Стэфан Ураш I
Стэфан Ураш I | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Стефан Урош I | |||||||
![]() | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Стэфан Уладзіслаў | ||||||
Пераемнік | Стэфан Драгуцін | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1220
|
||||||
Смерць |
1 мая 1277[1] ці 1280[2] |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Няманічы | ||||||
Бацька | Стэфан Першавенчаны[d][3] | ||||||
Маці | Ганна Дандала[d] | ||||||
Жонка | Алена Анжуйская[d] | ||||||
Дзеці | Брнча[d], Стэфан Драгуцін[3], Стэфан Ураш II Мілуцін[d][3] і Q85999528? | ||||||
Веравызнанне | Сербская праваслаўная царква | ||||||
Дзейнасць | палітык, шляхціч, Eastern Orthodox monk | ||||||
Аўтограф |
![]() |
||||||
![]() |
Стэ́фан У́раш I Вялікі (сербск.: Стефан Урош I; каля 1229 — 1 мая 1277) — кароль Сербіі (1243—1273) з дынастыі Няманічаў. Захапіў трон у 1243 годзе, зрынуўшы свайго брата Стэфана Уладзіслава. Яго доўгае кіраванне стала перыядам актыўнага эканамічнага развіцця краіны. Садзейнічаў уздыму горназдабыўной прамысловасці, у прыватнасці, заахвочваў будаўніцтва сярэбраных і свінцовых рудняў. Актыўны знешні гандаль прывёў да войнаў Сербіі з Дуброўнікам у 1253—1254 і 1265—1268 гадах, якія завяршыліся перамогай сербаў. У 1268 года распачаў няўдалую экспедыцыю супраць Венгрыі, падчас якой быў узяты ў палон і быў вымушаны выплаціць выкуп за вызваленне. Умелае выкарыстанне варожасці паміж кланамі дазволіла Урашу далучыць заходняе Захум'е і паступова саслабіць пазіцыі князёў бакавой галіны дынастыі Няманічаў. Цэнтралізатарская палітыка караля прывяла ў 1276 годзе да мецяжу яго сына Стэфана Драгуціна. Войскі Ураша былі разбіты аб'яднанымі сіламі паўстанцаў і венграў у бітве пры Гацка. У выніку Ураш адрокся ад прастола і сышоў у манастыр, пабудаваны ім у Сопачанях, дзе неўзабаве памёр.
Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]
Стэфан Ураш быў малодшым сынам Стэфана Першавенчанага, народжаным ад яго невядомай другой жонкі[4] ці трэцяй — Ганны Дандала [5].
У перыяд кіравання Стэфана Першавенчанага Сербія была суверэннай дзяржавай, аднак яго старэйшыя сыны апынуліся не ў стане падтрымліваць гэта становішча: Стэфан Радаслаў патрапіў у залежнасць ад дэспата Эпіра Феадора Камніна, а яго пераемнік Стэфан Уладзіслаў — ад балгарскага цара Івана Асеня II. У 1243 годзе сербская знаць зрынула Уладзіслава і пасадзіла на трон малодшага з сыноў Стэфана Першавенчанага — Стэфана Ураша. Пасля недоўгачасовай барацьбы Ураша з Уладзіславам браты прымірыліся, і новы кароль даў яму ў кіраванне княства Зэта [6].
Развіццё дзяржавы[правіць | правіць зыходнік]
Гірная справа[правіць | правіць зыходнік]
Кіраванне Стэфана Ураша стала часам актыўнага эканамічнага развіцця краіны. Кароль запрасіў у Сербію з Трансільваніі шахцёраў, якія ўцяклі туды ад манголаў, і дазволіў ім будаваць сярэбраныя і свінцовыя рудні, а таксама падаў самакіраванне. Наўзамен горназдабытчыкі выплачвалі ў казну падатак у 8-10 % ад здабытай руды, што дазволіла наладзіць чаканку сярэбранай каралеўскай манеты[7][8].
