Лінаўская сядзіба
Славутасць | |
Палацава-паркавы комплекс Трэмбіцкіх | |
---|---|
52°29′37″ пн. ш. 24°28′49″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
пасёлак | Інтэрнацыянальны |
Тып будынка | сядзіба |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Заснавальнік | Вінцэнт Трэмбіцкі |
Будаўніцтва | канец XVIII — пачатак XIX стст. |
Будынкі | |
сядзіба • бровар | |
Прыдзелы | гаспадарчыя пабудовы |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000610 |
Стан | занядбаны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лінаўская сядзіба — рэшткі сядзібна-палацавага комплексу ў пасёлку Інтэрнацыянальны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Лінова стала ўладаннем генерала Пятра Румянцава, які хутка распрадаў гэтыя землі. Лінова набыў Вінцэнт Трэмбіцкі (1762—1842) гербу «Слепаўрон», кобрынскі лоўчы і шамбелян апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста[2]. На мяжы XVIII—XIX стагоддзяў ён збудаваў тут сядзібу ў класічным стылі, у якой жылі чатыры пакаленні роду. Гэта быў цагляны аднапавярховы будынак, накрыты чатырохсхільным дахам.
Толькі ў пачатку XX стагоддзя, калі сядзіба стала цеснай для ўсіх нашчадкаў, тагачасны ўласнік Уладзіслаў Трэмбіцкі заняўся яе перабудовай. Былі прыбудаваны бакавыя крылы, аднак у працэсе будоўлі не хапіла сродкаў на поўную рэалізацыю задумкі, да таго ж яе здзяйсненню зашкодзіў выбух Першай сусветнай вайны, і змены атрымаліся не надта ўдалымі[3].
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў доме была вялізная бібліятэка, якая належала бібліяфілу Уладзіславу Трэмбіцкаму, брату ўласніка Лінова Багуслава. Не маючы добрага дому ў сваім маёнтку ў Мікітычах, Уладзіслаў захоўваў кнігі ў Ліноўскім маёнтку. З цягам часу іх колькасць дасягнула некалькі тысяч тамоў, у асноўным польская і французская літаратура. У бібліятэцы былі кнігі і рукапісы са збораў Міхаіла Баброўскага, набытыя ў 1847 годзе. Па смерці Уладзіслава Трэмбіцкага яго бібліятэка амаль цалкам была прададзена Замойскім і апынулася ў Варшаве (у 1944 года загінула ў часе пажару). Рэшткі кніг былі вывезены немцамі пасля акупацыі Пружаншчыны ў Першую сусветную вайну[4].
За савецкім часам у класіцыстычным палацы Трэмбіцкіх размяшчалася кантора крухмальнага завода[5] (які паўстаў у памяшканнях бровару). Аднак пасля таго, як завод збанкрутаваў, сядзіба паступова разбуралася.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Палац з'яўляўся цэнтрам кампазіцыі. У пачатку XX стагоддзя быў перабудаваны ў духу сядзібнай архітэктуры XIX стагоддзя. Даўжыня будынку складала 110 м. Цэнтральная частка двухпавярховая (16×10 м), бакавыя крылы аднапавярховыя (19×11 м). На адной кароткай восі размяшчаліся пад'езная алея, партэр і палац, аднак новыя прыбудовы, закладзеныя Уладзіславам, парушылі восевую сіметрыю: правае крыло недабудавалі, і яно адрознівалася ад астатняй часткі палацу.
Цэнтральны ўваход у сядзібны дом меў масіўны порцік, першы паверх якога складалі 5 аркадаў, над якімі ўзвышаліся 4 калоны з трохвугольным франтонам. Сярэдні рызаліт паркавага фасаду аднапавярховы, мае прасторную тэрасу. Левае крыло двухпавярховае, з невялікім гаўбцом і калонамі.
Інтэр'еры памяшканняў вылучаліся разнастайнасцю і багаццем аздаблення. У цэнтральным холе стаялі мармуровыя бюсты Нерона і Агрыпіны, столь пакрытая выразанымі з дрэва кесонамі. Па сценах сталоўкі, якая адначасна служыла бальнай залай, віселі партрэты сем'яў Трэмбіцкіх і Ажэшкаў. Сцены «цёмнага» салона былі аклеены цёмнымі шпалерамі, а мэбля абцягнутая цёмна-зялёным сукном. У «ясным» салоне мэбля была абабітая чырвоным атласам.
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Плошча парку складае 3 га. Планіроўка выцягнутая. Да сядзібы вяла ліпавая алея шырынёй 20 м, якая пачыналася ад галоўнай алеі з конскага каштану. З усходняга боку ад уязной алеі размяшчалася стайня. У 1921 годзе ў сядзібе быў пабудаваны бровар, да якога вяла другая алея з ліпы крымскай і буйналістай. З боку завода праходзіў вузкі канал, прызначаны для адводу лішкаў вады ў Мухавец.
Па абодва бакі сіметрычна будынку сядзібы стаялі дзве брамы. На партэры між брамамі і хатай раслі клёны, грабы, ясені, дубы, ліпы, конскія каштаны, ракіта залацістапабегавая, арэхі грэчаскія, сосны крымскія. Невялікі сядзібны парк дапаўняўся садам.
Сучасны стан
[правіць | правіць зыходнік]Дом патрабуе тэрміновага капітальнага рамонту. Толькі частка яго перакрыта і выкарыстоўваецца. Бровар захаваўся, і да нядаўняй пары ў ім дзейнічаў крухмальны завод.
Паркавы партэр бессістэмна засаджаны дрэвамі, якія закрываюць выгляд на фасад сядзібы. Захаваліся дрэвы ўзростам больш за 150 гадоў.
3 студзеня 2012 года сядзіба разам з крухмальным заводам была прададзена з аўкцыёну за 1,1 млрд рублёў (130 000 долараў). Пераможцам стаў расійскі бізнесоўца Бліноў, якія з'яўляецца суўладальнікам беларуска-расійскай фірмы. Адной з умоў продажу была захаванасць сядзібы ў якасці аб'екту гісторыка-культурнай спадчыны[6].
Зноскі
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ Roman Aftanazy. Linowa // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 64. — ISBN 9788304037014.
- ↑ Roman Aftanazy. Linowa // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 65. — ISBN 9788304037014.
- ↑ Roman Aftanazy. Linowa // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — С. 66. — ISBN 9788304037014.
- ↑ Ілья Свірын.. Ці здыме аўкцыён «праклён незапатрабаванасці» з сядзіб? . Общество. Туризм и отдых (16 лютага 2012).
- ↑ Расіянін купіў шляхецкую сядзібу пад Пружанамі . Еўрарадыё (16 лютага 2012).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Roman Aftanazy. Linowa // pl . — Wrocław: Zakład Narodowy imienia Ossolińskich, 1992. — Т. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — 470 с. — ISBN 9788304037014.
- Какушкіна Н. Боль старога парка // Зара камунізму. — 13 лістапада 1986.
- Несцярчук Л.М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мн.: БелТА, 2002. — 336 с.
- Федорук А. Т. Линово // Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Лінаўская сядзіба на Вікісховішчы |
- Лінаўская сядзіба на сайце Radzima.org
- Фатаздымкі на «Глобусе Беларусі» (руск.)
- Пружанскі раённы выканаўчы камітэт Архівавана 19 студзеня 2012. (руск.)
- Фатаздымкі ў блогу Архівавана 5 студзеня 2012. Глеба Лабадзенкі
- Лінаўская сядзіба на сайце «Архіварта»