Перайсці да зместу

Юрый Уладзіміравіч Бліноў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юрый Уладзіміравіч Бліноў
Дата нараджэння 3 жніўня 1975(1975-08-03)
Месца нараджэння
Дата смерці 21 красавіка 2019(2019-04-21) (43 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі музыкант
Інструменты фартэпіяна

Ю́рый Уладзі́міравіч Бліно́ў (3 жніўня 1975(1975-08-03), Драгічын, Брэсцкая вобласць21 красавіка 2019(2019-04-21), Гомель) — беларускі музыкант, піяніст, кампазітар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 3 жніўня 1975 года ў Драгічыне. Спачатку вучыўся ў Мінскай музычнай школе № 145, з 1983 – у сярэдняй спецыяльнай музычнай школе для адораных дзяцей пры Белдзяржфілармоніі. Скончыў Рэспубліканскі музычны ліцэй, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру ў класе Людмілы Шаламенцавай[1].

Калі вучыўся ў школе, Юрый ужо асвойваў фартэпіяна і дасягаў пэўных поспехаў на розных юнацкіх конкурсах. У 17 гадоў ён атрымаў перамогу ў I Міжнародным конкурсе імя Сяргея Пракоф’ева ў Санкт-Пецярбургу, якая дала пэўны штуршок у развіцці кар’еры Юрыя. Ён гастраляваў у многіх краінах СНД і Еўропы, а таксама ў Кітаі, Японіі і ЗША, удзельнічаў у розных міжнародных фестывалях і выступаў з вядучымі аркестрамі Расіі, Еўропы і Амерыкі[1].

З 2000 года працягнуў кар’еру ў ЗША: праходзіў стажыроўку ў Тэхаскім хрысціянскім універсітэце[en], атрымаў ступень доктара музычных мастацтваў у Істменаўскай школе музыкі. У ЗША пераехаў пасля таго, як прафесар музыкі з Тэхаскага універсітэта Тамаш Унгар заўважыў яго талент у канцы 1999 на конкурсе ў Пекіне і прапанаваў стажыроўку ў яго ўніверсітэце. Праз 10 гадоў вярнуўся на радзіму праз фінансавы крызіс: было цяжка знайсці працу з годным узроўнем аплаты[2]. За гэтыя гады ён стаў лаўрэатам розных буйных конкурсаў, уключаючы першыя прэміі Гран-пры Шапэна ў Тэхасе і Усеамерыканскага конкурсу піяністаў. У 2002 годзе быў запрошаны ў алімпійскі Солт-Лэйк-Сіці, дзе граў канцэрт у рэзідэнцыі губернатара штата Юта. У 2006 годзе Юрый стаў першым беларускім піяністам, які выступіў з сольным канцэртам у адной з залаў Карнегі-хола[1].

У 2008—2019 гадах Юрый Бліноў з’яўляўся прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі піяністаў і кампазітараў (ISAC)[3].

У родным Драгічыне арганізаваў Міжнародны конкурс юных музыкантаў «Палескі агеньчык», які праводзіцца ў горадзе з 2014 года[4].

З дзяцінства Юрый быў футбольным фанатам, а таксама марафонцам. Пасля з’яўлення футбольнай каманды «Крумкачы» стаў актыўным удзельнікам фанацкага руху дадзенага клуба. Вясной 2018 года, калі каманда па шэрагу прычын не змагла заявіцца ў вышэйшую лігу, Юрый падахвоціўся стаць адным з сузаснавальнікаў зноў створанага клуба «Крумкачы». У камандзе ён выконваў адміністрацыйна-назіральныя функцыі: уваходзіў у лік тых, хто вызначаў стратэгію развіцця клуба і шукаў спонсараў[5].

21 красавіка 2019 года падчас «Эка-марафону» ў Гомеле за пяць метраў да фінішу паўмарафонскай дыстанцыі ў піяніста спынілася сэрца[6]. Развітанне праходзіла ў Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках[7][8].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Напісаў больш за 30 сольных праграм, якія ахопліваюць усе стылі фартэпіяннай музыкі, а таксама 35 канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам. Некалькі твораў Юрыя Блінова прысвечаны спорту: «Дэкатлон» ― дзесяціборцу Андрэю Краўчанку, «Запрашэнне ў палёт» ― футбольнай камандзе «Крумкачы», «Concerto-Krooso» ― футбалісту Тоні Кроасу[5][9]. Апошняя складаецца з пяці частак, кожная з якіх мае канкрэтную назву і звязана з біяграфіяй футбаліста[10]. Піяніст запрашаў Тоні ў Беларусь на канцэрт, аднак праз канфлікт з АБФФ у знак пратэсту змяніў свае планы: апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні АБФФ адхіліў пратэст футбольнага клуба «Крумкачы» з нагоды прыняцця дакументаў на атрыманне дазволу для ўдзелу каманды ў чэмпіянаце Беларусі[11].

Зноскі

  1. а б в Мдывані Т. Г. Беларускае канцэртна-выканальніцкае мастацтва сучаснасці: 1991-2016. — ЛітРэс, 2018. — С. 72. — ISBN 9785041586065.
  2. Свірко, Ірына. Знаменитый пианист Юрий Блинов - о музыке, спорте и малой родине (руск.). СБ. Беларусь сегодня (14 лютага 2019). Праверана 23 мая 2024.
  3. Блинов Юрий (фортепиано) (руск.). Беларуская дзяржаўная філармонія. Праверана 23 мая 2024.
  4. В Дрогичине планируют увековечить память Юрия Блинова. Ваше мнение? (руск.). Драгічынскі веснік (5 чэрвеня 2019). Праверана 23 мая 2024.
  5. а б Пианист Юрий Блинов: После марафонов стал легче и свободнее играть на концертах (руск.). Камсамольская праўда (12 чэрвеня 2018). Праверана 23 мая 2024.
  6. Соучредитель команды «Крумкачы» Юрий Блинов умер на экомарафоне (руск.). Sputnik (21 красавіка 2019). Праверана 23 мая 2024.
  7. В Минске простились с пианистом-виртуозом Юрием Блиновым (руск.). Архіў Інтэрнэту (21 лютага 2022). Праверана 23 мая 2024.
  8. Прощание с Юрием Блиновым пройдет 23 апреля в Свято-Елисаветинском монастыре (руск.). Камсамольская праўда (22 красавіка 2019). Праверана 23 мая 2024.
  9. Юрий Блинов: хочу лично вручить Тони Кроосу концерт (руск.). Sputnik (27 лютага 2016). Праверана 23 мая 2024.
  10. Дар'я Тарасава. Пианист-виртуоз Юрий Блинов написал музыкальное произведение для звезды клуба "Реал Мадрид" (руск.). Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (7 красавіка 2016). Праверана 23 мая 2024.
  11. Футболист "Реала" Тони Кроос не приедет в Минск из-за "Крумкачоў" (руск.). Sputnik (7 сакавіка 2018). Праверана 23 мая 2024.