Шляхта
Шляхта — прывілеяванае саслоўе на тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Чэхіі ў 13 — 20 стагоддзі. Эканамічная аснова пануючага становішча шляхты — феадальная ўласнасць на зямлю. Узаемаадносіны паміж рознымі слаямі шляхты грунтаваліся на прынцыпах феадальнай іерархіі.
Доступ у саслоўе шляхты[правіць | правіць зыходнік]
Доступ у саслоўе шляхты быў магчымы толькі ў выключных выпадках за вялікія заслугі. Шляхі пераходу ў шляхецкае саслоўе:
- набілітацыя — наданне шляхецтва каралём, сеймам, гетманам на полі бою;
- адопцыя — прыём у геральдычны род прадстаўнікоў іншых саслоўяў;
- індыгенат — прызнанне шляхецтва прадстаўнікоў прывілеяваных саслоўяў іншых краін.
Дзяленне шляхты[правіць | правіць зыходнік]
Дзяленне шляхты:
- магнаты;
- сярэдняя шляхта або паны (валодала ад адной да некалькіх вёсак);
- заградковая, засцянковая або ваколічная шляхта (мела сваю гаспадарку, але не мела ва ўласнасці сялян);
- шляхта-галота (не мела сваёй зямлі і жыла пры магнацкіх і панскіх дварах у якасці слуг).
Вядомыя прадстаўнікі шляхты на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага[правіць | правіць зыходнік]
Вядомыя князі, ваяводы, кашталяны, гетманы, канцлеры — Радзівілы, Сапегі, Глябовічы, Хадкевічы, Пацы, Вішнявецкія, Агінскія, Астрожскія, Кішкі, Завішы, Тышкевічы, Валовічы, Гальшанскія.
Шляхцянкі — выхаванне і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
У другой палове XVIII ст. роля жанчыны ў грамадскім асяроддзі Вялікага Княства Літоўскага пад уплывам Францыі павышаецца. Перадавая частка шляхты пачала прытрымлівацца думкі, што для трывалай шляхецкай сям'і і стабільнага грамадства неабходна была выхавана і адукаваная жанчына. Ад яе залежаў сямейны дабрабыт і выхаванне будучага пакалення. Пашыраецца дзейнасць манаскіх ордэнаў, якія займаліся выхаваннем шляхцянак, жаночыя пансіёны, школкі. Набывае папулярнасць замежная адукацыя. Але дамінуючай заставалася хатняя адукацыя.
Хатняе выхаванне шляхцянак[правіць | правіць зыходнік]
Хатняя адукацыя ў заможнай і сярэдняй шляхце[правіць | правіць зыходнік]
Доўгі час шляхцянак навучалі толькі хатнія настаўнікі, якіх па сваім жаданні і фінансавых магчымасцях наймалі бацькі. Выбар асоб, на якіх ускладваліся абавязкі выхавацеля і настаўніка, часцей за ўсё падаў на выпускнікоў навучальных устаноў, што ўтрымліваліся каталіцкай, уніяцкай і праваслаўнай цэрквамі, або колішніх студэнтаў, слухачоў буйных універсітэтаў Еўропы. Так, Я. Пашкоўскі (1684—1757), выпускнік Віленскай акадэміі, вучыў дзяцей М.-К. Радзівіла Рыбанькі. Буйнымі філосафамі, педагогамі, пісьменнікамі і дзяржаўнымі дзеячамі былі настаўнікі дзяцей віленскага ваяводы Я. Гільзена, надворнага маршалка Вялікага Княства Літоўскага Сцыпіна дэ Кампа, падскарбія надворнага літоўскага, гродзенскага старасты А. Тызенгаўза, Соф'і Чартарыйскай і Ганны Сапегі з роду Замойскіх.
Сярэдняя шляхта таксама звярталася да паслуг хатніх настаўнікаў. Аднак у поле яе зроку хутчэй за ўсё траплялі выпускнікі калегіумаў або іншых навучальных устаноў не вельмі высокага рангу. У XVIII ст. грамадская думка Вялікага Княства Літоўскага пачала развівацца пад значным уплывам Францыі. Французскі ўплыў адчуваўся і ў адукацыі. Праявай франкаманіі было з'яўленне ў шляхецкіх дамах вялікай колькасці замежных гувернёраў і гувернантак, якія навучалі гаспадарскіх дзяцей розным навукам і суправаджалі іх ад самага дзяцінства і часам нават перадаваліся, нібы ў спадчыну, ад старэйшых дзяцей да малодшых.
