Мяцеж Ань Лушаня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мяцеж Ань Лушаня
Выява
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата пачатку 16 снежня 755
Дата заканчэння 17 лютага 763

Мяцеж Ань Лушаня, або паўстанне Ань Лушаня (кіт.: 安史之亂) — грамадзянская вайна ў Танскім Кітаі, якая лютавала ў валадаранне трох імператараў, з 16 снежня 755 па 17 лютага 763 года, самы маштабны ўнутрыкітайскі ваенны канфлікт сярэднявечнай эпохі, які адбываўся ва ўмовах фармальнага захавання адзінства краіны. Паўстанне аказала вызначальны ўплыў на развіццё крызісных з’яў у імперыі Тан (якая лічыцца ў сучаснай гістарыяграфіі найвялікшай дзяржавай у кітайскай гісторыі) і тым самым-на гісторыю ўсяго усходнеазіяцкага рэгіёну.

Знешнепалітычны фон[правіць | правіць зыходнік]

Гліняны вярблюд эпохі Тан з сагдыйскім  (руск.) паганятым (сань-цай)

Да 700 г. н. э., акрамя тэрыторыі, населенай уласна кітайцамі і блізкімі да іх па сваёй культуры народамі, пад уладай дынастыі Тан намінальна знаходзіліся шырокія землі Цэнтральнай Азіі, уключаючы значную частку тэрыторыі Сагдыяны, Сямірэчча і Тарымскага басейна і іншыя.

З іншага боку, няўдалая аблога Канстанцінопаля 717—718 гадоў канчаткова падарвала рэсурсы Амеядскага халіфату і прывяла да найцяжэйшага эканамічнага крызісу, які запусціў Абасідскую рэвалюцыю  (руск.). У выніку пасля бітвы на рацэ Вялікі Заб  (руск.) у 750 годзе, Таласкай бітвы  (руск.) 751 года і заснавання халіфам Аль-Мансурам  (руск.) новай сталіцы Багдад у 762 годзе, была зменена сістэма міжнародных гандлёвых шляхоў і спынена эканамічнае прасоўванне Танскай імперыі на захад, што прывяло да эканамічнага і прамысловага спаду, справакаваўшы масавае беспрацоўе і ўнутраную міграцыю.

Падаплёка мецяжу[правіць | правіць зыходнік]

Конны лучнік  (руск.) эпохі Тан, які страляе

На чале паўстання стаяў цюрак  (руск.) або сагдыец  (руск.) на танскай службе, Ань Лушань  (руск.). Сваім прасоўваннем па службе ён быў абавязаны недальнабачнасці імператарскага дарадцы Лі Ліньфу  (англ.), які баяўся замераў з боку кітайскіх саноўнікаў  (руск.), а славалюбівых іншародцаў на імператарскай службе лічыў адносна бяскрыўднымі. У той жа час памежныя арміі з падачы Ань Лушаня і іншых военачальнікаў камплектаваліся пераважна качэўнікамі.

Пра армію Ань Лушаня, параўноўваючы яго са старажытным пераможцам народа хунну  (руск.) Хо Цюйбінам  (руск.), захоплена пісаў у 751 годзе ў вершы «У паход за Вялікую сцяну (на кіданяў)» вялікі паэт Ду Фу:

« Мы раніцай выйшлі з лагера, што ля брамы Лаяна,
І непрыкметна ў поцемках узыйшлі на Хэянскі мост.
Сцяг расшываны золатам запаліць неба барвяным,
Іржанне коней ваенных вецер навокал нёс.
На роўным пяску паўсюдна намёты нібыта латкі,
З чутнымі перазовамі атрады ў шэраг крочаць.
Начны супакой бароняць воінскія парадкі,
З сярэдзіны неба месяц пільна за імі сочыць.
Жалейкі тужліва ўздыхаюць ціхімі галасамі,
І храбрацы ўздыхнулі, гледзячы ў неба сінь.
Калі запытаць у воінаў — хто камандуе вамі?
Напэўна яны адкажуць — камандуе Хо Кюй-бінь[1][2].
»

Да танскага двара ў Чан’ані  (руск.), дзе «паўночных варвараў  (руск.)» не даравалі, у паўночных войсках ставіліся з пагардай. Пасля паражэння ў Таласкай бітве  (руск.) і смерці Лі Ліньфу ў прыгранічных гарнізонах пачаўся разброд. Ань Лушань скарыстаўся гэтым, каб пераканаць імператара Сюань-цзуна  (руск.) ў неабходнасці замены 36 вышэйшых афіцэраў з ліку ханьцаў вернымі яму асабіста стэпнякамі. Сярод прыцягнутых ім дарадцаў былі нават прадстаўнікі ўладарнага над цюркютамі клана Ашына  (руск.).

