Эма Дмахоўская
Эма Яленская (Дмахоўская) | |
---|---|
| |
Нараджэнне |
29 лютага 1864 |
Смерць |
24 студзеня 1919 (54 гады) |
Месца пахавання | |
Род | Яленскія |
Імя пры нараджэнні | польск.: Emma Jeleńska |
Бацька | Жыгімонт-Гектар Казіміравіч Яленскі (1824—1871) |
Маці | Амелія (Анэля) Эмільеўна Аскерка |
Дзеці | няма |
Веравызнанне | каталіцызм |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Эма Дмахоўская (у дзявоцтве Яле́нская; 28 лютага 1864, вёска Камаровічы, Мазырскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 24 студзеня 1919, Вільня) — польскамоўная пісьменніца, беларуская фалькларыстка і этнограф.
Паходжанне і сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Належала да каталіцкага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак», прадстаўнікі якога мелі значныя маёнткі ў Новагародскім ваяводстве і Мазырскім павеце ВКЛ, дзе і займалі высокія земскія пасады, адносячыся да рэгіянальнай эліты. У часы Расійскай імперыі Яленскія адносіліся да рэгіянальнай эліты Мінскай губерні і мелі значныя маёнткі ў Слуцкім, Мазырскім і Рэчыцкім паветах Мінскай губерні.
Нарадзілася 28 лютага 1864 г. у вёсцы Камаровічы ў сям’і сярэднезаможнага землеўласніка Мазырскага павета Мінскай губерні Жыгімонта-Гектара Казіміравіча Яленскага (1824—1871) і яго жонкі Амеліі (Анэлі) Эмільеўны Аскеркі, якая паходзіла з роду рэгіянальнай эліты Рэчыцкага павета ВКЛ і Рэчыцкага павета Мінскай губерні (Расійская імперыя). Бацька Амеліі Аскеркі — Эміль Паўлавіч Аскерка — быў родным братам Баляслава Паўлавіча Аскеркі (1822—1896), мазырскага павятовага маршалка (1862—1863) і паўстанца 1863 года. Бацька Эмы Жыгімонт-Гектар Яленскі валодаў значным маёнткам Камаровічы ў Мазырскім павеце Мінскай губерні.
Поўнае імя, якое дзяўчынка атрымала пры хросце 7 сакавіка 1864 г. у касцёле ў мястэчку Капаткевічы (якое належала іншым прадстаўнікам роду Яленскіх) Мазырскага павета, было «Эмілія-Казіміра Жыгімонтаўна-Гектараўна-Маркаўна Яленская».
У 1890 г. выйшла замуж за двараніна Расійскай імперыі Казіміра Дмахоўскага (1856—1939), які быў урачом[1][2]. Сям’я дзяцей не мела. Пасля шлюбу Эма ўзяла прозвішча мужа і пераехала на жыхарства ў Вільню (Віленская губерня)[2].
Выхаванне і адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Бацька памёр, калі Эма была яшчэ малой дзяўчынкай. Дзяцінства і маладосць Эма правяла ў маёнтку Глінцішкі Віленскага павета Віленскай губерні, які належаў брату яе бацькі — Мечыславу Казіміравічу Яленскаму, а таксама ў Вільні і Камаровічах[3].
Атрымала хатняе выхаванне і адукацыю — пад наглядам маці і прыватных настаўнікаў[3].
Пачатак літаратурнай дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]Займацца літаратурнай творчасцю пачала рана і пісала толькі на польскай мове. У творчасці Яленская падымала грамадскія і звычаёвыя праблемы свайго краю[3]. У гэтым Яленская як пісьменніца працягвала традыцыі Баляслава Пруса і Элізы Ажэшкі. Для ўсіх яе аповесцей характэрна займальная фабула, прыгожы аповяд і вобразнасць, звязанасць са шляхецкімі традыцыямі — і адсюль вырашэнне праблемы заўсёды ў духу пунктуальнай маральнасці і з альтруістычнага пункту гледжання (карысці і службы ўсяму грамадству)[3].
