Сенусерт I

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сенусерт I
фараон
1947 да н.э. — 1911 да н.э.
Папярэднік Аменемхет I
Пераемнік Аменемхет II

Нараджэнне XX стагоддзе да н.э.
Смерць 1919 да н.э.
Месца пахавання
Род Twelfth Dynasty of Egypt[d]
Бацька Аменемхет I
Маці Neferitatjenen[d]
Жонка Неферу III[d]
Дзеці Аменемхет II і Sebat[d]
Дзейнасць Q110550681?
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сенусерт I (слушней Са-на-уасра) — фараон Старажытнага Егіпта (прыблізна 1956—1911/1910 да н.э.) з XII дынастыі (Сярэдняе царства).

Важнай крыніцай звестак пра эпоху Сенусерта I з'яўляеццца «Аповесць пра Сінухета»[ru], адзін з класічных твораў старажытнаегіпецкай літаратуры.

Валадарства[правіць | правіць зыходнік]

Роднасныя сувязі і пачатак валадарства[правіць | правіць зыходнік]

Сенусерт быў сынам Аменемхета I і Нефертатэнен. Імя яго маці пададзена толькі на статуі, копіі XIX ст. Імя незвычайнае і, такім чынам, ёсць сумненне ў сапраўднасці гэтага надпісу і імені. Жанаты быў Сенусерт на сваёй роднай або зводнай сястры Неферу[en], якая была маці яго сына і спадчынніка Аменемхета II. Сенусерт пісаў аднаму са сваіх саноўнікаў пра Неферу:

«Я хачу, каб царыца жыла ў вечным дастатку, а яе галаву асвячалі сімвалы валадарання».

Сенусерт, яшчэ будучы суправіцелем бацькі (каля 1971—1962 да н.э.), кіраваў паходамі ў Нубію і Лівію[en]. Калі верыць апавяданню «Падарожжы Сінухета», малады спадчыннік Сенусерт ваяваў супраць лівійцаў у Заходняй пустыні, калі памёр яго бацька Аменемхет I. Напэўна, Сенусерт паспяшаўся да сталіцы, каб узяць сітуацыю пад кантроль. Ён прадухіліў усякія спробы палацавага перавароту і даў распараджэнні аб пахаванні бацькі ў Лішце. Адразу ж па заняцці стальца Сенусерт I сістэматызаваў царскія тытулы, з гэтага часу тытулатура стала канонам для наступных валадароў, наогул, з’явілася само паняцце «тытулатура».

Сенусерт лічыцца адным з самых значных валадароў Сярэдняга царства і Старажытнага Егіпта наогул. Хоць фактычным заснавальнікам XII дынастыі быў Аменемхет I, Сенусерта часта называюць сапраўдным яе родапачынальнікам. Таму зразумела, чаму Манефон адносіў Аменемхета I да канца XI дынастыі, а Сенусерта паставіў на чале XII.

Пра тое, што ўлада фараона распаўсюджвалася на ўвесь Егіпет, ёсць надпісы амаль на тузіне дакументаў, знойдзеных па ўсёй краіне ад Александрыі да Асуана. Сенусерт I ў пэўнай ступені ўзняў эканоміку краіны, пачаўшы асваенне Фаюма.

Радавод Сенусерта I[правіць | правіць зыходнік]

Імя[правіць | правіць зыходнік]

Выкарыстанне руднікоў і каменяломень[правіць | правіць зыходнік]

Сенусерт I
Сенусерт I

Сенусерт I, бадай, як ні адзін іншы фараон, надаваў увагу здабычы карысных выкапняў. Ён узначаліў экспедыцыі на поўдзень і ў аазісы пустыні, пра што ёсць запісы на сценах храмаў і на стэле ў Бені-Хасане[ru] і Асьюце. У Егіпет паступала біруза з Сіная; дыёрыт — з Тошкі; найбольш каштоўным мінералам быў аметыст, здабываны ва Усходняй пустыні. У Коптасе[ru] здабывалі золата. Напэўна, менавіта яго егіпцяне часам называлі «золатам маджаеў».

