Ордэн Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай
Рыцарскі Ордэн Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай (лац.: Ordo Equestris Sancti Sepulcri Hierosolymitani) — каталіцкі рыцарскі ордэн, які быў заснаваны Святым Прастолам і непасрэдна ад яго залежыць. Членамі Ордэна па ўсім свеце з'яўляюцца прадстаўнікі каралеўскіх сем'яў, поспеховыя бізнесмены, палітыкі і навуковая эліта. Паводле справаздачы, датаванай 2010 годам, колькасць Ордэна перавысіла 28000 членаў[1]. Штаб-кватэра Ордэна знаходзіцца ў Рыме ў Палацца дэла Роверэ, цэнтр духоўнай дзейнасці Ордэна знаходзіцца ў кляштары пры царкве Сант-Анофрыа-аль-Джанікола.[2]
29 жніўня 2011 года архібіскуп Балтымара Эдвін Фрэдэрык О’Браен быў прызначаны Папам Бенедыктам XVI Пра-вялікім магістрам Ордэна, а пасля пасвячэння ў сан кардынала 18 лютага 2012 года атрымаў тытул Вялікага магістра [3].
Мэты і задачы
[правіць | правіць зыходнік]Мэты дзейнасці Ордэна — падтрымка і дапамога Цэркве на Святой Зямлі, умацаванне практыкі хрысціянскага жыцця саміх членаў Ордэна, захаванне і распаўсюджванне веры на Блізкім Усходзе, прыцягненне да ўдзелу ў гэтым каталікоў усяго свету, а таксама абарона правоў Каталіцкай Царквы на Святой Зямлі.[4]
Члены Ордэны сваімі ўнёскамі ажыццяўляюць матэрыяльную падтрымку розных культурных і сацыяльных праектаў Каталіцкай Царквы на Святой Зямлі. Сярод іх будаўніцтва і падтрыманне школ (якія наведваюць больш за 15 тысяч вучняў[5]), бальніц, цэркваў, семінарый і інш.[6] У перыяд з 2000 па 2007 гады Ордэнам на гэтыя праекты было выдаткавана больш за 50 мільёнаў долараў[7].
Структура
[правіць | правіць зыходнік]Рыцарскі Ордэн Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай — міжнародная арганізацыя парафіян, членамі якой з'яўляюцца таксама і клірікі (складаюць 12 працэнтаў ад яго агульнай колькасці)[1]. Ордэн падраздзелены на 52 намесніцтвы ў розных частках свету. Намесніцтвы арганізаваны па нацыянальнаму прынцыпу. У адной краіне могуць быць заснавана некалькі намесніцтваў, кожнае з якіх мае ўласную тэрыторыю юрысдыкцыі. Каля 52 працэнтаў членаў Ордэна адносяцца да Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, з іх на долю ЗША прыпадае 48 %. У Еўропе найбольшая колькасцю членаў ў Італіі (23 %).[1] З 52 намесніцтваў 24 размешчаны ў Еўропе, 15 у ЗША і Канадзе, 5 у Паўднёвай Амерыцы, 6 у Аўстраліі і на Далёкім Усходзе.[8]
Ордэнам кіруе Вялікі Магістр, прызначаны Папам з Кардыналаў Святой Рымскай Царквы. Кіраваць Ордэнам яму дапамагаюць Вялікі Магістэрыум і яго Прэзідыум, а таксама Савет Ордэна. Самай высокапастаўленай асобай пасля Вялікага Магістра з'яўляецца Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, які займае пасаду Вялікага Прыёра Ордэна.[3]
У сваю чаргу члены Ордэна падзяляюцца на некалькі званняў у адпаведнасці са ступенню заслуг. Вышэйшае званне носяць Рыцары і Дамы Ланцугу. Яно прысуджаецца як клірыкам, так і парафіянам, але толькі ў выключных выпадках, а па праве належыць Вялікаму Магістру і Лацінскаму Патрыярху Іерусаліма. Далей па іерархіі ідуць класы Рыцараў і Дам, якія маюць свой падзел. Клас Рыцараў: Рыцары, Камандоры, Камандоры з Зоркай ці Старэйшыя Афіцэры, Рыцары Вялікага Крыжа. Пачынаючы з 1888 года, па ўхваленні Льва XIII, у Ордэн сталі пасвячаць і жанчын. Клас Дам: Дамы, Дамы Камандоры, Дамы Камандоры з Зоркай, Дамы Вялікага Крыжа.[9]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узыходзіць каранямі да Готфрыда Бульёнскага (1060—1100), аднаго з правадыроў Першага крыжовага паходу 1096—1099 гг. на Усход. Ён быў абвешчаны кіраўніком Іерусалімскага каралеўства, аднак адмовіўся ад каранацыі, аддаўшы перавагу тытулу абаронцы Труны Гасподняй. Пасля заканчэння Першага крыжовага паходу ім была заснавана арганізацыя з той жа мэтай, якая ў 1113 годзе была афіцыйна прызнана Папам Рымскім.[10] У 1496 годзе пасля перанону кіравання Ордэнам з Іерусаліма ў Рым Папа Аляксандр VI узначальвае яго ў рангу Вялікага магістра.
