Міхалішкі (Астравецкі раён)
Аграгарадок
Міхалішкі
| ||||||||||||||||||||||
Міха́лішкі[1] (трансліт.: Michališki, руск.: Михалишки) — аграгарадок у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Міхалішкаўскага сельсавета.
Насельніцтва 720 чал. (2006). Знаходзіцца за 35 км на паўночны ўсход ад Астраўца, за 41 км ад чыгуначнай станцыі Гудагай; на аўтамабільнай дарозе рэспубліканскага значэння Р45.
Міхалішкі — былое мястэчка[2] гістарычнай Віленшчыны.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Тапонім «Міхалішкі» ўтварыўся ад прозвішча ўладальнікаў маёнтка Міхальскіх[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўспамін пра Міхалішкі як маёнтак ваяводы троцкага Рыгора Станкавіча Осціка датуецца 1518 годам[4]. З 1526 года маёнтак знаходзіўся ў валоданні Радзівілаў, потым Пронскіх, Я. Кенішкі. Станам на 1528 год у Міхалішках быў 71 двор. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) паселішча як цэнтр нягродавага староства[2] ўвайшло ў склад Віленскага павета Віленскага ваяводства.
24 чэрвеня 1604 года Міхалішкі набыў Ян Цыпрыян Бжастоўскі, які ў 1622 годзе фундаваў тут кляштар аўгусцінаў. Пры кляштары дзейнічаў шпіталь. Сын Я. Ц. Бжастоўскага Цыпрыян Павел збудаваў у мястэчку касцёл Святога Міхаіла Арханёла.
Адам Кіркор у нарысе на польскай мове пад назвай «Краязнаўчыя вандроўкі па губерні Віленскай» ад 8 ліпеня 1855 г. піша наступнае:
«Мястэчка Міхалішкі колішняя ўласнасць гр. Бжастоўскага, над ракой Віліяй, уключае ў сябе 50 дамоў, мае прыгожы касцёлчык з могільнікам і шпіталем, яўрэйскую бажніцу, бровар, гасцінны дом і 8 шынкоў. Міхалішскі касцёл пад назвай Св. Міхала, фундаваны праз Цыпрыяна Паўла Бжастоўскага ў 1615 годзе, адноўлены ў 1820 годзе мясцовым пробашчам кс. Юзафам дэ Блокам. Унутры касцёл па-майстэрску аздоблены гіпсатурай работы Пензы, родам з Фларэнцыі, у 1620 годзе».
У 1669 кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў Міхалішкам прывілей, паводле якога новыя пасяленцы на 10 гадоў вызваляліся ад падаткаў, жыхары мелі свой суд, праводзілася 4 кірмашы ў год. У Вялікую Паўночную вайну ў маі 1705 года тут спыняўся цар маскоўскі Пётр I. У 1771 годзе мястэчка перайшло ў валоданне Ю. Пузыны.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Міхалішкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні. У 1832 годзе, па здушэнні вызваленчага паўстання расійскія ўлады ліквідавалі аўгусцінскі кляштар. Станам на 1885 год у мястэчку дзейнічалі касцёл, сінагога, яўрэйская школа, працаваў бровар, праводзіліся кірмашы ў нядзелі.
У 1920 Міхалішкі апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1939 Міхалішкі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета Астравецкага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 25 снежня 1962 да 6 студзеня 1965 Міхалішкаўскі сельсавет уваходзіў у склад Смаргонскага раёна.
-
Касцёл. К. Тышкевіч, XIX ст.
-
Касцёл, 1910
-
Касцёл і кляштар, каля 1915
-
Агульны выгляд, каля 1916
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1885 год — 843 чал., 62 двары; 1897 год — 1009 чал.
- XX стагоддзе: 1905 год — 850 чал.; 1970 год — 459 чал.; 1998 год — 791 чал., 297 двароў.
- XXI стагоддзе: 2006 год — 720 чал.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У Міхалішках працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, бальніца, бібліятэка, дом культуры, пошта.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гістарычная забудова (1-я пал. XX ст.; фрагменты)
- Капліца могілкавая (1864)
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (1653[2])
- Могілкі яўрэйскія
- Сядзіба Бжастоўскіх
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Кляштар аўгусцінаў
- Сінагога
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ а б в Michaliszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. S. 296.
- ↑ Яфімчык А. Міхалішкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 214.
- ↑ ЭнцВКЛ 2010.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Брэгер Г. Міхалішкі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 356. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Michaliszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. S. 296.
- Kirkor Adam. Wycieczka archeologiczna po guberni wileńskiéj przez Jana ze Śliwina//Biblioteka Warszawska.- t. 2-3.-1855.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Міхалішкі (Астравецкі раён)
- мяст. Міхалішкі на Radzima.org
- Падарожжа ў Міхалішкі на Generation.by
- Міхалішкі — парафія Св. Міхала Арханёла на Catholic.by