Як вада, як агонь
Як вада, як агонь | |
---|---|
англ.: Like Water, Like Fire | |
| |
Жанр | паэзія |
Аўтар | 41 беларускі паэт |
Мова арыгінала | англійская |
Дата першай публікацыі | 1971 год |
Асобнае выданне | 1971 год |
Выдавецтва | George Allen & Unwin Limited[d] |
Цыкл | UNESCO Collection of Representative Works[d] |
Колькасць старонак | 347 с. |
Перакладчык | Вера Рыч |
Носьбіт | кніга |
Наступны | «Анталогія беларускіх раманаў» (фр., 1983) |
Электронная версія | |
ISBN | 0-04-891041-4 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Як вада́, як аго́нь» (англ.: Like Water, Like Fire) — першая і дагэтуль найбольш поўная анталогія беларускай паэзіі ў перакладзе на англійскую мову, якая змяшчае творы з 1828 года[1].
Выдадзеная ў 1971 годзе ў серыі «Калекцыя рэпрэзентатыўных твораў ЮНЕСКА» (англ.: UNESCO Collection of Representative Works) у лонданскім выдавецтве «Джордж Ален і Анўін» (англ.: George Allen & Unwin). Перакладчыца ўсіх твораў — брытанская журналістка і паэтка Вера Рыч. Кнігу сумесна фінансавалі ЮНЕСКА і Нацыянальная камісія БССР па справах ЮНЕСКА.[1][2]
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Кніга налічвае 221 верш і паэтычны фрагмент 41-го аўтара[3] (37 мужчын, 4 жанчыны) на 347 старонках. Яе назва паходзіць ад слоў з паэмы «На папасе» Янкі Купалы[4]:
Зварухнуўся Лявон,
Як вада, як агонь,
Пазнаў сілу ў сабе небывалую;
Ўжо бяда — не бяда,
Ўжо нуда — не нуда,
Запеў песні свае разудалыя.
Анталогія ахоплівае перыяд ад 1828 года да паваенных класікаў савецкай Беларусі. Кніга пачынаецца творамі Паўлюка Багрыма, Францішка Багушэвіча і Янкі Лучыны, і заканчваецца Аркадзем Куляшовым і Максімам Танкам.
У кнізе сем раздзелаў: «Ранні перыяд (1828—1905)», «Нашаніўскі перыяд (1906—1914)», «Гады ўладкавання (1917—1939)», «Міжчассе — Заходняя Беларусь (1921—1939)», «Уз’яднанне і вайна (1939—1945)», «Гады аднаўлення (1945—1953)» і «Адліга і пасля (1954-)».
Кожны раздзел пачынаецца кароткім уступам да адпаведнага літаратурнага перыяду і заканчваецца падрабязнымі каментарамі перакладчыцы да апублікаваных твораў.
Кніга адкрываецца раздзелам падзяк і 10-старонкавым уступам, у якім перакладчыца тлумачыць гістарычны кантэкст твораў кнігі і беларускай літаратуры наогул. Таксама тлумачацца правілы беларускага вымаўлення: усе імёны і назвы ў кнізе напісаныя беларускай лацінкай.
Няма ў анталогіі ніводнага аўтара з шматлікай і вельмі плённай тады беларускай эміграцыі.
Прызнанне і крытыка
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская эміграцыя і нешматлікія тады заходнія беларусазнаўцы віталі з’яўленне анталогіі і рэкамендавалі яе чытачам, але і адзначалі шматлікія хібы. Аляксандр Надсан прыгадваў, што Вера Рыч да апошняга трымала ў тайне змест кнігі[5]. Янка Запруднік — пад псеўданімам А. Будзіч,[6] — пісаў, што савецкі бок настаяў на ўключэнне ў анталогію значнай колькасці аўтараў, якія «хоць і не высокага таленту, але бездакорныя з гледзішча партыйнага»[4].
