Патокі (заказнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Патокі
Размяшчэнне Беларусь
Плошча 4378 га
Дата заснавання 2005
physical
Патокі
Патокі

Водна-балотны заказнік «Патокі» — заказнік мясцовага значэння, размешчаны на тэрыторыі Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Быў заснаваны ў 2015 годзе.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Плошча заказніка складае 4378 га. Угоддзе ўяўляе сабой адзіны леса-балотны масіў на плоскай водападзельнай раўніне. Рэльеф на поўначы і на паўночным захадзе ўскладнены шматлікімі мацерыковымі дзюнамі.

Па структуры расліннага покрыва тэрыторыя з'яўляецца пераважна лясной. Тут растуць сасновыя, яловыя, асінавыя, альховыя і бярозавыя лясы. Прыродаахоўную каштоўнасць тэрыторыі надаюць вялікія масівы верхавых балот з градава-мачажыннымі комплексамі і маляўнічымі азёрамі, а таксама парослыя хвоямі дзюны. Забалочаныя нізіны пакрыты яловымі і дробналістымі лясамі. Поймы рэк параслі лазнякамі і алешнікамі.

Сярод балот пераважаюць верхавыя і пераходныя. У поймах рэк і па перыферыі верхавых балот знаходзяцца ўчасткі балот нізіннага тыпу. Сярэдняя глыбіня тарфяной залежы складае 0,5–2 метры.

Гідралагічная сетка добра развіта і прадстаўлена вялікай колькасцю малых рэк і азёр. Найбольш буйныя рэкі – Дрыса і яе прытокі Вядзеціца і Марынец. Поймы гэтых рэк моцна забалочаны. На тэрыторыі ўгоддзя знаходзіцца больш за 20 азёр, самае буйное з іх – Вядзета.

Тэрыторыя характэрызуецца вялікай біялагічнай разнастайнасцю. Флора ўключае прадстаўнікоў больш за 80 відаў раслін. Тут адзначана больш за 10 відаў млекакормячых, каля 100 – птушак, 287 – насякомых.

З птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, на гнездаванні адзначаны гагара чорнаваллёвая, вялікі бугай, чорны бусел, скапа, малы арлец, арол-маркут, пардва, шэры журавель, дубальт, залацістая сеўка, сярэдні кулён і вялікі кулён, пугач, балотная сава, вераб'іны сычык, жоўтагаловы дзяцел. Заказнік мае вялікае значэнне як аднаўленчы цэнтр пражывання глушца.

Найбольш звычайныя прадстаўнікі капытных – лось, дзік і казуля, з драпежнікаў адзначаны лісіца і воўк, даволі шматлікі янотападобны сабака. З куніцавых з высокай шчыльнасцю жывуць куніца лясная, норка амерыканская, ласка, гарнастай. У рэках і азёрах сустракаецца выдра, шмат бабра рачнога. Гэта тэрыторыя – адно з нямногіх месцаў Беларусі, дзе пастаянна жывуць рысь і буры мядзведзь.

У складзе флоры ўгоддзя адзначана 8 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: баранец звычайны, лінэя паўночная, тайнік яйцападобны, асака заліўная, вярба чарнічная, марошка, журавіны дробнаплодныя, падвей стройны. Акрамя гэтага, тут сустракаюцца вярба лапландская, бяроза нізкая, плывунец прамежкавы, занесеныя ў Спіс прафілактычнай аховы Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Паколькі тэрыторыя доўгі час выкарыстоўвалася ў якасці ваеннага палігона, мясцовых жыхароў адсялілі, а вёскі знеслі. Гэта абумовіла практычна поўную адсутнасць у межах палігона сельскагаспадарчых зямель. Асноўнае сучаснае выкарыстанне тэрыторыі – вядзенне лясной гаспадаркі. Леса-балотныя ўгоддзі выкарыстоўваюцца таксама і для палявання. На шматлікіх дробных азёрах вядзецца аматарская лоўля рыбы, а на азёрах Вядзета і Глыбочына – прамысловае рыбалоўства. У лясах мясцовае насельніцтва збірае грыбы, ягады і лекавыя расліны[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кулинок, А. Полоцкий лесхоз развивает экологический туризм / А. Кулинок // Беларусская лесная газета. – 2017. – 3 авг. – С.
  • Лебядзіны мох – Патокі / падрыхт.: У. В. Іваноўскі // Скарбы прыроды Беларусі [Выяўленчы матэрыял] = Treasures of Belarusian nature : тэрыторыі, якія маюць міжнароднае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці / аўт. тэксту і фота: А. В. Казулін [і інш.] ; уклад.: А. В. Казулін [і інш.] ; пер. на англ. мову А. Ф. Агеенка ; пер. на бел. мову Т. І. Улевіч. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 172–177.