Хатняя адукацыя Соф'і Замойскай Соф'я Замойская з роду Чартарыйскіх была малодшая ў сям'і, яе выхаваннем займалася гувернантка панна Petit, якая выхоўвала яшчэ яе старэйшую сястру. Панна Petit вучыла Соф'ю французскай мове, геаграфіі, гісторыі і Катэхізісу. Пра сваю адукацыю Соф'я зазначала, што яна была вельмі павярхоўная, за поспехамі і недахопамі яе ніхто з бацькоў не сачыў, а панна-выхавацелька была ўжо ў даволі сталых гадах, каб актыўна займацца навучаннем гаспадарскай дачкі. У Соф'і яшчэ было некалькі настаўнікаў: англійскай мове яе навучала жонка камердынера, быў настаўнік па ігры на фартэпіяна, таксама настаўнік танцаў.
Падарожжа як неабходны дадатак адукацыі[правіць | правіць зыходнік]
Неабходным дадаткам хатняй адукацыі шляхецкіх дзяцей сталі падарожжы па Еўропе. Традыцыя ад'язджаць за мяжу з мэтай атрымання адукацыі сфарміравалася яшчэ ў часы Адраджэння. А ў другой палове XVIII ст. яна не толькі захавалася, але і распаўсюдзілася, што было абумоўлена пашырэннем палітычных і гандлёвых сувязяў і большай адкрытасцю грамадства — з'явай, характэрнай для Новага часу. Замежныя падарожжы давалі магчымасць шляхцянкам удасканаліць валоданне мовамі, пашырыць свае веды па геаграфіі і гісторыі, пазнаёміцца з еўрапейскімі славутасцямі і адначасова паказаць свае здольнасці. Заможныя шляхцянкі з Вялікага Княства Літоўскага імкнуліся абавязкова наведаць Парыж, Вену, Берлін, Рым.
Кляштарнае выхаванне шляхцянак[правіць | правіць зыходнік]
Значнасць кляштараў для развіцця жаночай асветы[правіць | правіць зыходнік]
Значнасць арганізацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім жаночых кляштараў для развіцця жаночай асветы была велізарнай. Большасць з манаскіх ордэнаў мелі ў статуце палажэнне аб асветніцкай дзейнасці. Менавіта таму практычна заўсёды адкрыццё ў горадзе ці мястэчку кляштара азначала з'яўленне там школы (часцей за ўсё пачатковай). Дзякуючы гэтаму ўжо ў сярэдзіне XVII ст. у Вялікім Княстве Літоўскім сфарміравалася асобная сістэма жаночай адукацыі. А на пачатку XVIIІ ст. дзейнічала некалькі жаночых манаскіх ордэнаў: бернардзінкі, бенедыкцінкі, брыгіткі, дамініканкі, кармеліткі, марыявіткі, візіткі. Але колькасць іх была не вялікай. Жаночых кляштараў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага было значна менш, чым мужчынскіх. Адпаведна і магчымасцей аддаць сваіх дачок на выхаванне манашкам у мясцовай шляхты было значна менш. Адначасова існавалі і невялікія школкі, разлічаныя на дзяцей збяднелых шляхціцаў, якія ўтрымліваліся за кошт кляштара, а часцей фундатара.
Навучанне ў кляштары праводзілі самі манашкі, якія выкладалі шэраг найбольш неабходных прадметаў — чытанне, пісьмо, лічэнне, рукадзелле, а таксама танцы і музыку. Вывучэнне Святога Пісання займала найбольш часу і лічылася самым неабходным у адукацыі. Але агульны ўзровень адукацыі быў даволі нізкім і нярэдка абмяжоўваўся толькі сярэднявечнай схаластыкай. Толькі ў сярэдзіне XVIIІ ст. вучэбныя праграмы большасці кляштараў былі некалькі зменены.