Арнольд Мак-Мілін вітаў публікацыю анталогіі як доўгачаканы шанец пазнаёміцца з невядомай англамоўнаму чытачу літаратурай. Ён заўважыў, што кніга — прадукт амаль дваццаці гадоў працы Веры Рыч, таму якасць перакладаў у ёй неаднолькавая. На ягоную думку, перакладчыца добра перадала форму і рытм твораў. Найбольш паспяхова атрымаліся пераклады твораў канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, нашаніўскага перыяду і міжваеннага часу, найперш — Максіма Багдановіча, а таксама Канстанцыі Буйло, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Дубоўкі і Максіма Танка. Больш познія творы, якіх якраз большасць у кнізе, перакладзеныя менш удала.[7][8] Ён звярнуў увагу на неадэкватнае прадстаўленне ў анталогіі паэзіі ХІХ стагоддзя (сем вершаў трох аўтараў), напр. адсутнасць твораў Чачота, Дунін-Марцінкевіча і паэмы «Тарас на Парнасе», а таксама факталагічныя недакладнасці ў каментарах і непаслядоўнасць транслітарацыі імёнаў і назваў.[8]
Антон Адамовіч, супрацоўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Ёрку, адзначаў, што паваенная савецкая беларуская паэзія прадстаўлена ў анталогіі вельмі поўна — 165 творамі 29 аўтараў — і збольшага добра перакладзена. У той жа час 1920-я гады, багатыя на цудоўных аўтараў і творы, прадстаўлены непрапарцыйна мала, гэтак жа сама як і ўся дасавецкая літаратура наогул. У кнізе знайшлося сціплае месца некалькім рэпрэсаваным аўтарам: Язэпу Пушчу, Уладзіміру Дубоўку і Ларысе Геніюш (кожны прадстаўлены адным творам, тады як Пімен Панчанка — чатырнаццаццю). Як і Макмілін, ён звяртаў увагу на факталагічныя памылкі (напр., Дунін-Марцінкевіч названы ў анталогіі празаікам), памылкі транслітарацыі імёнаў і прыкрыя памылкі друку.[3]
Аляксандр Надсан заўважыў, што Вера Рыч была найбольш прадукцыйнай пад стрэсам і ў апошнюю хвіліну, што можа вытлумачыць няроўнасць якасці перакладаў.[5] Ён быў аўтарам артыкула ў часопісе «Божым шляхам», дзе працытаваў пераклад вершу «Цуд тварыўся» Ніла Гілевіча як прыклад удалага перастварэння. Ён шкадаваў, што «перакладчыца не скарыстала з вялікай, магчыма непаўторнай, нагоды зрабіць анталогію выдатным творам». Ён прадказваў, што іншы шанец для такога выдання здарыцца няхутка.[9]
Трыццаць гадоў пасля з’яўлення анталогіі Лявон Юрэвіч, даследчык з ЗША, адзначыў, што праца «і сёння з’яўляецца ўнікальным выданнем; прычым унікальным і ў станоўчым плане — сваёю якасцю, гэтак і ў адмоўным — тым, што яно адзінае».[10]
У 2012 г. Святлана Скамарохава зрабіла падрабязны аналіз анталогіі ў доктарскай дысертацыі, прысвечанай перакладам беларускай літаратуры на англійскую мову.[11] Яна заўважыла, што «бацькі-заснавальнікі» новай беларускай літаратуры — Багдановіч, Купала і Колас, — былі найбольш шырока прадстаўлены ў зборніку. Таксама аўтары ХХ стагоддзя, якія ўжо атрымалі прызнанне на той час, былі добра прадстаўленыя. Гэта, на думку даследчыцы, «робіць кнігу фундаментальнай працай па літаратурным перакладзе на англійскую мову»,[11] а «абсяг і дыяхранічны метад зрабілі яе непераўзыдзенай дагэтуль». Даследніца адзначае, што для перакладу і тлумачэння беларускіх твораў В. Рыч па-майстэрску скарысталася сваімі ведамі класічнай англійскай літаратуры і часта выкарыстоўвала параўнанні з англійскай, ірландскай і валійскай літаратурнымі традыцыямі. С. Скамарохава выказала сумненне, аднак, што стыль перакладчыцы будзе мець поспех у сучасных чытачоў. На яе думку, пераклады В. Рыч «верагодна, патрабуюць перагляду з-за ігнаравання сучаснай літаратурнай эстэтыкі».[11]
