Манастыр базыльян (Орша)
Манастыр | |
Манастыр базыльян | |
---|---|
54°30′43″ пн. ш. 30°25′07″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Орша |
Канфесія |
Уніяцтва (першапачаткова) Руская Праваслаўная Царква |
Епархія | Віцебская і Аршанская |
Ордэнская прыналежнасць | базыльяне |
Архітэктурны стыль | позняе барока |
Дата пабудовы | 1758 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000118 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Манастыр базыльян — помнік архітэктуры позняга барока ў Оршы. Размешчаны па адрасе Музейны завулак, 12, на правым беразе р. Аршыца. Ансамбль складаўся з царквы Апекі Маці Божай (1758—1774; не захавалася) і прыбудаванага да яе жылога корпуса.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Быў заснаваны ў 1642 г. уніяцкім мітрапалітам Антоніем Сялявам. Першапачаткова будынкі былі драўляныя[1]. У 1758—1774 гг. на сродкі старосты пеліканскага Іосіфа Ляпкоўскага[2] і са згоды яго брата ротмістра Міхаіла[3] на іх месцы змураваны двухпавярховы жылы корпус і ўніяцкая царква ў імя Пакрова Божай Маці[1]. Пасля заснавальнік уступіў у базыльянскі ордэн, прыняў імя Іосіф (Юзаф), у 1771 годзе стаў архіепіскапам смаленскім і пасля смерці быў пахаваны ў манастыры ў 1778 годзе[2].
У вопісе 1798 г. паведамляецца аб мураваным манастыры з царквой Пакрова Прасвятой Божай Маці. Жылы корпус двухпавярховы, мае два крылы, прычым адна частка не завершана. Тэрыторыя манастыра была абгароджана мураванай сцяной[1].
У 1832 годзе базыльянскі комплекс перададзены праваслаўным[1] — мужчынскаму Пакроўскаму манастыру. У жылых карпусах размясцілася духоўнае вучылішча. Царква была перабудавана і набыла рысы класіцызму[1]. У 1850-я гг. над сяродкрыжжам пабудаваны высокі драўляны барабан з купалам[1][2]. Зроблены новы іканастас[1].
19 кастрычніка 1904 года на зямлі, якая належала манастыру, пры здабычы вапняковага каменю на глыбіні не больш за аршын знойдзены парэшткі костак маманта — нага з чашкаю і галёнкай, велічынёй у рост чалавека, дзве часткі сківіцаў з зубамі, рабро і некалькі дробных разламаных костак[4].
8 чэрвеня 1905 года ўраган знёс драўляны купал над сяродкрыжжам. У 1930-я гг. комплекс перададзены краязнаўчаму музею[1].
У 1967[1] годзе царква была ўзарвана. Жылы корпус выкарыстоўваўся пад жыллё.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Складаўся з аб’яднаных у адзіны асіметрычны архітэктурны комплекс царквы Пакрова Божай Маці і жылога корпуса. Тэрыторыя манастыра была абгароджана мураванай сцяной.
Царква ўяўляла сабой трохнефавую крыжова-купальная двухвежавую базіліку. Над сяродкрыжжам быў узведзены высокі драўляны барабан з купалам. Мела мураваныя алтары ў імя Пакрова Багародзіцы, Распяцця Гасподняга і велікамучаніка Васіля[2].
Манастырскі копус вырашаны Г-падобным у плане 2-павярховым на высокім паўпадвальным паверсе будынкам пад вальмавым дахам. Сцены метровай таўшчыні крапаваны слаістымі пілястрамі і руставанымі лапаткамі, расчлянёны пазбаўленымі ліштваў прамавугольнымі аконнымі праёмамі і нішамі-блендамі паміж імі. Абодва паверхі маюць галерэйную планіроўку. У паўднёва-ўсходняй частцы размешчана лесвічная клетка і зала-трапезная. Астатнія памяшканні плошчай да 36 м² адводзіліся для жылля і працы. Моцныя сцены таўшчынёй 1 м аблегчаны нішамі. Перакрыцце 1-га паверха — крыжовыя скляпенні, 2-га — плоская бэлечная столь, паўпадвальнага паверха — цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі.
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б в г Манастыр базыльян (Орша) на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»
- ↑ Праваслаўныя храмы на Беларусі 2001.
- ↑ Памятная книжка Могилевской губернии на 1905 год (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7.
- Аршанскі манастыр базыльян // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 541. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Манастыр базыльян (Орша)
- Манастыр базыльян (Орша) на сайце Radzima.org
- Манастыр базыльян (Орша) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Манастыр базыльян (Орша) на сайце «Архіварта»
- Храмы паводле алфавіта
- З’явіліся ў 1758 годзе
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Колішнія кляштары Беларусі
- Колішнія манастыры Беларусі
- Культавыя збудаванні Оршы
- Базыльянскія манастыры Беларусі
- Збудаванні Оршы ў стылі барока
- Знішчаныя збудаванні Оршы
- Колішнія ўніяцкія храмы Віцебскай вобласці
- 1758 год у Беларусі