Памер цела 15—20 см, маса 60—130 г, размах крылаў да 50 см. Афарбоўка шэра-карычневая, з белымі плямамі на плечавым пер’і, цёмнымі стракацінамі і тонкім струменьковым малюнкам; як у многіх відаў роду існуюць шэрая і карычневая (рудая) каляровыя фазы. Радужына жоўтая, радзей аранжавая. Крык сплюшкі — сумны меладычны посвіст «сплю-ю» або «сплю-плю», аднаскладовы ў самца, двухскладовы ў самкі. Паўтараецца з інтэрвалам 2—3 секунды. За крык птушка і атрымала назву.
Насяляе лісцевыя або мяшаныя лясы, групы высокіх лісцевых дрэў на пагоркавых тэрыторыях, берагі ручаёў, зарослыя старымі дрэвамі, алеі, старыя сады, плантацыі алівак, вінаграднікі, паркі, прыдарожныя дрэвы, дарогі, абсаджаныя дрэвамі, гарадскія насаджэнні ў малых і нават вялікіх гарадах. У Альпах даходзіць да 1500 м, на Каўказе — да 1700 м, а ў Туркменістане — да 2000 м над узроўнем мора.
Гняздо робіць у дуплах, скальных шчылінах, у будынках і сценах, зрэдку — у пакiнутых гнёздах варон і сарок; займае гнездавыя скрынкі. Яно без высцілкі.
Яйкі (4—5, часам 2—7) уздутыя з аднолькавымі тупымі канцамі, часам амаль акруглыя, белыя, з моцным бляскам. Памеры: 32,0 х 27,5 мм.