Гандаль і фінансы[правіць | правіць зыходнік]
Стэфан Ураш I таксама спрыяў адраджэнню гандлю на сербскіх землях, прыцягваючы купцоў не толькі з Дуброўніка і Котара, але і з усёй Далмацыі і нават Італіі. 1 жніўня 1243 года Ураш выдаў хартыю, якая пацвярджала гандлёвыя прывілеі і падатковыя палёгкі гандляроў з Дуброўніка[6]. Асноўнай пагрозай для гандлю былі разбойнікі [9]. Для забеспячэння бяспекі купцоў, паломнікаў і асоб высакароднага паходжання кароль сфарміраваў спецыяльныя ўзброеныя атрады. Інтарэсы купцоў таксама былі забяспечаны гандлёвымі пагадненнямі, у якіх Ураш браў на сябе абавязацельства пакрываць матэрыяльныя страты, панесеныя ад рук рабаўнікоў[10].
Кароль спрыяў перасяленню ў краіну замежных каланістаў, галоўным чынам, занятых у гандлі. Каланісты былі падсудныя спецыяльным законам: так, іх спрэчкі з сербамі вырашаліся змяшанымі трыбуналамі, якія складаліся ў роўных суадносінах з сербаў і каланістаў. Перасяленцы таксама мелі права вызнаваць каталіцтва, але не маглі яго распаўсюджваць[11].
Ураш практыкаваў продаж купцам права збіраць падаткі і мыты. Гэта дазваляла атрымліваць гарантаваны аб'ём падаткаў, аднак узмацняла напружанасць у народзе, паколькі купцы-зборшчыкі нярэдка злоўжывалі сваімі правамі і абіралі насельніцтва. Тым не менш прыбытак, атрыманы ад здабычы руды і гандлю сур'ёзна ўмацаваў эканамічнае становішча сербскіх кіраўнікоў. Гэтыя грошы далі ім сродкі для прыцягнення наёмных войскаў, вызваліўшы арыстакратыю ад службы ў арміі, аднак у доўгатэрміновай перспектыве гэта апынулася пагібельным для каралеўскай улады[11].
Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]
Войны з Дуброўнікам[правіць | правіць зыходнік]
Паслабленне паўднёвых і ўсходніх суседзяў Сербіі дазволіла Урашу сканцэнтравацца на падпарадкаванні заходняга Захум'я і абароне межаў з Венгрыяй[11].
У 1252 годзе сербскі кароль уступіў у канфлікт з Дуброўнікам. Перадумовамі канфлікту было пытанне аб тым, хто павінен збіраць падаткі з каталіцкага насельніцтва, якое пражывала ў прыморскіх раёнах, — архібіскуп Дуброўніка ці біскуп Бара, які належаў Сербіі[6]. Спрэчка была вынесена на суд Папы. Ураш і былы кароль Уладзіслаў падтрымалі Бар[12]. Хронікі Дуброўніка паказваюць на варожае стаўленне Ураша да горада, лічачы, што кароль наўмысна выклікаў канфлікт, спрабуючы ўсталяваць кантроль над Дуброўнікам або, прынамсі, прыслабіць пазіцыі венецыянцаў у Сербіі. Войскі Дуброўніка выйшлі за межы гарадскіх сцен, аднак да бітвы справа не дайшла[13]. Ужо ў 1253 годзе Дуброўнік уступіў у саюз з балгарскім царом Міхаілам Асенем I з мэтай звяржэння Стэфан Ураша[6]. Улады горада таксама ўступілі ў перамовы з каралём Венгрыі і ў 1254 годзе выплацілі яму даніну, верагодна, разлічваючы на яго падтрымку ў чаканай вайне. Ход распачатых баявых дзеянняў дакладна не высветлены. Балгары, верагодна, адступілі, дайшлі да ракі Лім і спустошылі Біела-Поле. Ураш заключыў з імі ўвосень 1254 года сепаратны мір, які аднавіў статус кво[13]. У тым жа 1254 годзе Ураш і Дуброўнік былі вымушаны заключыць мір і пакрыць адзін аднаму нанесеную шкоду. У абмен на права весці міжнародны гандаль Дуброўнік абавязаўся плаціць сербскаму каралю 2 000 залатых манет у год[6].

