Неганічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Неганічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
114 чалавек (2008)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1715
Паштовыя індэксы
223310
Аўтамабільны код
5
Неганічы на карце Беларусі ±
Неганічы (Беларусь)
Неганічы
Неганічы (Мінская вобласць)
Неганічы

Не́ганічы[1] (трансліт.: Niehaničy, руск.: Негоничи) — вёска ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Паплаўскага сельсавета. 58 гаспадарак, 114 жыхароў (2008).

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 8 км на паўднёвы захад ад Беразіно, 93 км ад Мінска, на р. Паплаўка (прыток р. Бярэзіна). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Паплавы і далей па шашы Мінск — Магілёў.

Планіровачна складаецца з 2 вуліц, гал. з якіх крывалінейная, працяглая, арыентавана з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, перакрыжавана ракой і паўночна-заходняя частка яе праходзіць уздоўж ракі. Другая вуліца адыходзіць на захад ад галоўнай і трасіравана паралельна да другога боку ракі. Забудавана двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

За 1,5 км на поўдзень ад вёскі знаходзіцца курганны могільнік (З насыпы), які сведчыць аб засяленні гэтых мясцін у далёкай старажытнасці.

Сучасная вёска вядома з XIV стагоддзя. Першае ўпамінанне адносіцца да перыяду ВКЛ падчас праўлення князя Вітаўта (1392—1431). Тады пан Нарушэвіч «выслужыў» 2 сялы Свіслацкай воласці — Божына і Неганічы.

У пачатку XV стагоддзя асабістае ўладанне роду Валовічаў, у складзе сядзібы Божына. З 1670 года сядзіба ва ўладанні сына Марціна Валовіча Дамініка[d], абельскага старосты. У сядзібу ўваходзілі сёлы Божына, Неганічы, Паложына і слабада Марціянаўка.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 годзе сяло ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, уласнасць памешчыка М. Агінскага. У 1800 годзе сяло (33 двары), фальварак, карчма, млын, уласнасць памешчыка М. Валовіча. Акрамя земляробства мясцовыя сяляне займаліся вырабам драўлянага посуду на продаж, наймаліся да купцоў сплаўляць лес па Бярэзіне. У 1858 годзе ў складзе маёнтка Брадзец, уласнасць памешчыка Лукашэвіча. У 1870 годзе ў Юравіцкай (з пачатку 1910-х гадоў Хутарской) воласці. Паводле перапісу 1897 года сяло Неганічы (яно ж Ляхаўка), 94 двары, хлебазапасны магазін, піцейны дом, царква на могілках пры паштовай дарозе з Беразіно ў Ігумен. Побач аднайменны маёнтак, у якім 4 двары. У 1908 годзе ў сяле 102 двары, у маёнтку 1 двор. У 1912 годзе адкрыта аднакласнае народнае вучылішча. У 1893 годзе на сродкі жыхароў пабудавана драўляная Раства-Багародзіцкая царква (у 1930-я гады пераабсталявана пад клуб).

У 1917 годзе ў сяле 114 двароў. У будынку карчмы, пабудаваным у 1914 годзе, пасля рэвалюцыі адкрыта школа. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Неганіцкага сельсавета Бярэзінскага раёна Барысаўскай, з 9 чэрвеня 1927 года да 26 ліпеня 1930 года Менскай акруг БССР. З 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1920-я гады арганізаваны камсамольскі калгас-камуна (у 1933 годзе пераўтвораны ў калгас імя XVII партз’езда). У 1926 годзе ў вёсцы 125 двароў, у маёнтку 32 жыхары.

У Вялікую Айчынную вайну на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 36 вяскоўцаў (па іншых звестках 23 жыхары загінулі на франтах і прапалі без вестак, 36 у тыле). У час адступлення ў 1944 годзе акупанты спалілі большую частку вёскі.

З 20 верасня 1944 года ў Мінскай вобласці, з 16 ліпеня 1954 г. вёска ў Паплаўскім сельсавеце. У 1950-я гады калгас перайменаваны ў «Паплавы» і цэнтр гаспадаркі перанесены ў аднайменную вёску. З 25 снежня 1962 года ў Чэрвеньскім, з 6 студзеня 1965 года ў Бярэзінскім раёнах. У 2003 годзе 70 гаспадарак. Дзейнічаюць школа, магазін (пабудаваны ў 1967 годзе).

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1800 — 238 жыхароў
  • 1858 — 300 жыхароў
  • 1897 — у сяле 563 жыхары, у маёнтку 53 жыхары
  • 1908 — у 759 жыхароў, у маёнтку 13 жыхароў
  • 1917 — у сяле 730 жыхароў, у маёнтку 45 жыхароў
  • 1926 — у вёсцы 617 жыхароў, у маёнтку 32 жыхары
  • 1960 — 411 жыхароў
  • 2003 — 133 жыхары
  • 2008 — 114 жыхароў

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]