Юпік Цэнтральнай Аляскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Юпік Цэнтральнай Аляскі
(Yupiit, Yupiat)
Aanas (8452731043).jpg
Агульная колькасць 34 000 (2010)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова цэнтральна-юпікская мова
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя юпік

Юпік Цэнтральнай Аляскі (саманазвы: Yupiit, Yupiat) — група малых эскімоскіх народаў, карэннае насельніцтва Аляскі. У 2010 г. у ЗША жыло 34 000 тых, хто атаесамляў сябе з народамі юпік Цэнтральнай Аляскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Народы юпік з'яўляюцца прамымі нашчадкамі стваральнікаў берынгаморскай археалагічнай культуры 1 тысячагоддзя да н. э. Не пазней за XIV ст. яны пачалі асваенне дэльт рэк уздоўж узбярэжжа Аляскі. Да актыўных кантактаў з еўрапейцамі ў XVIII ст. групы юпік, што ў нашы дні далучаюцца да юпік Цэнтральнай Аляскі насялялі ўзбярэжжа Берынгава мора ў дэльце ракі Юкан, паўвострава Аляска, астравах Нунівак і Нельсан.

У XVIII ст. землі юпік, багатыя на футравых жывёл, прыцягвалі рускіх зверабояў. Узаемныя кантакты мелі складаны характар. У 1784 г. прамыслоўцы РАК на чале Рыгора Шэліхава знішчылі ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч насельнікаў вострава Кадзьяк. Толькі пасля 1825 г. адносіны паміж прамыслоўцамі і эскімосамі палепшыліся. Пасля далучэння Аляскі да ЗША ў 1867 г. сярод юпік актыўна дзейнічалі хрысціянскія місіянеры, якія з аднаго боку аказвалі дапамогу, а з іншага разбуральна ўздзейнічалі на мясцовую культуру. У 1918 - 1920 гг. юпік моцна пацярпелі ад эпідэміі іспанскага грыпу.

З канца 1940-х гг. пачалося навуковае вывучэнне юпік Цэнтральнай Аляскі. У нашы дні яны складаюць адно з найбуйнейшых этнічных аб'яднанняў карэнных народаў ЗША.

Этнічныя групы[правіць | правіць зыходнік]

Да юпік Цэнтральнай Аляскі звычайна далучаюць 14 этна-моўных груп, кожная з якіх размаўляе на самастойным дыялекце:

  • Нунівагаламіт — карэнныя жыхары вострава Нунівак
  • Куігпагміют, пастулірміют, уналірміют, мараярміют, аскінарміют, акулміют, канінерміют, унегкуміют, кіятгміют насяляюць ніжнія плыні і дэльту рэк Юкан і Кускаквім
  • Калуяарміют — карэнныя жыхары вострава Нельсан
  • Туюр'ярміют — насельнікі вусця ракі Тагіяк
  • Алгурміют жывуць на поўначы паўвострава Аляска

У нашы дні юпік Цэнтральнай Аляскі падзяляюцца на 79 аўтаномных рэгіянальных аб'яднанняў, што звычайна маюць назву плямён. У 1971 г. для абароны супольных інтарэсаў яны ўвайшлі ў Карпарацыю карэнных народаў Аляскі.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Маска юпік

Да прыходу еўрапейцаў галоўнымі заняткамі юпік Цэнтральнай Аляскі былі рыбалоўства і паляванне. Узбярэжжа Берынгава мора — рэгіён, багаты на запасы ласосевых рыб. Палявалі на дзікіх жывёл сушы, пераважна карыбу і ласёў, а таксама на марскіх ластаногіх. На працягу года групы рыбаловаў і паляўнічых перамяшчаліся ў сезонныя стойбішчы. Збіральніцтва мела другараднае значэнне. У тундры збіралі ядомыя ягады і лекавыя расліны. На марскім узбярэжжы — малюскаў.

Адзінай вядомай свойскай жывёлай быў сабака. Сабак выкарыстоўвалі для транспартыроўкі грузаў, іх мяса ўжывалі ў ежу. Важным транспартным сродкам з'яўляўся каяк, які выраблялі з драўлянага каркаса і скур ластаногіх. З футра дзікіх звяроў і рыб шылі вопратку. Жылі ў зямлянках нуна з дзёрну. Вядомы вялікія абшчынныя зямлянкі касгік, зніклыя ў XX ст. пад уплывам місіянераў.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай была родавая абшчына, што кантралявала пэўную тэрыторыю. Яна падзялялася на сямейныя або большыя па складу сваяцкія групы, што ўлетку супольна займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Узімку прадстаўнікі абшчыны жылі разам у вялікім паселішчы, аказвалі абавязковую дапамогу сваякам. Шлюб знутры абшчыны забараняўся. Пошукамі мужоў і жонак для дзяцей займаліся бацькі падчас кантактаў з прадстаўнікамі іншых абшчын. У юпік не было выразнага сацыяльнага інстутуту правадыроў. Галоўную ролю ў жыцці абшчыны адыгрывалі нукалпіяк, найбольш паспяховыя паляўнічыя і рыбаловы, а таксама шаманы. Прычым, апошнімі маглі быць як мужчыны, так і жанчыны.

Юпік Цэнтральнай Аляскі знакаміты мастацкай разьбой па дрэву, кары, косці, стварэннем масак, разных пабытовых прадметаў, прылад працы. Фальклор адметны рэлігійнымі і прамысловымі святамі, што суправаджаюцца танцамі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтральна-юпікская мова адносіцца да эскімоска-алеуцкай сям'і моў. У 1900 г. шаман Уякук стварыў пісьмовасць югтун на піктаграфічнай і сілабічнай аснове. У 1960-х гг. група амерыканскіх лінгвістаў распрацавала алфавіт на аснове лацінкі. Вядомы таксама некалькі варыянтаў алфавітаў на аснове лацінкі, якія ўжывалі місіянеры-пратэстанты.

У нашы дні на цэнтральна-юпікскай мове размаўляе каля 19 000 чалавек. З 1973 г. яна вывучаецца ў школах Аляскі, на ёй друкуюцца кнігі, вядуцца радыёперадачы.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]