Паход на Чан’ань[правіць | правіць зыходнік]

Цю Ін  (руск.). Уцёкі імператара ў Сычуань (XVI стагоддзе)

У снежні 755 года Ань Лушань, раздражнёны інтрыгамі прыдворнага клана Янаў (які прадстаўлялі імператарская наложніца Ян-гуйфэй  (руск.) і дарадца імператара Ян Гочжун  (англ.)), рушыў сваё войска з правінцыі Хэбэй на сталіцу, нібыта з мэтай звяржэння ненавісных салдатам прыдворных. Атрымаўшы запэўніванні ў асабістай недатыкальнасці, на яго бок перакінуліся многія імператарскія чыноўнікі на месцах. Супраць яго Ян Гочжун выслаў дзве арміі, лікам у 60 і 110 тысяч, але абедзве яны былі разбітыя паўстанцамі. Узімку 756 года іх гібель аплакаў Ду Фу[3]:

« Пайшлі героі снежнаю зімою
На подзвіг, які выявіўся марным,
І кроў іх стала ў возеры вадой,
І стала возера Чэньтаа палымяным.
У блакіт нябесны дымка адлятае,
Даўно суцішылася поле даўняй свары,
Саракатысячная армія Кітая
Прынесла тут жыццё сваё ў ахвяру[4][2].
»

Натхнёны перамогамі, Ань Лушань па заняцці старажытнай сталіцы Лаяна спыніў прыкрывацца імем танскага імператара і абвясціў сябе заснавальнікам новай імператарскай дынастыі Янь  (руск.). Сюань-цзун з набліжанымі бег з Чан’ані, аднак нават асабістая варта яго бунтавала, лічачы вінаватай усіх бед прыгажуню  (руск.) Ян-гуйфэй. Яе задушылі тонкім шаўковым шнурком, а яе стрыечны брат Ян Гочжун павесіўся на дарозе. Імператар Сюань-цзун адрокся ад прастола на карысць сына Су-Цзуна  (руск.) і схаваўся ў цяжкадаступным горным замку правінцыі Сычуань.

Супраціў мяцежнікам[правіць | правіць зыходнік]

Супраціў мяцежнікам ўзначаліў спадчыннік прастола, які абапіраўся на арміі, раскватараваныя ў заходніх межаў імперыі. У верасні 756 года ён прыцягнуў на свой бок насельнікаў заходніх краін — тыбетцаў, хатанцаў  (руск.), уйгураў  (руск.), арабаў  (руск.) і нават заходніх цянаў — продкаў сучасных бірманцаў. У знак саюза з Уйгурскім каганатам  (руск.) імператар Су-цзун прызнаў яго роўнасць  (руск.) Танской імперыі і ажаніўся з уйгурскай царэўнай.

У студзені 757 года Ань Лушань паў ад рукі ўласнага еўнуха  (руск.), аднак смерць яго старанна хавалі. У верасні ў Кітай уварвалася войска іншаземцаў пад «воўчымі» сцягамі уйгурскага кагана. Мяцежнікі былі разгромленыя прыхільнікамі імператара і уйгураў ля берагоў ракі Фыншуй, іх страты вылічаліся тысячамі. Чан’ань, некалі самы населены горад свету, да таго часу зусім спусцеў і быў здадзены імперцам і уйгурам без бою.

Паўстанцы зрабілі сваёй сталіцай Фаньян і накіроўвалі адтуль атрады на аблогу вернага імператару кіданьскага гарнізона ў Таюане. Між тым цюркюты вялі ўласную гульню, спрабуючы завалодаць паўночнымі рубяжамі імперыі, якая трашчала па швах. Уйгуры арудавалі ад імя імператара на поўдні, у адгор’ях Наньшаня, рабавалі будыйскія манастыры і тварылі гвалт над мірнымі жыхарамі. Адкупіцца ад іх і прымусіць выдаліцца атрымалася дарам 10 тысяч кавалкаў шоўку. Ду Фу як відавочца гэтых падзей пісаў:

« Чуваць, як уся краіна стогне
Плывуць нябожчыкі на строму,
А ворагі жанчын у палоне
Катуюць, іх забраўшы з дому[5][2].
»

