Перайсці да зместу

Свята-Елісавецінскі манастыр (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Манастыр
Свята-Елісавецінскі манастыр
53°57′21″ пн. ш. 27°32′13″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Канфесія Праваслаўе
Епархія Мінская епархія
Дата заснавання 1999
Сайт obitel-minsk.ru
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Елісавецінскі манастыр ― жаночы манастыр у Мінску. Станам на сакавік 2024 года, адзіны дзейны манастыр горада.

Гісторыя і дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Манастыр заснаваны ў 1999 годзе і названы ў імя святой прападобнамучаніцы Елісаветы Фёдараўны Раманавай. Пачынаўся манастыр з дзейнасці сястрыцтва ў імя той самай святой, створанага ў 1996 годзе[1][2]. Сёстрам было дазволена насіць белыя вопраткі сясцёр міласэрнасці[1], у тым ліку падчас збору ахвяраванняў на вуліцах і гандлю рэчамі рэлігійнага культу і прадметамі, якія асацыююцца з манастырскай дзейнасцю (мёд, слабаалкагольныя напоі, травы, бальзамы і падобнае)[3].

У манастыры жывуць 130 сясцёр. Мужчынскае і жаночае падвор’і прымаюць на часовае знаходжанне былых нарказалежных, хворых на алкагалізм і бяздомных. Манастыр мае буйную гандлёвую сетку ў Беларусі[4] і вядзе актыўны гандаль у Еўропе і Паўночнай Амерыцы[3].

Сёстры аказваюць духоўную падтрымку і дапамогу пацыентам Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя, 2-й клінічнай лякарні і іншых лячэбных устаноў, псіханеўралагічнага інтэрната, інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця[5][6].

Прапаганда рускага нацыяналізму

[правіць | правіць зыходнік]

Манастыр выкарыстоўваў сваю гандлёвую сетку для пашырэння ідэй расійскай вялікадзяржаўя[7], a яго прадстаўнік падтрымаў захоп Крыму Расіяй[8]. У 2017 годзе ў манастыры выступіў падпалкоўнік расійскага ГРУ Антон Маншын, які расказаў пра свой удзел у чачэнскай, украінскай і сірыйскай кампаніях расійскай арміі і прапагандаваў ідэі «рускага свету»[9]. Пазней рэдактарка сайта манастыра сказала, што запрашэнне Маншына было іх памылкай[10]. У тым самым годзе ў манастыры прайшла выстаўка, прысвечаная расійскаму імператару Мікалаю ІІ і яго сям’і[11].

Манастыр адмаўляецца дадаць беларускую мову да свайго сайта[12].

Сярод шматлікіх храмаў манастыра няма ніводнага, прысвечанага беларускім святым[13].

Збор подпісаў аб забароне прапаганды гомасексуалізму

[правіць | правіць зыходнік]

У лістападзе 2019 г. манастыр далучыўся да збору подпісаў пад зваротам да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з просьбай ініцыяваць закон «аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасексуалізму і іншых палавых вычварэнняў непаўналетнім» і ўвесці адказнасць за гэтыя дзеянні ў Крымінальны кодэкс. Раней зварот быў ініцыяваны пралайф арганізацыямі і падтрыманы рымска-каталіцкім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Подпісы збіраліся ў манастыры і яго крамах[14].

Духоўнік манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак выступіў з відэазваротам, у якім перасцярог ад зла, якое распаўсюджваецца ў Еўропе: аднаполыя шлюбы і ўсынаўленне дзяцей такімі парамі. Ён назваў гэта пачаткам канца свету і заклікаў не дапусціць распаўсюду ў Беларусі зла, якое навязваецца моладзі і псуе ейнае жыццё, і разбурае сем’і[15].

Протаіерэй А. Лемяшонак прыняў удзел у прэс-канферэнцыі па выніках збору подпісаў. Між іншага, ён заявіў, што ЛГБТ — хворыя людзі, за ацаленне душ якіх трэба маліцца, а ў іх саюзах «няма ані мамы, ані таты, ані ахвярнага жыцця, ані прыкладу любові»[16].

Дзеянні манастыра крытыкаваліся праваслаўнымі святарамі. Прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы Сяргей Лепін падкрэсліў, што збор подпісаў не быў ініцыятывай манастыра, але манастыр далучыўся да яго. Праваслаўная Царква афіцыйна не падтрымала збору подпісаў. Відэазварот А. Лемяшонка ён назваў «асабістай ініцыятывай». На яго думку, «прыватных ініцыятыў у гэтым кірунку не павінна быць»[14]. Старшыня сінадальнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства Павел Сярдзюк азначыў характар петыцыі як дыскрымінацыйны і што «гэта ініцыятыва аднаго Свята-Елісавецінскага манастыра»[17].

