, Канзас[1]. Наталі адзначаў, што акцёрам дасталіся складаныя ролі — паколькі ў фільме вельмі мала дзеяння, ім даводзілася цалкам разлічваць на мімічнае і вербальнае ўзаемадзеянне, каб выказаць свае эмоцыі і страхі[55]. Гэта быў першы і адзіны праект, у якім Ніколь дэ Бур і Дэвід Х’юлет працавалі разам. Пазней Ніколь з захапленнем адзывалася пра яго акцёрскую ігру[56]. Х’юлет быў старым знаёмым рэжысёра. Роля ў «Кубе» была для яго першай вялікай роляй у навуковай фантастыцы. Ролю Дэвіда Уорта ён называе найбольш балючай і найбольш некамфортнай у сваёй кар’еры, але і найбольш улюбёнай[57].

Уплыў на кінематограф[правіць | правіць зыходнік]

Афіцыйных адаптацый па фільме выпушчана не было, аднак «Куб» зрабіў пэўны ўплыў на развіццё кінаіндустрыі і індустрыі гульняў. Рэжысёр Пол Андэрсан[en] выкарыстаў ідэю першай сцэны «Куба», у якой чалавек гіне рассечаны металічнай сеткай, у сваёй кінастужцы «Прыстанак зла[en]», замяніўшы металічную сетку лазернай. Пазней падобнае забойства сустракаецца ў іншым фільме Пола Андэрсана «Чужы супраць Драпежніка[en]»[43][58]. Уплыў стужкі адчуваецца ў фільмах «Піла»[59], «Па волі багоў[en]»[60] і «Дом дзевяці[en]»[61], стылістыка заўважаецца ў гульні «Portal»[62].

Праз пяць гадоў пасля выхада «Куб» атрымаў працяг пад назвай «Куб 2: Гіперкуб» (2002). Пазней, у 2004 годзе выйшаў прыквэл — «Куб Нуль»[36]. Наталі не меў да гэтых фільмаў ніякага дачынення. Сам ён не хацеў здымаць працяг, тлумачачы гэта тым, што ён ужо выказаў свае думкі ў першай карціне[63]. Абодва фільмы атрымалі даволі нізкія рэйтынгі і пераважна кепскія водгукі кінакрытыкаў.

У 2015 годзе выданне «The Hollywood Reporter» паведаміла, што кампанія Lionsgate плануе выпусціць рэмэйк. Праект ствараўся Роем Лі[en] з «Vertigo Entertainment» і Джонам Спэйтсам[en]. Новы фільм планавалася назваць «Cubed», што ў перакладзе з англійскай мовы можа азначаць як «узведзены ў куб», так і «разрэзаны на кубікі». Рэжысёрам фільма быў назначаны Саман Кэш[en], для якога фільм павінен быў стаць дэбютам у вялікім кіно. Напісанне сцэнарыя было даручана Філу Готарну[64][65][66]. Стваральнікі абяцалі зняць фільм пра зараджэнне новай «лічбавай» расы[67]. Карціна, аднак, так і не была знята.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё ж з і к л м Михаил Попов. 6 граней, 12 ребер, 8 вершин. "Куб" (руск.). «Мир фантастики[ru]», №27 (Лістапад 2005 (27.12.05)). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2012. Праверана 7 верасня 2018.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м Kim Newman. Cube Review (англ.). «Empire». Праверана 7 верасня 2018.
  3. а б Cube (1998) — Box Office Mojo (англ.). «Box Office Mojo». Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 7 верасня 2018.
  4. а б CUBE — General Information Index (англ.). «Сubethemovie.com». Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2003. Праверана 21 верасня 2018.
  5. http://www.kinokalender.com/film1563_cube.html Праверана 30 студзеня 2018.
  6. а б http://www.nytimes.com/reviews/movies Праверана 13 красавіка 2016.
  7. а б в http://www.metacritic.com/movie/cube Праверана 13 красавіка 2016.
  8. а б http://www.imdb.com/title/tt0123755/ Праверана 13 красавіка 2016.
  9. а б в г д http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=9348.html Праверана 13 красавіка 2016.
  10. а б в https://www.siamzone.com/movie/m/3436 Праверана 13 красавіка 2016.
  11. http://www.film-o-holic.com/arvostelut/cube Праверана 13 красавіка 2016.
  12. а б http://stopklatka.pl/film/cube Праверана 13 красавіка 2016.
