Троіцкая царква (Слонім)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўны храм
Троіцкая царква
Г. Слонім - Троіцкая царква PICT3063.jpg
53°05′30″ пн. ш. 25°19′14″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Слонім
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Ордэнская прыналежнасць бернардзінцы
Архітэктурны стыль барока, ракако
Будаўніцтва 16391645 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000496шыфр 412Г000496

Троіцкая царква (Слонім)
Троіцкая царква
Троіцкая царква

Троіцкая царква (былы касцёл) і кляштар бернардзінцаў — помнік архітэктуры барока ў г. Слонім, знаходзіцца ва ўсходняй частцы гістарычнага ядра горад на левым беразе р. Шчара, па адрасе вул. Васі Крайняга 23, 25. Мужчынскі бернардзінскі кляштар размяшчаўся на Бернардзінскай вуліцы, у паўночна-ўсходняй частцы горада. Уваходзіў у абарончую сістэму Слоніма. Будынкі — помнікі рэспубліканскага значэння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кляштар бернардзінцаў, з піктаграфічнай карты XVIII ст.

Узведзены ў XVII ст. як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых збудаванняў. Касцёл пабудаваны ў 16391645 гг. на месцы драўлянага, закладзенага ў 1630 г. па фундацыі Андрэя і Кацярыны Радванаў. Асвячоны ў 1671 г. У 1749 г. быў пабудаваны жылы корпус кляштара.

Касцёл пераабсталяваны пад Троіцкую праваслаўную царкву ў 1866 г. гродзенскім губернскім інжынерам В. Ф. Нябольсіным, асвячона ў 1867 г. Кляштар рэканструяраваны архітэктарам Ціхвінскім пад духоўнае вучылішча. У пачатку XX ст. па праекце архітэктара В. Ханенберга быў прыстасаваны пад адміністрацыйную ўстанову. У 19201930-я гады выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак. Цяпер у ім размешчаны інтэрнат Слонімскага медвучылішча.

Касцёл у 2014 годзе, шатровы дах на вежы заменены на цыбулепадобны купал

У 2012 годзе было прынята рашэнне замяніць шатровы купал на бляшаны купал складанай цыбулепадобнай формы, пафарбаваны ў цёмна-зялёны колер, вяртанне якога было абгрунтавана фотаздымкамі пачатку XX ст. 27 кастрычніка 2015 года новы купал быў заменены на гіганцкі залаты купал-цыбуліну, што, на думку старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, парушае гістарычны воблік будынка[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл у 1933 годзе
Брама кляштара ў 1931 годзе. Вітольд Пікель

Касцёл — помнік архітэктуры барока і ракако, уяўляе сабой аднанефны мураваны храм з выцягнутым прэсбітэрыем, сакрысціямі і паўкруглай алтарнай апсідай, трох'яруснай вежай-званіцай пры ўваходзе (першы ярус квадратны ў плане, умацаваны контрфорсамі, два верхнія — васьмігранныя, аздобленыя пілястрамі), накрытай шатровым дахам. У 1668 г. і 1750 г. да апсіды прыбудаваныя дзве бакавыя квадратныя ў плане капліцы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. Сцены храма ўмацаваны контрфорсамі, прарэзаны вялікімі вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходны партал касцёла аформлены ордарнымі элементамі: паўкалонамі, спрошчаным антаблементам, архівольтамі.

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер храма, як і яго вонкавае аблічча, адзначаецца суровай прастатой. Неф пераходзіць у больш вузкі прэзбітэрый, які выдзелены алтарнай перагародкай і завершаны паўкружжам апсіды, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і конхай у алтарнай частцы храма. Прасценкі ўмацаваны слупамі-пілястрамі, аб'яднанымі з вонкавымі контрфорсамі ў адзіны канструкцыйны элемент, які падтрымлівае распор скляпенняў. Як і сцены, скляпенні пазбаўлены дэкаратыўнай апрацоўкі. Толькі іх верхняя частка аздоблена ляпным геаметрычным дэкорам. З заходняга боку нефа на трохпралётнай аркадзе і крыжовых скляпеннях узвышаюцца барочныя хоры, якія агароджаны фігурным увагнута-выпуклым парапетам.

Дэкаратыўная кампазіцыя інтэр'ера пабудавана на паступовым маштабным і дэкаратыўным нарастанні групы бакавых алтароў, у якой дамінуе галоўны цэнтральны алтар апсіды XVIII ст. Выкананы маналітна са сцяной, ён мае сіметрычна-восевую шматкалонную і шматфігурную архітэктоніку: на цокаль у выглядзе арачных ніш з крапаваным п'едэсталам і табернакулам устаноўлена каланада цёмна-карычневага стука, яна нясе раскрапаваны антаблемент з фігурамі лунаючых анёлаў. Пасля 1864 г. у алтары ўстаноўлены іканастас. Па цэнтры першага яруса галоўнага алтара ў прамавугольнай раме размешчаны абраз Св. Тройцы (XVIII ст., палатно, алей). У прасценках апсіды ўстаноўлены бакавыя, меншыя па памеры і больш сціплыя па кампазіцыі алтары. Прэсбітэрыум аддзяляецца ад залы храма вуглавымі алтарамі, раскрапаванымі пучкамі пілястраў і завершанымі барочнымі ўвагнута-выпуклымі франтонамі. У прасценках нефа захаваліся яшчэ два накладныя алтары меншага памеру. Арнаментыка ўсіх алтароў заснавана на тэмах ракако: насычаныя крапоўкамі і арнамантальнай ляпнінай пілястры, валюты, ракайлі, ракавіны, вазы, фігуркі анёлаў.

Кляштар[правіць | правіць зыходнік]

Кляштар бернардзінцаў у 1931 годзе. Вітольд Пікель

З паўднёвага боку ад храма знаходзіцца кляштар, які ўяўляе сабой двухпавярховы П-падобны ў плане мураваны жылы корпус, які прымыкае з паўднёвага боку да апсіды храма, абмяжоўвае прамавугольны курданёр, раскрыты ў паўднёвы бок. Пабудававаны з цэглы ў сярэдзіне XVIII ст., аб чым сведчыць надпіс «1749» на вуглавым камені падмурка. Манументальны масіўны будынак накрыты вальмавым дахам з пластычным выгінам над карнізам. Плоскасныя сцены лаканічна крапаваны адзінарнымі прасценачнымі і парнымі вуглавымі пілястрамі, апяразаны карнізам нескладанага профілю і цягай.

Планіроўка галерэйная. У калідорах і памяшканнях захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая зала, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з люнетамі. Помнік архітэктуры барока.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]