Перайсці да зместу

Фёдар Андрэевіч Крыловіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фёдар Андрэевіч Крыловіч
Дата нараджэння 23 сакавіка 1916(1916-03-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 лістапада 1959(1959-11-07) (43 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Бітвы/войны
Узнагароды і прэміі

Фёдар Андрэевіч Крыловіч (23 сакавіка 1916, Мінск, Расійская імперыя — 7 лістапада 1959, Асіповічы, Магілёўская вобласць, БССР, СССР) — беларускі савецкі партызан, адзін з арганізатараў Асіповіцкага камуністычнага падполля, кіраўнік партызанскай дыверсійнай групы ў гады Вялікай Айчыннай і Другой Сусветнай войнаў у Беларусі.

Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і чыгуначніка, кандуктара цягнікоў Андрэя Андрэевіча Крыловіча.

Паступіў у Віцебскі электратэхнікум, але з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча сям’і вучобу кінуў. Каб дапамагчы сям’і працаваў адразу ў двух месцах: электрыкам на чыгуначнай электрастанцыі ў Асіповічах і адначасова памочнікам упаўнаважанага ў гарадскім аддзеле фізкультуры і спорту.

З 1937 па 1940 гады служыў у радах РСЧА. Скончыў школу сувязістаў ва Ульянаўску, у званні сяржанта ваяваў на Халхін-Голе і каля возера Хасан. Удзельнік савецка—фінляндскай вайны 1939—1940 гадоў. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Асіповічы.

Застаўся электраманцёрам і пасля прыхода немцаў, якія 30 чэрвеня 1986 года занялі Асіповічы — вузлавую станцыю, якая стала падчас акупацыі важнай базай Вермахту. Тут размяшчаліся склады, фарміраваліся ці разгружаліся мноства варожых ваенных эшалонаў.

Ужо ў ліпені 1941 года Фёдар Крыловіч наладзіў сувязь з партызанамі, а ў жніўні арганізаваў у Асіповічах падпольную камсамольскую групу, якая ўвайшла ў склад Асіповіцкага камуністычнага падполля.

«Дыверсія Крыловіча»

[правіць | правіць зыходнік]

Сакратар Магілёўскага падпольнага абкама ЛКСМБ, упаўнаважаны ЦК ЛКСМБ у зоне Асіповічы — Бабруйск Павел Валожын са складу партызанскага атраду «Храбрацы» НКУС БССР (кіраўнік — Аляксандр Маркавіч Рабцэвіч), які дзейнічаў тады ў Бабруйскім і Асіповічскім раёнах Беларусі, вясной 1943 года сустрэўся з Фёдарам Крыловічам і даручыў яму пашырыць маштаб дыверсій і актаў сабатажу на станцыі і ў горадзе, узарваць эшалон з палівам у Магілёўскім (Паўночным) вагонным парку станцыі Асіповічы.

Каб атрымаць доступ да эшалона, які прыбыў на станцыю ў ноч на 30 ліпеня 1943 года, падпольшчык пашкодзіў электраправодку ўваходнага светлафора, а калі яго выклікалі для рамонту, усталяваў дзве міны на цыстэрнах у пачатку і канцы чыгуначнага саставу ворага. У выніку выбуху і ўзніклага пасля яго пажару былі знішчаны адразу чатыры ваенныя эшалоны з боепрыпасамі і тэхнікай: згарэлі 63 вагоны са снарадамі, авіябомбамі, танкамі «Тыгр» і «Пантэра», 23 платформы з бензінам, 8 цыстэрнаў з аўтамаслам, 15 вагонаў с запасамі харчавання, 5 паравозаў, кран для падачы вугалю, вугальны склад, станцыйныя пабудовы[1]. Загінула каля 50 нямецкіх салдатаў[2]. На працягу 10 гадзін над горадам бушавала полымя. Спужаўшыся выбухаў, разбеглася і ахова размешчанага паблізу лагера ваеннапалонных, а зняволеныя сышлі ў лес да партызан.

Праведзеная аперацыя, вядомая як «Дыверсія Крыловіча» стала адной з буйнейшых дыверсій усёй Другой сусветнай вайны. Паводле фундаментальнай працы «Гісторыя Другой сусветнай вайны 1939—1945» (Москва, 1976, том 7, с. 314):

«…у ноч на 30 ліпеня камсамолец-падпольшчык Фёдар Крыловіч з аператыўнай групы „Храбрацы“ здзейсніў на Магілёўскім чыгуначным вузле буйную дыверсію.»

Пасля выбуху Фёдар Крыловіч сышоў з горада ў 1-ю Бабруйскую партызанскую брыгаду, якой камандаваў Віктар Лівенцаў. Узначаліў у атрадзе дыверсійную групу, здзейсніў шэраг паспяховых аперацый. Атрымаў некалькі раненняў і кантузій.

За паспяховае правядзенне гэтай аперацыі Фёдар Крыловіч, пазней, у 1949 годзе быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Пасляваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння вайны з верасня 1945 года працаваў старэйшым электраманцёрам на станцыі Асіповічы. Памер у 1959 годзе ў беднасці і забыцці, не дачакаўшыся прызнання яго заслуг[3].

  • Імя Крыловіча нададзена вуліцам у Мінску і Асіповічах.
  • Усталявана мемарыяльная дошка на станцыі Асіповічы.
  • Помнік Крыловічу ў Асіповічах

Зноскі

  1. Крылович, Фёдор Андреевич Архівавана 4 сакавіка 2016.
  2. Згодна з нямецкім дакументам, загінула 4 чалавека, паранены — 33.
  3. За паспяховае правядзенне асіповіцкай дыверсіі ў пачатку 1944 года званні Герояў Савецкага Саюза атрымалі трое кіраўнікоў з розных партызанскіх ведамстваў: А. М. Рабцэвіч, В. І. Лівенцаў і М. Ф. Каралёў. Ф. Крыловіч атрымаў Медаль «Партызану Айчыннай вайны».
  • Крыло́віч Фёдар Андрэевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 404. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.