Дынама (стадыён, Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Дынама»
Стадыён «Дынама»
стадыён УЕФА 4-й катэгорыі
4 з 4 зорак4 з 4 зорак4 з 4 зорак4 з 4 зорак
Поўная назва Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама»
Месцазнаходжанне Беларусь, Мінск,
вуліца Кірава, 8
Пабудаваны 1934
Адкрыты 12 чэрвеня 1934
Рэканструяваны 1937—1939, 1946—1954,
1978—1980, 2014—2018
Уладальнік Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт
Хатняя каманда зборная Беларусі па футболе,
«Дынама» Мінск
Умяшчальнасць 22 000[1]
Памеры поля 105×68 м
Пакрыццё натуральнае
Лагатып Вікісховішча «Дынама» на Вікісховішчы

Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама» — шматфункцыянальны стадыён у Мінску, галоўная спартыўная арэна Беларусі. Выкарыстоўваецца для правядзення футбольных матчаў і спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. З’яўляецца хатняй арэнай для зборнай Беларусі па футболе і футбольнага клуба «Дынама» Мінск. Умяшчальнасць стадыёна складае 22 000 месцаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Стадыён быў афіцыйна адкрыты 12 чэрвеня 1934 года. Уласнікам арэны з’яўляўся Мінскі абласны савет фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама». Першапачаткова трыбуны ўмяшчалі 10 тысяч чалавек. Стадыён хутка стаў самым наведвальным спартыўным аб’ектам БССР, і неўзабаве паўстала патрэба ў павелічэнні яго ўмяшчальнасці. Таму ў 1937—1939 гадах была праведзена першая рэканструкцыя, у выніку якой колькасць месцаў для гледачоў павялічана на 12 000.

Падчас Другой сусветнай вайны стадыён быў разбураны — захаваліся толькі рэшткі трыбун. Астатнія спартыўныя збудаванні былі цалкам знішчаны. Аднаўленне стадыёна пасля вайны пачалося ў 1946 годзе. Першы футбольны матч на «Дынама» прайшоў 12 чэрвеня 1948 года, аднак будаўніцтва вялося яшчэ да 1954. Над праектам працавалі архітэктары В. Вальфензон, М. Колі, М. Паруснікаў, С. Сатунц, Е. Шаркова і Н. Шміт. Пасля заканчэння будаўніцтва трыбуны спартыўнай арэны ўмяшчалі 35 тысяч гледачоў.

У 1978—1980 гады напярэдадні ХХII летніх Алімпійскіх гульняў стадыён быў рэканструяваны спецыяльна для правядзення матчаў адборачнага футбольнага турніру Алімпіяды. Аўтары праекта — архітэктары С. Баткоўскі, М. Гаўхфельд, Л. Гельфанд і Ю. Спясіўцаў. Да галоўнага старту чатырохгоддзя на «Дынама» ўстаноўлены новае табло і асвятляльныя мачты, надбудаваны другі ярус трыбун (умяшчальнасць павялічана да 50 000), абсталяваны ложы для прэсы і спецыяльнае памяшканне для допінг-кантролю. У 1999 годзе на трыбунах былі ўсталяваныя пластыкавыя сядзенні, у выніку чаго колькасць месцаў для гледачоў скарацілася да 34 тысяч.

Рэканструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Матч Беларусь — Сан-Марына, верасень 2018 года

У 2012 годзе ўлады горада абвясцілі міжнародны конкурс на лепшы архітэктурны праект рэканструкцыі стадыёна. У тэндэры прымалі ўдзел спачатку вугорская кампанія «Грабаплан», а затым нямецкая кампанія GMP International GmbH. Нягледзячы на ​​перамогу ў конкурсе нямецкай GMP, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіўся ад прапанаванага праекта з-за высокага кошту яго рэалізацыі.

16 мая 2014 года прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ «Аб рэканструкцыі комплексу аб’ектаў стадыёна «Дынама» у г. Мінску». Заказчыкам было вызначана ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, генеральнай праектнай арганізацыяй — прадпрыемства «Мінскпраект». Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт сродкаў бюджэту сталіцы.

Пазней улады горада прапанавалі перабудаваць стадыён «Дынама» у Нацыянальны алімпійскі стадыён. Было вырашана зрабіць лёгкаатлетычную арэну з магчымасцю правядзення на ёй футбольных матчаў. Рэканструкцыя прадугледжвала захаванне гістарычнага аблічча стадыёна і скарачэнне ўмяшчальнасці да 22 тысяч. Агульная колькасць гледачоў уключае ложу ганаровых гасцей больш чым на 600 чалавек. Значна пашыраны плошчы для работы спартыўных журналістаў: для прадстаўнікоў СМІ адводзіцца 800 месцаў на трыбунах і 200 у галоўным прэс-цэнтры.

Сучасны выгляд стадыёну надаюць навес з пакрыццём з алюмініевых прафіляваных лістоў, а таксама зашклёная частка фасада заходняй трыбуны. Старыя асвятляльныя мачты спартыўнай арэны заменены на новыя. Пад навесам былі ўсталяваныя дадатковыя пражэктары і гукавая сістэма. Праведзена мадэрнізацыя сістэмы вадкаснага падагрэву поля, з’явіліся два новых мультымедыйных табло.

На стадыёне ўпершыню ў краіне ўкаранёна сістэма «старт-фініш», якая дазваляе за лічаныя секунды фіксаваць фальстарт, фотафініш, вымяраць дакладную адлегласць, на якую паляцеў снарад у спаборніцтвах па кіданні. Лёгкаатлетычнае ядро спартыўнай арэны ўключае ў сябе дзевяць бегавых дарожак, сектары для скачкоў у даўжыню, у вышыню, з шастом і патройнага скачку, для штурхання ядра, кідання дзіды, дыска і молата, яма для бегу стыпль-чэз. Газон на футбольным полі натуральны, памеры поля — 105×68 метраў.

Вялікая ўвага пры распрацоўцы праекта была нададзена пытанням бяспекі. На тэрыторыі спартыўнага аб’екта размешчана каля 400 відэакамер. Дзве тысячы квадратных метраў у падтрыбунных памяшканнях адведзены пад камерцыйныя мэты. Для заўзятараў і наведвальнікаў прадугледжаны 64 месцы на падземнай паркоўцы і 229 на тэрыторыі побач з арэнай. Па перыметры трыбун стадыёна размешчаны кропкі грамадскага харчавання.

Адкрыццё[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыццё спартыўнай арэны пасля рэканструкцыі адбылося 21 чэрвеня 2018 года. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел прэзідэнт Беларусі і прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый. Нацыянальнаму алімпійскаму стадыёну «Дынама» прысвоены чацвёртая катэгорыя УЕФА і першы клас ад IAAF.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Галоўная спартыўная арэна Мінска прымае матчы з удзелам зборнай Беларусі па футболе і футбольнага клуба «Дынама» Мінск, фіналы Кубка Беларусі. З 21 па 30 чэрвеня 2019 года на стадыёне «Дынама» праходзілі II Еўрапейскія гульні.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]