Нявеста для Базыля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нявеста для Базыля
Выданне
Жанр казкі
Аўтар Укладальніца — Аксана Спрынчан
Дата першай публікацыі 2017
Выдавецтва Мастацкая літаратура
Цыкл Беларуская аўтарская казка
Колькасць старонак 214
Афармленне Мастацкі рэдактар — Надзея Барай
Носьбіт кніга
ISBN 978-985-02-1803-2

«Нявеста для Базыля» — зборнік казак беларускіх аўтараў. Кніга выдадзена ў 2017 годзе, выдавецтва «Мастацкая літаратура», па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Укладальніца зборніка — Аксана Спрынчан[1].

Афармленне[правіць | правіць зыходнік]

Афармленне серыі — Уладзімір Жук. Мастацкі рэдактар — Надзея Барай

Вокладку кнігі упрыгожвае малюнак Элеаноры Ляхновіч — ілюстрацыя да казкі «Жаўнер і вужалка». Над ілюстрацыямі да кнігі працавалі мастакі Алег Аблажэй, Вольга Барай, Надзея Барай, Элеанора Ляхновіч, Міхась Дайлідаў, Валянцін Макаранка, Вольга Дзятко[2].

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Зборнік адметны тым, што ў ім прадстаўлены не толькі добра вядомыя ў «казачным жанры» аўтары, але чытачу адкрываюць і новыя імёны. Сярод аўтараў — Генадзь Аўласенка, Анатоль Зэкаў, Алег Аблажэй, Алег Грушэцкі, Таццяна Барысюк, Мікола Кандратаў і іншыя[3].

Казкі[правіць | правіць зыходнік]

  • «Забароненая сукня» (Алег Аблажэй) — рамантычная казка з рыцарамі, дамамі і каралямі. Кароль не любіў жанчын і загадаў прыраўняць іх да жывёл. Але адна з іх насуперак закону насмелілася надзець прыгожую сукенку[3].
  • «Рачныя прыгоды» (Генадзь Аўласенка) — героі казкі — рачныя жыхары і рыбак.
  • «Дванаццаць подзвігаў пацучыхі Дусі» (Таццяна Барысюк) — пацучыха Дуся лічылася дужа дарослай і вучонай. Яна чытала артыкулы, «Паэтычны слоўнік» і Кузьму Чорнага, разважала па-філасофску і да спраў ставілася з «навуковым падыходам».
  • «Жаўнер і вужалка» (Алег Грушэцкі) — прыгодніцкае фэнтэзі пра каханне, казка, стылізаваная пад фальклор[4] з персанажамі беларускай народнай міфалогіі — вужалкі, злыдні і інш. Дзеля кахання да дачкі Вужынага Караля адважны жаўнер гатовы прайсці праз усе выпрабаванні.
  • «Павучок і светлячок» (Анатоль Зэкаў).
  • «Як хлопчык Кастусь з ліфтам паразумеўся» (Анатоль Зэкаў) — дзіцячая фантастыка.
  • «Чалавек і бабёр» (Мікола Кандратаў) — як чалавек і бабёр сябравалі ды дапамагалі адно аднаму.
  • «Камяні крыўды» (Мікола Кандратаў).
  • «Балотная казка» (Мікола Кандратаў) — пра каханне бусла Буслана і жабкі Жабусі, якая ў хэпі–эндзе ператвараецца ў прыгожую бусліху.
  • «Хто прывёў вясну» (Ігар Кузьмініч) — хто прывёў вясну і чаму коцікі вярбы — вясновы знак.
  • «Чорная закавыка» (Серж Мінскевіч) — чараўнічае фэнтэзі з чараўніцамі і феямі.
  • «Нявеста для Базыля» (Галіна Пшонік) — фэнтэзійная гісторыя, у якой лялькі ажываюць і паводзяць сабе як людзі: высвятляюць адносіны, выбаўляюць адно аднаго. Лялькі навучаць сваю гаспадыню сачыць за цацкамі і больш ніколі не ламаць іх.
  • «Змеева Дуброва» (Юльянна Пятрэнка) — прыгодніцкая казка з міфалагічнымі героямі, якая апавядае яшчэ пра тыя далёкія часы, «калі воўк авечак пасвіў і рыбы міжсобку размаўлялі». Героі апавядання — Князь Змяіны, пачвара падземная Жыж, багіня смерці Паляндра са сваімі сёстрамі і іншыя.
  • «Пугач» (Віктар Шніп) — казка пра няроўнае каханне, якая пераносіць у часы князёў і князёўнаў[5].

Дадатковая інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Кніга стала паспяховай і карыстаецца попытам[6].

У верасні 2018 года экзэмпляр кнігі з аўтарскімі аўтографамі быў перададзены ў дар пісьменнікамі Алегам Грушэцкім і Аксанай Спрынчан у бібліятэку школы № 3 з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску Падляшскім (Польшча)[7].

У 2022 годзе кніга ўвайшла ў рэкамендаваны беларускім дзіцячым часопісам «Жэўжык» спіс кніг да чытання для дзяцей 6—9 гадоў[8].

Зноскі

  1. Нявеста для Базыля. Мастацкая літаратура (27 красавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2019. Праверана 8 красавіка 2018.
  2. Грушэцкі 2018, с. 3.
  3. а б Людміла Рублеўская. Люстэрка для песнi (22 снежня 2017). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2020. Праверана 23 снежня 2017.
  4. Наста Грышчук Ударны ліпень // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 7 жніўня 2015. — В. 4831. — № 31. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2015.
  5. Грушэцкі 2018, с. 7.
  6. Ольга Поклонская В плену у сказки // Вечерний Минск : газета. — Мн.: Мінгарвыканкам, 12 ліпеня 2018. — В. 12791. — № 28. — С. 15. Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2018.
  7. Беларускія аўтары падаравалі кнігі школьнікам з Бельску-Падляшскага. Новы Час (12 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2018. Праверана 2 кастрычніка 2018.
  8. Кнігі для чытання. Для дзяцей на ўзрост 6—9 гадоў. Жэўжык (24 чэрвеня 2022). Архівавана з першакрыніцы 7 ліпеня 2022. Праверана 7 ліпеня 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]