Фарты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фарты
53°42′12″ пн. ш. 23°48′24″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Адміністрацыйны раён горада Ленінскі раён
Дата заснавання сяр. 1960 – пач. 1970 гг.
Плошча 1,7 км²
Map

Фарты – жылы раён у Ленінскім раёне Гродна. Размешчаны на паўночна-заходняй ускраіне Гродна. Абмежаваны вуліцамі Максіма Горкага, Багуцкага, Дамброўскага і бульварам Ленінскага камсамола (БЛК). Падзяляецца на мікрараёны «Фарты-1» і «Фарты-2».

Мяжуе з раёнам Пярэселка, самым буйным гаражным кааператывам горада – «Радуга» на Багуцкага (месца тусовак моладзі 1980–1990-х гг.)[1] і палямі на Дамброўскага.

Для раёна ўласцівая пагоркавасць.

Забудова[правіць | правіць зыходнік]

Забудаваны ў асноўным панэльнымі 5–9-павярховымі дамамі, пераважна 1970-х гадоў. Раён горада з найбольшай колькасцю інтэрнатаў: ад Гродзенскага мясакамбіната, Гроднапрамбуда, пальчаткавай фабрыкі «Акцэнт», БелТАПАЗ, ГрДМУ, ГрДУ, завода «Радыёхваля», УЖРЭП Ленінскага раёна і іншых. У забудове прысутнічаюць дамы паводле так званага «чэшскага праекта», з батарэямі ацяплення, схаванымі ў знешніх сценах, і дэкаратыўнымі балкончыкамі. Раён вуліцы Камарова забудаваны галоўным чынам брэжнеўскімі пяціпавярховікамі.[1]

Характэрнай адметнасцю раёна з’яўляюцца закругленасці перыметраў дамоў і велізарныя аркі — такіх дамоў няма больш нідзе ў горадзе. На Дамброўскага ёсць чатыры комплексы з трох такіх панэлек.[2]

На Урублеўскага размешчаны, імаверна, самы даўгі дом у Гродне, каля 570 м. Жыхары называюць яго «Кітайская сцяна», ці «пяццоткватэрны». Ён складаецца з трох дамоў, злітых разам: №78, 68 і 58.[3]

Побач з гімназіяй №5 стаіць былы палац сямейных урачыстасцяў — помнік архітэктуры савецкага функцыяналізму.[2]

Аўтар мікрараёна «Фарты 1» – архітэктар Васіль Бажко (19701980, сумесна з В. Давыдзёнкам, В. Ягошыным).

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва «Фарты» паходзіць ад фартоў гродзенскай крэпасці, пабудаваных у канцы XIX ст. Два з іх размешчаны ва ўрочышчы Пышкі недалёка ад раёна. Меркавана, так называлася гэтая ваколіца горада яшчэ да таго, як тут паўсталі гарадскія кварталы. Паводле «народнага раянавання», якое існавала ў Гродне ў 19601980-я гады, раён падзяляецца на «Камароўку» (раён вуліцы Камарова, з 1960-х гадоў), «Дамброўку» (паміж вуліцамі Дамброўскага і Урублеўскага, найбольш стары тапонім раёна) і «Фарты».[1]

Асноўныя вуліцы[правіць | правіць зыходнік]

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Медыцына[правіць | правіць зыходнік]

Ужо за фармальнай мяжой раёна, паміж Фартамі і лесапаркам Пышкі, на БЛК знаходзяцца гарадская клінічная бальніца №3, жаночая кансультацыя №4, Гродзенская абласная клінічная інфекцыйная бальніца, Гродзенскі абласны клінічны цэнтр фтызіятрыя, Гродзенская універсітэцкая клініка, Гродзенскі медыцынскі коледж, будуецца Гродзенскі абласны анкалагічны дыспансер[4].

Навучальныя ўстановы[правіць | правіць зыходнік]

  • Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт;
  • Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў;
  • Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну;
  • Тэхналагічны каледж;
  • аўташкола ДТСААФ;
  • гімназія № 5, збудаваная на пачатку наднёманскага яра[2];
  • ліцэй №1;
  • СШ №7, у 1980-х гадах лічылася адной з найбольш «адарваных» школаў горада, там вучыліся дзеці з навакольных інтэрнатаў на вуліцы Камарова[1];
  • СШ №22;
  • СДЮШАР №7 – школа баскетбола з баскетбольным клубам “Прынёманне” (у будынку СШ №22);
  • СШ №7;
  • СДЮШАР БФСТ «Дынама».

У раёне размешчана дзевяць дзіцячых садкоў: яслі-сад №№ 1, 43, 50, 52, 54, 55, 61, 72 і дзіцячы сад №77. Многія садкі аформлены каляровымі пліткавымі мазаікамі.

Гандаль і паслугі[правіць | правіць зыходнік]

На БЛК знаходзіцца мінірынак «Фарты». Кропкамі прыцягнення раёна таксама з’яўляюцца ўніверсам «ГроДар» (былая крама «Радуга»), «Еўраопт» і «Дабраном» на Камарова (раней на гэтым месцы было балота[5]), рэстаран «Золотой теленок», будынак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

На Дамброўскага размешчаны канцавы прыпынак і разваротнае кальцо аўтобусаў №№ 20, 49 і 60, на Урублеўскага - канцавы прыпынак і разваротнае кальцо аўтобусаў №№ 8 і 15, на БЛК - канцавы прыпынак тралейбуса № 3 (кальцо Фарты).