Надпісы Вадзі-эль-Худзі[en] расказваюць пра экспедыцыі да «руднікоў Пунта». Яе па загаду «начальніка горада, візіра» Антэфакера[en] ўзначаліў вяльможа Амені, сын Ментухатэпа. На 10-м годзе валадарства Сенусерта I на верфях Коптаса былі пабудаваны караблі і па сушы дастаўлены ў старажытны егіпецкі порт Сауу (цяперашні Мерса Гауасіс) на Чырвоным моры, для чаго спатрэбілася 3700 чалавек.

Аднавілася здабыча каменя ў Вадзі-Хамамат. Магчыма, у сувязі з падрыхтоўкай да святкавання юбілею, фараон на 33 год свайго валадарства (каля 1939 да н.э.) арганізаваў экспедыцыю ў гэтыя каменяломні. Ёсць прычыны думаць, што Сенусерт I асабіста наведваў іх. У экспедыцыі на 38 год валадартва фараона ўдзельнічала 17 000 чалавек, у Егіпет было дастаўлена 60 сфінксаў і 150 статуй.

Ваенныя паходы[правіць | правіць зыходнік]

Сенусерт змяніў знешнепалітычны курс Егіпта. З яго пачаўся перыяд актыўнай заваёвы новых зямель. Адным з тытулаў фараона быў — «Той, хто пашырае межы».

Найбольшай цікавасцю і найбольшай небяспекай для Егіпта была Нубія, таму ўвага фараона была прыкавана да яе. У тытулатуры Сенусерта I — «Той, хто забівае іунціу», «Той, хто дасягае меж з нубійскімі ордамі» адлюстравалася палітыка адносна паўднёвых краін. Этнонім іунціу паказвае, што гаворка вядзецца найперш пра плямёны Нубіі. Некалькі пазней, калі дзейнасць Сенусерта I ў Нубіі прывяла да пэўных поспехаў, яго сталі зваць — «Сенусерт, любімы Хорам Нубіі».

Стэла, устаноўленая ваеначальнікам Ментухетэпам ў Бухене, змяшчала запіс пра паход у Верхнюю Нубію на 18 год валадарства Сенусерта I (каля 1954 да н.э.). Гэта быў пералік паўднёвых чужаземных краін, і хоць тэкст захаваўся блага, ясна, што гаварылася пра ваенныя дзеянні і карныя меры адносна ворагаў. З гэтага пераліку бачна, што егіпецкі ўплыў тым часам распаўсюджваўся на поўдзень аж да цяперашняга Кумэ. На стэле выяўлены бог вайны Монту, які падводзіць да Сенусерта I шэраг звязаных палонных, якія ўвасабляюць заваяваныя нубійскія паселішчы і плямёны. Фараон названы ў тэксце «Зоркай поўдня».

Пра ваенныя паходы Сенусерта I ў Нубію кажа далей надпіс Сарэнпута I, намарха I верхнеегіпецкага нома (септа) Та-сеці, высечаны ў Элефанціне. Сарэнпут I паведамляе ў гэтым надпісе, як цар паслаў яго «разграміць краіну Куш». Тут жа дастаткова ясна раскрываецца і эканамічны сэнс гэтага паходу. Сарэнпут называе сябе тым, каму дакладвалі пра тавары, якія прывозяцца з краін маджаеў, пра даніну князёў іншаземных краін. Урэшце, у Вадзі-Хальфе[ru] ў Нубіі знойдзены вялікі надпіс, у якім гаворыцца пра заваёву Нубіі Сенусертам I. Зверху паказаны сам Сенусерт I, які стаіць перад богам Монту, «уладаром Фіваў». Цар кажа богу: «Я кінуў да тваіх ног, добры бог, усе краіны, якія знаходзяцца ў Нубіі». Тут жа паказана, як бог падводзіць да цара і прадстаўляе яму шэраг звязаных палонных, якія сімвалізуюць захопленыя егіпцянамі нубійскія гарады. Пад галавой і плячыма кожнага палоннага размешчаны авал, які змяшчае назву пэўнага горада. Можна думаць, што гэтыя 10 нубійскіх паселішч знаходзіліся некалькі паўднёвей Кумэ. Фрагмент блага захаванага надпісу таксама кажа пра перамогу цара, згадваючы пра «разгром Нубіі». Відавочна, гэты надпіс быў высечаны на камені адным з военачальнікаў цара Ментухатэпам для ўвекавечання перамог егіпецкіх войскаў у Нубіі, якія завяршыліся заваяваннем шырокай вобласці. Гэтыя перамогі і заваёвы егіпецкіх фараонаў XII дынастыі спрыялі з’яўленню своеасаблівай вялікадзяржаўнай тэорыі. Егіпецкія заваёўнікі, захопленыя ўласнымі поспехамі, пачынаюць глядзець на пераможаных нубійцаў, як на «ніжэйшую расу», называючы ў сваіх надпісах Нубію «нікчэмнай краінай Куш».