Рэстаўрацыя танскай дынастыі ў сталіцах[правіць | правіць зыходнік]

Авалодаўшы з уйгурскай дапамогай Чан’анем, імператар Су-цзун  (руск.) у 758 годзе вярнуў у Чан’ань састарэлага бацьку Сюань-цзуна. Разам з рэстаўрацыяй танскага рэжыму ў кітайскую палітыку вярнуліся ранейшыя прыдворныя інтрыгі. Ахвярамі старэчага гневу Сюань-цзуна станавіліся як сапраўдныя здраднікі, так і ўяўныя, уключаючы трох сыноў. «Усіх забіваў, адзін толькі жыць хацеў», — адзначае сучаснік[2].

Між тым мяцежнікі на чале з сынам Ань Лушаня пакінулі Лаян і збеглі за Хуанхэ. Галоўнай падзеяй 759 года стала аблога правадыроў бунту ў горадзе Ечэн  (англ.). Небывала моцны тайфун нанёс страты абодвум войскам. Пераможцам з кампаніі 759 года выйшаў былы правадыр усходняй танскай арміі, Шы Сымін  (англ.), які пакараў смерцю сына Ань Лушаня і сам прыняў імператарскі тытул.

Як толькі Шы Сымін перайшоў у наступ, імператар спалохаўся, што мяцеж набывае другое дыханне. Ён зноў паслаў па дапамогу да уйгурскага кагана, выдаўшы за яго дачку і называючы яго сваім стрыечным братам.

Кітайцы зрабілі ў Сычуані татальную мабілізацыю. Ду Фу апісвае жахлівыя сцэны адпраўкі на фронт юнакоў, амаль дзяцей, і патрыятызм жанчын, якія добраахвотна ідуць на вайну ў якасці абслугі[2].

Паўстанне сямейства Шы[правіць | правіць зыходнік]

Шы Сыміну ўдалося ўзяць Кайфын і працягваць супраціў імператарскай арміі да красавіка 761 года. У гэтым месяцы ён паўтарыў лёс Ань Лушаня: паў ад рукі змоўшчыкаў, якія ўзвялі на пасад яго сына. Цэнтр баявых дзеянняў да гэтага часу перамясціўся ў Заходнюю правінцыю Ганьсу, дзе акрамя мяцежнікаў разбойнічалі тыбетцы.

Адчуваючы недастатковасць уласных сіл, сын Шы Сыміна Шы Чааі  (англ.) спрабаваў шчодрымі дарамі перавабіць на свой бок уйгураў. Як паказаў увесь ход паўстання, менавіта апора на уйгураў адыграла вырашальную ролю ў захаванні танскай дынастыі ва ўладзе. Імператар Дай-цзун  (руск.), які атрымаў у спадчыну прастол пасля смерці Сюань-цзуна, коштам новых саступак аднавіў восенню 762 года ваенны саюз з уйгурамі.

Сумеснымі намаганнямі імператар і уйгуры знішчылі апошнія ачагі супраціву мяцежнікаў. 20 лістапада быў узяты Лаян, за ім рушыў услед і Фаньян. Імператар абвясціў, што даруе як паўстанцаў, так і тых, хто з імі супрацоўнічаў. Гэта дазволіла падвесці рысу пад сям’ю гадамі бунту. Апошні правадыр мяцежнікаў, Шы Чааі, быў знойдзены павешаным у лесе.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Не паспела скончыцца паўстанне Ань Лушаня, як успыхнула новае. Военачальнікі не думалі складаць зброю, тым больш што кітайска-тыбецкая вайна  (руск.) была ў самым разгары. Тыбетцы ўзялі і разбурылі сталічны Чан’ань, яны ж наступалі ў паўднёвай правінцыі Сычуань. Уся наступная гісторыя дынастыі аж да ўзыходжання Сунскага дома у 960 годзе прадстаўляе сабой бесперапынны ланцуг мецяжоў і міжусобіц. Пра стан Кітая пасля Грамадзянскай вайны пранікнёна напісаў Бо Цзюйи[6]:

« У дзявятым месяцы ў Сучжоў
Ад вайны нядаўняй поўна смутку
І намераў варажнечых поўна
Над гарамі і над рэкамі навокал.
Толькі ў горным храме ў Люгоў
Над дзвярыма белыя аблокі[7]
»

Фігура Ань Лушаня была не толькі ўшанаваная, але і абагаўлена ў памежных гарнізонах, якія ахоўвалі паўночныя рубяжы Паднябеснай. Падняты ім мяцеж стаў пераломным момантам у гісторыі не толькі дынастыі Тан, але і ўсяго сярэднявечнага Кітая. Ён выявіў слабасць танскага рэжыму і сілу памежных намеснікаў — цзэдушы  (руск.). З пачатку бунту і да падзення дынастыі Юань у другой палове XIV стагоддзя кітайскую гісторыю пісалі пераважна качэўнікі.

