Сабор Аляксандра Неўскага (Пружаны)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Сабор Аляксандра Неўскага, Пружаны)
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Сабор Аляксандра Неўскага
Сабор Аляксандра Неўскага
Сабор Аляксандра Неўскага
52°33′21,25″ пн. ш. 24°27′26,59″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Пружаны
Канфесія праваслаўе
Епархія Брэсцкая
Тып будынка Сабор
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата заснавання 1866
Будаўніцтва 18651866 гады
Рэліквіі і святыні абраз «Маці Божай, якая плача»
«Незгаральны абраз Божай Маці»
мошчы Аляксандра Неўскага
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан дзейны

Сабо́р у імя дабраве́рнага вялі́кага кня́зя Алякса́ндра Не́ўскага — праваслаўны сабор у Пружанах Брэсцкай епархіі, збудаваны ў гонар абаронцы Расійскай імперыі св. князя Аляксандра Неўскага. Асвячэнне адбылося 22 кастрычніка 1866 года.

У храме знаходзіцца абраз «Багародзіца, якая плача», які лічыцца цудадзейным.

Узвядзенне[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі з падзеямі паўстання 1863 года царызм адводзіў вялікую ролю ў далейшай русіфікацыі края праваслаўнай царкве. На яе падтрымку было накіравана 10% ад кошту ўсяе канфіскаванай маёмасці ўдзельнікаў паўстання. Ва ўсіх губернскіх і павятовых мястэчках былі створаны камітэты па будаўніцтве праваслаўных цэркваў. У Пружанах ён быў арганізаваны ў 1865 годзе на чале з кіраўніком горада і павета капітанам Элісам.

Вырашана было будаваць царкву ў гонар нябёснага абаронцы Расіі Святога Аляксандра Неўскага як падзяку расійскаму імператару Аляксандру II за скасаванне прыгоннага права і паншчыны. Праект стварыў гарадзенскі губернскі архітэктар Міхайлоўскі, які карыстаўся альбомам праектаў Свяцейшага Сінода. У 1864 годзе першую цагліну ў падмурак храма паклаў у дзень святых Пятра і Паўла брэсцкі епіскап, вікарый Літоўскай епархіі Ігнацій (Жалязоўскі).

Цэгла на будаўніцтва паступала бясплатна з канфіскаванага ў Валенція Швыкоўскага цагельнага завода ў Палянове, а таксама з недабудаванага касцёла. Сродкі на будоўлю збіраліся па ўсёй імперыі, а кожны сялянскі двор Пружаншчыны мусіў здаць на пабудову па 50 капеек і на адзін дзень выдзеліць на дапамогу мужчыну.

Іканастас быў створаны лепшымі майстрамі Пецярбургу Козеравым і Срабраковым паводле праекту архітэктара Сычова. Ён таксама распрацаваў нарыс бакавых ківотаў. Абразы для яго былі напісаны ў пецярбургскім Свята-Уваскрасенскім і маскоўскім Новадзявочым манастырах.

Званы для сабора былі прывезены з заводу пецярбургскага купца Пікіева. Рызніца, посуд, кнігі і іншае царкоўнае начынне падараваны маскоўскім купецтвам.

Адкрыццё храма было запланавана на верасень 1866 года да дня памяці Аляксандра Неўскага, аднак неспадзяванка змусіла перанесці ўрачыстасць на месяц: падчас транспартавання быў пашкоджаны іканастас, зроблены ў Пецярбургу, і праз шчыліны ў яго трапіла вада, таму яго давялося наноў склейваць і пакрываць пазалотай[1].

Шаблон:Дата ў старым стылі епіскап брэсцкі Ігнацій (Жалязоўскі) асвяціў храм[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першым настаяцелем сабора стаў протаіерэй Андрэй Чарвякоўскі[3], за ім — мітрафорны протаіерэй Мікалай Жуковіч (10.01.182729.07.1908). Пахаваны ў капліцы на праваслаўных могілках Пружан.

У 1891 сабор атрымаў у падарунак ад гарадской думы абраз са святымі, аднайменнымі членам царскай сям'і.

9 красавіка 1934 года з абразом тыпу «Укрыжаванне» адбыўся цуд: з вачэй Божай Маці пачалі капаць слёзы. З тае пары штогод 9 красавіка і ў Светлую пятніцу Велікоднага тыдню вернікі адзначаюць свята празванай цудадзейнай «Пружанскай Галгофы» (або «Багародзіцы, якая плача»).