Рэгулярныя ваенныя паходы паказвалі, што Сенусерт I вырашыў скарыць Куш (Нубію) і прымусіць яго плаціць даніну. Аднак к часу валадарства Сенусерта I ўлада кушыцкіх царкоў настолькі адужэла, што яны здолелі падпарадкаваць і плямёны, якія жылі ва Усходняй пустыні. Набегі кушытаў на Егіпет з боку Усходняй пустыні пачасціліся. Прынамсі, адна з экспедыцый Сенусерта I мела троху іншы характар, чым звычайная экспедыцыя за сыравінай. На стэле, знойдзенай у Вадзі-эль-Худзі, сярод іншых эпітэтаў і тытулаў фараона згадваліся наступныя: «Той, хто знішчае нубійскія полчышчы» і «пашырае межы».

На 43 годзе валадарства (каля 1929 да н.э.) Сенусерт распачаў яшчэ адзін вялікі паход у Нубію, дзе егіпецкая армія пад асабістым камандаваннем Сенусерта ўпершыню прайшла ў Куш — шырокую вобласць, якая ляжыць за 2-м парогам (пасля Кушам стала звацца ўся Нубія). Але гэтая кампанія мела чыста разведвальны характар і не суправаджалася сур’ёзнымі бітвамі, бо Амені — намарх Антылоп’ега (Антынаполіскага) нома, з надпісаў у чыёй грабніцы вядома пра гэты паход, хваліцца, што ён не страціў ні аднаго чалавека.

Ахова паўднёвых меж[правіць | правіць зыходнік]

Адным з найвялікшых здзяйсненняў Сенусерта I была пабудова ў Нубіі сістэмы крэпасцей, заселеных егіпецка-нубійскімі гарнізонамі. Пры ім былі ўзведзены крэпасці Бухен, Ікур і Куба, магчыма — Семна[en] і Кума[en]. Напэўна, крэпасці, размешчаныя ў стратэгічна важных месцах, былі закладзены адначасова на 5-ы год валадарства Сенусерта I. Ужо тады быў пабудаваны і заселены горад, размешчаны на поўдзень ад Бухена, паводле свайго прызначэння ён не быў крэпасцю, але хутчэй — караван-сараем для чыноўнікаў, гандляроў, рамеснікаў і г.д., і менавіта таму быў цесна звязаны з размешчанай побач крэпасцю Бухен. Крэпасць у Куме ўжо не магла стрымліваць набегі плямёнаў Усходняй пустыні і кушытаў, якія праніклі туды, таму Сенусерт I быў вымушаны ўзвесці крэпасць у Вадзі-эль-Худзі. У выпадку надзвычайнай сітуацыі ваенны кантынгент крэпасцей, безумоўна, мог разлічваць на падтрымку егіпецкіх воінаў, раскватараваных ў крэпасцях на заходнім беразе Ніла. Надпіс паведамляе, што «паўднёвыя краіны бескантрольна сваю нагу на егіпецкую зямлю не ставяць».

У сувязі з арыентацыяй егіпецкай знешняй палітыкі было ўведзена новае адміністрацыйнае дзяленне паўднёвай часткі Егіпта, і, найперш, адроджана акруга «Кіраўнік поўдня», якая аб’яднала некалькі паўднёвых номаў. Нубія пры Сенусерце была настолькі замірана, што гэта дало магчымасць распрацоўваць мясцовыя залатаносных руднікі. Усё той жа намарх Амені расказвае, што ён, сумесна са спадчыннікам стальца Амені (напэўна, Аменемхетам II) з 400 воінамі ездзіў за золатам у Нубію, і ў Аравійскую пустыню, на ўсход ад Коптаса, і кожны раз шчасліва вяртаўся са скарбамі. Пра эксплуатацыі заваяваных абласцей Нубіі кажа ў сваім надпісе і намарх Элефанціны Сірэнпут. Калі меркаваць па гэтаму надпісу, элефанцінскаму намарху паведамлялі пра дастаўку з вобласці пераможанага племені маджаеў прадуктаў як даніны кіраўнікоў іншаземных краін.