  13. а б в http://www.imdb.com/title/tt0123755/fullcredits Праверана 13 красавіка 2016.
  14. а б в David Nusair. The Films of Vincenzo Natali. Cube (англ.). «Reel Film Reviews» (22 студзеня 2013). Праверана 7 верасня 2018.
  15. а б в г д е ё ж з Ken Eisner. Cube — Variety (англ.). «Variety» (20 кастрычніка 1997). Праверана 13 верасня 2018.
  16. а б в Angela Baldassarre. Cubism Natali — Style from Tandem (Corriere Canadese) (англ.). «Сubethemovie.com». Архівавана з першакрыніцы 9 лютага 1998. Праверана 18 верасня 2018.
  17. а б Vincenzo Natali. Director's Notes (англ.). «Сubethemovie.com». Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2003. Праверана 20 верасня 2018.
  18. а б Jason Anderson. Cabin Fever (англ.). «CBC.ca» (15 лістапада 2005). Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2012. Праверана 21 лютага 2011.
  19. CUBE — Production (англ.). «Сubethemovie.com». Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2003. Праверана 21 верасня 2018.
  20. а б Mathematics, Art, Technology, and Cinema 2003.
  21. Cube (Original Motion Picture Soundtrack) by Mark Korven (англ.). «iTunes». Праверана 14 верасня 2018.
  22. Cube (Original Motion Picture Soundtrack) by Mark Korven (англ.). «Amazon.com». Праверана 14 верасня 2018.
  23. Mark Korven — Cube (Original Motion Picture Soundtrack) (англ.). «Discog». Праверана 14 верасня 2018.
  24. а б Saxon Bullock. Vincenzo Natali. Cypher (англ.). «BBC» (1 верасня 2003). Праверана 13 верасня 2018.
  25. Cube — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 15 чэрвеня 2021.
  26. а б Cube — Library and Archives Canada (англ.). «Library and Archives Canada». Праверана 7 верасня 2018.
  27. а б в Bhob Stewart. Cube (1997) — Vincenzo Natali (англ.). «AllMovie». Праверана 23 верасня 2018.
  28. а б в Kevin Thomas. Working Through 'Cube's' Maze (англ.). «Los Angeles Times» (11 верасня 1998). Праверана 13 верасня 2018.
  29. Cube (1997) — Vincenzo Natali — Releases (англ.). «AllMovie». Архівавана з першакрыніцы 25 чэрвеня 2013. Праверана 23 верасня 2018.
  30. Cube (Comparison: Singapore PG — German DVD) (англ.). «Movie-Censorship.com». Праверана 23 верасня 2018.
  31. а б Cube (1997) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 15 чэрвеня 2021.
  32. а б Cube Reviews — Metacritic (англ.). «Metacritic». Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2012. Праверана 12 красавіка 2018.
  33. а б Cube (1998) — Rotten Tomatoes (англ.). «Rotten Tomatoes». Праверана 10 верасня 2018.
  34. а б Keith Phipps. Cube (англ.). «The A.V. Club» (24 красавіка 2002). Архівавана з першакрыніцы 18 лістапада 2007. Праверана 8 мая 2016.
  35. а б в Ken Fox. Cube — Movie Reviews and Movie Ratings (англ.). «TV Guide». Архівавана з першакрыніцы 11 верасня 2013. Праверана 13 верасня 2018.
  36. а б Евгений Ухов. Куб обретает объём (руск.). «Filmz.ru» (12 сакавіка 2011). Праверана 13 верасня 2018.
  37. Jennifer Maas. Lionsgate to remake the cult classic 'Cube' into 'Cubed' (англ.)(недаступная спасылка). «Entertainment Weekly» (30 красавіка 2015). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2016. Праверана 13 верасня 2018.
  38. Tina Campbell. Cult classic film Cube to be remade as Cubed (англ.). «Metro» (30 красавіка 2015). Праверана 13 верасня 2018.
  39. Олег Гаврилин, Михаил Попов, Арсений Крымов, Александр Киселёв. Сокровищница кинематографа. 100 лучших фантастических фильмов (руск.). «Мир фантастики[ru]» (1 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2012. Праверана 7 жніўня 2012.
  40. а б в г Anits Gates. FILM REVIEW; No Maps, Compasses Or Faith (англ.). «The New York Times» (11 верасня 1998). Праверана 13 верасня 2018.
  41. а б Bob Graham. `Cube's' Cogs Stuck In Its Pure Visuals (англ.). «Sfgate.com» (20 лістапада 1998). Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2012. Праверана 21 лютага 2011.