Другая вайна з Дуброўнікам пачалася ў 1265 годзе. Ураш абвінаваціў гараджан у дачыненні да рабаванняў прыбярэжных сербскіх тэрыторый, прадастаўленні прытулку сербскім дэзертырам і падтрыманні адносін з варожай сербам Венецыяй[14]. Па выніках кароткатэрміновага канфлікту ў 1268 годзе паміж бакамі быў падпісаны мірны дагавор[14][15].
Сербія і Дуброўнік перажылі яшчэ адзін кароткі канфлікт у 1275 годзе. Ён здарыўся на фоне спрэчак Котара з Дуброўнікам. Котар быў у складзе Сербіі, і, хоць жыў па ўласных законах, прызнаваў вяршэнства сербскага караля, таму Ураш выступіў на яго боку. Канфлікт быў хутка вырашаны і не меў сур'ёзных наступстваў[16][17].
Адносіны з Венгрыяй[правіць | правіць зыходнік]
Да сутыкненняў на мяжы 1267 і 1268 гадоў паміж Венгрыяй і Сербіяй доўгі час не ўзнікаў сур'ёзных канфліктаў. У 1260 годзе сербы падтрымалі венгерскага караля Белу IV у барацьбе з Чэхіяй а праз чатыры гады Стэфан Ураш удзельнічаў у вяселлі маладога венгерскага прынца Белы [18]. Мяжа паміж Венгрыяй і Сербіяй у той час праходзіла, верагодна, на поўнач ад Заходняй Маравы каля Раўны[16].
У канцы 1267 ці ў пачатку 1268 года[19] Стэфан Ураш атакаваў венгерскую правінцыю Мачва. Прычыны ўварвання невядомыя. Мэтай экспедыцыі магло быць як жаданне сербаў умацаваць паўночную мяжу, так і простае рабаванне. Сербская армія спустошыла Мачву [16], аднак увесну 1268 года пацярпела паражэнне ад махаўскага бана Белы Расціслававіча, падтрыманага яго дзедам, каралём Белам IV. Стэфан Ураш разам са сваім зяцем і саноўнікамі быў узяты ў палон. Ён быў вымушаны заплаціць выкуп за сваё вызваленне[18]. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, гарантыяй міру паміж дзвюма краінамі стаў шлюб старэйшага сына Ураша, Драгуціна, і ўнучкі венгерскага караля, Кацярыны. Іншыя, аднак, лічаць, што вяселле адбылося раней за 1268 год[16]. Паводле меркавання некаторых гісторыкаў, Ураш таксама быў вымушаны прызнаць сюзерэнітэт караля Венгрыі [18].
Усходняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]
На часы валадарання Стэфана Ураша прыйшоўся росквіт Нікейскай імперыі. У 1246 годзе Іаан III Дука Ватац адабраў у балгараў Фракію і Македонію, а ў снежні таго ж года захапіў Салонікі. У выніку новай вайны ў 1252 годзе грэкі занялі заходнюю Македонію і Албанію[20]. Рот моцы грэкаў прывёў да ўмяшання сіцылійскага караля Манфрэда, які стаў аказваць падтрымку Эпірскаму дэспатату і Ахейскаму княству[21]. Сербія тым часам была не ў стане процідзейнічаць нікейцам[22]. Ураш спрабаваў адкрыта не канфліктаваць з імі, аднак у 1258 годзе здолеў заняць Скоп'е, Прылеп і Кішава, якія належалі грэкам[21]. У 1259 годзе саюзныя войскі сіцылійцаў, эпірцаў і ахейцаў былі разбіты ў бітве пры Пелагоніі. У 1261 гады імператар Міхаіл VIII Палеалог увайшоў у Канстанцінопаль і, такім чынам ліквідаваўшы Лацінскую імперыю, аднавіў Візантыю[23].