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Царква адсячэння галавы Яна Прадцечы[правіць | правіць зыходнік]

Царкву адсячэння галавы Яна Прадцечы на Кручатава, 19 будавалі з 1998 па 2022 год. Праз фінансавыя цяжкасці будоўля перапынялася на 7 гадоў. Прысвечана памяці ўсіх ваяроў, якія загінулі ў ваенных канфліктах XX ст. У 2012 годзе завяршылі галоўны купал з крыжом вышынёй 5 м.[6] Вышыня сцен – 30 м, разам з галоўным купалам і крыжом – 40 м.[7] Збудаваная ў стылі, традыцыйным для візантыйскага перыяду царкоўнага дойлідства на беларускіх землях. Знешнія сцены аформлены мазаічнымі крыжамі з маёлікі, якія нагадваюць крыжы на сценах Каложскай царквы.[5]

Палац культуры «Юнацтва»[правіць | правіць зыходнік]

Палац культуры «Юнацтва» на Урублеўскага, 33 (зараз – Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры) збудаваны ў 1970-х гадах на сродкі прадзільна-нітачнага камбіната (сёння — ААТ «Гранітэкс»). Быў папулярнай канцэртнай пляцоўкай: у 1980−90-х там выступалі польскі гурт Lady Pank, праходзілі дыскатэкі. Як канцэртная зала выкарыстоўваўся да 2010 года.[8]

Спартовыя і спартова-аздараўляльныя ўстановы[правіць | правіць зыходнік]

ФАК «Аквацэнтр» на Горкага, 82 пасля закрыцця басейна «Лазурны» застаўся адзіным публічным водным комплексам у горадзе[9]. Там жа размешчаны найбольшы ў Гродне басейн у 50 м даўжынёй.

Тэнісны клуб на Горкага, 82А на месцы старых тэнісных кортаў адкрылі ў 2021 годзе. Мае шэсць кортаў: два адкрытыя і чатыры закрытыя.[10]

Скверы[правіць | правіць зыходнік]

У скверы памяці воінаў-афганцаў на Курчатава знаходзіцца сажалка глыбінёй 1,1 м каля царквы. Раней сажалак было дзве. Адну з іх засыпалі ў 2020 годзе: яна патрабавала ачысткі, але аднаўляць вадаём выявілася надта дорага. Тэрыторыю добраўпарадкавалі.[11]

План сквера на месцы пусткі плошчай 20 тыс. кв. м на Урублеўскага быў распрацаваны ў 2017 годзе.[12] У 2020 годзе Гродназелянбуд і студэнты гродзенскіх ВНУ высадзілі там маладыя клёны, ліпы і дубы. Яшчэ раней там пасадзілі больш за 200 дрэў.[13]

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам[правіць | правіць зыходнік]

Помнік воінам-інтэрнацыяналістам на вуліцы Горкава ў скверы воінаў-афганцаў ўяўляе сабой фігуры двух салдат з бронзы, якія стаяць каля расколатай каменнай глыбы. Адзін з іх трымае аўтамат. На гранітным пастаменце размешчаны мармуровыя пліты з імёнамі ваяроў, пахаваных на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.[14]

Мурал[правіць | правіць зыходнік]

На 9-павярховым будынку на БЛК, 29, у 2022 годзе з’явіўся мурал. На ім выяўлены бурштын, які трымае раварыст. У бурштыне як бы застылі Каложская царква і гадзіннік Фарнага касцёла. Аўтары - мастакі Яўген Сасюра (Mutus) і Сяргей Рысакоў.[15]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г У Гродне стварылі карту "народнага" раянавання горада . Hrodna.life (12 лютага 2024). Праверана 12 лютага 2024.
  2. а б в Гарадзенскі раён Фартоў: вандроўка паміж даўжэзных дамоў (руск.). Зелёный портал. Праверана 12 лютага 2024.
  3. Urban Hrodna - городская среда Гродно. Telegram. Праверана 12 лютага 2024.
  4. Первую очередь областного онкодиспансера открыли в Гродно. БелТА.
  5. а б Фарты-2: Вандроўка паміж балотамі, царквой і кансулятам (руск.). Зелёный портал. Праверана 12 лютага 2024.
  6. О приходе (руск.). prodromos.by. Праверана 12 лютага 2024.
  7. Церковь на Курчатова — храм Усекновения главы Иоанна Предтечи в Гродно (руск.). grodno.in. Праверана 12 лютага 2024.
  8. К, А.. У Гродне адрамантуюць Палац культуры "Юнацтва": у ім 12 гадоў не было канцэртаў . Hrodna.life (16 сакавіка 2022). Праверана 12 лютага 2024.
  9. Басейны ў Гродне: куды пайсці паплаваць і колькі гэта каштуе ў 2024 годзе . Hrodna.life (12 лютага 2024). Праверана 12 лютага 2024.
  10. В Гродно открывается современный теннисный центр. Но попасть туда горожане смогут не сразу . Hrodna.life (13 сакавіка 2021). Праверана 12 лютага 2024.
  11. Сразу две зоны отдыха появятся в Гродно в ближайшее время (руск.). Вечерний Гродно (16 красавіка 2020). Праверана 12 лютага 2024.
  12. На месте пустыря на улице Врублевского появится сквер (руск.). Вечерний Гродно (27 лістапада 2017). Праверана 12 лютага 2024.
  13. Кажуць: "дрэвы", а саджаюць "пруткі". Чаму Гродна дагэтуль не патанае ў парках, і навошта нам схема азелянення . Hrodna.life (6 сакавіка 2021). Праверана 12 лютага 2024.
  14. Памятник афганцам в Гродно — памятник воинам-интернационалистам (руск.). grodno.in. Праверана 12 лютага 2024.
  15. Urban Hrodna. “Муралы найбольш патрэбны ў спальніках”. Вулічны мастак расказаў пра сэнс новага гродзенскага мурала і навошта стрыт-арт сучасным…. Telegraph (25 жніўня 2022). Праверана 12 лютага 2024.