Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (Смілавічы)
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў | |
---|---|
![]() Псеўдагатычная вежа старога палаца | |
53°45′00,10″ пн. ш. 28°01′00,15″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Гарадскі пасёлак | Смілавічы |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Будынкі | |
палац • жылы дом • гаспадарчыя пабудовы • брама • агароджа • старожка • флігель | |
Вядомыя жыхары | Леў Апалінарыевіч Ваньковіч |
Статус |
![]() |
![]() |
Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў — помнік архітэктуры ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў псеўдагатычнага і неагатычнага стылявых кірункаў з элементамі мадэрнізму. Пабудаваны ў г.п. Смілавічы (Чэрвеньскі раён) на месцы замку XVI ст. Уключаў два палацы, шэраг пабудоў, парк пейзажнага тыпу (збярогся часткова).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/94/%C5%9Ami%C5%82avi%C4%8Dy%2C_Maniu%C5%A1ka._%D0%A1%D1%8C%D0%BC%D1%96%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%87%D1%8B%2C_%D0%9C%D0%B0%D0%BD%D1%8E%D1%88%D0%BA%D0%B0_%281907%29.jpg/350px-%C5%9Ami%C5%82avi%C4%8Dy%2C_Maniu%C5%A1ka._%D0%A1%D1%8C%D0%BC%D1%96%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%96%D1%87%D1%8B%2C_%D0%9C%D0%B0%D0%BD%D1%8E%D1%88%D0%BA%D0%B0_%281907%29.jpg)
Палацава-паркавы комплекс сфарміраваўся ў XIX — пачатку ХХ ст. У розныя часы маёнтак Смілавічы належаў Кезгайлам, Сапегам, Завішам. У ХVIII ст. стаў уладаннем гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага (1730—1800). У 1791 годзе маёнтак адышоў да Манюшкаў.
Будаўніцтва палацу вялося Станіславам Манюшкам (дзедам вядомага кампазітара) і яго сынамі. Казімір Манюшка заклаў батанічны і пладовы сады. Будаўніцтва комплексу было завершана Лявонціем Ваньковічам, жанатым з Паўлінай Манюшкай.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Стары палац
[правіць | правіць зыходнік]Палац складаецца з 2 мураваных карпусоў, пабудаваных у розны час і аб'яднаных паміж сабой невялікім аб'ёмам, у якім размяшчалася аранжарэя. У палацы (не збярогся) быў зімовы сад, багаты архіў (зберагліся дакументы Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў), вялікая бібліятэка і карцінная галерэя, у складзе якой быў вядомы партрэт А. Міцкевіча (мастак В. Ваньковіч). Цяпер ён захоўваецца ў Варшаве, у Нацыянальным музеі.
Стары корпус быў пабудаваны ў пачатку XIX ст. у стылі псеўдаготыкі. Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак накрыты двухсхільным дахам. Фасады падзелены міжпавярховым карнізам. З боку галоўнага фасада да будынка прымыкае магутная, квадратная ў плане трохпавярховая вежа, завершаная зубцамі. Ніжні ярус вежы, дзе зроблены ўваход, мае апрацоўку рустам. Вокны маюць маляўнічае абрамленне.
У 1900 годзе да паўночна-ўсходняга крыла корпуса была зроблена двухпавярховая прыбудова з драўлянай галерэяй па другім паверсе. Планіроўка анфіладная. Перакрыцці плоскія, за выключэннем некалькіх памяшканняў на першым паверсе, якія маюць цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У вежы размешчана трохмаршавая лесвіца.
Новы палац
[правіць | правіць зыходнік]У 1900-я гады да старога корпуса далучаны новы, у стылі неаготыкі з элементамі стылю «мадэрн».
Будынак у плане двухпавярховы, выцягнуты, асіметрычны, ускладнены пяціграннымі эркерам, завершаны двухсхільным дахамі. Уваход размешчаны ў заходняй частцы. На паркавым фасадзе трохпавярховы вежападобны аб'ём. Уваход на галоўным фасадзе вылучаны трохпавярховым рызалітам з дзвюма фланкіруючымі гранёнымі вежачкамі, завершанымі невысокімі шатрамі і шпілямі. Вежа паркавага фасада ўпрыгожаная рустам, валютамі, складаным абрамленнем акна трэцяга ярусу, завершаная атыкам, зубцамі (накшталт старажытных абарончых вежаў). Інтэр'ер палацу быў аздоблены размалёўкай.
У 1973 годзе паводле праекта рэканструкцыі (Беларускі навукова-даследчы і праектны інстытут па будаўніцтве ў вёсцы) да ўвахода ў новы корпус прыбудаваны вестыбюль з гардэробам, з усходняга боку — лесвічная клетка.
У будынку новага палаца размяшчаўся сельскагаспадарчы каледж, зараз яно выкуплена прыватным інвестарам і добраўпарадкоўваецца. Адносна старая частка палаца, збудаваная Станіславам Манюшкам, цяпер занядбана.
Парк
[правіць | правіць зыходнік]![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f0/Manor_of_Maniuszka_Smilaviczy_Bielarus07.jpg/170px-Manor_of_Maniuszka_Smilaviczy_Bielarus07.jpg)
Парк пейзажны. Закладзены ў канцы ХІХ ст.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Якімовіч Ю. А. Смі́лавіцкі палацавы комплекс // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 55. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (Смілавічы)
- Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (Смілавічы) на сайце Radzima.org
- Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (Смілавічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (Смілавічы) на сайце «Архіварта»