Магнітасфера Юпітэра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Магнітасфера Юпітэра — поласць, якая ствараецца ў сонечным ветры планетарным магнітным полем Юпітэра, дзе адбываюцца разнастайныя працэсы ўзаемадзеяння сонечнага ветру, міжпланетнага магнітнага поля, уласнага магнітнага поля Юпітэра і навакольнай з ёй плазмай. Распасціраючыся на больш чым 7 мільёнаў кіламетраў у напрамку да Сонца і амаль да арбіты Сатурна ў процілеглым кірунку, магнітасфера Юпітэра з'яўляецца самай буйной і магутнай сярод усіх планетарных магнітасфер Сонечнай сістэмы, а па аб'ёме ўяўляе сабой самую вялікую бесперапынную структуру ў Сонечнай сістэме пасля геліасферы. Больш шырокая і плоская, чым зямная магнітасфера, юпітэрыянская на некалькі парадкаў велічыні больш магутная, а яе магнітны момант прыкладна ў 18 000 разоў большы. Існаванне магнітасферы Юпітэра было выяўлена ў ходзе радыеназіранняў у канцы 1950-х гадоў, упершыню непасрэдна назіралася караблём «Піянер-10» ў 1973 годзе.

Унутранае магнітнае поле Юпітэра генеруецца электрычным токам, які бяжыць ў вонкавым ядры планеты, якое складаецца з металічнага вадароду. Вулканічныя вывяржэнні на спадарожніку Юпітэра Іо выкідваюць вялікі аб'ём аксіду серы ў космас, фармуючы буйны газавы тор вакол планеты. Сілы магнітнага поля Юпітэра прымушаюць тор круціцца з той жа вуглавой хуткасцю і ў тым жа кірунку што і планета. Тор папаўняе магнітнае поле планеты плазмай, якая ў працэсе кручэння расцягваецца ў блінападобную структуру, вядомую як магнітны дыск. У сутнасці, магнітасфера Юпітэра фармуецца плазмай Іо і яе ўласным кручэннем ў куды большай ступені, чым сонечным ветрам, у адрозненне ад Зямной. Магутныя токі, якія праходзяць у магнітасферы, служаць прычынай устойлівых палярных ззянняў вакол планетарных полюсаў і прыкметных ваганняў у радыёвыпраменьванні, г.зн., што Юпітэр можа ў некаторых адносінах разглядацца ў якасці вельмі слабога радыёпульсара. Палярныя ззянні Юпітэра назіраліся амаль ва ўсіх частках электрамагнітнага спектру, уключаючы інфрачырвоную, бачную, ультрафіялетавую і мяккую рэнтгенаўскую.

Уздзеянне магнітасферы захоплівае ў пастку і паскарае часціцы, ствараючы інтэнсіўныя радыяцыйныя паясы накшталт зямных паясоў Ван Алена, але ў тысячы разоў больш магутныя. Узаемадзеянне энергетычных часціц з паверхняй найбуйнейшых спадарожнікаў Юпітэра прыкметна адбіваецца на іх хімічным складзе і фізічных характарыстыках. Уздзеянне гэтых часціц адбіваецца і на руху пылу і каменных абломкаў унутры нязначнай кальцавой планетарнай сістэмы Юпітэра. Радыяцыйныя паясы ўяўляюць сур'ёзную небяспеку для касмічных караблёў і патэнцыйных пілатуемых экспедыцый.