Суражская партызанская зона
Суражская партызанская зона — тэрыторыя на паўночным усходзе Віцебскай вобласці, якую кантралявалі партызаны. Складвалася на працягу студзеня — сакавіка 1942 года ў ходзе наступальных дзеянняў партызанскіх атрадаў пад кіраўніцтвам М. П. Шмырова, Д. Ф. Райцава, А. П. Дзіка, М. Ф. Біруліна (пазней ўсе ў складзе 1-й Беларускай партызанскай брыгады), М. І. Дзьячкова (пазней у складзе 2-й Беларускай партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі). Партызаны разграмілі ў дзясятках вёсак мясцовыя акупацыйныя органы, вызвалілі ўсходнюю частку Мехаўскага і Гарадоцкага раёнаў, паўночна-ўсходнюю частку Віцебскага і паўночную Суражскага раёнаў. Дапамогу партызанам у вызваленні ўсходняй часткі зоны аказалі 21-я стралковая брыгада і 62-і асобны лыжны батальён 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, да перадавых пазіцый якой да 29 верасня 1943 года прымыкаў 40-кіламетровы ўчастак Суражскай партызанскай зоны. Да лета 1942 года межы зоны значна пашырыліся, ахапілі вялікую тэрыторыю ў чатырохвугольніку Сураж — Віцебск — Гарадок — Усвяты. У яе ўваходзілі Суражскі раён (за выключэннем райцэнтра), частка Мехаўскага, Гарадоцкага, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў агульнай плошчай 3 тысячы км². У канцы верасня 1942 года гітлераўцы падцягнуўшы свежыя сілы ліквідавалі Віцебскія вароты. Нягледзячы на гэта, Суражская партызанская зона працягвала існаваць да снежня 1943 года, хоць яе тэрыторыя некалькі звузілася.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Зону абаранялі партызанскія брыгады 1-я Беларуская, імя А. Ф. Данукалава, 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, імя Кутузава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 1-я Віцебская і некаторыя іншыя партызанскія фарміраванні. Агульнае кіраўніцтва ўсёй баявой і гаспадарчай дзейнасцю ў зоне ажыццяўлялі Суражскі падпольны РК КП(б)Б і спецыяльны штаб на чале з сакратаром райкама І. Ф. Бардзіянам, а таксама Гарадоцкі, Віцебскі, Мехаўскі, Лёзненскі падпольныя райкамы КП(б)Б, адноўленыя мясцовыя органы савецкай улады (Суражскі і Мехаўскі райвыканкамы, шматлікія сельсаветы) пад агульным кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)б, Паўночна-Заходняй аператыўнай групы ЦК КП(б)Б, камандавання Калінінскага (да 20 кастрычніка 1943) і 1-га Прыбалтыйскага франтоў.
Зона знаходзілася пад пастаянным баявым уздеяннем 59-га нямецкага армейскага корпуса (13 батальёнаў). Апрача яго карныя аперацыі супраць партызан і мясцовага насельніцтва зоны вялі камендатуры Смаленска (5 батальёнаў), 201-я ахоўная дывізія, 205-я пяхотная дывізія, 19-ы паліцэйскі полк СС і іншыя. Перыядычна да карных аперацый супраць зоны прыцягваліся часткі 3-й танкавай арміі. З чэрвеня 1942 па чэрвень 1943 гадоў гітлераўцы правялі супраць партызан зоны 11 карных аперацый («Белы мядзведзь», «Грамавы ўдар», «Шаравая маланка», «Майская навальніца», «Дождж на Сёмуху», «Вясенні карагод» і іншыя). Паўднёвыя межы зоны ўздоўж правага берага Заходняй Дзвіны (у межах Суражскага і часткова Віцебскага раёнаў) і да поўначы і паўднёвага ўсходу ад вусця ракі Лужаснянка па сістэме азёраў Вымна, Вослепна, Мядзесна, Цёста ўтрымлівала 1-я Беларуская партызанская брыгада. Яна першай сустрэла ў пачатку чэрвеня 1942 года наступленне 59-га нямецкага армейскага корпуса і дала магчымасць мясцовым партыйным і савецкім органам ажыццявіць эвакуацыю больш за тысячу сямей за лінію фронту. Карнікі ў зоне баявых дзеянняў спалілі каля 2 тысяч сялянскіх дамоў, знішчылі школы, бальніцы, расстралялі больш за 20 захопленых імі жыхароў, ператварыўшы раён карнай экспедыцыі ў зону «выпаленай зямлі». У канцы студзеня 1943 года нямецкім войскам удалося акружыць на поўдні ад ракі Аўсянка каля 9 тысяч партызан з брыгад «Аляксея», 1-й і 2-й Беларускіх, 3-й Смаленскай, Багушэўскай, асобнай дыверсійнай імя У. І. Леніна, 1-й Віцебскай, імя Кутузава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, да 650 байцоў розных спецгруп і армейскіх разведчыкаў. У выніку баёў партызаны вымушаны былі на час пакінуць зону і выйсці ў суседнія раёны Віцебскай вобласці, а часткай сіл — за лінію фронту. Баі з карнікамі ў зоне працягваліся яшчэ некалькі месяцаў. У снежні 1943 года значная частка зоны была вызвалена войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў выніку Гарадоцкай аперацыі, калі большасць партызанскіх фарміраванняў, якія засталіся ў зоне, злучыліся з Чырвонай Арміяй.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- У. С. Пасэ. Суражская партызанская зона // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 582. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
- Пасэ У. С. Су́ражская партыза́нская зо́на // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 278. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).