Мікалай Дзмітрыевіч Чураба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Дзмітрыевіч Чураба
Фатаграфія
Дата нараджэння 11 (24) снежня 1913
Месца нараджэння
Дата смерці 29 студзеня 1998(1998-01-29) (84 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Жанр партрэт, пейзаж, кніжная графіка і станковы жывапіс[d]
Вучоба
Член у

Міко́ла (Мікала́й Дзмі́трыевіч) Чура́ба (11 (24) снежня 1913, Мінск — 29 студзеня 1998, Брэст) — беларускі мастак.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бацька Дзмітрый Васілевіч — галоўны бухгалтар на пошце, любіў музыку, іграў на флейце, маці спявала ў царкоўным хоры. Сям’я была працоўнай, усе любілі спяваць, прыахвоцілі да спявання і малога Мікалая. У 1920 годзе сям’я пераехала ў Клімавічы, дзе Мікола пайшоў у школу. Тут ён пачаў займацца спевамі ў прафесара кансерваторыі, які гатовы нават быў вучыць бясплатна, бо бацькі Міколы не мелі на гэта сродкаў. У семігодцы першым для Міхаіла настаўнікам малявання быў Міхаіл Ігнатавіч Станкевіч, які раскрыў здольнасці хлапчука і падрыхтаваў да паступлення ў тэхнікум[1].

У 1930—1933 гадах вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе ў той час выкладалі мастакі М. Эндэ, Ф. Фогт, Х. Даркевіч.

У 1940 годзе скончыў графічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага мастацкага інстытута, вучыўся ў педагогаў У. Фаворскага, П. Паўлінава, К. Істоміна[1]. Дыпломная праца — ілюстрацыі да рамана М. Астроўскага «Рожденные бурей» (руск.) — выкананы ў тэхніцы літаграфіі. Пасля сканчэння інстытута быў накіраваны на працу выкладчыкам ў Беласток, дзе савецкая ўлада стварала мастацкае вучылішча. Вёў мастацкія заняткі ў доме творчасці, што па рынку Касцюшкі[pl].

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны даводзілася зарабляць пілаваннем дроваў, уборкай збожжа, капаннем бульбы, афарміцельскімі работамі і інш. Спяваў у хоры пры Беларускім камітэце ў Беластоку, быў адным з лепшых яго тэнараў. Хор выконваў беларускія народныя песні, ездзіў па ўсёй Беласточчыне.

Пасля вайны Мікола працаваў настаўнікам рысунку ў пружанскай школе, а ў 1946 годзе сям’я пераехала ў Брэст. Тут мастак уладкаваўся ў Дом народнай творчасці і ў мастацкія майстэрні, адразу арганізаваў першую абласную выставу народнай творчасці. Спяваў у царкоўным хоры. Сям'я жыла на Маскоўскай вуліцы (цяпер праспект Машэрава), майстэрня размяшчалася на гарышчы дома[2].

Член Саюза мастакоў СССР з 1947 года.

У 1954 годзе з прычыны рэцыдыву язвы ў яго выразалі частку страўніка[3].

Разам з П. Данелія, І. Фяцісавым, В. Шыкіным, І. Рудчыкам, П. Пагодзіным стварылі групу прафесійных мастакоў, філіял Саюза мастакоў, якая ў 1971 годзе пераўтворана ў абласную арганізацыю СМ БССР. Быў арганізатарам першых мастацкіх выстаў у горадзе, якія сталі праводзіцца з 1950 года[1].

У 1966—1982 гадах — выкладчык (з 1972 года дацэнт) Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута.

У старэчыя гады перанёс складаную аперацыю[3]. Памёр 29 студзеня 1998 года[1].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Творчую дзейнасць Мікалай Чураба пачаў з 1939 года, калі яго творы з’явіліся на выставе пад час вучобы ў Маскве. Працаваў у кніжнай і станковай графіцы, жывапісе. Пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты. Маляваў алеем, акварэллю, тэмперай, пастэллю. Ніколі не развітваўся з алоўкам і блакнотам, паўсюль маляваў, нават у грамадскім транспарце[1].

