Перайсці да зместу

Свяцілавічы (Веткаўскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Свяцілавічы
Краіна
Статус
Цэнтр сельсавета
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
134 м
Насельніцтва
980 чалавек (2008)
Часавы пояс
Тэлефонны код
2330
Паштовы індэкс
247140
Аўтамабільны код
3
Свяцілавічы на карце Беларусі ±
Свяцілавічы (Веткаўскі раён) (Беларусь)
Свяцілавічы (Веткаўскі раён)
Свяцілавічы (Веткаўскі раён) (Гомельская вобласць)
Свяцілавічы (Веткаўскі раён)

Свяці́лавічы[1] (трансліт.: Sviacilavičy, руск.: Светиловичи) — аграгарадок у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр Свяцілавіцкага сельсавета.

Знаходзіцца на рацэ Беседзь (прыток р. Сож), за 40 км на паўночны ўсход ад Веткі і за 62 км ад Гомеля, на аўтадарозе Чачэрск — Ветка. На поўдні — тарфяны заказнік.

Верагодна, вёска існавала з XII—XIII стагоддзяў у складзе Ноўгарад-Северскага, затым Чарнігаўскага княства. Каля 1335 года вялікі князь літоўскі Альгерд далучыў гэтыя тэрыторыі да Вялікага Княства Літоўскага. У 1503 годзе мясцовасць часова акупаваная маскоўскімі войскамі. Першыя дакументальныя звесткі пра Свяцілавічы датуюцца 1565 годам, калі вялікі князь Жыгімонт Аўгуст падараваў пустое сяльцо Свяцілавічы («люди того сельца сего лета все в поветрие вымерли») чачэрскаму баярыну Ілье Іванавічу. У 1625 годзе ўнукі Ільі — Цімафей, Фёдар і Іван Шэлюта атрымалі ад караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы пацвярджальны прывілей на Свяцілавічы. Свяцілавічы адміністрацыйна адносіліся да Чачэрскага староства Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У Свяцілавічах былі царква і касцёл[2].

Да канца XVIII стагоддзя ў Свяцілавічах жылі шляхецкія сям’і: Вяроўкіны-Шэлюты, Маліноўскія, Драбышэўскія, Язерскія, Леванды, Чапліцы, Шклярэвічы, Шэлякі. Падчас сялянскай рэформы ў Прыбалтыцы (1816—1819), цар Аляксандр I даў саноўніку І. І. Севярынцаву грамату і даручэнні на кіраванне вёскай; тут быў праведзены адзін з першых праектаў па адмене прыгоннага права. У XIX ст. землі Свяцілавічаў былі падзеленыя паміж шматлікімі прадстаўнікамі роду Вяроўкіных-Шэлютаў, а пасля адмены прыгоннага права вялікая частка зямлі перайшла да сялян.

Па выніках Брэсцкага міру Свяцілавічы апынуліся на тэрыторыі, акупаванай з сакавіка па лістапад 1918 года германскімі войскамі. У 1927 годзе падчас калектывізацыі ў Свяцілавічах арганізаваны калгас «Севастопальскі металіст».

У час Вялікай Айчыннай вайны з 19 жніўня 1941 года па 30 верасня 1943 года знаходзіліся ў зоне фашысцкай акупацыі. Згодна з матэрыяламі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, у час нямецкай нацысцкай акупацыі захопнікамі былі расстраляныя восем жыхароў Свяцілавічаў (5 мужчын і 3 жанчыны)[3]. У мястэчку (на поўдзень ад крухмальнага завода) і за мостам праз Беседзь чыніліся расстрэлы арыштаваных жыхароў розных населеных пунктаў Свяцілавіцкага раёна[4]. 18 сакавіка 1944 года раённая камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў акупантаў зафіксавала па ўскрыцці пахавання каля крухмальнага завода парэшткі васямнаццаці асоб, у т. л. траіх дзяцей[5]. Двух жыхароў мястэчка акупанты сагналі на прымусовыя працы ў Германію[6]. Акупацыйны рэжым рэалізоўваўся нямецкай камендатурай (камендант — капітан Брэнер) і дапаможнай паліцыяй (начальнік з кастрычніка 1941 года па красавік 1942 года — Якаў Антонавіч Кандраценка)[7].

У 1950-я арганізаваны саўгас «Свяцілавічы» (цяпер сельскагаспадарчае прадпрыемства «Свяцілавічы», філіял прадпрыемства «Гомельхлебпрам»).

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года Свяцілавічы апынуліся на мяжы зоны высокага радыяцыйнага забруджвання. У 2004 годзе забруджванне глебы цэзіем-137 складала 19,38 Кі/км², стронцыем-90 — 0,43 Кі/км².