У гісторыі Егіпта востраў Элефантына іграў асаблівую ролю. Як бы далёка на поўдзень не прасціраўся ўплыў егіпецкіх валадароў, Элефантына заўсёды разглядалася як паўднёвы аплот Егіпта. Фараоны ў пэўнай ступені імкнуліся нават задобрыць кіраўнікоў Элефантыны. Сенусерт I, спыніўшыся ў Элефантыне перад паходам у Куш, паднёс Сарэнпуту I, намарху гэтай вобласці, шмат падарункаў. Яны былі пералічаны на калонах пахавальнай камеры намарха. Пасля паспяховага завяршэння паходу ў Куш колькасць падарункаў была яшчэ большай. Аменемхет, чыноўнік, які жыў пры Сенусерце I, атрымаў ад фараона загад пабудаваць паміж Асуанам і Філе сцяну, якая абараняла гавань па абодвух баках першага парога.

Дыпламатычныя кур’еры фараона падтрымлівалі рэгулярныя сувязі Егіпта з самымі рознымі землямі. У аўтабіяграфічным надпісе Сінухета расказваецца, што царскія паслы прадстаўлялі егіпецкі двор у Пярэдняй Азіі, перадавалі валадарам чужаземных краін пасланні і падарункі.

Сенусерт I падтрымліваў гандлёвыя сувязі з землямі Усходняга Міжземнамор’я, у тым ліку з Біблам, і краінамі Эгейскага мора. Егіпецкія гандлёвыя экспедыцыі дасягнулі Угарыта. Сведчанні пісьмовых крыніц пацвярджаюцца і археалагічнымі звесткамі. На могілках у Бібле, у пахаваннях, датаваных часам Сярэдняга царства, знойдзены егіпецкія рэчы, аналагічныя згаданым у надпісах.

Унутраная палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Сенусерт імкнуўся да цэнтралізацыі краіны, але дзейнічаў асцярожна, захоўваючы багацце і прывілеі намархаў[ru], якія аказвалі яму падтрымку. Сенусерт сваёй воляй вызначаў межы паміж номамі і прызначаў туды намархаў. «Ён аддзяліў гарады адзін ад другога і прымусіў кожны з іх ведаць сваю акругу, якую ён спраўдзіў паводле старажытных дакументаў». Яшчэ пры Сенусерце I абласны кіраўнік мог весці падвойнае летазлічэнне — па гадах валадарства цара і свайго ўласнага. Абласныя кіраўнікі кіравалі і мясцовым жрэцтвам, бывалі і вярхоўнымі жрацамі мясцовых божастваў. Ім жа падпарадкоўвалася войска вобласці, якое яны па-ранейшаму называлі «сваім». Яны кіравалі як ворывам, так і статкамі цара, якія знаходзіліся ў вобласці; падаткі на карысць «дома цара» праходзілі праз іх рукі. Хоць «дом (гаспадарка) абласнога кіраўніка» і «бацькоўскі дом», «статак цара» і «статак свой» строга адрозніваліся, абласныя кіраўнікі і пры XII дынастыі заставаліся магутнымі асобамі. Хоць некаторыя з іх пэўна прызначаліся на сваю вобласць царом, улада абласнога кіраўніка была спадчыннай і пераходзіла ад бацькі да сына ці ад дзеда па маці да ўнука, цар жа толькі зацвярджаў новага кіраўніка.

Яшчэ ў канцы валадарства Сенусерта I былі абласныя кіраўнікі, якія выяўлялі на сценах сваіх грабніц бітвы паміж егіпцянамі, аж да аблогі крэпасцей, па прыкладу сваіх валадарных папярэднікаў, часоў XI дынастыі. Герой папулярнай аповесці тых гадоў[ru] Сінухет пры адной толькі вестцы пра смерць фараона Аменемхета I так быў напалоханы магчымай грамадзянскай вайной, што хацеў бегчы за мяжу і жыць сярод бедуінаў.

