Чынук (індзейцы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Чынук
(Tsinúk)
Swinomish potlatch.jpg
Агульная колькасць 1800 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША, Канада
Мова чынукскія мовы, чынук вава
Рэлігія анімізм, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Чыну́к (саманазва: Tsinúk) — група малых індзейскіх народаў, якая размаўляе на чынукскіх мовах, карэннае насельніцтва вакол ракі Калумбія. Жывуць у ЗША і Канадзе. Агульная колькасць (2018 г.) - 1800 чал.[1][2][3]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна міфалогіі чынук, яны з'яўляюцца нашчадкамі чалавека, народжанага ад яйка буравесніка[4]. Навукоўцы лічаць, што продкі чынук насялялі ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі пасля 300 г. да н. э.[5] Чынук не мелі палітычнага адзінства і падзяляліся на некалькі малых народаў. Агульная назва чынук была дадзена ім ў сярэдзіне XIX ст. па найменню салішскай вёскі.

Вылучаюць наступныя этнічныя супольнасці чынук першай паловы XIX ст.:

  • Катламет (вусце ракі Калумбія)
  • Клатсап (уздоўж ракі Калумбія)
  • Клэкамас (даліна Віламіт)
  • Клавевала (даліна Віламіт)
  • Ватлата (вадаспады ракі Калумбія)
  • Васка і вішрам (паўднёвы бераг ракі Калумбія)
  • Чылукітэква (паўночны бераг ракі Калумбія)
  • Кілукланюк (ніжняя плыня ракі Калумбія)
  • Катласкан (востраў Саві)
  • Вілапа (заліў Вілапа)
  • Вакікум (сярэдняя плыня ракі Калумбія)
  • Скілот (сярэдняя плыня ракі Калумбія

У нашы дні прынята вылучаць ніжніх і верхніх чынук, а таксама крэолаў вава.

Верагодна, кантакты з еўрапейцамі пачаліся ўжо ў XVI - XVII стст., але дакументаваны факт гандлёвых зносін з маракамі датуецца 1792 г.[6] У 1805 г. землі чынук наведала амерыканская экспедыцыя Льюіса і Кларка. У 1811 г. быў адчынены амерыканскі гандлёвы пост. Археалагічныя даследаванні паказваюць, што гандаль з народамі еўрапейскага паходжання аказаў моцны ўплыў на матэрыяльную культуру чынук[7]. Аднак зваротным бокам кантактаў былі эпідэміі малярыі і воспы.

У 1850 - 1851 гг. тэрыторыі чынук пачалі займаць амерыканскія перасяленцы. Улады ЗША заключылі мірныя пагадненні з плямёнамі і перасялілі іх у рэзервацыі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная хаціна чынук

Галоўнымі заняткамі індзейцаў чынук здаўна з'яўляліся рыбалоўства і збіральніцтва. Рыбу лавілі сеткамі, білі гарпунамі, стрэламі, ладзілі пасткі і дамбы на рэках. Асабліва важную ролю адыгрываў сезонны лоў ласасёвых рыб. Іх вэндзілі і назапашвалі на зімовы перыяд. Паўседзённым дадаткам да ежы быў рыбін тлушч. Збіральніцтвам займаліся пераважна жанчыны. Збіралі ядомыя расліны і малюскаў. Прысмакай лічылася смажаная на камянях дзікая цыбуля з ягадамі. Нягледзячы на багатую фаўну, паляванне мела другасны характар. Палявалі на ласёў, аленяў, дзікіх птушак, жыхары ўзбярэжжа — на ластаногіх. У XIX ст. ведалі конегадоўлю, умелі вырошчваць бульбу.

Чынук былі выдатнымі будаўнікамі каноэ, што вырабляліся з суцэльнага драўнянага ствала і выпальваліся ўсярэдзіне. Экспедыцыя Льюіса і Кларка выкарыстоўвала мясцовыя каноэ для транспартыроўкі па рацэ Калумбія і нават выкрала адно, калі не здолела дамовіцца аб абмене на тавары. Лічыцца, што чынук рэдка ваявалі, хаця сярод іх былі ваеннапалонныя рабы. У якасці зброі выкарыстоўвалі лукі, стрэлы, дзіды і булавы. Для абароны цела выраблялі наборныя даспехі з ласінай скуры і хваёвай кары. У пачатку XIX ст. чынук ужо шырока выкарыстоўвалі прылады еўрапейскага паходжання, пра што кажуць шматлікія шкляныя бутэлькі[8], якія знаходзяць археолагі.

Багатыя рэсурсы дазвалялі чынук мець сталыя паселішчы. Хаціны будавалі ў форме чатырохкутніку з дошак. У даўжыню яны былі ад 15 м да 45 м. У такой хаціне адначасова жыло некалькі сваяцкіх сем'яў. Для абароны ад вільгаці дошкі перакрывалі некалькі разоў. Знутры хаціны мелася яміна для агменя. Вокнаў не было, аднак у даху рабілі адтуліны для святла і дыму. Спальныя месцы і гаспадарчая прастора адлучаліся дошкамі і шкурамі. Перад уваходам усталёўваўся татэмны слуп.

Мужчыны амаль не насілі вопратку. Толькі ў дрэннае надвор'е апраналі халаты, падперазаныя вяроўкай. Жанчыны мелі вопратку накшталт спадніц і фартукаў. Для вопраткі выраблялі валакно з асоту або хваёвай кары. Чынук багата размалёўвалі цела і твар, рабілі татуіроўкі, упрыгожваліся бісерам.

Асноўнай грамадска-палітычнай адзінкай была вясковая абшчына, што складалася з буйных пашыраных сем.яў, якія ў сваю чаргу ўваходзілі ў склад родаў. Сваяцтва перадавалася па жаночай лініі, таму дзеці былі чальцамі роду маці. Пэўныя сем'і і роды валодалі месцамі лову і збіральніцтва, каноэ. Існавала таксама прыватная маёмасць. Найбольш заможны мужчына займаў пасаду правадыра вёскі. Асабліва заможныя маглі кантраляваць некалькі суседніх вёсак. У чынук існаваў звычай сплескваць чэрап немаўлятаў з дапамогай дошак. Пляскаты чэрап лічыўся прыкметай заможнага роду. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы знаходзіліся рабы. Іх колькасць дасягала 25% ад усяго насельніцтва.

Фальклор чынук багаты на міфы і казкі. Вылучаюцца цыклы казак пра трыкстэраў Блакітную Сойку[9] і Каёта[10]. Рытуальныя песні і танцы суправаджаліся музыкай. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: свістулькі і бразготкі.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Чынукскія мовы ўтвараюць самастойную моўную сям'ю. Вылучаюць 8 моў, якія падзяляюць на 3 групы. У нашы дні захавалася толькі верхнечынукская мова васка-вішрам. На аснове чынукскіх і еўрапейскіх моў узнік крэольскі жаргон чынук вава.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]