Гістарычнае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле афіцыйных падлікаў падаткаплацельшчыкаў, за час паўстання насельніцтва Кітая скарацілася на 36 мільёнаў[8], што складала дзве траціны ад агульнай колькасці падаткаплацельшчыкаў і шостую частку насельніцтва ўсяго свету, якая ледзь перавышала тады 200 млн чалавек[9]. Такім чынам, да Другой сусветнай вайны гэта быў найбуйнейшы ўзброены канфлікт па колькасці ахвяр за ўсю гісторыю чалавецтва. Стывен Пінкер  (руск.) у кнізе «Лепшае ў нас  (руск.)» прыводзіць гэтыя лічбы ў якасці самай кровапралітнай (у працэнтных адносінах ад насельніцтва Зямлі) вайны ў гісторыі, хоць і адзначае іх сумніўнасць.

Зрэшты, такія гісторыкі, як Чарльз Патрык Фіцджэральд  (руск.), ставяць гэтак велізарны лік страт пад сумнеў[10]. Больш верагодна, што асноўная маса насельніцтва перасялілася з неспакойнага, адкрытага стэпнякам Паўночнага Кітая, дзе стаялі старажытныя сталіцы Лаян і Чан’ань, у больш спакойныя землі на поўдні, і ў першую чаргу ў дэльту  (руск.) Янцзы. Наступныя нацыянальныя дынастыі аддавалі перавагу правіць Паднябеснай ужо адтуль. Акрамя таго, пры ацэнцы афіцыйнай статыстыкі варта мець на ўвазе, што за час паўстання тэрыторыя, з якой збіраліся падаткі ў імператарскую казну, значна скарацілася.

Сагдыйскія гандляры працягвалі адыгрываць значную ролю ў эканоміцы Кітая пасля паражэння бунту, але многія з іх былі вымушаныя хаваць сваю этнічную прыналежнасць. Сагдыйцам быў Ань Чунчжан, ваенны міністр імперыі і намеснік Лян, які ў 756 годзе папрасіў імператара Су-цзуна дазволіць яму змяніць сваё імя на Лі Бааюй  (англ.), паколькі адчуваў сорам за тое, што падзяляе адно прозвішча з правадыром паўстанцаў. Гэта змяненне было прынята рэтраактыўна  (руск.) для ўсіх членаў яго сям’і, так што яго продкам таксама была падаравана прозвішча Лі[11].

Зноскі

  1. Пераклад Сітнік Вольгі паводле рускамоўнага перакладу А. І. Гітовіча
  2. а б в г д Гумилёв 1999.
  3. Арыгінальны тэкст
  4. Пераклад Сітнік Вольгі паводле рускамоўнага перакладу А. І. Гітовіча
  5. Пераклад Сітнік Вольгі паводле рускамоўнага перакладу А. І. Гітовіча
  6. Арыгінальны тэкст
  7. Пераклад Сітнік Вольгі
  8. White, Matthew. An Lushan Revolt (756—763 CE). Selected Death Tolls for Wars, Massacres and Atrocities Before the 20th Century (англ.). Necrometrics (1999—2012). Архівавана з першакрыніцы 29 лістапада 2018. Праверана 8 студзеня 2020.
  9. International Programs(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 студзеня 2011. Праверана 24 жніўня 2008.
  10. Fitzgerald, Charles Patrick. China: A Short Cultural History (англ.). — Westview Press, 1985. — P. 314.
  11. Howard, Michael C. Transnationalism in Ancient and Medieval Societies, the Role of Cross Border Trade and Travel (англ.). — McFarland & Company, 2012. — P. 135. — ISBN 978-0-7864-6803-4.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Theobald, Ulrich. The Rebellion of An Lushan (англ.). ChinaKnowledge.org. An Encyclopaedia on Chinese History, Literature and Art (30 жніўня 2017). Праверана 8 студзеня 2020.