Табель аб рангах

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Табель аб рангах, арыгінал

Табель аб рангах — заканадаўчы акт Расійскай імперыі, які ў 18 — пачатку 20 стагоддзя вызначаў падзел на класы ваенных, стацкіх і прыдворных чыноў. Уведзены Пятром I у 1722 годзе. Складаўся ўласна з Табеля з пералікам 14 рангаў (класаў) ад 1-га вышэйшага да 14 ніжэйшага і з 19 пунктаў каментарыяў да яго. Вайсковыя чыны падзяляліся на сухапутныя, гвардыю, артылерыю, марскія. Сярод іх адрозніваліся генеральскія чыны (1-5-ы клас), штаб-афіцэрскія (6-8-ы клас), обер-афіцэрскія (9-14-ы клас). Пры роўным чыне старшынства вызначалася часам атрымання чыну. Вайсковыя чыны мелі старшынства перад цывільнымі адпаведнага рангу. Чыны гвардыі мелі перавагу на 1-2 рангі. Паводле 1-й рэдакцыі Табеля, атрыманне чыноў 7-14-га рангаў давала пэўныя правы цывільным чыноўнікам на час выканання службовых абавязкаў (пазней асабістае дваранства), спадчыннае дваранства атрымлівалі вайскоўцы ад 14-га і цывільныя асобы ад 8-га класа. З 1845 года асабістае дваранства атрымлівалі чыны ад 9-га класа, спадчыннае дваранства — вайсковыя чыны ад 6-га і цывільныя ад 5-га (з 1856 года — 4-га) класа. Недваране для атрымання афіцэрскага чыну служылі 12 гадоў у унтэр-афіцэрскіх чынах. Асобы, што былі ў чынах, якія не давалі асабістага дваранства, з 1832 года маглі набываць правы ганаровых грамадзян. У пазнейшых рэдакцыях у Табель унесены горныя чыны і вучоныя ступені. Сістэма старшынства Табеля ахоплівала і членаў сямей чыноўнікаў: дочкі атрымлівалі ранг ніжэйшы на 4 рангі ад бацькавага, пасля выхаду замуж — ранг мужа. Чыны 1-2-га класа тытулаваліся «высокаправасхадзіцельства», 3-4-га класа — «правасхадзіцельства», 5-га — «высакароддзе», 6-8-га — «высокаблагароддзе», 9-14-га — «благароддзе». Правы на пэўныя ступені ордэнаў мелі чыны адпаведных класаў, а ўзнагарода ордэнам «вышэйшага» класа аўтаматычна азначала пераход у гэты клас. У 1801—1841 гг. друкаваліся спісы ўсіх цывільных чыноў, 1842—1916 — цывільных чыноў першых 4 класаў; выдаваліся спісы генералаў, штаб і обер-афіцэраў паводле старшынства.

Тытулаванне ў арміі адменена загадам ваеннага міністра Часовага ўрада 5(18).3.1917, ваенна-прыдворныя чыны скасаваны загадам 21.3(3.4.)1917. Палажэнні Табеля аб рангах адменены дэкрэтам ВЦВК і СНК 10(23).11.1917 «Аб скасаванні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]