Сант-Антыёка
Сант-Антыёка | |
---|---|
італ. Sant'Antioco, сардз. Sàntu Antiògu | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 108,9 км² |
Насельніцтва | 14 061 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 129,12 чал./км² |
Размяшчэнне | |
39°02′55″ пн. ш. 8°24′45″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Міжземнае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Востраў Сант-Антыёка (італ.: Isola di Sant'Antioco, сард. Isula 'e Sàntu Antiògu) — востраў на паўднёвым захадзе італьянскага аўтаномнага рэгіёна Сардзінія. Плошча — 108,9 км². Насельніцтва (2018 г.) — 14 061 чалавек.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Сант-Антыёка месціцца за 58 км на паўднёвы захад ад Кальяры, сталіцы Сардзініі. Гэта другі па плошчы востраў аўтаномнага рэгіёна і чацвёрты на тэрыторыі Італіі. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 18 км. Найбольшая шырыня — 9,56 км.
Суша складаецца з вапнякоў, гліны, мела, мергеля і іншых асадкавых парод, якія назапашваліся з перыяду мезазоя, калі востраў з'яўляўся дном старажытнага плыткаводнага мора. У алігацэнавы перыяд яны былі падняты над паверхняй мора дзякуючы інтэнсіўнай вулканічнай дзейнасці. Землятрусы стварылі шматлікія парывы і рашчыліны ў пародзе, запоўненыя лавай. У нашы дні гэтыя лававыя струмені прадстаўлены выхадамі базальта і андэзіта. Адна з найбольшых рашчылін разлучыла Сант-Антыёка з Сардзініяй. Пасля заканчэння ледавіковага перыяда яна была запоўнена марской вадою і ператварылася ў праліў паміж астравамі.
Заходняя ўзбярэжжа паднятае, са стромкімі вертыкальнымі ўцёсамі і нешматлікімі пляжамі. Заходняе ўзбярэжжа нізкае, у нашы дні штучна злучана мастом з Сардзініяй. На поўдзень ад перасмыка цягнуцца пясчаныя пляжы з водмелямі і выдмамі. Унутраная частка пагорыстая. Найвышэйшы пункт дасягае 271 м. Буйных вадацёкаў няма.
Клімат міжземнаморскі з прахалоднымі містралямі ўзімку і спякотнымі сірока ўлетку.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Раўнінныя землі заняты сельскагаспадарчай вытворчасцю. Жыхары вострава вырошчваюць вінаград, масліны, апунцыю і пшаніцу. На пагорках сустракаюцца такія расліны, як ядловец, фісташка, сунічнае дрэва, фікус, карлікавыя пальмы і г. д. Сант-Антыёка — важнае месца для пералётных птушак, у тым ліку бакланаў, фламінга, рэдкіх відаў сокалаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Сант-Антыёка быў населены ў неаліце. На яго тэрыторыі знойдзены домус-дэ-янас, магільня гігантаў, 30 нурагаў. Тут здабывалі вапняк і свінец.
У першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. на паўднёвым усходзе вострава фінікійцамі была заснавана калонія Сульцы. У 258 г. да н. э. Гай Сульпіцый Патэркул перамог у бітве пры Сульцы карфагенян. Сант-Антыёка разам з Сардзініяй быў уключаны ў склад Рымскай дзяржавы.
У сярэднявеччы Сант-Антыёка фармальна залежаў ад Візантыі. У рэчаіснасці тут кіравалі суддзі Кальяры. У XV - пачатку XVI стст. пад кантролем Арагона. Востраў часцяком узгадваўся як стаянка піратаў. Пасля 1713 г. стаў часткай валоданняў Савойскай дынастыі. У 1861 г. — Італіі.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Сант-Антыёка атрымаў сваю назву ў гонар Антыёха Сульцыса, першага хрысціянскага мучаніка Сардзініі. Дзень Антыёха святкуецца 13 снежня і з'яўляецца найбольш яркім святам на востраве.
Адміністрацыйна тэрыторыя вострава падзяляецца паміж камунамі Сант’Ант’ёка і Каласета. Жыхары Каласеты — нашчадкі лігурыйскіх каланістаў, якія ў 1738 г. перасяліліся з Табаркі на тэрыторыі сучаснага Туніса на суседні востраў Сан-П'етра, а потым ў 1770 г. заснавалі Каласету. Яны размаўляюць на дыялекце табарчына. Астатнія астравіцяне размаўляюць на сардзінскай мове.