Успышка каронавірусу

[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 2020 года беларускія і замежныя СМІ апублікавалі паведамленні ад успышцы каронавірусу ў Свята-Елісавецінскім манастыры. Кіраўніцтва Беларусі не абвяшчала каранціну і ўсе праваслаўныя храмы краіны маглі заставацца адкрытымі.

14 красавіка на прэс-канферэнцыі з удзелам кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліта Паўла было паведамлена, што Патрыярх Маскоўскі Кірыл благаславіў вернікаў устрымацца ад наведвання храмаў. Мітрапаліт Павел заклікаў праваслаўных Беларусі пачуць словы Патрыярха. Ён асудзіў «псеўдапастыраў», якія заклікаюць не слухаць Патрыярха і працягваць хадзіць у храмы. Ён паведаміў, што ўсе храмы застануцца адчыненымі, але заахвоціў вернікаў заставацца дома ў Страсны Тыдзень і на святы Уваскрэсення Хрыстова, і сачыць за богаслужэннямі па тэлебачанні і ў інтэрнэце. Ён сказаў, што асвячэнне страў будзе адбывацца пад адкрытым небам. Ён таксама заклікаў устрымацца ад наведвання могілак у гэты час[18].

Нягледзячы не перасцеражэнні Патрыярха і Патрыяршага Экзарха, пасхальныя богаслужэнні 19 красавіка былі шматлюднымі, асабліва ў храмах Свята-Елісавецінскага манастыра, пра што сведчылі відэа з храмаў[19][20] і што пацвердзіў духоўнік манастыра пратаірэй Андрэй Лемяшонак[21]. Вернікі прычашчаліся з адной лыжачкі. 23 красавіка расійская журналістка Марына Ахмедава са спасылкай на трох манахінь манастыра паведаміла, што ў адным з храмаў манастыра з адной лыжачцы падчас велікоднага богаслужэння прычасцілася 970 чалавек, у той час як у самім манастыры ўжо былі выпадкі заражэння каронавірусам. Ахмедава паведаміла, што 100 з 130 манахінь знаходзіліся ў ізаляцыі, аднак, яна не ўдакладніла, ці ўсе гэтыя выпадкі былі з прычыны каронавірусу[4].

22 красавіка на сайце манастыра была апублікавана заява, якая абвяргала выпадкі каронавірусу сярод клірыкаў і манахінь манастыра, а паведамленні пра такія выпадкі называла фейкам[22].

Прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы Сяргей Лепін прызнаў, што бяспека манахінь і наведвальнікаў манастыра не была забяспечана[23].

30 красавіка кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Павел звярнуўся да кліру, манахаў, манахінь і ўсіх вернікаў са зваротам, у якім адзначыў, што не ўсе вернікі паставілася да рэкамендацый міністэрства аховы здароўя і кіраўніцтва Царквы з належнай увагай і паслушэнствам. Ён заклікаў выконваць пастановы Патрыярха і Свяшчэннага Сіноду, і ўсе ранейшыя інструкцыі. Ён указаў, што халатнае стаўленне і свядомае ігнараванне санітарных норм, і заклікі ігнараваць інструкцыі кіраўніцтва Царквы ў перыяд эпідэміі не з’яўляюцца сведчаннем веры, а наадварот — «злачынствам супраць бліжніх, а таму — і супраць Бога»[24].

У той жа дзень, 30 красавіка, на сайце Свята-Елісавецінскага манастыра быў апублікаваны артыкул духоўніка манастыра протаіерэя Андрэя Лемяшонка, у якім ён заклікаў «не закрывацца ад свайго бліжняга, а наадварот, збірацца саборна і прасіць саборна дапамогі з гэтай хваробай. […] І калі чалавеку наканавана быць інфікаваным, ён будзе інфікаваны. Раней ці пазней мы ўсе пойдзем з гэтага дачаснага свету»[21].

21 мая галоўны ўрач 16-й гарадской клінічнай паліклінікі, якая абслугоўвае манастыр, паведаміла прэсе, што ў канцы красавіка былі 59 станоўчых тэстаў на каронавірус сярод насельнікаў манастыра. Большасць выпадкаў мелі лёгкую або бессімптомную форму. Некалькі манахінь былі шпіталізаваныя, але выпісаныя да моманту інтэрв’ю[25].