У наступныя гады Ураш з'яўляўся саюзнікам Візантыі. Хронікі Дуброўніка гавораць, што адной з прычын вайны 1265 года было тое, што Дуброўнік меў сувязі з Венецыяй, якая была праціўнікам сербска-візантыйскага саюза[13]. У 1268 годзе да двара Ураша прыбылі візантыйскія паслы для перамоў наконт шлюбу яго малодшага сына і дачкі імператара Ганны. Шлюб у канчатковым выніку не адбыўся з-за супрацьстаяння сербскай знаці[24].
Сітуацыя зноў змянілася з узыходжаннем на сіцылійскай прастол Карла Анжуйскага, які намерыўся аднавіць Лацінскую імперыю. Карл Анжуйскі распачаў дыпламатычныя высілкі, каб стварыць антывізантыйскую кааліцыю[25]. У 1273 ці нават у 1272 гадах Ураш пад уплывам сваёй жонкі Алены Анжуйскай далучыўся да гэтай кааліцыі[26], разлічваючы павялічыць свае ўладанні за кошт Візантыі[27]. Сярод яго саюзнікаў апынуліся кароль Сіцыліі, ахейскі князь, эпірскі дэспат, балгарскі цар і кіраўнік Фесаліі Іаан Дука, чыя дачка Алена была выдадзена за малодшага сына Ураша Мілуціна[28].
Узмацненне каралеўскай улады і наступны заняпад[правіць | правіць зыходнік]
З мэтай умацавання сваёй улады Стэфан Ураш здушыў сепаратызм рэгіёнаў. Ён ліквідаваў тытул «кароль Захум'я, Трэбінья і Дуклі» і стаў называць сябе «каралём усіх сербскіх і прыморскіх земляў»[16]. Недахоп крыніц не дазваляе прасачыць паступовае заваяванне заходняй Сербіі — Захум'я. Меркавана, высокая ступень аўтаноміі мясцовай знаці прывяла да канфліктаў унутры яе, чым скарыстаўся Ураш. Іграючы на інтарэсах мясцовых арыстакратаў, ён дамогся падзення аўтарытэту мясцовага кіраўніка Радаслава і яго нашчадкаў, што ў выніку прывяло да таго, што знаць прызнала вярхоўную ўладу сербскага караля[16].
На працягу ўсяго перыяду свайго кіравання Стэфан Ураш падтрымліваў цесныя адносіны з Сербскай Праваслаўнай царквой, хоць і тут праяўлялася яго схільнасць да цэнтралізацыі ўлады. У 1263 годзе ён спрыяў прызначэнню архіепіскапам Сербіі свайго брата Савы, а пасля яго смерці — вучня Савы, афонскага манаха Іаана. Іаан быў настолькі блізкі да караля, што пакінуў сваю пасаду пасля звяржэння Ураша[24]. Стэфан Ураш заснаваў у 1260-х гадах манастыр Сопачані. Фрэскі ў царкве манастыра з'яўляюцца вянцом сербскага жывапісу XIII стагоддзя. Яны адлюстроўваюць рэлігійныя сцэны, а таксама членаў каралеўскай сям'і. Кароль таксама распарадзіўся пабудаваць капліцу Праабражэння ў афонскім манастыры Хіландар[24] і даў заданне манаху Даменцыяну напісаць Жыццяпіс Святога Савы і Жыціе Святога Сімяона[29].
З мэтай цэнтралізацыі ўлады ў каралеўстве Стэфан Ураш не стаў вылучаць удзелы сваім сынам. Старэйшы з іх, Драгуцін, застаючыся пры каралеўскім двары, пры падтрымцы свайго цесця, венгерскага караля Іштвана V, імкнуўся, аднак, атрымаць сабе ў кіраванне частку каралеўства. Ураш пярэчыў гэтаму, і некаторыя навукоўцы лічаць, што ён нават прыняў рашэнне перадаць правы на прастол малодшаму сыну Мілуціну. Нарэшце, у 1276 годзе Драгуцін адкрыта запатрабаваў ад бацькі саступіць яму частку каралеўства. Ураш прыйшоў у лютасць, і Драгуцін, асцерагаючыся за сваё жыццё, паўстаў, паклікаўшы на дапамогу свайго цесця. Навукоўцы разыходзяцца ў меркаваннях аб прычынах паўстання. Дыніцэ лічыць, што яно было выклікана імкненнем Драгуціна да ўлады. Маўраматыс гаворыць, што ў 1276 гады Ураш, без уліку меркавання Драгуціна, прызначыў сваім пераемнікам Мілуціна, што і выклікала паўстанне[24]. Каб прыцягнуць паслядоўнікаў, Драгуцін абяцаў шырокія прывілеі сербскай знаці. Армія Ураша і аб'яднаная армія паўстанцаў і венграў сустрэліся каля гарадка Гацка. Каралеўскія войскі былі разгромлены, а Стэфан Ураш адрокся ад прастола і сышоў у манастыр Сопачані, прыняўшы пострыг пад імем Сімяон. Там жа ён памёр 1 мая 1277 года і быў пахаваны[14].
