Тадэвуш Чудоўскі
Тадэвуш Чудоўскі | |
---|---|
![]() | |
Нараджэнне |
5 (17) ліпеня 1824 |
Смерць |
1863[1] |
Род | Чудоўскія[d] |
Бацька | Тадэвуш Чудоўскі[d] |
Маці | Юстына з Галынскіх[d] |
Адукацыя |
|
Бітвы |
Тадэвуш Рыгор Удальрык Чудоўскі (польск.: Tadeusz Czudowski; 5 ліпеня 1824—1863) — адзін кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў на Магілёўшчыне.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў са шляхецкага роду Чудоўскіх. Сын Тадэвуша Міхайлавіча Чудоўскага, чэрыкаўскага павятовага маршалка, і Юстыны Іванаўны з Галынскіх. Нарадзіўся 5 ліпеня 1824 г., паводле мемуараў Якуба Гейштара — ў бацькоўскім маёнтку Нізкі. Ахрышчаны спачатку адной вадой у Вародзькаве. Хрост быў закончаны ў Маляцічах[2].
Вучыўся ў Віленскім дваранскім інстытуце, які скончыў у 1841 г. разам з Гейштарам. Праз год паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які пакінуў у 1846 г. Разам з ім вучыліся Гейштар, Аляксандр Аскерка і знакаміты рэвалюцыянер Зыгмунт Серакоўскі. У 1848 г. Чудоўскі зноў на радзіме, тут ён быў прызначаны ганаровым наглядчыкам вучылішчаў Мсціслаўскага павета. Потым, з 1850 па 1855 гг., быў чэрыкаўскім павятовым суддзёй, аб чым сведчаць «Магілёўскія памятныя кніжкі» за гэтыя гады. Але ён пакінуў службу па прычыне хваробы[2].
У 1857 г. Чудоўскі зноў прызначаны ганаровым наглядчыкам Мсціслаўскага дваранскага павятовага вучылішча з абавязкам уносіць штогод на патрэбы гэтай установы па 150 рублёў[2].
У гэты час Чудоўскі ліставаўся з Адамам Кіркорам, які плануе выданне «Віленскага літаратурнага весніка». У сваім лісце ён прапануе карэспандэнтам гэтага выдання ксяндза Кеўліча, а таксама піша[2]:
![]() |
…маім стараннем будзеш мець значную колькасць артыкулаў: а менавіта аповесцяў і сельскагаспадарчых матэрыялаў, цудоўна апрацаваных Ігнатам Цеханавецкім, … матэрыялы Аляксандра Цеханавецкага…: з паэзіі Бржастоўскага і Барэйшы і многіх іншых… | ![]() |
Чудоўскі таксама прасіў прыслаць рэкамендацыйнае пісьмо ў Санкт-Пецярбург да знакамітага літаратара Фадзея Булгарына, спадзяваўся, што ўплывовы зямляк дапаможа ў сталічных клопатах[2].
Чудоўскі быў частым госцем у Горках, дзе знаходзіўся земляробчы інстытут. Колішні яго студэнт, а потым краязнавец Ф. Сурын піша ў сваіх «Горацкіх успамінах»[2]:
![]() |
Сябрам нашым на працягу ўсёй бытнасці маёй ва ўстанове быў адзін з блізкіх памешчыкаў пан Тадэвуш Чудоўскі. | ![]() |
Сурын апісвае Чудоўскага эксцэнтрыкам і ідэалістам, які свята верыў у сваю адметную місію[2].
Чудоўскі дапамог адкрыць у Горках падпольную народную школу, дзе навучанне вялося паводле беларускіх кніг, друкаваных лацінкай. Падтрымліваў здольную моладзь таксама і матэрыяльна, не шкадуючы на гэта ўласных сродкаў. Напрыклад, за яго кошт вучыўся ў інстытуце зямляк з Чэрыкаўскага павета Станіслаў Віскоўскі, які ў 1863 г. стаў адным з кіраўнікоў паўстання горацкіх студэнтаў[2].
Чудоўскі, які вітаў адмену прыгоннага права ў 1861 годзе, задоўга да гэтага даў сваім сялянам волю[2].
Паўстанне 1863—1864 гадоў
[правіць | правіць зыходнік]Роля Чудоўскага ў падрыхтоўцы паўстання на Магілёўшчыне была вельмі значнай. Удзельнік паўстання З. Міткевіч на допытах паказваў[2]:
![]() |
Пры паездцы маёй у другой палове сакавіка 1863 г. у С.-Пецярбург… памешчык Чэрыкаўскага павета Фадзей Чудоўскі даручыў мне адвезці туды да капітана генеральнага штаба Серакоўскаму ліст…
Арыгінальны тэкст (руск.)
При поездке моей во второй половине марта 1863 г. в С.-Петербург… помещик Чериковского уезда Фаддей Чудовский поручил мне отвезти туда к капитану генерального штаба Сераковскому письмо…
|
![]() |
З Вільні Міткевіч прывёз Чудоўскаму два пакеты, у якіх былі рэвалюцыйныя паперы. Вельмі інфармаваны расійскі генерал Васіль Ратч , які хутка пасля падаўлення паўстання напісаў апісанне падзеі 1863 г., лічыў Чудоўскага галоўным арганізатарам магілёўскага паўстання. Ратч паведамляў, што Чудоўскі раздаваў мандаты на рэвалюцыйныя пасады па паветах. У прыватнасці, ад яго ў сакавіку 1863 г. атрымаў свой мандат на начальніка Горак Віскоўскі[2].