Звальненні па палітычных матывах

[правіць | правіць зыходнік]

Працоўная група «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады Беларусі паведамляла пра выпадкі палітычнага ціску на клір і супрацоўнікаў манастыра падчас сацыяльна-палітычнага крызісу ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 г. На агульным сходзе манастыра 18 жніўня 2020 г. яго духоўнік а. Андрэй Лемяшонак выступіў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, тлумачыў пратэсты ў краіне змовай супраць Рускай Праваслаўнай Царквы і папярэдзіў, што пры Святлане Ціханоўскай у Беларусі будуць гей-прайды і аднаполыя шлюбы. Ён заявіў, што ў людзей, датычных да манастыра, — адна пазіцыя адносна падзей у Беларусі, а каму гэта не падабаецца, іх ніхто не трымае ў манастыры. Згодна гэтых паведамленняў, значная колькасць супрацоўнікаў былі звольнены або пакінулі свае пасады на працягу некалькіх месяцаў пасля сходу[26]. У прыватнасці, быў звольнены Віталій Леановіч, спецыяліст па забеспячэнні[27].

Манастыр спыніў супрацоўніцтва з акторам Аляксандрам Ждановічам пасля яго затрымання АМАПам 8 лістапада 2020 г. і арышту на дзевяць сутак. Ждановіч быў затрыманы пасля таго, як, з крыжам у руках, звярнуўся да супрацоўнікаў АМАПу не крычаць на жанчыну на вуліцы. Акцёр быў шматгадовым прыхаджанінам манастыра[26]. Манастыр абверг паведамленні пра палітычна-матываваныя звальненні, у тым ліку спыненне супрацоўніцтва з Аляксандрам Ждановічам[28].

Вайна Расіі з Украінай

[правіць | правіць зыходнік]

У 2022 годзе манастыр сутыкнуўся з забаронай арганізацыі гандлю на калядных кірмашах у Заходняй Еўропе[29]. Падставай для забароны паслужыў удзел манастыра ў матэрыяльным забеспячэнні расійскіх вайскоўцаў у вайне ва Украіне[30]. У выніку скандалаў манастыр сутыкаўся з патрабаваннямі забараніць яму прадаваць тавары і збіраць сродкі за мяжой, а манашкі і сёстры хавалі факт прыналежнасці да манастыра[31].

У сакавіку 2024 года выйшла расследаванне «Бюро Медыя» аб фінансах манастыра. Згодна з расследаваннем, манастыр заніжае падатковую нагрузку, маскіруе даходы пад ахвяраванні, прымае плацяжы ў асноўным наяўнымі грашыма. Аўтары расследавання характарызуюць Свята-Елісавецінскі манастыр як праваслаўны бізнес-холдынг[32].

