Перайсці да зместу

Рыгор Абрамавіч Міранскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыгор Абрамавіч Міранскі
руск.: Григорий Миранский
Імя пры нараджэнні Гершон Міранскі
Род дзейнасці фатограф
Дата нараджэння 25 лютага 1875(1875-02-25)
Месца нараджэння
Дата смерці студзень 1942 (66 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Абрам Міранскі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рыгор Абрамавіч Міранскі (руск.: Григорий (Гершон) Абрамович Миранский; 25 лютага 1875, Рэжыцкі павет, Віцебская губерня — студзень 1942, Мінскае гета[1]) — мінскі фотамайстар, служачы пажарнай аховы[2]; адзін з першых фотарэпарцёраў Мінска і піянераў беларускай мастацкай фатаграфіі. Яго творчасць частка культурнай спадчыны Беларусі[3].

Дэпо Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства, Мінск, 1906 год. Фота Рыгора Міранскага

Нарадзіўся 25 лютага 1875 года ў Рэжыцкім павеце Віцебскай губерні, у яўрэйскай сям’і. Пазней сям’я пераехала ў Мінск. У 19 год, у 1894 годзе, стаў супрацоўнікам Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства. Паралельна вымушаны шукаць заробку, бо ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя служба ў пажарных частках лічылася ганаровай і не аплачвалася.

Невядома, дзе і калі Рыгор Міранскі вывучаў фотамастацтва, але ў канцы XIX стагоддзя ён стаў вядомым фатографам і ўладальнікам фотаатэлье ў цэнтры Мінска. У 1896 годзе, разам з кампаньёнам Абрамам Левінманам, Міранскі атрымаў дазвол мінскага губернатара на адкрыццё ўласнай фотастудыі. Супрацоўніцтва з Левінманам доўжылася 2 гады. Фотастудыя размяшчалася ў цэнтры Мінска — на вуліцы Губернатарскай, у доме Ярохава. Улічваючы даволі высокую канкурэнцыю ў асяроддзі фатографаў, «Цэнтральная фатаграфія Міранскага» дадаткова займалася бірулькамі, брошкамі з фота, пакрыццём фотаэмаллю.

З 1898 года Міранскі пачаў працаваць самастойна. Пасведчанне № 4661/28 выдадзена ў 1898 г. «Цэнтральная фатаграфія Рыгора Міранскага» пераехала ў дом Курлянда на Губернатарскай вуліцы. У 1901—1902 гадах Міранскі быў таксама ўладальнікам фатаграфічнага салона ў Слуцку (з 28 жніўня 1901 па сакавік 1902 года), а потым перадаў яго Левінману[4].

У 1902 годзе, праслужыўшы 8 гадоў у пажарнай ахове радавым ахвотнікам, ён быў абраны на пасаду начальніка атрада трубнікаў, узначаліў 65 ствольшчыкаў, трымаў на пажарах наканечнік пажарнага рукава[5].

Захаваліся звесткі аб тым, што у 1911 годзе Міранскі звяртаўся ў «Элвад» аб вызваленні яго ад дадатковай платы, «якая узымаецца з яго за электраэнергію, спажываную электрычнай лямпай для здымання ў цемры»[6].

У 1912 годзе ў Санкт-Пецярбургу адбыўся III Міжнародны пажарны кангрэс і выстава пажарнага абсталявання, дзе Рыгор Міранскі экспанаваў шэраг сваіх фатаграфій па прафесійнай тэматыцы. У 1913 годзе Міранскі атрымаў званне «Ганаровы патомны грамадзянін Мінска».

Нягледзячы на бурныя гістарычныя падзеі, рэвалюцыйныя змены дзяржаўнага ладу, Міранскі працягваў займацца фатаграфіяй.

У савецкі час, з 1920 па 1924 гады Міранскі займаў пасаду намесніка старшыні праўлення Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства, быў удзельнікам яго адміністрацыйнай і фінансавай камісій.

Міранскі выканаў серыю твораў з выявамі разбураных пад час польскай акупацыі будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках. Гэты цыкл, магчыма, дэманстраваўся на Першай Міжнароднай выставе супрацьпажарных і выратавальных сродкаў у 1925 годзе ў Зальцбургу[4].

У 1926 годзе ў газеце «Звязда» паведамляецца, што пад час святкавання 50-годдзя Мінскай гарадской пажарнай аховы памочнік старшыні каманды Рыгор Абрамавіч Міранскі быў узнагароджаны срэбранай пажарнай каскай за шматгадовую сумленную службу, і таксама ён атрымаў ганаровае званне «Герой працы»[7].

