Цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў 2019

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мінскі стадыён «Дынама», на якім адбылася цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў 2019.

Цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў 2019 адбылася на стадыёне «Дынама» ў Мінску 21 чэрвеня 2019 года. Удзельнікамі сталі каля 25 000 чалавек: спартсмены, прадстаўнікі каманд краін-удзельніц, валанцёры, госці на трыбунах. Трансляцыю глядзелі некалькі мільёнаў тэлегледачоў.[1]

Цырымонія[правіць | правіць зыходнік]

Генеральным прадзюсарам цырымоніі выступіў расійскі кампазітар Ігар Крутой[ru], рэжысёры-пастаноўшчыкі – Аляксандр Вавілаў і Аляксей Сечанаў[ru].

Ганаровымі гасцямі цырымоніі былі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, афіцыйныя дэлегацыі. З відэавіншаваннем да ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў звярнуўся Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Ён заклікаў «выкарыстоўваць спорт, каб пабудаваць мірную, квітнеючую, устойлівую будучыню, да якой мы ўсе імкнёмся».

Удзел у шоу адкрыцця гульняў прынялі больш як 500 артыстаў, музычнае суправаджэнне ўвесь вечар забяспечваў Прэзідэнцкі аркестр Беларусі. Хэдлайнерамі сталі зоркі сусветнай сцэны. На «Дынама» выступілі ўладальнік узнагароды «Лепшы азіяцкі спявак» Дзімаш Кудайберген[kk], а таксама народная артыстка Расіі Ганна Нятрэбка і драматычны тэнар Юсіф Эйвазаў[az].

Трохгадзінная праграма адкрыцця стала гідам па гісторыі, культуры і духоўных традыцыях Беларусі. Цырымонія складалася з некалькіх частак. Галоўнай аб’яднальнай тэмай стала легенда аб папараць-кветцы. Пасля ўрачыстага падняцця дзяржаўнага сцяга і выканання гімна Беларусі цырымонію адкрыў эпізод «Купалле» – аб самабытнасці, ідэнтычнасці і гасціннасці беларусаў.

Далей пачалася самая масавая частка – парад спартсменаў: дэлегацыі ўсіх 50 краін-удзельніц у алфавітным парадку прайшлі перад трыбунамі. Завяршыла парад беларуская дэлегацыя. Сцяганосцам зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцця стаў экс-першая ракетка свету па настoльным тэнісе Уладзімір Самсoнаў.

Пасля прадстаўлення краін і гімна II Еўрапейскіх гульняў – песні «Winners» у выкананні беларускага спевака Кірыла Гуды – пачалося тэатралізаванае шоу «Калі цвіце папараць» у пяці эпізодах.

Першы расказаў пра легенды і паданні старажытнай Беларусі, міфічных герояў Лесуна, Цмока, Вужынага караля, Ваўкалака. Другі нагадаў пра багатую культурную і духоўную спадчыну краіны: пра знакамітых гістарычных асоб, такіх як Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Вітаўт, Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка, Францыск Скарына, Леў Сапега, Сімяон Полацкі, Казімір Семяновіч, вялікі здабытак беларусаў – кнігі, помнікі архітэктуры, унікальныя артэфакты. Трэці эпізод стаў прысвячэннем выдатным беларускім дзеячам XX стагоддзя, сярод якіх Янка Купала, Якуб Колас, Соф’я Кавалеўская, Марк Шагал, Лявон Бакст, Павел Сухой, Жарэс Алфёраў, Уладзімір Мулявін, Валянцін Елізар’еў. Эпізод пад назвай «Памяць» нагадаў аб традыцыі беларускіх ручнікоў, якія зберагалі ад бед і хвароб, расказаў пра трагічную старонку ў гісторыі краіны – Другую сусветную вайну. Пяты эпізод, сімвалам якога стала Белавежская пушча – зрабіў акцэнт на тэме экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. У фінале тэатралізаванага шоу на трыбунах «Дынама» з’явілася постаць вялізнага зубра.

Элементам цырымоніі адкрыцця стала тэхналогія дапоўненай рэальнасці[en], дзякуючы якой гледачы на экранах тэлевізараў, а госці стадыёна – на смартфонах з дапамогай спецыяльнага дадатка бачылі эфектную карцінку – буслоў, якія ляталі над трыбунамі, уяўных зуброў, якія праскакалі непасрэдна над чашай стадыёна, ззянне квітнеючай папараць-кветкі.

Знакамітыя спартсмены – чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова, алімпійскі чэмпіён па дзюдо Ігар Макараў, трэнер па фрыстайле і чэмпіён СССР у скачках на батуце Мікалай Казека, алімпійскі чэмпіён па фехтаванні Аляксандр Раманькоў, алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Ала Цупер, алімпійская чэмпіёнка па лёгкай атлетыцы Яніна Карольчык – пранеслі па арэне «Дынама» сцяг Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Калі ён быў узняты побач са сцягам Беларусі, прагучалі тры клятвы – атлетаў, суддзяў і трэнераў: ад імя ўсіх удзельнікаў іх агучылі Васіліса Марзалюк, Артур Фандо і Вольга Уласава.

Звяртаючыся да спартсменаў, прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч[sl] заклікаў спаборнічаць у адпаведнасці з духам спартыўнага майстэрства і сумленнай гульні, даказваць сваю перавагу на мяжы чалавечых здольнасцей, але сапернічаць у адпаведнасці з прынцыпамі чыстага спорту. Янез Качыянчыч на беларускай мове падзякаваў краіне за гасціннасць, а таксама адзначыў, што Еўрапейскія гульні сталі самай значнай спартыўнай падзеяй у гісторыі Беларусі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка аб’яўвіў II Еўрапейскія гульні адкрытымі.

Кульмінацыяй шоу стала завяршэнне эстафеты «Полымя міру». Фінальныя метры на стадыёне «Дынама» прабеглі з факеламі сямёра беларускіх спартсменаў і разам запалілі агонь у «Чашы папараць-кветкі».

Зноскі

  1. Цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў(недаступная спасылка). Belarus.by. Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2021. Праверана 2 верасня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]