  42. Евгений Ухов. Как пройти в библиотеку? (руск.)(недаступная спасылка). «Film.ru» (19 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2014. Праверана 13 верасня 2018.
  43. а б в г д е Nick Schager. Cube (англ.). «Slant Magazine» (12 красавіка 2003). Праверана 13 верасня 2018.
  44. а б в г Derek Armstrong. Cube (1997) — Vincenzo Natali — Review (англ.). «AllMovie». Праверана 23 верасня 2018.
  45. а б Marc Savlov. Cube (англ.). «Austin Chronicle» (30 кастрычніка 1998). Праверана 13 верасня 2018.
  46. Writing the Horror Movie 2013, с. 137.
  47. а б Owen Gleiberman. Cube (англ.)(недаступная спасылка). «Entertainment Weekly» (25 верасня 1998). Архівавана з першакрыніцы 6 лістапада 2016. Праверана 7 верасня 2018.
  48. Cube — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 15 чэрвеня 2021.
  49. 1998: 31ed. Festival Internacional de Cinema Fantàstic de Catalunya (8/10 - 17/10) (англ.)(недаступная спасылка). Сайт Кінафестывалю ў Сіджэсе[en]. Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2021. Праверана 15 чэрвеня 2021.
  50. Casimiro Torreiro. Vincenzo Natali gana con 'Cube' el 31º Festival de Cine de Sitges (ісп.). Сайт «El Pais» (18 кастрычніка 1998). Праверана 15 чэрвеня 2021.
  51. Cube (1997) — Vincenzo Natali — Awards (англ.). «AllMovie». Праверана 23 верасня 2018.
  52. Fantasporto 1999 — XIXº Festival Internacional de Cinema do Porto (парт.). «Cinedie.com» (18 сакавіка 1999). Праверана 10 верасня 2018.
  53. Theatrical Feature Cinematography Award: Filmmaking is a magic show(англ.) // CSC News. — 1999. — В. 18. — № 9. — С. 18-19. Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2016.
  54. Math Goes to the Movies 2012.
  55. Reel Canadians: Interviews from the Canadian Film World 2003, с. 102.
  56. David Read. Girl With a Gun: An Interview With Nicole de Boer (англ.). «GateWorld» (5 верасня 2008). Праверана 22 верасня 2018.
  57. David Hewlett. David Hewlett: My 'hilariously unhappy' life as Dr. Rodney McKay (англ.)(недаступная спасылка). «Syfy Wire» (4 ліпеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 2 чэрвеня 2018. Праверана 22 верасня 2018.
  58. Игорь Варнавский. Горячая линия: игры (руск.). «Igromania.ru» (19 снежня 2006). Архівавана з першакрыніцы 16 снежня 2012. Праверана 24 верасня 2018.
  59. Ken W. Hanley. Interview: Vincenzo Natali on “Haunter” (англ.). «Diabolique Magazine» (23 кастрычніка 2013). Праверана 24 верасня 2018.
  60. Евгений Ухов. Рецензия на фильм «Страшная воля богов» (руск.)(недаступная спасылка). «Film.ru» (22 красавіка 2015). Архівавана з першакрыніцы 8 жніўня 2016. Праверана 24 верасня 2018.
  61. Scott Weinberg. House of 9 (англ.). «DvdTalk» (2 лютага 2006). Праверана 24 верасня 2018.
  62. Александр Чепелев. Portal (руск.). «Igromania.ru» (17 кастрычніка 2007). Праверана 24 верасня 2018.
  63. Fred Topel. Exclusive Interview: Vincenzo Natali on Haunter (англ.). «Mandatory» (24 кастрычніка 2013). Праверана 24 верасня 2018.
  64. Dave McNary. Lionsgate Developing ‘Cube’ Remake (англ.). «Variety» (30 красавіка 2015). Праверана 24 верасня 2018.
  65. Borys Kit. Lionsgate to Remake Cult Sci-Fi Hit 'Cube' (Exclusive) (англ.). «The Hollywood Reporter» (30 красавіка 2015). Праверана 1 мая 2016.
  66. Silas Lesnick. Lionsgate Plans Cube Remake, Cubed (англ.). «Coming Soon» (30 красавіка 2015). Праверана 24 верасня 2018.
  67. Борис Новиков. Lionsgate готовит ремейк «Куба» (руск.). «Filmz.ru» (1 мая 2015). Праверана 24 верасня 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]