Вытокі Ордэна ўзыходзяць да канца XI — пачатку XII стст. — часу, калі пасля Першага крыжовага паходу ў Палесціне ўзнікла Іерусалімскае каралеўства. З аднаго боку, Ордэн выводзіць сваё паходжанне да хрысціянскага Брацтва Рэгулярных Канонікаў, якое было заснавана каля Храма Труны Гасподняй у Іерусаліме ў 1099 годзе, адразу пасля заваявання горада Крыжакамі: Канонікі ставілі рэлігійныя мэты і адказвалі за абарону пілігрымаў. З іншага боку, Ордэн з'явіўся вынікам рэлігійных звычаяў пілігрымаў, якія жадалі быць пасвечаны ў рыцары на Святой зямлі. Рытуал пасвячэнне праводзіўПатрыярх, а пазней — Кустод Францысканцаў на Святой зямлі.[11]
На чале Ордэна стаяў Кароль Іерусалімскі, акрамя таго, Ордэн знаходзіўся пад кіраўніцтвам лацінскага патрыярха Іерусалімскага. Рыцары ордэна займаліся абаронай Труны Гасподняй і іншых святых месцаў Палесціны. У еўрапейскіх краінах былі створаны прыяраты Ордэна, якія і пасля падзення Іерусалімскага каралеўства працягвалі існаваць пад пратэкцыяй розных манархаў, а таксама Святога Прастола.[3]
Папа Пій IX у 1847 аднавіў лацінскі Іерусалімскі патрыярхат і зацвердзіў новы статут Ордэна, падпарадкаваўшы яго непасрэдна Святому Прастолу: тытул Вялікага Магістра ордэна быў прыняты самім Папам[12]. Асноўнай задачай ордэна стала падтрымка дзейнасці лацінскай Іерусалімскай патрыярхата і садзейнічанне распаўсюджанню хрысціянскай веры ў Палесціне.
У 1949 годзе Папа Пій XII рэфармаваў кіраванне Ордэнам, пастанавіўшы, што тытул Вялікага Магістра ў далейшым павінен дэлегавацца Папам аднаму з кардыналаў, а лацінскі патрыярх Іерусаліма атрымаў прэрагатыву Вялікага Прыёра Ордэна. Папы Ян XXIII у 1962 годзе і Павел VI 1967 годзе перапрацавалі статут Ордэна[10]. У 1996 годзе Папа Ян Павел II надаў Ордэну статус грамадскага аб'яднання вернікаў. У 2007 годзе Папа Бенедыкт XVI прызначыў кардынала Джона Патрыка Фолі Вялікім магістрам Ордэна[13].
Спіс Вялікіх магістраў Ордэна
[правіць | правіць зыходнік]У 1496 годзе Папа Рымскі Аляксандр VI заснаваў пасаду Вялікага магістра Ордэна, аднак займалі яе на працягу працяглага часу Рымскія Папы. У 1949 годзе тытул быў перададзены членам Курыі Ватыкана пад назіраннем Папы Рымскага і ў цеснай сувязі з Лацінскім Патрыярхатам Іерусаліма.
З гэтага часу пасада займалі наступныя Кардыналы:
- 1949 — Нікола Каналі;
- 1962 — Эжэн Тысеран;
- 1972 — Максіміліян дэ Фюрстэнберг;
- 1988 — Джузэпэ Капрыа;
- 1995 — Карла Фурно;
- 2007 — Джон Патрык Фолі;
- 2011 — Эдвін Фрэдэрык О’Браен.
