Перайсці да зместу

Рахінджа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рахінджа
(رُاَينڠَ)
Агульная колькасць 2048300 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  М’янма — 871000

 Бангладэш — 871000
 Саудаўская Аравія — 541000

Мова рахінджа
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы бенгальцы, асамцы, чакма

Рахінджа (саманазва: رُاَينڠَ) — індаарыйскі народ у Паўднёва-Усходняй Азіі. Яго радзімай з'яўляецца ўсходняе ўзбярэжжа М’янмы. Аднак у выніку крызісу 20162017 гг. большасць рахінджа былі вымушаны пакінуць гэту краіну. Асноўныя краіны міграцыі — Бангладэш і Саудаўская Аравія. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 048 300 чалавек[1].

Вобласць Аракан на захадзе сучаснай М’янмы знаходзілася пад уплывам індыйскай культуры з IV ст. З VIII ст. яе наведвалі мусульманскія арабскія гандляры. Сярод сучасных рахінджа папулярны міф пра паходжанне ад арабаў, чые судны цярпелі крушэнне каля араканскіх берагоў. Аднак перасяленне буйных груп з усходу Паўднёвай Азіі, відавочна, адбывалася ў XVXVIII стст., калі паміж Араканам і Бенгаліяй былі ўсталяваны шчыльныя зносіны, якія часам суправаджаліся войнамі і прыгонам палонных. Выхадцы з Бенгаліі служылі ў араканскім войску.

У 1784 г. Аракан быў заваяваны бірманцамі. Пры гэтым значная частка мясцовага насельніцтва была прымусова выгнана ў цэнтральную М’янму або збегла ў валоданні Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Пасля далучэння М’янмы да брытанскіх калоній у 1826 г. мясцовая адміністрацыя прыцягвала перасяленцаў з Індыі для заняцця пустак. Само слова «рахінджа» таксама ўпершыню з'явілася ў брытанскіх дакументах. Яно паходзіла ад скажонай мясцовай назвы Аракана. Рахінджа разглядаліся як карэннае насельніцтва, таму ў адрозненні ад пазнейшых індыйскіх перасяленцаў атрымалі права выбіраць прадстаўнікоў у каланіяльныя органы ўлады.

Падчас II Сусветнай вайны паўднёвы Аракан апынуўся пад японскай акупацыяй, паўночны працягваў кантралявацца брытанцамі. У 1942 г. паміж араканскімі будыстамі і мусульманамі-рахінджа ўспыхнуў канфлікт. Ён суправаджаўся бегствам мусульман у Бенгалію і паўночны Аракан і ўзброенымі вылазкамі мусульманскіх атрадаў, ад чаго болей цярпелі паселішчы простых араканцаў. Брытанцы сфарміравалі з ліку бежанцаў дабраахвотныя ваенныя часткі, што ўдзельнічалі ў вызваленні М’янмы ад японцаў.

У 1948 г., калі М’янма набыла незалежнасць, араканскі палітык-мусульманін Махамед Абдул Гафар спрыяў замацаванню назвы рахінджа як афіцыйнай. Аднак яго спроба вылучыць паўночны Аракан у асобную правінцыю не мела поспеху. Часткова гэта тлумачыцца страхам бірманскіх палітыкаў страціць дадзены рэгіён, пакольки сярод рахінджа была папулярна ідэя далучэння да Усходняга Пакістана. У 1978 г. ваенны ўрад правёў «чыстку» памежных зямель Аракана ад «іншаземцаў». У выніку, каля 200 тысяч бежанцаў-мусульман апынулася на тэрыторыі Бангладэш. У выніку перагавораў паміж урадамі дзвюх дзяржаў праз 16 месяцаў большасць бежанцаў вярнулася. Тым не меней, у 1982 г. рахінджа былі выключаны са спісу карэнных народаў М’янмы і ў выпадку адмовы рэгістравацца ў якасці прадстаўнікоў іншых народаў пазбаўляліся грамадзянства. У бірманскіх сродках масавай інфармацыі іх называлі бенгальскімі мігрантамі або нават выкарыстоўвалі абразлівую мянушку калар.

У 19881997 гг. спачатку сярод эмігрантаў, а потым сярод мусульман Аракана сфарміраваўся палітычны рух, які падтрымаў супрацоўніцтва з дэмакратычнымі партыямі М’янмы, папулярызаваў назву рахінджа. Дзеячы руху сцвярджалі, што рахінджа — карэнныя насельнікі Аракана і быццам бы Аракан значны перыяд з'яўляўся мусульманскай дзяржавай. Аднак такая пазіцыя не знайшла падтымкі сярод араканцаў, якія выступілі супраць скажэння сваёй гісторыі. Іх палітыкі апасаліся, што з-за раўнавання правоў будыстаў і мусульман араканцы ператворацца ў этнічную меншасць на радзіме. У 2012 г. у Аракане адбыліся грамадзянскія сутычкі паміж араканцамі і рахінджа.

9 кастрычніка 2016 г. група паўстанцаў-рахінджа атакавала ваенныя пасты на мяжы М’янмы з Бангладэш, што стала прычынай масавых рэпрэсій з боку ваенных і пераследу з боку араканцаў-будыстаў. Згодна ААН, да лютага 2017 г. было забіта болей за 1000 рахінджа[2]. У жніўні — верасні 2017 г. крызіс абвастрыўся, пераслед набыў масавы характар. Аун Сан Су Чжы фактычна абвінаваціла ў гэтым паўстанцаў-рахінджа, хаця асноўнымі пацярпелымі з'яўляліся прадстаўнікі саміх рахінджа[3]. У выніку каля 500 000 — 700 000 бежанцаў былі вымушаны пакінуць М’янму.

Родная мова рахінджа адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям'і, блізкая да бенгальскай і асамскай моў. Першыя пісьмовыя запісы рабіліся з дапамогай лацінкі. У нашы дні часцей карыстаюцца пісьмом на аснове арабскага алфавіта1975 г.) і індыйскага пісьма брахмі (пісьмо ханіфі, распрацаванае ў Бангладэш у 1980-х гг.).

Большасць вернікаў з'яўляюцца мусульманамі-сунітамі, таксама распаўсюджаны суфізм. Падчас бегства рахінджа ў 20162017 гг. у Бангладэш[4] сярод бежанцаў апуныліся каля 500 індуістаў.

Зноскі