Саляная шахта ў Вялічцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Саляная шахта Вялічка*
Wieliczka Salt Mine**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Wieliczka Saint Kinga.jpg
Тып культурны
Крытэрыі iv
Спасылка 32
Рэгіён*** Еўропа і Паўночная Амерыка
Каардынаты
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1978  (2-я сесія)
Пашырэнні 2008, 2013
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Саляна́я ша́хта Вялі́чка (польск.: Kopalnia soli Wieliczka) — месца залягання каменнай солі ў месце Вялічка beru (Польшча), якое распрацоўвалася з XIII да XX стагоддзя. Шахта адлюстроўвае развіццё метадаў і тэхналогій здабычы солі за сем стагоддзяў. Яна ўяўляе сабою калідоры і галерэі на сямі падземных узроўнях на глыбіні ад 57 м да 198 м агульнай працягласцю болей за 200 км[1].

З 1978 года саляная шахта Вялічка ўваходзіць у спіс аб'ектаў Сусветнае спадчыны ЮНЕСКА[1].

Мінуўшчына[правіць | правіць зыходнік]

Драўляныя калаўроты на конскай цязе

Месцапаклад солі ў Вялічцы быў утвораны каля 15 мільёнаў год назад і адносіцца да міяцэнскай фармацыі. Ён уяўляе сабой паласу даўжынёй 10 км і шырынёй ад 0,5 да 1,5 км, якая цягнецца з усходу на захад уздоўж паўночнай мяжы Карпат[2].

Археалагічныя даследаванні тэрыторыі Вялічкі паказалі, што выпарванне раствору, які чэрпалі з саляных крыніц, тут рабілі ўжо ў IV тыс. да н. э.

Пазней пачалі будаваць рассельныя калодзежы (вертыкальныя свідравіны, якія раскрывалі гарызонт салёных вод). Імаверна, у час такіх работ гарнякі пачалі натыкацца на паклады крышталёвай солі, што і запачаткавала падземную распрацоўку радовішча. Яшчэ ў 1044 годзе Казімір I Аднавіцель выдаў прывілей саляным капальням у Вялічцы, назваўшы іх «magnum sal alias Wieliczka».

Паклады вяліцкай солі пачалі эксплуатаваць у 80-х гадах XIII стагоддзя. Тут быў размешчаны вялікі цэнтр солеварэння, што меў назву Magnum Sal — Вялікая соль (адкуль і назва «Вялічка»). Выгадныя горна-геалагічныя ўмовы, просты доступ да саляных пакладаў прывялі да хуткага развіцця шахты і ўзнікнення гарняцкага паселішча, якому ў 1290 годзе былі нададзеныя гарадскія правы.

Шахта была ўласнасцю польскіх каралёў і давала на той час больш за 30 % прыбыткаў у дзяржаўную скарбніцу. У 1368 годзе кароль Казімір Вялікі зацвердзіў «Горны статут», які рэгуляваў прававыя пытанні арганізацыі і кіравання Кракаўскімі капальнямі солі (разам з Вялічкаю ў прадпрыемства ўваходзіла шахта ў Бохні). Згодна са статутам была ўстаноўлена адміністратыўная іерархія, былі акрэсленыя кампетэнцыя і правы шахцёраў і чыноўнікаў-кантралёраў. Ад імя караля шахтаю кіраваў саляны прыстаў (т.зв. «жупнік»). «Горны статут» быў адным з першых у Еўропе гарняцкіх прывілеяў, які вызваляў шахцёраў ад феадальнай залежнасці, закладаў падмуркі новых адносін у гаспадарцы і грамадстве.

У XIV стагоддзі ў Вяліцкай шахце было каля 60 салякопаў-стольнікаў, якія мелі свае дзялянкі распрацовак і спадчынныя правы на шахцёрскую дзейнасць. Яны наймалі шахцёраў, арганізоўвалі падземныя работы (часам працавалі і самі), а здабычу прадавалі каралеўскаму прыставу па фіксаваных цэнах. Здабыча солі і падземнае транспартаванне здзяйсняліся рукамі, а пад'ём солі з шахты — з дапамогаю адмысловых валоў.

У наступным стагоддзі валы змяніў калаўрот — гарызантальныя колы, якія прыводзілі ў рух людзі, а пасля і коні. Механізацыя здабычы павялічыла аб'ёмы вытворчасці і прыбытку, у гэты час пачалося паглыбленне шахт[3]. у канцы XV стагоддзя кароль, маючы вялікія даўгі перад багатымі мяшчанамі, аддаў ім у заставу Кракаўскія капальні. У выніку драпежніцкага гаспадарання тагачасных уласнікаў Вяліцкая шахта была разрабавана і спустошана. У 1507 годзе яе выкупіў Ян Бонер, які з часам вярнуў ёй былое значэнне.

