Маверанахр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маверанахр (Transoxiana),
Вялікі Харасан (Chorasа) на поўдні,
Харэзм (Choresmien) на захадзе.

Маверана́хр (араб. ما وراء النهر‎‎‎ — тое, што за ракой), вядомы таксама пад назвамі Трансаксанія, або Трансаксіяна (лац.: Transoxiana) і Фараруд (перс.: فرارود Farārud) — гістарычная вобласць у Цэнтральнай Азіі.

Назва з’явілася ў часы арабскага заваявання VIIVIII стагоддзяў і пазначала першапачаткова вобласць на правым беразе Амудар’і. Маверанахр з’яўляецца калькай з пехл. «Farārōd» — «зарэчча», якое ўзыходзіць да стар.-перс.: «*pāra-» ‘(процілеглы) бераг’ + «rautah-» ‘рака’. Сагдыйскім эквівалентам пехл. «Farārōd» з’яўляецца «Pāryāp» ад «*pāra-» + "«p» ‘вада, рака’, гэта значыць «процілеглы бераг ракі». Горад з сагдыйскай назвай Фараб існаваў на месцы гарадзішча Атрар, на правым, процілеглым, адносна Согда, беразе Сырдар’і. Родам адтуль паходзіў філосаф Абу Наср Мухамад ібн Мухамад Фарабі. «Зарэччам» правабярэжжа Амудар’і назвалі жыхары левабярэжжа, гэта значыць Харасана, з таму што суседнічалі з Согдам і мелі з сагдыйцамі вельмі цесныя роднасныя, культурныя, эканамічныя, духоўныя і іншыя сувязі. Пазней гэтым тэрмінам сталі пазначаць рэгіён паміж Амудар’яй і Сырдар’яй.

У цэлым адпавядае вобласці Согд (Сагдыяна), але не ўключае Фергану і Памір. На тэрыторыі Маверанахра размешчана большая частка Узбекістана, захад Таджыкістана і Кыргызстана, усход Туркменістана і паўднёвыя рэгіёны Казахстана. Найстаражытныя і найбольш буйныя гарады — Самарканд, Бухара, Худжанд, Хіва, Туркестан і інш.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэгіён быў адной з сатрапій дзяржавы Ахеменідаў пад імем Сагдыяна. Тэрмін «Трансаксанія» з’явіўся ў заходняй геаграфіі пасля паходаў Аляксандра Македонскага ў IV стагоддзі да нашай эры, якія прынеслі ў гэты край эліністычную культуру; Маверанахр быў самым паўночна-ўсходнім пунктам эліністычнага свету аж да арабскага ўварвання. У часы валадарства Сасанідаў рэгіён часта называлі Сагдыянай, паводле назвы былой ахеменідскай правінцыі на гэтай тэрыторыі, выкарыстоўваючы гэта імя для таго, каб адрозніць гэтыя тэрыторыі ад зямель суседняй Бактрыі.

Кітайскі даследчык Чжан Цянь, які наведаў суседнія Бактрыю і Парфію нароўні з Сагдыянай у 126 годзе да нашай эры, склаў першае вядомае кітайскае апісанне рэгіёна. Чжан Цянь характарызуе матэрыяльную культуру Парфянскага царства як развітае ўрбаністычнае грамадства, якое вырошчвае збожжавыя і вінаград, вырабляе сярэбраныя манеты і вырабы са скуры[1]. Землі ў міжрэччы Сырдар’і і Амудар’і паслядоўна ўваходзілі ў склад дзяржавы Селеўкідаў, Грэка-бактрыйскага царства, Парфянскай і Кушанскай імперый да часоў валадарання дынастыі Сасанідаў.

У часы Сасанідаў рэгіён стаў буйным культурным і навуковым цэнтрам за кошт эфектыўнага царскага кіравання і даходаў, якія атрымліваліся дзякуючы гандлю на паўночным участку вялікага шаўковага шляху. Сасанідскае кіраванне на гэтых землях скончылася з уварваннем эфталітаў у канцы V стагоддзя і было адноўлена толькі ў 565 годзе.

Найбуйнейшымі гарадамі і культурнымі цэнтрамі Трансаксіяны ў тую эпоху з’яўляліся Самарканд і Бухара. Абодва знаходзяцца ў паўднёвай частцы Маверанахра, (але на поўнач ад Аму-Дар’і, у даліне ракі Зераўшан), на сухіх, але ўрадлівых раўнінах. Абодва гарады засталіся цэнтрамі персідскай культуры і цывілізацыі пасля ісламскага заваявання Ірана, і адыгралі вырашальную ролю ў адраджэнні персідскай культуры са стварэннем дзяржавы Саманідаў. Шмат у чым гэта стала магчыма таму, што частка персідскіх вяльможаў і памешчыкаў бегла ў гэтыя землі пасля арабскага ўварвання.

Заваяванне Сярэдняй Азіі, прадпрынятае намеснікам халіфаў у Харасане Кутэйбам ібн Муслімам у перыяд з 706 па 715 гады (Кутэйба заваяваў землі Балха і Пайкенда, Бухару, Шуман, Кеш і Нахшаб, пасля чаго здзейсніў паход да Кашгара (713), але быў вымушаны адступіць), было затарможана пасля забойства Кутэйбы і мецяжоў у Амеядскім халіфата да 738 года. Заваяванне было працягнута Наср ібн Сеярам  (англ.) у 738—740 гадах. У 740 годзе Наср ібн Сеяр абвясціў амністыю ўсім удзельнікам ранейшых паўстанняў, якія нават адракліся ад ісламу. Гэты крок замацаваў арабскую перавагу на захадзе Цэнтральнай Азіі. Дынастыя Тан кантралявала ўсходнюю частку «зямель за Ракой» аж да грамадзянскай вайны.

Чынгісхан уварваўся ў Маверанахр у 1219 годзе падчас мангольскага заваявання дзяржавы Харэзмшахаў. Перад сваёй смерцю ў 1227 годзе ён перадаў заходнія землі Цэнтральнай Азіі свайму другому сыну Чагатаю, які заснаваў дзяржаву, вядомую пад назвай Чагатайскага ўлуса. У 1370 годзе эмір Цімур, выхадзец з племя Барлас, быў абвешчаны вярхоўным эмірам Турана і, такім чынам, даў пачатак новай дзяржаве на месцы заходняга Чагатайскага ўлуса. Пры Цімуры Маверанахр, са сталіцай у Самаркандзе, у апошні раз стаў цэнтрам ісламскай магутнасці ў Азіі. Уладанні Цімура распасціраліся ад Гобі да Мармуровага мора і ад Іртыша да Ганга, а сталіца іх — Самарканд — стала цэнтрам асветы, прамысловасці, навук і мастацтваў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]