Пры ім былі ўстаноўлены гандлёвыя і дыпламатычныя сувязі з валадарамі і племяннымі кіраўнікамі Сірыі і Палесціны. Ён аднавіў работы на Сінайскім паўвостраве, у мясцовых рудніках, дзе здабывалі мафкат (бірузу) і медзь. Надпісы пасланых Сенусертам саноўнікаў, знойдзеныя на скалах Вадзі-Магкара, сведчаць пра іх дзейнасць. Сенусерт захапіў і ўключыў у свае ўладанні таксама Вялікі аазіс (Эль-Харге) і прызначыў туды намеснікам чыноўніка, «давераную асобу цара», Ікудзідзі (34 год валадарства, каля 1938 да н.э.).

Будаўнічая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Абеліск Сенусерта I у Геліёпалі

Сенусерт I будаваў па ўсёй краіне і ў розных храмах. Ён быў першым фараонам, які сістэматычна перабудоўваў усе храмы краіны, узводзячы іх з каменя, а не з гліняных цаглін, як было прынята раней. На 3 год свайго валадарства, Сенусерт перабудаваў храм Ра-Атума ў старажытным цэнтры сонечнага культу, Геліёпалі. Ён фактычна аднавіў усе цырымоніі, якія раней тут былі. На 30, юбілейным, годзе ён усталяваў у гэтым горадзе два 20-метровых абеліскі з наймацнейшага і найвыдатнейшага ружовага граніту найлепшага мастацкага аздаблення, кожны з іх важыў 121 тону. Адзін з іх стаіць і цяпер, ён найстаражытнейшы абеліск у Егіпце. Толькі гэты абеліск і ацалеў да цяперашняга часу ад усяго горада Геліёпаля.

Абеліск, падобны абеліску Геліёпаля, але разбіты, з імем Сенусерта I, знойдзены яшчэ ў Фаюме, паблізу перасохлага Мерыдава возера. Абеліск гэты, як апавядае надпіс, быў пастаўлены ў гонар мясцовых багоў галоўнага горада Шэт або Шэці (грэч. Кракадылопаль, пазней горад называўся Арсіное).

«Белая капэла» Сенусерта I ў Карнаку

Сенусерт I займаўся, як і яго бацька, ўзвядзеннем ў Фівах той святыні Амона, якая ў надпісах завецца храмам Апету (то-бок «Храм Усходу»; гэта знакамітыя руіны Карнака). Ён працягнуў работы свайго бацькі ў гонар боскага Амона, а таксама паклапаціўся пра жрацоў і пабудаваў ім асаблівы будынак, называны «святое жытло відушчага Амона». Гэта адзін з найстаражытнейшых захаваных будынкаў гэтага храма ў Карнаку — так званая «Белая капэла». Пазней пры фараоне Аменхатэпе III (XVIII-я дынастыя) гэты будынак быў разабраны і яго алебастравая блокі былі выкарыстаны як напаўняльнік для трэцяга пілона Карнакскага храма, дзе яны ў 1-й палове XX ст. былі знойдзены ў поўным аб’ёме і адноўлены ў цудоўны будынак. На цокалі капэлы пералічаны назвы егіпецкіх абласцей (номаў) з іх сталіцамі.

У Танісе, «вялікім горадзе» Ніжняга Егіпта знойдзены выявы Сенусерта на асобных камянях з руін загінулых храмаў. Надпіс Амені-Сенеба, жраца святыні Асірыса ў Абідасе, які жыў пры фараоне XIII-й дынастыі Ра-хан-маа-Рантэр (імя якога, аднак, апроч гэтага помніка нідзе не згадваецца), паведамляе, што Ментухатэпу была даручана царом Сенусертом пабудова храма Асірыса ў Абідасе, і там жа быў закладзены ім калодзеж, які згадвае таксама Страбон.