Мода на французскую адукацыю[правіць | правіць зыходнік]
Значна змянілася сітуацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім са з'яўленнем ордэна візітак, якія прынеслі моду на французскую адукацыю. З сярэдзіны XVIII ст. пачынаюць стварацца спецыяльныя пансіёны для шляхцянак, выкладанне ў якіх стала арыентавацца на Францыю і яе культуру, а мовай выкладання была французская. Рэлігійнае навучанне ў пансіёнах захавала свае пазіцыі, але павялічылася ўвага і да прадметаў свецкага характару. Так, для навучання мовам, спевам, танцам, маляванню, якія сталі неабходнымі для кожнай шляхетнай дзяўчыны, спецыяльна наймаліся свецкія выкладчыкі.
З пансіёнаў візітак выходзілі дзяўчаты, якія неслі ў грамадства французскую культуру і своеасаблівы касмапалітычны светапогляд. Мода на французскае пачала ахопліваць усё княства: жанчыны сталі насіць французскую вопратку, карыстацца французскай мовай, літаратурай і, галоўнае, пераймалі стыль паводзін, які прадугледжваў актыўнае свецкае жыццё жанчын вышэйшага саслоўя, валоданне мастацкімі талентамі, больш свабодныя адносіны ў шлюбе. Французская мода ліквідавала і недахоп цікавасці да музыкі і нават пэўную непрыязнасць да яе, што ўсталявалася яшчэ ў XVII ст.
На неабходнасць наладжвання адукацыі больш свецкаарыентаванага характару ў сярэдзіне XVIIІ ст. звярнулі ўвагу і іншыя жаночыя манаскія ордэны. Адбыліся змены ў школках бенедыкцінак і ў бернардзінскіх канквіктах. Тут вучыліся чытаць, пісаць, лічыць, спяваць, а таксама размаўляць па-французску. У падобным кірунку працавалі і сёстры-брыгіткі.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя. Том 1. Мн., 1978
- Гардзіенка Н. С. Кляштарнае выхаванне шляхцянак у Вялікім княстве Літоўскім у XVIII ст // Адукацыя і выхаванне. 2001. № 4.
- Лойка П. А. Шляхецка-сялянскія міжсаслоўныя адносіны на беларускіх землях другой палове XVI — першай палове XVII cт. // Журнал Российские и славянские исследования, Вып. 4 — 2009 г.
- Мальдзіс, А. І. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. — Мінск: Лімарыус, 2001. — 383 с. — 2000 экз. — ISBN 985-6300-11-8.
- Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001
- Самусік А. Ф. Жаночая асвета на беларускіх землях у канцы XVI — першай палове XIX ст. // Адукацыя і выхаванне. 1998. № 9.
- Сліж Н. Статус жанчыны-шляхцянкі ў ВКЛ (XVI—XVIII ст.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1996. № 4.
- Чарапанава Л. А. Гендэрныя аспекты адукацыі і выхавання // Адукацыя і выхаванне. № 4.
- Шыдлоўскі, С. А. Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі : 1795—1864 гг.. — Мінск: Беларуская навука, 2011. — 168 с. — 200 экз. — ISBN 978-985-08-1241-4.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Згуртаванне Беларускай Шляхты
- Шляхта. Альфабэтныя сьпісы (бел.)
- Геральдыка шляхты. (бел.)
- Куба Пакойскі Рыцарская падрыхтоўка як важны элемэнт выхаваньня маладога шляхціца ў XVI-XVII стагоддзях. Пераклад з польскай. (бел.)
- Гербы беларускае шляхты (бел.)
- Асвета.belinter.net
- Тадэвуш Пяркоўскі Легітымацыя шляхты ў правінцыях Рэчы Паспалітай, акупаваных Расеяй. Пераклад з польскай. (бел.)
- Віталь Макарэвіч «Антыразбор» шляхты: Падробкі дваранскіх дакументаў і нелегальныя набілітацыі ў Беларусі ў ХІХ ст.
- Народ шляхецкі (бел.)
- Саслоўныя і палітычныя свабоды шляхты (бел.)