Акрамя гэтага, сюды перанесены «Незгаральны абраз Божай Маці», які ацалеў падчас пажару ў Прачысценскай царкве ў часе Другой сусветнай вайны, а таксама «Уладзімірскі абраз Маці Божай», які абнавіўся ў аднаго з жыхароў Сланімцоў[4].

Па нямецка-савецкай вайне быў распрацаваны план забудовы Пружан, паводле якога непасрэдна ля сабора было запланавана ўзвядзенне пяціпавярховае жылое хаты. У гэтым разе вернікі былі б пазбаўленыя царкоўнага пагосту, а храм быў бы заслонены пабудовай. Супрацьстаянне вернікаў пабудове цягнулася месяц: на званіцы сабора дзяжурыла прыхаджанка Марыя Мардань, якая пачынала званіць, ледзь заўважыўшы набліжэнне будаўнічае тэхнікі. На заклік з усіх канцоў горада сыходзіўся праваслаўны люд, не даючы пачаць будаўніцтва, падаючы нават пад коўш экскаватара. Урэшце рэшт будаўніцтва жылога дома пачалося па-за межамі царкоўнага двара[1].

У 1990-я жыццё парафіі актывізавалася, адбыўся маштабны рамонт царквы, пабудаваная нядзельная школа, паўстаў новы чыгунны плот.

Ад студзеня 2006 года ў саборы знаходзіцца частка мошчаў дабравернага князя Аляксандра Неўскага[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Апсіда храму са светлавым барабанам

Помнік архітэктуры позняга класіцызму з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю.

Храм — прамавугольная ў плане трохнефная базіліка, пакрытая двухсхільным дахам. Алтарная частка вышынёй 14 м 60 см з паўавальнай трох'яруснай апсідай, другі і трэці ярусы вырашаныя як ратонда. Верхні ярус — светлавы барабан з круглымі вокнамі і купалам.

Сцены аперазаныя шырокім антаблементам, раскрапаваны пілястрамі ў прасценках высокіх арачных аконных праёмаў у кілепадобных ліштвах. Уваходы ў будынак з трох бакоў падкрэсленыя франтонамі.

Званіца з 9 званамі заводу пецярбургскага купца Пікіева завяршаецца купалам з навершнікам. У XXI стагоддзі — вышынная дамінанта старое часткі горада.

Ваконныя і дзвярныя праёмы з паўцыркульнымі арачнымі заканчэннямі маюць кілепадобныя абоймы.

Зала падзеленая 6 квадратнымі ў плане слупамі на 3 нефы. Цэнтральны неф, перакрыты цыліндрычным зводам, падоўжаны паўкруглай апсідай з іканастасам, спраектаваным у 1880 годзе архітэктарам Залатаровым. Бакавыя нефы перакрытыя крыжовымі зводамі.

Настаяцелі[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Два прыдзелы: у імя святога Аляксандра Неўскага і ў імя абразу Божай Маці «Жываносная крыніца».

Набажэнствы ладзяцца ў пятніцы, нядзелі і святочныя дні. Дзейнічае нядзельная школа, ладзяцца катэхізацыйныя гутаркі з дарослымі, утворанае праваслаўнае сястрынства імя «Плачучага абразу Божай Маці».

Галерэя выяваў[правіць | правіць зыходнік]

Цікавосткі[правіць | правіць зыходнік]

У 19231925 гадах абавязкі рэгенту царкоўнага хору выконваў Рыгор Шырма[5].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 г. Пружаны. Собор во имя Св. блгв. Кн. Александра Невского, 1866 (руск.) . Православие.By (29 лютага 2012).
  2. 2,0 2,1 Пружаны. Собор во имя Александра Невского (руск.) . Сінадальны паломніцкі аддзел Беларускай праваслаўнай царквы (11 студзеня 2012).
  3. Святыни Брестской епархии (руск.) . Русский православный календарь. Приход Свято-Петропавловского собора г. Минска (14 мая 2012).
  4. Священник Собора Св. Александра Невского иерей Игорь, Мрыхин История православной церкви г. Пружаны (руск.) . Средняя школа №3 г. Пружаны (31 кастрычніка 2011).
  5. Евгений Днепровский. Красный псаломщик (руск.) . Гістарычная брама №1 (25) 2010 (11 студзеня 2012).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 36—37.
  • Наталля Пракаповіч. Летапіс духоўнасці: праваслаўная архітэктура Пружаншчыны // Рэха Берасцейшчыны. — кастрычнік 2010. — № 1 (4). — С. 4—5.
  • Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область // / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — ISBN 5-85700-017-3.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Храмы Пружан