Службовыя асобы пры Сенусерце[правіць | правіць зыходнік]

Візірам на пачатку валадарства Сенусерта быў Антэфакер, які таксама быў візірам на апошніх гадах Аменемхета I, і магіла якога знойдзена пры пірамідзе Аменемхета I ў Лішце. Ён вядомы па цэлым шэрагу дакументаў і, напэўна, займаў гэты ўрад на працягу працяглага часу. Пасля смерці, яго, мусіць, змяніў на гэтым урадзе Сенусерт. Як скарбнікі вядомы першапачаткова (надпіс ад 22-га года) Сабекхатэп, а пасля яго Ментухатэп. Ментухатэп выдаваў законы, раздаваў урады, размяркоўваў работы ў акругах. Напэўна, Ментухатэп, які выяўляўся як займаючы і пэўныя жрэцкія пасады, валодаў вялікай уладай і пасля цара быў другой асобай у дзяржаве. Ён кіраваў, напэўна, некалькімі будаўнічымі праектамі Сенусерта I і ён, мусіць, быў галоўным архітэктарам храма Амона ў Карнаку. Яго велізарная грабніца знаходзіцца побач з пірамідай фараона. Вядомы некалькі кіраўнікоў царскай маёмасцю, з якіх можна згадаць, найперш, Хору, кіруючага экспедыцыямі фараона і Нахта, чыя магіла размешчана ў Лішце і які ўдзельнічаў у будаўніцтве піраміды Сенусерта.

З іншых сучасных цару Сенусерту дзеячаў трэба яшчэ згадаць Меры, сына жанчыны Менхту. Захаваўся камень, датаваны 9 годам валадарства Сенусерта, з якога вынікае, што Меры атрымаў загад ад самога фараона пабудаваць яму «высокае месца даўгавечнага існавання перад тварам Мемфіса», то-бок, грабніцу паблізу Мемфіса для фараона.

Манефон вызначае тэрмін валадараства Сенусерта у 46 гадоў[1], які пацвярджаецца і Турынскім папірусам, з яго 45 поўнымі гадамі і некаторай колькасцю страчаных месяцаў. Самая позняя знойдзеная з сучасных таму часу дат яго валадараства — 44 год, што добра суадносіцца са звесткамі Турынскага спіса і Манефона. На цяперашні час ў навуцы прынята, што Сенусерт валадарыў 45 поўных гадоў і памёр на 46 годзе. Першыя 10 гадоў ён валадарыў сумесна са сваім бацькам Аменемхетам I. За тры гады да смерці Сенусерт зрабіў суправіцелем Аменемхета II, свайго сына ад галоўнай жонкі, царыцы Нефру. Гэта вядома са стэлы, якая належыць прыватнай асобе Сімонту, датаванай 44-м годам Сенусерта і 2-м годам Аменемхета, з чаго вынікае, што Аменемхет быў прызначаны на 43-м годзе Сенусерта.

Піраміда Сенусерта[правіць | правіць зыходнік]

Піраміда Сенусерта I[ru] ў Эль-Лішце

Яго піраміда (105×105 м, вышыня 61 м) пабудавана каля сталіцы Іт-Тауі (суч. Эль-Лішт), на значным узгорку, прыблізна за 2 км на поўдзень ад манумента бацькі. Цяпер гэта піраміда выглядае троху лепей за піраміду яго бацькі Аменемхета I. Ад першапачатковай яе вышыні захавалася болей за траціну, а на сценах яшчэ трымаюцца рэшткі абліцоўкі з вапняка.

Уваход у піраміду размешчаны традыцыйна на ўзроўні зямлі ў цэнтры паўночнага боку і скрыты развалінамі малельні. Побач з уваходам — адтуліна, якую зрабілі старажытныя рабаўнікі. Унутраная будова піраміды надзвычай простая: ад уваходу нахільны калідор па прамой спускаецца да пахавальнай камеры, размешчанай у цэнтры піраміды глыбока пад зямлёй. Пахавальная камера недаступная, бо ў яе праніклі грунтавыя воды, як гэта здарылася і з пірамідай Аменемхета I, таму ні археолагі, ні старажытныя рабаўнікі не здолелі пракнікнуць унутр піраміды.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • История Древнего Востока. Зарождение древнейших классовых обществ и первые очаги рабовладельческой цивилизации. Часть 2. Передняя Азия. Египет / Под редакцией Г. М. Бонгард-Левина. — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1988. — 623 с. — 25 000 экз.
  • Авдиев В. И. Военная история древнего Египта. — М.: Издательство «Советская наука», 1948. — Т. 1. Возникновение и развитие завоевательной политики до эпохи крупных войн XVI—XV вв. до х. э. — 240 с.
  • Древний Восток и античность. // Правители Мира. Хронологическо-генеалогические таблицы по всемирной истории в 4 тт. / Автор-составитель В. В. Эрлихман. — Т. 1.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]