Аформіў кнігі: «Вершы для дзяцей» М. Лужаніна (1948), «Залаты карп» Я. Стаховіча (1951), «Новая зямля» Я. Коласа (1958) і інш[1].

Галоўная тэма жывапісных работ — гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Упершыню ў крэпасць Міхаіл Чураба трапіў у 1947 годзе, адразу адчуў трагізм апаленай вайной зямлі, гераізм савецкіх салдат, хоць на той час яшчэ не былі напісаны нарысы С. Смірнова аб абароне Брэсцкай крэпасці. Асноўныя творы гэтай тэмы: «Цаною жыцця» (1961), «У Брэсцкай крэпасці» (1964), «Цярэспальскія вароты» (1966), «Цішыня ў цытадэлі» (1967), «Руіны парахавога склада» (1969), трыпціх «На парозе бессмяротнасці» (1971), «Не зарасце народная сцежка» (1973), «Смага» (1979), «Пад чыстым небам» (1981), «Байніцы Брэста» і «Ветэраны» (1982), «Зноў згушчаюцца хмары» (1983) і інш[1].

На працягу творчага жыцця каля 1000 твораў мастака выстаўляліся на 100 выставах у Маскве, Мінску, Брэсце і многіх іншых гарадах. З 1964 па 1996 гады М. Чураба правёў 13 персанальных выстаў. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах БСМ, музеі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» і інш[1].

У 2000 годзе ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» прайшла выстава твораў М. Чурабы. У студзені 2004 года ў Брэсцкім мастацкім музеі, а ў верасні ў выставачнай зале Брэста прайшла выстава «Доброта взгляда», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М. Чурабы. У студзені 2009 года ў выставачнай зале Брэста — выстава з 136 твораў жывапісу і графікі да 95-годдзя з дня нараджэння майстра. Затым у сакавіку гэта выстава дэманстравалася ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтваў»[1].

У кастрычніку 2010 года ў Брэсцкім мастацкім музеі была адкрыта сумесная выстава М. Чурабы і яго вучня з Беластока А. Краўчука, які з 1940 года праз усё жыццё пранёс памяць пра яго ўрокі. З-за вайны сын селяніна Анатоль Краўчук застаўся працаваць на зямлі, не стаў прафесійным, але стаў адметным самадзейным мастаком, вядомым сярод землякоў[1].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

У 1943 годзе пазнаёміўся з Таццянай Утгаф (1925-?), на якой неўзабаве ажаніўся[3]. У шлюбе меў трох дзяцей: Людмілу (нар. 1944), Мікалая і Ніну. Муж малодшай дачкі Ніны Чурабы, мастачкі і мастацтвазнаўца — мастак Анатоль Скамарошчанка[4] (1954—2019). Унук Уладзімір Скамарошчанка (нар. 1982) — брэсцкі графік, дызайнер, мастак, фатограф, ягоная жонка Кацярына Таберка — архітэктар па адукацыі, малюе, піша вершы. У іх сям’і дачка Дарыя і сын Даніла[5]. Унучка Марыяна Скамарошчанка (нар. 1987) — дызайнер.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Да стагоддзя з дня нараджэння Мікалая Чурабы, якое адзначалася ў 2014 годзе, Брэсцкі аблвыканкам дапамог сям’і выдаць каталог яго карцін, дызайн якога распрацаваў унук мастака Уладзімір Скамарошчанка. У 2014 годзе ў рамках праекта «Мой Брэст — мая крэпасць» у Мінску, Брэсце і іншых абласных цэнтрах прайшла выстаўка жывапісу Чурабы, прысвечаная не толькі мастаку, але і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў[2].

У 2014 годзе на доме, дзе жыў і дзеяў мастак, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка[2].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]