Цёста
Цёста | |
---|---|
Морфаметрыя | |
Вышыня над узроўнем мора | 150,8 м |
Даўжыня | 6,25 км |
Шырыня | 1,1 км |
Плошча | 5,35 км² |
Аб’ём | 0,0218 км³ |
Даўжыня берагавой лініі | 21,4 км |
Найбольшая глыбіня | 11,7 м |
Сярэдняя глыбіня | 4,1 м |
Гідралогія | |
Салёнасць | 0,145—0,25 ‰ |
Празрыстасць | 1,5 м |
Басейн | |
Плошча вадазбору | 426 км² |
Упадаюць | рэкі Аўсянка і Марысінка, ручаі |
Выцякаюць | рака Аўсянка |
Размяшчэнне | |
Краіна | Беларусь |
|
|
|
|
|
|
Цёста — возера ў Беларусі ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Аўсянка.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Плошча воднай паверхні возера 5,35 км², даўжыня 6,25 км, найбольшая шырыня 1,1 км. Найбольшая глыбіня 11,7 м. Плошча вадазбору 426 км².
Азёрная катлавіна складанага тыпу, звязана між іншым з выворваючай дзейнасцю старажытнага ледавіка, падзяляецца на 3 плёсы, паводле формы нагадвае перавернутую літару «Г». Паўночны плёс мелкаводны, сярэдні мае найбольшыя глыбіні, паўднёвы — глыбіні да 8 метраў. Схілы катлавіны спадзістыя, на ўсходзе і поўдні забалочаныя. Заходнія, паўночна-заходнія і паўднёва-ўсходнія схілы стромкія вышынёй да 8 м. Берагавая лінія звілістая і ўтварае шмат заліваў. Берагі нізкія, пясчаныя, у паўднёвай частцы возера забалочаныя. Ва ўсходнім заліве берагі сплавінныя.
Літаральная зона спадзістая і шырокая, уздоўж заходняга і ўсходняга берагоў вузкая і стромкая. На возеры 11 астравоў агульнай плошчай 0,09 км² (найбольшы з іх мае назву Гарадзішча). Ланцуг з астравоў выцягнуты па даўжыні катлавіны, яны маюць характэрную форму друмлінаў з асіметрычнымі схіламі, што адпавядае напрамку руху ледавіка.
Дно возера да глыбіні 2—2,5 м пясчанае і пясчана-гліністае, глыбей выслана сапрапелем. Вада на найбольшых глыбінях каля дна мае тэмпературу да 10 °C. Салёнасць вады вагаецца ад 145—160 мг/л летам да 240 мг/л у зімовы час.
Прыбярэжная надводная расліннасць пашыраецца да глыбіні 1—1,5 м і займае паласу 10—30 м. Растуць хвошч, трыснёг, чарот, асокі. Ахоўны від вадзяны арэх плывучы ўтварае зараснікі ў паўднёвай частцы катлавіны.
Возера эўтрофнае, праточнае. Праз возера працякае рака Аўсянка (злучае Цёста з азёрамі Мядзесна і Ведрынскае), упадае рака Марысіна і 6 ручаёў.
Тут водзяцца лешч, судак, шчупак, лінь, язь, плотка, акунь, мянтуз, джгіры і іншыя віды рыб.
Каля возера размешчаны вёскі Селязні і Сяло.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
- Природа Белоруссии: Популярная энциклопедия / Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — 2-е изд. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 599 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-85700-001-7. (руск.)
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 23. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Возера Цёста Архівавана 15 сакавіка 2013. // Белорусский Посейдон Архівавана 30 мая 2010.