У Свяцілавічах функцыянуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, участковая бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, некалькі харчовых і прамтаварны магазіны. У 1980—1990-я гады пабудаваны сельскі дом культуры і саўгасны пасёлак.

Помнікі гісторыі — недалёка ад Свяцілавіч на беразе ракі Бесядзі знойдзены найбольш старажытныя на тэрыторыі Беларусі прылады працы мусцьерскага тыпу; гарадзішча зарубінецкай культуры; брацкая магіла герояў Грамадзянскай вайны (1917—1923); помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны; помнік воінам-вызваліцелям.

  • 1880 год — сяло, 103 дамы (795 жыхароў)[8].
  • 1989 год — 1640 чалавек (паводле перапісу насельніцтва). Значная частка жыхароў перасялілася ў Гомель і ў іншыя населеныя пункты рэспублікі.
  • 2000 год — 1042 чалавекі
  • 2004 год — 1014 чалавек (419 гаспадарак)
  • 2008 год — 980 чалавек

У 1565 г. вёска ў складзе Чачэрскага староства Рэчыцкага павета Менскага ваяводства Рэчы Паспалітай, пазней непасрэдна ў складзе Рэчыцкага павета.

Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай — у складзе Расійскай імперыі.

У 1772—1778 гадах у Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губерні.

У 1778—1796 гадах у Рагачоўскім павеце Магілёўскага намесніцтва.

У 1796—1801 гадах у Рагачоўскім павеце Беларускай, а пасля 1801 года і да 1917 — Магілёўскай губерні.

У пачатку XX стагоддзя Свяцілавічы — мястэчка Стаўбунскай воласці Гомельскага павета.

У 1917—1919 гадах у прыфрантавой паласе расійска-германскага фронту, у падпарадкаванні вайсковых уладаў Заходняга фронту РСФСР, у Заходняй вобласці (Заходняй камуне) РСФСР.

У 1919—1926 гадах у Гомельскім павеце Гомельскай губерні РСФСР.

У 1926 годзе ў выніку другога ўзбуйнення БССР тэрыторыя, якая ўключае Свяцілавічы, перададзеная з складу РСФСР у склад БССР.

У 1926—1927 гадах цэнтр Свяцілавіцкага раёна Гомельскай акругі. У 1927—1930 у Веткаўскім раёне Гомельскай акругі. З 1938 па 1956 гады ізноў цэнтр Свяцілавіцкага раёна, мястэчка. З 1956 года — сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці (у 1962—1966 гадах у складзе Гомельскага раёна).

Вядомыя жыхары і ўраджэнцы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. НГАБ ф.3095
  3. Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 40. Л. 3 об., 12.
  4. Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 40. Л. 8 — 8 об.
  5. Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 40. Л. 6.
  6. Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 40. Л. 13.
  7. Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 40. Л. 1, 8 — 8 об.
  8. str. 636; tом XII, «SLOWNIK GEOGRAFICZNY» KROLESTWA POLSKIEGO I innich KRAJOW SLOWIANSKICH, WARSZAWA, 1880—1914.
  9. Вишняков Федор Григорьевич
  • «Памяць. Гіст.-дакум. Хроніка Веткаускага р-на. У 2-х кн.» Мінск, 1997 г., кн. 1-2;
  • «SLOWNIK GEOGRAFICZNY» KROLESTWA POLSKIEGO I innich KRAJOW SLOWIANSKICH, WARSZAWA, (1880—1914), tом XII, str. 636;
  • под. ред. Г. П, Пожаров, «Список населенных мест Могилевской губернии», г. Могилев, 1910 г.;
  • «Список населенных мест Гомельского округа», Гомельское окружное статистическое бюро, г. Минск, 1927 г.;
  • «Гісторыя Беларусі (ў шасці тамах). Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII—XVIII ст.)», г. Мінск, «Экаперспектыва», 2004 г., Т. 3, с. 302—303;
  • Марцэлеў С. В., Рэдкалегія: Пашкоў Г. П. (галоўны рэдактар) і інш., «Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя», г. Мінск, БелЭн., 2004 г., ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0, Гомельская вобласць Т. 1, кн. 1, с. 243;
  • «Памятная книжка Могилевской губернии», составлена Могилевским Губернским Статистическим Комитетом, г. Могилев, 1853—1916 г.;
  • «Архіварыус», (Навуковае выдание) серыя «Гісторыя, архівазнаўства, крыніцазнаўства», БелНДІДАС, г. Мінск, 2009 г., выпуск № 7, с. 80-99;
  • «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской,

хранящихся в Центральном архиве в Витебске», губернская типо-литография, г. Витебск;