Паводле ўспамінаў мастака Леаніда Ракава[1] (1930—2022) Рыгор Міранскі, што даводзіўся братам ягонай бабулі, у час акупацыі знаходзіўся ў Мінскім гета, дзе і памёр ад голада ў студзені 1942 года.

Заняцце фатаграфіяй

[правіць | правіць зыходнік]
Рэкламная шыльда фотаатэлье Міранскага пасля 1904 года, Мінск.
35-годдзе Добраахвотна-пажарнага таварыства. Мінск. 1911. Фота Рыгора Міранскага.

Міранскі быў рознабаковым майстрам, працаваў у жанрах партрэта, пейзажа, архітэктурнай фатаграфіі, фотарэпартажа[7].

Быў сябрам Віцебскага фатаграфічнага гуртка.

Сярод насельніцтва ў тыя часы была вельмі папулярнай партрэтная фатаграфія. Міранскім была выканана вялікая колькасць мужчынскіх, жаночых, дзіцячых, адзіночных, парных і групавых партрэтаў візітнага і кабінетнага фарматаў.

Шмат было зроблена і фотавыяў гарадской забудовы Мінска. Архітэктурныя фатаграфіі Міранскага вызначаліся строгай кампазіцыяй, удалым выбарам пункту здымкі. Усё гэта падкрэслівала выразныя стылявыя асаблівасці будынкаў.

Пад час супрацоўніцтва з Абрамам Левінманам кампаньёны прадавалі свае негатывы з відамі Мінска для паштовак І. Каплана і А. Рудэрмана[6].

І пасля таго выдаўцы ахвотна набывалі ў Міранскага фатаграфіі з архітэктурнымі выявамі Мінска цэлымі цыкламі для вытворчасці паштовак, якія выходзілі серыямі з некалькіх дзясяткаў сюжэтаў[8].

Большая частка яго фотаработ пачатку XX стагоддзя не захавалася, але існуюць здымкі 35-й гадавіны добраахвотнага пажарнага таварыства. Фатаграфіі былі зроблены з вышыні, на заднім плане прапрацаваны ўсе дэталі, святло, ракурс[5].

Даследчык творчасці Міранскага, гісторык i мастацтвазнаўца Надзея Саўчанка адзначала:

Рыгор Міранскі — адзін з нямногіх мінскіх фатографаў, хто непасрэдна выязджаў на месца падзей і выконваў больш складаную рэпартажную здымку, якая патрабавала ўважлівага назірання за ходам падзеі, хуткай арыентацыі ў выбары больш выгаднага пункта здымкі, умелага выкарыстання святла і ракурсаў[4].

Дом мінскага дваранства. Фота Рыгора Міранскага, 1896—1898
Рыгор Міранскі. Будынак Мінскіх губернскіх прысутных месцаў. Пач. XX ст.

Найбольш вядомыя фотаработы ў Мінску:

  • Будынак Прысутных месцаў на рагу пл. Свабоды і вул. Інтэрнацыянальнай
  • Сярод вядомых твораў Міранскага — групавы здымак больш за 500 дэлегатаў з’езда сіяністаў Расіі, які адбыўся ў Мінску 22—28 жніўня 1902 года[9].
  • У 1904 годзе на фотавыстаўцы ў Ліёне здымкі Міранскага былі адзначаны срэбраным медалём. Перамаглі не партрэтныя і пейзажныя выявы, а тыя, дзе Міранскі падаў сябе як фотарэпарцёр па пажарнай тэматыцы [10].
  • У 1908 годзе зрабіў фота сям’і Івана Пуліхава, які быў павешаны ў 1905 годзе за замах на мінскага губернатара Паўла Курлова.
  • У 1912 годзе фотаздымкі Міранскага дэманстраваліся на выставе падчас VI Міжнароднага пажарнага кангрэса[5].
  • У 1925 годзе фотаздымкі Міранскага дэманстраваліся ў Зальцбургу на міжнароднай выставе супрацьпажарных і выратавальных сродкаў. На здымках былі паказаны разбураныя і абпаленыя пад час Першай сусветнай вайны беларускія мястэчкі[5].
  • Фатаграфіі Рыгора Міранскага ўяўляюць сабой не толькі гістарычную, але і навуковую каштоўнасць. Асабліва фатаграфіі па пажарнай тэматыцы — амаль што адзіныя выяўленчыя крыніцы па дарэвалюцыйнай гісторыі пажарнай справы на Беларусі.

Зноскі

  • Выяўленчае мастацтва Беларусі XX стагоддзя / М. Р. Баразна. — Мінск, 2017. — С. 30.
  • Фотографы земли Белорусской, 1850—1918 / А. М. Величко. — Минск, 2018. — С. 212—214, 286.