Перайсці да зместу

Эбсторфская карта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эбсторфская карта

Эбсторфская ка́рта — створаная каля 1284 года (паводле іншых звестак, у 1240 годзе) круглая (дыяметр каля 3,5 м) каляровая карта вядомага свету на пергаментным аркушы агульнай плошчай 13 м².

Аўтарства прыпісваюць ці то англійскаму схаласту Гервасію Тыльберыйскаму (памёр у 1235 годзе), ці то Гервасію фон Тыльбурну — высокаадукаванаму нямецкаму рыцару, які шмат падарожнічаў па розных краінах, а ў канцы жыцця прыняў манаства і атрымаў у валоданне бенедыкцінскі кляштар у ніжнесаксонскім горадзе Эбсторфе на поўдзень ад Гамбурга (адкуль назва), дзе з дапамогай манахаў пачаў ствараць Эбсторфскую карту. Знаходзілася ў алтары царквы кляштара, у XVI стагоддзі закінутая, знойдзена і ўведзена ў навуковы абарот у 1830-х гадах. У 1943 годзе арыгінал загінуў, захаваліся 4 копіі XIXXX стагоддзяў.

Такія тыповыя для Сярэднявечча карты, арыентаваныя, у адрозненне ад сучасных, не на поўнач, а на ўсход, служылі ілюстрацыяй да біблейскага апавядання аб рассяленні сыноў Ноя пасля патопу. Традыцыйна мелі выгляд круга, у які ўпісвалася літара «T», утвараючы манаграму «O-T», што расшыфроўвалася як Orbis Terrarum (круг зямны). Верхні сектар круга адпавядаў Азіі, заселенай нашчадкамі Сіма; левы ніжні — Еўропе (Яфета); правы ніжні — Афрыцы (Хама). Вертыкальнай рысай «T» служыла Міжземнае мора, гарызантальнай — Дон, Чорнае, Мармуровае, Эгейскае мора і Ніл (ці Чырвонае мора). У цэнтры знаходзіўся Іерусалім.

Эбсторфская карта — самая славутая з карт гэтага тыпу і першая з вядомых еўрапейскіх карт, на якой адлюстравана тэрыторыя Беларусі: рэкі Нёман (Memela) і Дзвіна (Duna); над апошняй размешчаны Смаленск (Smalentike) і Полацк (Plosceke civitas), апошні далей ад вусця Дзвіны, чым першы. Выдуманая выява Полацка — адна з першых у заходнееўрапейскай іканаграфіі. Эбсторфская карта сведчыць пра важнасць гандлёвага шляху па Дзвіне і разнастайныя сувязі, якія існавалі паміж Полацкам, Віцебскам, Смаленскам і нямецкімі гарадамі Інфлянтаў і Готланда ў XIII стагоддзі.

  • Белы А. Эбсторфская карта // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 254. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Journeys to the Promised Land: maps, diaries, and journals of travellers to Israel in ancient days and the present. London, 1989.
  • Alexandrowicz S. Rozwoj kartografii Wielkiego Ksiestwa Litewskiego od XV do polowy XVIII w. Poznan, 1989.
  • Дитмар А. Б. От Птолемея до Колумба. М., 1989.
  • Белы А. (1999). "Беларусь на Эбсторфскай карце XIII ст". Спадчына (2): 73–82. Архівавана з арыгінала 22 жніўня 2007.