Стэфан Ураш I быў кананізаваны Сербскай Праваслаўнай царквой. Яго жыццё апісана архіепіскапам Даніілам II у Жыціі сербскіх каралёў і архібіскупаў[30].
Вобраз[правіць | правіць зыходнік]
Візантыйскі дыпламат, які жыў у 1268 годзе ў Сербіі, пакінуў наступнае апісанне сербскага двара: Вялікі кароль, як яго называюць, вядзе настолькі простае жыццё, што яно было б ганебным для сярэдняга вяльможы ў Канстанцінопалі. Венгерскі зяць караля працуе з калаўротам у бедным адзенні[24].
Джон Файн так характарызуе кіраванне Стэфана Ураша I: Ураш, які ў 1243 годзе прыняў карону Сербію пасля Уладзіслава, уяўляецца самым адораным з трох братоў. У абарону двух іншых можна сказаць, што Ураш меў перавагу над імі, паколькі яго кіраванне супала з распадам дзвюх раней магутных суседзяў Сербіі — Эпірскага дэспатата і Балгарыі. Пры Урашы Сербія стала значнай сілай на Балканах[13].
Сям'я[правіць | правіць зыходнік]
У 1250 годзе Стэфан Ураш I ажаніўся з Аленай Анжуйскай[31], ад якой меў чацвярых дзяцей:
- Стэфана Драгуціна
- Стэфана Ураша Мілуціна
- Брнчу, выдадзеную за князя Георгія
- Стэфана (пам. да 1264) [31]
Радавод[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Stefan Uroš I // https://pantheon.world/profile/person/Stefan_Uroš_I Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ https://www.biografiasyvidas.com/biografia/e/esteban_iv_uros_i.htm
- ↑ а б в Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Стевановић, М.. Краљ Милутин. p. 223.
- ↑ Cawley, Charles. Medieval Lands. http://fmg.ac/Projects/MedLands/SERBIA.htm#_Toc233765126.
- ↑ а б в г д Wasilewski, Т.. Historia Jugosławii. p. 112., Wasilewski, Т.. Historia Słowian. p. 99.
- ↑ Wasilewski, T.. Historia Jugosławii. p. 113., Wasilewski, T.. Historia Słowian. pp. 108-109.
- ↑ Podhorodecki, L.. Jugosławia. Zarys dziejów. p. 77.
- ↑ Адзін з візантыйскіх паслоў, адпраўленых да Ураша, пісаў, што аднойчы раніцай ён прачнуўся і ўбачыў, што ўначы яго коні былі выкрадзены. Цыт. паводле: Rapacka, J.. Rzeczpospolita Dubrownicka. p. 43.
- ↑ Rapacka, J.. Rzeczpospolita Dubrownicka. p. 43.
- ↑ а б в Fine, J.. The Late Medieval Balkans. p. 200.
- ↑ Ćirković, S.. The Serbs. p. 48.
- ↑ а б в г Fine, J.. The Late Medieval Balkans. p. 201.
- ↑ а б в Cawley, Ch.. Medieval Lands. http://fmg.ac/Projects/MedLands/SERBIA.htm#_Toc233765126.