Першая аповесць «Жоўтыя ружы» (закранала становішча яўрэяў у родным краі) была высока ацэнена Чэславам Янкоўскім, але не была нідзе надрукавана[3]. Першым друкаваным творам стала навела «З Літвы», у якой Эма апавядала пра гвалтоўны перавод каталікоў у «Літве» (г.зн. у Паўночна-Заходнім краі) у праваслаўе пасля задушэння паўстання 1863—1864 гг. у краі, — яна была надрукавана ў 1889 г. пазнаньскай газеце «Wielkopolanin»[3].
Этнаграфічная работа
[правіць | правіць зыходнік]Ян Карловіч і Зыгмунт Вольскі прапанавалі Яленскай звярнуць увагу на беларускамоўнае сялянства і спрабавалі зацікавіць яе даследаваннем іх побыту і духоўнай культуры — і яна пачала займацца этнаграфіяй і збіраннем «сялянскіх рэчаў»[2]. Запісала 11 сшыткаў народных песень, склала два рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім, Рэчыцкім і Навагрудскім паветах Мінскай губерні (62 творы ў рукапісе, выдадзеныя ў 1976 г. пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч».
Асаблівую ўвагу надала адлюстраванню гісторыі, геаграфіі і культуры сваёй роднай вёскі Камаровічы. У этнаграфічнай працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891), выдадзенай спачатку ў часопісе «Wisła» і пасля асобнай кніжкай у Варшаве ў 1892 г., з замілаваннем апісала жыццёвы ўклад, традыцыі, працоўную дзейнасць і эстэтычныя погляды камаровіцкіх сялян[2]. Даследванне скончвалася словамі: «Селянін наш увогуле не можа на сумнае жыццё наракаць. Пры большай працы і асвеце мог бы стаць яшчэ больш багатым, але тое нават, што зараз мае, хапае яму на дастатковае ўтрыманне і на задаволенне тых нешматлікіх яго патрэб. Жыццё ціхае, аднастайнае, без вялікіх уражанняў і моцных патрасенняў прыводзіць яго да весялосці і робіць надзвычай таварыскім. Не раз, калі глядзіш на тую прастадушную весялосць, на тую шчырую, сапраўды дзіцячую наіўнасць, бярэ нейкае пачуццё зайздрасці, што яны стокроць шчаслівейшыя за нас, асвечаных і цывілізаваных»[4].
У французскім часопісе «La tradition» («Традыцыя») у 1894—1895 гг. было надрукавана яе даследаванне «Палескі фальклор» і 8 беларускіх народных песень у перакладзе на французскую мову. У тым жа часопісе «La tradition» (сакавік-красавік 1895 г.) Яленская надрукавала і сваё даследванне пра вёску Камаровічы «Un village en Polésie» («Вёска на Палессі») у перакладзе на французскую мову[2].
Аднак час этнаграфічнай работы Яленскай быў непрацяглы, бо пасля шлюбу ў 1890 г. яна звычайна стала жыла ў Вільні.
Таварыскае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]У Вільні сям’я Дмахоўскіх падтрымлівала блізкія таварыскія кантакты з графамі Тышкевічамі, Лапацінскімі, князямі Агінскімі, Ромерамі, Карыбут-Дашкевічамі і іншымі ўплывовымі сем’ямі Віленскай губерні і Вільні[5]. Эма была таксама знаёма з пісьменніцамі Элізай Ажэшкай і Канстанцыяй Скірмунт[6].
