Мікалай Парфір’евіч Клаўс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Мікалай Парфір'евіч Клаўс (19 снежня 1906, Клімавічы Магілёўскай губ. — ?), беларускі дырыжор, кампазітар і піяніст.

Ён належаў да першага пакалення беларускіх музыкантаў, якія пракладвалі шляхі станаўлення прафесійнага мастацтва XX стагоддзя. Сярод яго аднакашнікаў — легендарныя спевакі Александроўская, Балоцін, цымбаліст Жыновіч, аўтар усенародна любімых песен «Бывайце здаровы» і «Наш тост» кампазітар Любан… і шмат іншых таленавітых артыстаў, якія атрымалі добрую адукацыю ў Мінскім музтэхнікуме, дзе выкладалі вядомыя педагогі, якія былі запрошаны з Масквы і города на Ніве. Мікалай Клаўс, які займаўся ледзь не па 24 гадзіны ў суткі, да заканчэння вучобы дасягнуў цудоўных вынікаў. Як піяніст-канцартмайстар ён быў запрошаны на работу у беларускую оперную студыю, якую ўзглаўляў знакаміты ў свой час спявак, зорка Вялікага імператарскага тэатра Антон Баначыч. Зрабіў шэраг сумесных запісаў на грампласцінкі з цымбалістам Іосіфам Жыновічам (і гэта ў пачатку 1930-х). Актыўна канцэнтраваў, суправаджаючы на фартэпіяна выступленні маладых спевакоў — будучых салістаў беларускай оперы. А як дырыжор быў ужо на роўных са сваім непасрэдным настаўнікам — выдатным оперным маэстра, заснавальнікам опернага тэатра Ільёй Гітгарцам, які меціў Мікалаю вялікае будучае. Гітгарц адкрыў у Клаўсе прыродны дырыжорскі талент і па ўласнай ініціятыве займаўся з ім. Ужо ў канцы 1930-х Клаўса як дырыжора сучаснікі параўноўвалі з вялікім Мравінскім. Высокі, сухарлявы, ён быў нязменна стрыманы, нешматслоўны, адрозніваўся вельмі добрымі манерамі, якія цудоўна спалучаліся ў ім з чалавечай прыстойнасцю. У 1939 годзе Мікалая Клаўса прызначылі галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта. Ён адпрацаваў на гэтай пасадзе да самай вайны, паставіў і агучыў у жывым эфіры буйнейшыя музыкальна-сцэнічныя творы, сярод якіх — оперы, балеты, апереты, у тым ліку ўласнага сачынення. Гэта была тытанічная музычна-асветніцкая работа.

У вайну ён апынуўся ў акупацыі: спрабаваў эвакуіравацца, пайшоў пеша з жонкай і маленькай дачкой па Магілёўскай шашы — насустрач бамбёжкам. Ён зразумеў, што можа страціць сям'ю і загінуць сам — вярнуўся назад у разбураны, ахоплены полымем Мінск. З 1941 да 1944 года Клаўс працаваў дырыжорам сімфанічнага аркестра Мінскага гарадскога тэатра. Дапамагаў музыкантам як мог. Ратаваў яўрэеў з гетта, даваў магчымасць працаваць у аркестры, усяляк прыкрываў тых аркестрантаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў акцыях падпольшчыкаў. Але самай галоўнай сваёй місіяй у час акупацыі Клаўс лічыў непасрэдную работу ў тэатры. Бо ў ваенныя гады сіламі музыкантаў у разбураным Мінску ставілісь оперы «Свадьба Фигаро», «Кармен», «Севильский цирюльник», «Цыганский барон».

У 1948 годзе яго арыштавалі, абвінавацілі ў здрадзе радзіме і антысавецкай агітацыі. І прыгаварылі спачатку да растрэлу, а потым пасля перагляду справы — да 25 год пазбаўлення свабоды. Прысуд ён адбываў у Інцінскім МінЛАГе, працаваў газамершчыкам у шахце. Якісьці зняволены-інжынер з рэшткаў вадасцёкавай трубы змайстраваў цуда-механізм, які накочваў на звычайную паперу нотныя лінейкі. У тым жа лагеры знаходзіўся Аляксей Каплер, мужык Святланы Алілуевай, зяць Сталіна. Каплер працаваў з лагернай поштай і забяспечыў Клаўса па яго просьбе фанернымі вечкамі ад пасылачных скрынак. Менавіта яны паслужылі матэрыялам для пераплёта нот, якія цудам удалося захаваць пасля вызвалення. У лагеры, акрамя сачынення ўласнай музыкі, Клаўс аднавіў па памяці партытуру оперы Лысенкі «Наталка-полтавка» і сіламі зняволеных у 1950 годзе паставіў яе.

Клаўс запісаў па памяці і драматычныя фартэпіянныя балады, якія былі напісаны ў «Амерыканцы» (так неафіцыйна называюць СІЗА на вуліцы Валадарскага): «Шаги времени» і «Солнечный луч, играющий пылинкой». Ён запомніў і, калі знаходзіўся ў зняволенні, перанёс на паперу кантату «Под Северным сиянием» на вершы вядомага рускага паэта Яраслава Смелякова, які сядзеў з ім у лагеры. У 1998 годзе вядомыя беларускія музыканты Віктар Скарабагатаў, Ганна Каржанеўская, Алег Крымер гэтыя ноты і запісалі на радыё. Пасля вызвалення і поўнай рэабілітацыі Клаўс застаўся ў Рэспубліцы Комі — у Сыктыўкары яму прапанавалі пасаду галоўнага дырыжора музыкальна-драматычнага тэатра. Там Мікалай Клаўс адпрацаваў восем гадоў, амаль да выхада на пенсію ў 1966 годзе. Ён здзейсніў пастаноўкі дзесяткаў оперных і балетных спектакляў, і ў Сыктыўкары яго памятаюць і зараз. Апошнія тры дзясяткі гадоў ён жыў у Калузе. Спачатку паспяхова супрацоўнічаў у якасці канцэртмайстра ў філармоніі, а пасля займаўся на даму са спевакамі-аматарамі. Рабіць гэта з кожным годам было ўсё цяжэй не толькі з-за старасці: яшчэ ў лагеры пасля пакут святлом у карцэры ён стаў страчваць зрок. А калі памерла жонка, у пачатку 1990-х, аслеп канчатова.