Узброенае паўстанне на Магілёўшчыне планавалася на 23—24 красавіка 1863 года. Вайсковым начальнікам (ваяводам) быў прызначаны Людвік Звяждоўскі (псеўданім «Тапор»), які служыў тады ў Маскве, у штабе грэнадзёрскага корпуса. У ноч на 24 красавіка з дапамогай студэнтаў, якімі кіраваў Станіслаў Віскоўскі, Тапор-Звяждоўскі захапіў Горкі. Потым яго атрад, які павялічыўся за кошт студэнтаў, накіраваўся ў Чэрыкаўскі павет[2].
На Чэрыкаўшчыне фарміраваў атрад паручнік Ян Жукоўскі (Каса). Паводле дыспазіцыі, ён павінен быў захапіць гарматы ў Крычаве, але ўлады даведаліся пра гэты планы. Паўстанцкі атрад быў рассеяны. З рэшткамі Жукоўскі накіраваўся ў Краснае насустрач Звяждоўскаму. З Жукоўскім быў і ўладальнік Краснага Чудоўскі. У ваколіцах Краснага інсургенты правялі безвыніковую агітацыю сярод сялян з мэтай далучыць іх да паўстання[2].
Сітуацыя для паўстанцаў склалася адчайная. Звяждоўскі з маёнтка Чудоўскага накіраваўся праз увесь Чэрыкаўскі павет на захад і пераправіўся праз Проню, спаліўшы за сабой паромную пераправу. 30 красавіка ён распусціў сваё войска. Значная частка паўстанцаў здалася ўладам у Прапойску, частку вылавілі па лясах сяляне. Чудоўскі ж адбіўся ад асноўнага атрада і накіраваўся таксама да ракі Проня, каб далучыцца да Звяждоўскага. Шукаючы броду, наткнуліся на вайсковую каманду з сялянамі. Салдаты абшукалі фурманку, на якой ехаў Чудоўскі, і знайшлі зброю. Салдаты і сяляне кінуліся на паўстанца і яго спадарожнікаў. Чудоўскі бараніўся і быў забіты[2].
У нарысе «Куток паўстання» в «Историческом вестнике» за 1902 год, напісанага журналістам С. Акрэйцам , які ўдзельнічаў у паўстанні, але пасля карэнным чынам адышоў ад сваіх ідэалаў, Чудоўскі называецца Чудзіноўскім, а Магілёўская губерня іншасказальна называецца Дняпроўскай. У гэтым матэрыяле гаворыцца, што Чудзіноўскі ўвосень 1862 г. паехаў у Варшаву і вярнуўся адтуль з мандатам (намінацыяй) на званне камісара Дняпроўскага ваяводства. Характарыстыку Чудзіноўскаму-Чудоўскаму аўтар дае не вельмі паважлівую[2]:
![]() |
…выхваляка, дэкламатар, праматаны пан, які ганарыцца сваім родам і ажаніўся грошай дзеля з дурнаватай, хваравітай шляхцянкай, дачкой нейкага Свадскага, цёмнай асобы, якая нажылася ліхвярствам і ўтрыманнем паштовых станцый.
Арыгінальны тэкст (руск.)
…бахвал, декламатор, промотавшийся барин, гордый своим родом и женившийся денег ради на глуповатой, болезненной шляхтянке, дочери некоего Свадского, темной личности, нажившейся ростовщичеством и содержанием почтовых станций.
|
![]() |
Сувязь з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч гасцяваў маёнтку Шчаўры Сенненскага павета, якім валодаў аматар беларушчыны Юлій Рашкоўскі, брат чэрыкаўскіга павятовага маршалка. Пра сваё гасцяванне паэт напісаў у вершаваным апавяданні «Літаратурныя клопаты»[2]:
![]() |
Малады ён і багаты, а не ганарысты, прадстаўляе мне суседзяў ветла, урачыста. То з-пад Лепеля прыехаў Павел з Пацейкова, то Тадэуш — лепшы сябра — аж з-пад Магілёва… |
![]() |
«Тадэуш з-пад Магілёва» гэта, несумненна, Тадэвуш Чудоўскі[2].
Ёсць дакументальнае сведчанне стасункаў Чудоўскага з Дуніным-Марцінкевічам. У 1858 г., аддаючы ў цэнзуру сваю вершаваную аповесць «Быліцы, расказы Навума», пісьменнік зрабіў іранічнае прысвячэнне: «Вяльможнаму Тадэвушу Чудоўскаму ў знак глыбокай пашаны гэты слабы твор ахвяруе аўтар». Чудоўскі ў адказ напісаў на цэнзурным рукапісе: «На ахвяраваную мне дэдыкацыю твора згаджаюся і з падзякаю прымаю. Тадэвуш Чудоўскі»[2].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]4 ліпеня 1856 г. у Чэрыкаўскім касцёле ўзяў шлюб з Антанінай Свяцкай з маёнтка Горы, якая была маладзейшай за яго на 12 гадоў.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Нарадзіліся 17 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1824 годзе
- Нарадзіліся ў Чэрыкаўскім павеце
- Памерлі ў 1863 годзе
- Памерлі ў Магілёўскай губерні
- Выпускнікі Віленскага шляхецкага інстытута
- Выпускнікі юрыдычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта
- Асобы
- Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў
- Загінулі ў баі
- Нарадзіліся ў Крычаўскім раёне