Шырокая літаратурная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Шырокая літаратарская дзейнасць пачалася пасля 1897 г., калі на конкурсе газеты «Kurier Codzienny» Эма атрымала першы прыз (узнагароду) за аповесць «Паненка»[3]. Пасля былі напісаны аповесць «Двор у Галінішках» (1899), надрукаваная ў газетах «Kurier Codzienny», «Nowa Reforma» і ў кніжным варыянце; аповесць «Віленская кальварыя» (1903), надрукаваная ў часопісе «Tygodnik Ilustrowany» і асобнай кніжкай у Вільні ў друкарні Завадскага ў 1903 г.; аповесць «Ад кахання» (1903) — у часопісе «Dobra Gospodyni», газеце «Kurier Lwowski» і асобнай кніжкай у 1909 г.; аповесць «Буслы» (1908) — у газеце «Słowo» і ў зборніку «Буслы», куды ўвайшло некалькі навел («Буслы», «Трыумфатар», «У день патрона», «Пры лампе», «Пантофелькі» і інш.); аповесць «Пярсцёнкі» (1907) і «Жанчына, пуху марны» (1909) — у газеце «Kurier Litewski» і асобнымі кніжкамі. У кніжных варыянтах выйшлі яе аповесці «Юбілей» (1911), «Роза і муха», «Тры пакаленні» (1913), «Як адламаная галінка» (1914)[3]. Аповесць «Маці» была апублікавана ў 1922 г. — ужо пасля смерці аўтаркі.
Публікавала некаторыя свае артыкулы і аповесці ў газеце «Kurier Litewski» — адным з самых папулярных польскамоўных перыядычных выданняў таго часу ў літоўска-беларускіх губернях.
Яленская таксама пісала п’есы для тэатра. У 1903 г. на конкурсе драматургіі імя Генрыка Сянкевіча яе п’еса «Сын» была адзначана і пастаўлена ў тэатры Гавалевіча ў Лодзі ў 1904 г., а пасля ў Вільні. Яе п’еса «Крыўда» (1912) была пастаўлена ў Варшаве. Аднаактная п’еса «Хвіліна» мела патрыятычны характар[2].
Некаторыя літаратурныя творы Яленскай яшчэ пры яе жыцці перакладаліся на рускую («На гары Элеонскай», у газеце «Петербургские ведомости» № 82, 1913 г.), нямецкую («Пераможцу — смерць», у часопісе «Die Katolische Welt» сшытак 2, 1913 г.) і чэшскую мовы («Пантофелькі»)[3].
Арганізацыя тайнай польскамоўнай адукацыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля шлюбу з Казімірам Дмахоўскім (1856—1939) Эма з 1890 года звычайна стала жыла ў Вільні, дзе папала ў іншае асяроддзе і атмасферу, накіраваную на барацьбу супраць русіфікацыі і навязвання літоўскімі ксяндзамі літоўскай мовы ў касцельным набажэнстве на Віленшчыне замест традыцыйнай польскай мовы — супраць літуанізацыі (балтызацыі) духоўнага жыцця. Эма прыняла самы чынны ўдзел (у тым ліку і фінансавы) у арганізацыі тайных польскамоўных школ на Віленшчыне і распаўсюджанні польскай мовы сярод сялян Віленшчыны[2]. У гэтым ёй дапамагала і сястра Казіміра — Юстына Дмахоўская[2]. У 1890 годзе было створана Польскае таварыства «Асвета» у Вільні, а Эма Дмахоўская разам з Н. Роўбам, А. Завадскім і Вітальдам Венслаўскім стала на яго чале[7]. Муж Эмы Казімір Дмахоўскі таксама быў членам кіраўніцтва Польскага таварыства «Асвета» у Вільні[1]. Эма Дмахоўская заснавала за ўласны кошт дзве тайныя (нелегальныя) польскамоўныя школы і стварыла перасоўныя бібліятэкі[1]. Акрамя таго яна непасрэдна занялася тайнай падрыхтоўкай настаўніц, якія пасля накіроўваліся ў тайныя школы для работы з сялянскімі дзецьмі, і арганізоўвала на працягу 28 год сетку з дзясяткаў нелегальных польскамоўных школ у Вільні і Віленскай губерні[2]. У справе пашырэння на вёсцы польскай мовы Эма Дмахоўская працавала з усёй шчырасцю, добраахвотлівасцю, стараннасцю, адданасцю і бескарыслівасцю, ідучы, у тым ліку, на самую вялікую рызыку[2]. Нават у самых цяжкіх сітуацыях яна падтрымлівала самы цесны кантакт з настаўніцамі і школамі на вёсцы і ажыццяўляла апеку над імі[2]. У адрозненне ад Польскага таварыства «Асвета» у Мінску, якое дзейнічала на абшары Мінскай губерні, у тайных польскаймоўных школах Польскага таварыства «Асвета» у Вільні беларуская мова не выкладалася, а школы дзейнічалі на распаўсюджанне польскай нацыянальнай свядомасці (паланізацыі) сярод дзяцей сялян-каталікоў Віленшчыны і былі ідэальным месцам для сустрэчы нацыянальнай ідэалогіі з масавай свядомасцю[7].