- ↑ Паводле меркавання Дж. Файна, менавіта з 1268 года Дуброўнік быў абавязаны плаціць штогадовую даніну ў 2 000 залатых манет у дзень Святога Дзімітрыя, у абмен на якую атрымаў вызваленне ад выплаты мыт.
- ↑ а б в г д е Fine, J.. The Late Medieval Balkans. p. 203.
- ↑ . К. Стэпан лічыць гэты канфлікт чарговай няўдалай спробай сербаў узяць Дуброўнік пад свой кантроль (Słownik władców świata, s. 536)
- ↑ а б в Ћирковић, С.. Срби у средњем веку. p. 96.
- ↑ S. Ćirković (Срби у средњем веку, с. 96); J. Fine прапануе дату 1268 год (The Late Medieval Balkans, p. 203).
- ↑ Ostrogorski, G.. Dzieje Bizancjum. pp. 350-351.
- ↑ а б Ostrogorski, G.. Dzieje Bizancjum. p. 356.
- ↑ Ostrogorski, G.. Dzieje Bizancjum. p. 358.
- ↑ Ostrogorski, G.. Dzieje Bizancjum. pp. 356-357.
- ↑ а б в г д Fine, J.. The Late Medieval Balkans. p. 204.
- ↑ Ostrogorski, G.. Dzieje Bizancjum. p. 361.
- ↑ Fine, J.. The Late Medieval Balkans. p. 185.
- ↑ Runciman, S.. Nieszpory sycylijskie. p. 149.
- ↑ Runciman, S.. Nieszpory sycylijskie. p. 150.
- ↑ Rapacka, J.. Dawna literatura serbska i chorwacka. p. 36.
- ↑ Rapacka, J.. Dawna literatura serbska i chorwacka. p. 38.
- ↑ а б Cawley, Ch.. Medieval Lands. http://fmg.ac/Projects/MedLands/SERBIA.htm#_Toc233765126.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Cawley, Charles. Medieval Lands. http://fmg.ac/Projects/MedLands/SERBIA.htm#_Toc233765126.
- Ћирковић, Сима (2005). Срби у средњем веку. Београд: Idea. ISBN 86-7547-072-X.
- Ćirković, Sima (2004). The Serbs. Blackwell Publishing Ltd.. ISBN 86-7547-0-631-20471-7.
- Fine, John V.A. (1998). The Late Medieval Balkans: A Critical Survey from the Late Twelfth Century to the Ottoman Conquest. Ann Arbor: University of Michigan Press. ISBN 0-472-10079-3. https://archive.org/details/latemedievalbalk00fine.
- Molè, Wojsław (1962). Sztuka Słowian Południowych. Wrocław-Warszawa-Kraków: Ossolineum.
- Hertmanowicz-Brzoza, Małgorzata (2005). Słownik władców świata. Kraków: Wydawnictwo Zielona Sowa. ISBN 83-7435-077-6.
- Ostrogorski, Georgije (1967). Dzieje Bizancjumу. Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe.
- Podhorodecki, Leszek (1979). Jugosławia. Zarys dziejów. Warszawa: Książka i Wiedza.
- Rapacka, Joanna (1993). Dawna literatura serbska i chorwacka: zarys dziejów. Warszawa: Slawistyczny Ośrodek Wydawniczy. ISBN 83-900117-8-6.
- Rapacka, Joanna (2005). Rzeczpospolita Dubrownicka. Sejny: Wydawnictwo Pogranicze. ISBN 83-86872-72-1.
- Runciman, Steven (1997). Nieszpory sycylijskie. Dzieje świata śródziemnomorskiego w drugiej połowie XIII wieku. Katowice: Wydawnictwo Książnica. ISBN 83-7132-116-3.
- Стевановић, Миладин (2002) [1998]. Краљ Милутин. Београд: Књига-комерц. ISBN 86-83583-26-0.
- Skowronek, Jerzy (1988) [1998]. Serbia, Chorwacja i Słowacja od schyłku X w. do podbojów tureckich. Warszawa: PWN.
- Felczak, Wacław (1985). Historia Jugosławii. ISBN 83-04-01638-9.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Стэфан Ураш I