Да XVI стагоддзя горныя працы былі сезоннымі (з восені да вясны), потым здабычу вялі бесперапынна. Паводле сведчанняў вядомых наведвальнікаў капальні (папскі нунцый Ф. Руджэры, літаратар Х. Шэдэль, венецыянскі пасланнік Х. Ліпамана), у XVI стагоддзі на шахце пастаянна працавала 1000—1500 шахцёраў, а гадавая здабыча солі дасягала 7-8 тысяч тон. У гэты час у Вялічцы было збудавана тры новыя ствалы: «Бонер», «Бужэнін», «Льёіс». Як пісаў французскі даследчык Ле Лабур'ер (1647): «Саляныя капальні вяліцкія не менш знакамітыя, чым піраміды егіпецкія, але карыснейшыя. Яны пахвальная памятка працавітасці палякаў».

Нястача грошай на вайсковыя паходы вымусіла караля Стэфана Баторыя зноў перадаць шахту ў арэнду. Карыслівае гаспадаранне новых гаспадароў (П. Прован, С. Любамірскі) супала са стыхійнымі бедствамі (эпідэміі, пажары), бунтамі гарнякоў і іхнім жорсткім задушэннем. Усё гэта прывяло да рэгрэсу здабыўчых работ.

Новы ўздым гарняцтва ў Вялічцы пачаўся пры каралю Жыгімонце III, які стымуляваў прафесійнае майстэрства шахцёраў, запрашаў іншаземных адмыслоўцаў для інжынерна-тэхнічных работ. Так, шведскі геадэзіст М. Герман у 1631—1639 выканаў вядомыя планы трох гарызонтаў шахты, а таксама места Вялічкі. Здабыча ў гэты перыяд дасягала ад 20 да 40 тыс. тон штогод.

Далейшае развіццё капальні звязана з перадачаю кіравання саксонскім прадпрымальнікам (1718) і даручэннем тэхнічнага нагляду таленавітаму інжынеру Я. Борляху (з 1743), які выканаў новыя планы горных работ, прапанаваў арыгінальныя рашэнні тэхнічных праблем, паглыбіў ствалы да трэцяга ўзроўню, увёў новы горны статут, спрыяў з'яўленню ў камерах капальні твораў мастацтва, якія здабылі ёй сусветную славу.

Старыя калідоры шахты

Падзел Рэчы Паспалітай і прыход аўстрыйцаў у 1772 годзе паклаў канец каралеўскай манаполіі на здабычу солі. З 1867 года праўленне капалень было падпарадкавана галіцкай уладзе ў Львове. Аўстрыйскія майстры горнай справы механізавалі падземныя работы: ручныя дрылі замянілі на пнеўматычныя. Быў пабудаваны саляны млын і паравая пад'ёмная машына. У 1912 годзе была збудавана механізаваная саляварня. У час нацысцкай акупацыі былі спробы будаўніцтва падземнага горада па вытворчасці ваеннай тэхнікі[3].

Работы на шахце былі спыненыя ў 1996, калі эксплуатацыя раёнаў паблізу гістарычных выпрацовак стала прычынай разбурэння турыстычных маршрутаў. У канцы 1950-х гадоў былі пачатыя першыя работы па забеспячэнні бяспекі капалень. За сем стагоддзяў тут было здабыта 7,5 млн м³ солі.

Яшчэ ў XVI стагоддзі былі заўважаныя лекавыя ўласцівасці солі. Іх актыўная эксплуатацыя пачалася ў 1826 годзе, калі было арганізавана лячэнне салявымі ваннамі. У 1939—1955 доктар Фелікс Бачкоўскі лячыў ад 36 хвароб у заснаваных ім купальнях. Лекавая дзейнасць вярнулася ў шахты ў 1958 з ініцыятывы доктара Мечыслава Скулімоўскага, які лячыў бранхіяльную астму, запаленне бронхаў і алергічны наспель. Заснаваны ім санаторый дзейнічае дагэтуль[3].

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Гравюра 1842 года

У XV стагоддзі саляную шахту Вялічка пачалі паказваць прывілеяваным асобам у пазнавальных мэтах. Да канца XVI стагоддзя турызм заставаўся элітарным, наведаць горныя выпрацоўкі можна было толькі з дазволу караля. Вось як апісвае капальні Жан Хаіснін, які наведаў іх у 1572 разам з пасланцамі караля Францыі: «месца, у якое паўгадзіны спускацца патрэбна, у вялікіх і магутных пад'ёмніках, што вытрымліваюць вагу 50 чалавек. Унізе можна ўбачыць агромністыя пячоры, выкапаныя ў саляных скалах, як вуліцы горада»[3].

У XVIII стагоддзі быў збудаваны ствол шахты з прыступкамі, што значна спрасціла ўмовы агляду капалень. У канцы XVIII стагоддзя шахту штомесяц наведвалі некалькі дзясяткаў чалавек, а на пачатку XIX стагоддзя лік турыстаў дасягаў некалькіх соцень. Аўстрыйцы павялічылі колькасць турыстычных інтэр'ераў капалень, адкрылі доступ на другі і трэці ўзроўні. Траса была добра асветлена, абсталявана абеліскамі і помнікамі. Капальні сталі такімі папулярнымі, што падручнік па геаграфіі канца XIX стагоддзя пасля падрабязнага апісання Вялічкі дадаваў, што побач знаходзіцца горад Кракаў[3].