З 1908 года Эма Дмахоўская рэдагавала віленскую польскамоўную газету «Zorza Wileńska», а пасля закрыцця гэтай газеты расійскімі ўладамі — рэдагавала з 1909 года газету «Jutrzenka», якую паставіла на высокі журналісцкі ўзровень[2]. Дмахоўская неаднаразова ўваходзіла ў спрэчкі з афіцыйнымі расійскімі ўладамі і цэнзурай, што аднойчы скончылася палітычным судовым працэсам і вязненнем (з 29 кастрычніка па 30 снежня 1911 года) у віленскай турме ў Лукішках[2]. Яшчэ больш актыўную дзейнасць у справе падтрымкі польскамоўнага навучання і ўмацоўвання пазіцый польскай мовы Дмахоўская разгарнула з пачаткам Першай сусветнай вайны і заняццем Вільні і Віленскай губерні нямецкімі войскамі, дзейнічала ў поўным паразуменні з польскім Адукацыйным камітэтам, які кіраваў справамі польскай асветы ў акупіраванай Віленшчыне. Дмахоўская таксама стала заснавальніцай і старшынёй Патрыятычнага саюза полек, які падтрымліваў ідэю ўключэння Вільні і Віленшчыны ў склад Польшчы, а не Літвы[2].
За сваю дзейнасць у галіне пашырэння польскай мовы, такт, прыемнасць, высакародства і лагоднасць характару атрымала прызнанне і падзяку ў мясцовага польскамоўнага і польскага насельніцтва[2].
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]Эма Дмахоўская памерла ў Вільні 24 студзеня 1919 г. і была пахавана на мясцовых могілках Роса[2].
Зноскі
- ↑ а б в Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz… С. 248.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Kościałkowski, St. Dmochowska Emma z Jeleńskich… С. 202.
- ↑ а б в г д е ё ж з Kościałkowski, St. Dmochowska Emma z Jeleńskich… С. 201.
- ↑ Jeleńska, E. Komarowicze w powiecie Mozyrskim… С. 83.
- ↑ Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz… С. 241—242.
- ↑ Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana… С. 280—284.
- ↑ а б Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 104.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Васілевіч, У. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. № 2.
- Васілевіч, У. А. Збіральнікі: Оскар Кольберг, Зыгмунт Глогер, Іван Берман, Аляксандр Троіцкі, Аляксандр Пшчолка, Эма Яленская-Дмахоўская, Бірута, Уладзіслаў Вярыга, Чэслаў Пяткевіч, Казімір Машынскі / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Навук. рэд. А. С. Фядосік — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00674-4
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Jeleńska, E. Komarowicze w powiecie Mozyrskim / E. Jeleńska. — Warszawa : Druk J. Jeżyńskiego, 1892. — 83 s.
- Kościałkowski, St. Dmochowska Emma z Jeleńskich / St. Kościałkowski // Polski Słownik Biograficzny. — Kraków, 1939—1946. — T. V. Dąbrowski Henryk Jan — Dunin Piotr Stanisław. — S. 201—202.
- Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
- Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
- Нарадзіліся 29 лютага
- Нарадзіліся ў 1864 годзе
- Нарадзіліся ў Мазырскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 24 студзеня
- Памерлі ў 1919 годзе
- Памерлі ў Вільнюсе
- Пахаваныя на могілках Роса
- Асобы
- Нарадзіліся 28 лютага
- Фалькларысты Беларусі
- Пісьменніцы Беларусі
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Польскамоўныя пісьменнікі
- Этнографы Беларусі
- Публіцысты Беларусі
- Яленскія