Зноскі

  1. а б Летопись (руск.). Свято-Елисаветинский женский монастырь. Праверана 6 красавіка 2021.
  2. History (англ.). St Elisabeth Convent. Праверана 6 красавіка 2021.
  3. а б "3.1. Благотворительная и социальная деятельность религиозных организаций в Беларуси". Религиозные организации в общественном пространстве Беларуси и Украины: формирование механизмов партнерства (PDF)(руск.). Вильнюс: ЕГУ. 2014. pp. 107–8. ISBN 978-9955-773-74-0. Праверана 2021-04-06.
  4. а б Черноголов, Максим. На Пасху минский монастырь принял десятки верующих. Теперь COVID-19 подозревают у 100 из 130 монахинь (руск.). Meduza. Праверана 4 красавіка 2021.
  5. В домах-интернатах (руск.). Свято-Елисаветинский женский монастырь. Праверана 6 красавіка 2021.
  6. В больницах и медучреждениях (руск.). Свято-Елисаветинский женский монастырь. Праверана 6 красавіка 2021.
  7. Чытач А.. Праваслаўная царква прапагандуе «Адзіную Русь святую» ФОТА. Наша Ніва (24 мая 2017). Праверана 3 красавіка 2024.
  8. Серадзюк, Дзіяна. Протаіерэй Лемяшонак: «Крым быў, ёсць і будзе часткай Расіі». Новы Час (17 красавіка 2019). Праверана 3 красавіка 2024.
  9. «Прысутныя тут мужчыны возьмуць удзел у вайне за Святую Русь». «Падпалкоўнік ГРУ» выступіў у мінскім праваслаўным манастыры. Наша Ніва (10 верасня 2017). Праверана 3 красавіка 2024.
  10. Панкавец, Зміцер. Хто такі Дзмітрый Лемяшонак? Чалавек у майцы «ДНР», блізкі да жаночага манастыра ў Навінках. Наша Ніва (12 верасня 2017). Праверана 3 красавіка 2024.
  11. Вавилова, Наталья. В Свято-Елисаветинском монастыре открылась выставка о Николае II и его семье (руск.)(недаступная спасылка). Агентство «Минск-Новости» (11 кастрычніка 2017). Архівавана з першакрыніцы 18 кастрычніка 2021. Праверана 9 красавіка 2021.
  12. Абрамчук, Раман. Лукашэнка, Лемяшонак, Хрыстос: трэці лішні. Новы Час (2 мая 2020). Праверана 3 красавіка 2024.
  13. Храмы (руск.). Свято-Елисаветинский женский монастырь. Праверана 9 красавіка 2021.
  14. а б Дашчынскі, Алесь. У цэрквах зьбіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносін (бел. (тар.)). Радыё Свабода (27 лістапад 2019). Праверана 3 красавіка 2024.
  15. Против пропаганды ЛГБТ. Открытое обращение на YouTube
  16. Галковская, Анна. "Гэта крык сэрца і душы бацькоў". Подведены итоги сбора подписей против ЛГБТ-пропаганды (руск.). Пролайф Беларусь (10 сакавіка 2020). Праверана 31 сакавіка 2021.
  17. Кіраўнік сынадальнай камісіі БПЦ: Крымінальная адказнасьць за ЛГБТ-прапаганду — гэта дыскрымінацыя (бел. (тар.)). Радыё Свабода (9 сакавіка 2020). Праверана 3 красавіка 2024.
  18. В Минске состоялась пресс-конференция «Коронавирус как вызов: ответ Белорусской Православной Церкви» (руск.). Официальный портал Белорусской православной Церкви (14 красавіка 2020). Праверана 4 красавіка 2021.
  19. ПАСХА. Ночная служба. 00:00 (МСК) 19.04.2020. ХРИСТОС ВОСКРЕС! (Минск, Беларусь) на YouTube
  20. ПАСХА. Утренняя литургия. 08:45 (МСК) 19.04.2020. Запись трансляции богослужения на YouTube
  21. а б Лемешонок, Андрей. Правильно ли сегодня идти в храм (руск.). Свято-Елисаветинский женский монастырь (30 красавіка 2020). — «[Н]е закрывать себя от ближнего своего, а наоборот, собираться и просить соборно помощи в борьбе с этой болезнью. [...] И если человеку суждено заразиться, он заразится. Рано или поздно все мы уйдем из этого временного мира. [...] Мы никого не призываем приходить в храм, но у нас на Пасху было 1000 причастников. Это во время первой, ночной службы. И почти столько же на двух других. И сегодня молились люди, которые трудятся у нас. Конечно, пришли не все, но большинство.»  Праверана 4 красавіка 2021.
  22. Не верьте фейкам о массовом заражении коронавирусом в нашем монастыре! (руск.). Свято-Елисаветинский женский монастырь (22 красавіка 2020). Праверана 4 красавіка 2021.
  23. Татьяна Мельничук, Алина Исаченко. Коронавирус в Беларуси: всплеск заболеваемости, открытые храмы и закрытая информация (руск.). BBC News Русская служба (29 красавіка 2020). Праверана 4 красавіка 2021.
  24. Заявление Патриаршего Экзарха в связи с продолжающимся распространением коронавирусной инферкции в Республике Беларусь (руск.). Официальный портал Белорусской православной Церкви (30 красавіка 2020). Праверана 4 красавіка 2021.
  25. Григорьева, Ольга. Какова ситуация с COVID-19 в Свято-Елисаветинском монастыре? Узнали у врачей (руск.). Агентство «Минск-Новости» (21 мая 2020). Праверана 4 красавіка 2021.(недаступная спасылка)
  26. а б Мониторинг преследований по основаниям, связанным с религией, во время политического кризиса в Беларуси (руск.). Хрысціянская візія. Праверана 31 сакавіка 2021.
  27. Увольнения в церковных институтах по политическим мотивам (руск.)(недаступная спасылка). Хрысціянская візія (8 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2021. Праверана 31 сакавіка 2021.
  28. Свята-Елісавецінскі манастыр выгнаў "Маляваныча" — але "не за палітыку”. Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 лістапада 2020). Праверана 3 красавіка 2024.
  29. Мінскіх манашак не пускаюць на англійскі кірмаш з-за падтрымкі вайны. Наша Ніва (22 лістапада 2022). Праверана 3 красавіка 2024.
  30. «Сваіх не кідаем». Мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр актыўна спрыяе расійскай агрэсіі ва Украіне. Наша Ніва (2 лістапада 2024). Праверана 3 красавіка 2024.
  31. Минский Свято-Елисаветинский женский монастырь: открывая правду (руск.). СтопСЕМ (17 кастрычніка 2023). Архівавана з першакрыніцы 18 кастрычніка 2023.
  32. Як Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр ператварыўся ў сапраўдны бізнэс-холдынг. Наша Ніва (19 сакавіка 2024). Праверана 3 красавіка 2024.