У пачатку XX стагоддзя існавалі пэўныя ўмовы па колькасці прыманых турыстаў — не больш за 100 чалавек адначасна. Кошт наведвання залежаў ад асветленасці маршруту — чатыры класы. Турыстаў сустракаў горны аркестр. Акрамя таго, існавала магчымасць зрабіць групавы фотаздымак[3].

У пасляваенныя гады колькасць турыстаў працягвала ўзрастаць. У сярэдзіне 1950-х шахту наведвалі каля 200 тысяч чалавек штогод, у першай палавіне 1970-х — 750 тысяч чалавек, а пасля крызісу 1981 года — 600 тысяч. За гэты час былі адрамантаваныя шахты і турыстычныя камеры, пабудаваныя цэнтры па продажы сувеніраў[3].

У 1978 ЮНЕСКА занесла саляную шахту ў спіс аб'ектаў сусветнае спадчыны. Праблемы з вільготнасцю вымусілі арганізацыю ў 1989 годзе змясціць шахту ў спіс аб'ектаў, якім пагражае знішчэнне. Паспяховыя работы па змяншэнні вільготнасці і захаванні саляных скульптур дазволілі ЮНЕСКА выключыць аб'ект з гэтага спіса ў 1998 годзе[4].

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Мікалаю Каперніку
Надшахтная пабудова ствала Даніловіча
Помнік Казіміру Вялікаму
Жырандоля ў капліцы Святой Кінгі

Турыстычныя маршруты ўключаюць каля дваццаці розных камер і капліц, размешчаных у саляной шахце.

Шахтны ствол Даніловіча быў прарублены ў 1635—1640 гадах, калі капальнямі кіраваў Мікалай Даніловіч. Ствол доўгі час служыў для транспартавання солі на паверхню. З XIX стагоддзя ён выкарыстоўваўся для транспартавання работнікаў і турыстаў. Драўляная надшахтная пабудова ў 1874 была замененая мураванай, а конны прывад для пад'ёмнікаў — спярша паравой машынай, а пасля Другой сусветнай вайны — электрычнай пад'ёмнай машынай[5].

Камера Мікалая Каперніка змяшчае скульптуру, усталяваную ў 500-ую гадавіну з дня нараджэння астранома. Камера зроблена ў 1875 годзе[5].

Капліца Святога Антонія была створана ў канцы XVII стагоддзя ў глыбе зялёнай солі. Першая імша ў капліцы адбылася ў 1698 годзе. Капліца захавала сваю форму, а таксама саляныя скульптуры і алтар, якія былі амаль знішчаныя вільготным паветрам. Сярод скульптур знаходзяцца фігуры Хрыста Укрыжаванага, Божай Маці з немаўлём, Святога Антонія[5].

Камера Казіміра Вялікага з'явілася ў першай палавіне XVIII стагоддзя і атрымала сваю назву ў 1968 годзе. Казімір III Вялікі выдаў загад, які рэгуляваў здабычу і гандаль соллю. У камеры знаходзіцца бюст караля[5].

Капліца Святой Кінгі была створана ў 1896 намаганнямі шахцёра Юзафа Маркоўскага. Святая Кінга, апякунка солездабыўцоў у Польшчы, была кананізавана Папам Янам Паўлам II у час аднаго з апошніх візітаў у краіну. Капліца размешчана на глыбіні 101 метр, яе памеры: даўжыня — 54 метры, шырыня — 15-18 метраў, вышыня — 10-12 метраў. У капліцы размешчаныя фігуры святой Кінгі і іншых мясцовых святых, саляная копія «Тайнай вячэры» Леанарда да Вінчы, а таксама мноства іншых скульптур на рэлігійную тэматыку. Капліцу асвятляе жырандоля з саляных крышталёў. Усе саляныя скульптуры і прэсбітэрый створаныя вядомым польскім скульптарам Станіславам Анёлам. Капліца дзейнічае[5].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 Wieliczka Salt Mine (англ.) . ЮНЕСКА. Праверана 30 красавіка 2010.
  2. За трассой… (руск.) . Саляная шахта Вялічка. Праверана 30 красавіка 2010.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 История (руск.) . Саляная шахта Вялічка. Праверана 30 красавіка 2010.
  4. World Heritage Committee Removes Old City of Dubrovnik and Wieliczka Salt Mine from its List of Endangered Sites (англ.) . ЮНЕСКА. Праверана 30 красавіка 2010.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 Туристический маршрут (руск.) . Саляная шахта Вялічка. Праверана 30 красавіка 2010.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 32
рус.англ.фр.