Вядомыя члены Ордэна
[правіць | правіць зыходнік]Ордэн не займаецца палітычнай дзейнасцю, аднак яго членамі з'яўляюцца ўплывовыя прадстаўнікі палітыкі, бізнесу і навуковай эліты. Спісы членаў Ордэна не даступныя для шырокай грамадскасці, але вядомы імёны шматлікіх публічных асоб, якія належаць да Ордэна, у тым ліку і каралеўскіх асоб.
- Іспанскія каралі Альфонс XIII і Хуан Карлас I ;
- Бельгійскія каралі Леапольд II, Альберт I, Бадуэн I, Альберт II і каралева Паола;
- Франц Іосіф I — імператар Аўстрыйскай імперыі і кароль Багеміі з 1848 года, апасталічны кароль Венгрыі з 2 снежня 1848 па 14 красавіка 1849 года (1-ы раз) і з 13 жніўня 1849 (2-гі раз); з 15 сакавіка 1867 года — глава двуадзінай дзяржавы — Аўстра-Венгерскай манархіі;
- Вільгельм II — германскі імператар і кароль Прусіі з 15 чэрвеня 1888 года па 9 лістапада 1918 года;
- Франц фон Папен — нямецкі палітычны дзеяч і дыпламат, 13-ы рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі, Віцэ-канцлер Германіі (1933—1934), міністр-прэзідэнт Прусіі (1932—1933);
- Конрад Адэнаўэр — першы федэральны канцлер ФРГ (1949—1963);
- Ферэнц Ліст — венгерскі кампазітар, піяніст, педагог, дырыжор, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў музычнага рамантызму;
- Міхаэль Шпіндэлегер — аўстрыйскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, Міністр замежных спраў Аўстрыі з 2008;
- Джуліа Андрэоці — італьянскі палітык, хрысціянскі дэмакрат, неаднаразова які з'яўляўся Старшынёй Савета міністраў Італіі;
- Джон Фэрау — кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар і пісьменнік.
Зноскі
- ↑ а б в Newsletter #22 from the Grand Magisterium — Mar '10, p.6
- ↑ The Equestrian Order of the Holy Sepulchre of Jerusalem: Historical outlines. Present day. Accomplishments. Roma, 1996, p. 24
- ↑ а б в Гісторыя Ордэна — афіцыйны сайт (англ.)
- ↑ The Equestrian Order of the Holy Sepulchre of Jerusalem: Historical outlines. Present day. Accomplishments. Roma, 1996, p 23
- ↑ Ordo Equestris Sancti Sepulchri Hierosolymitani #7. Villa di Serio, 1997, p.6
- ↑ Annales. Ordinis Equestris Sancti Sepulchri Hierosolymitani. IX (2004—2005). Vaticano, 2005, p 16
- ↑ Newsletter #15 from the Grand Magisterium — July '09, p.2
- ↑ Structure of the Order — афіцыйны сайт Цэнтральнага паўночнага намесніцтва Ордэна (англ.)
- ↑ The Equestrian Order of the Holy Sepulchre of Jerusalem: Historical outlines. Present day. Accomplishments. Roma, 1996, p.27
- ↑ а б The Latin Patriarchal Seminary congratulates the Jerusalemite Knights and Ladies of the Holy Sepulcher.(недаступная спасылка)
- ↑ The Equestrian Order of the Holy Sepulchre of Jerusalem: Historical outlines. Present day. Accomplishments. Roma, 1996, p.9
- ↑ Гісторыя Ордэна на www.chivalricorders.org (англ.)
- ↑ Newsletter Nr. X from the Grand Magisterium — December 2007, p.4
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- The Equestrian Order of the Holy Sepulchre of Jerusalem: Historical outlines. Present day. Accomplishments. Roma, 1996
- Newsletter Nr. X from the Grand Magisterium — December 2007
- Newsletter #15 from the Grand Magisterium — July '09
- Newsletter #17 from the Grand Magisterium — Dec '09
- Visentin M. Ordine equestre del Santo Sepolcro di Gerusalemme. Verona, 1991
- Annales. Ordinis Equestris Sancti Sepulchri Hierosolymitani. IX (2004—2005). Vaticano, 2005
- Ordo Equestris Sancti Sepulchri Hierosolymitani #7. Villa di Serio, 1997
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Рыцарскі Ордэн Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай — афіцыйны сайт (англ.)
- Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма — афіцыйны сайт (англ.)
- You Tube: Investitura of the EQUESTRIAN ORDER OF THE HOLY SEPULCHRE OF JERUSALEM in Russian Federation