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]Падзякі
[правіць | правіць зыходнік]Палутарастаронкавы раздзел падзяк на пачатку кнігі чытаецца як твор дасціпнай камедыі. Ён пачынаецца спісам трынаццаці бібліятэк і ўстаноў у Вялікабрытаніі (у тым ліку — беларускай бібліятэцы ў Лондане), Даніі і Нарвегіі, якія дапамаглі перакладчыцы з матэрыяламі. Затым Вера Рыч дзякуе Каралеўскім батанічным садам у Лондане за праверку фактаў пра флору Беларусі, Каралеўскаму вайсковаму дэпартменту (англ.: War Office), потым — Міністэрства абароны) — за тлумачэнні адносна кіравання танкамі, і Брытанскай чыгунцы — за дапамогу зразумець лагістыку чыгуначнага транспарту. Таксама пералічваюцца па імёнах некаторыя супрацоўнікі вышэйназваных устаноў, напр. Олвін Уэй (англ.: Olwen Way) «за пэўныя валійскія паралелі, а таксама за парады адносна дагляду коняў» і Патрыша Уолер (англ.: Patricia Waller) — «за тэхнічныя веды і парады пра вэнджанне свініны ў нашыя дні і ў мінулым».
Абзац падзяк прысвечаны брытанскім беларусам: біскупу Чэславу Сіповічу, а. Аляксандру Надсану («хто ў асноўным дапамог з бібліяграфічнай інфармацыяй»), Дамініку Аніську і а. Льву Гарошку — настаўнікам беларускай мовы Веры Рыч. Таксама Паўлу Навару і Паўлу Асіповічу і іх жонкам — за адказы на шматлікія пытанні перакладчыцы. Язэп Семяжон — адзіная асоба з Беларусі, прыгаданая ў раздзеле падзяк — «за прапанаваны спіс твораў».
Напрыканцы раздзела падзяк перакладчыца заўважае, што праца над кнігай цягнулася 18 гадоў, была прычынай клопатаў для многіх людзей, і дзякавала мясцовым пажарным за ўратаванне рукапісу ад «flood-cum-electrical-fire» (затаплення і пажару з-за электразамыкання) у яе доме незадоўга да здачы рукапісу ў друк.
Супервокладка
[правіць | правіць зыходнік]Кніга выйшла з дзвюма супервокладкамі . Першая была белая і з гербам Пагоня, вядомы яе дызайнер — Ст’юарт Ірвін (англ.: Stewart Irwin).
Янка Запруднік сцвярджаў, што пасля паступлення ў продаж кнігі Нацыянальная камісія БССР па справах ЮНЕСКА запатрабавала, каб наклад быў знішчаны, аднак ЮНЕСКА не пагадзілася, бо гэта парушыла б кантракт з лонданскім выдавецтвам. Асаблівае пярэчанне беларускага боку выклікала вокладка з Пагоняй. У выніку, ЮНЕСКА пагадзілася за ўласны кошт замяніць супервокладку на іншую — з дубовым лістом. Іншыя патрабаванні беларускай камісіі: выдаліць пазнаку пра сумесны характар выдання, дадаць нататку пра выключную адказнасць Веры Рыч за змест уступу і каментароў, і зняць паведамленне пра абарону аўтарскіх правоў, — засталіся не задаволены.[4]
У выніку, рэшта накладу распаўсюджвалася з ярка-сіняй абгорткай без якіх-небудзь ілюстрацый. Кошт кнігі падняўся з £4.50 да £4.95. Абодва выданні мелі той самы міжнародны стандартны нумар (ISBN), што парушае бібліяграфічныя правілы і робіць справу пошуку арыгінальных супервокладак больш складанай.[5][12]
Зноскі
- ↑ а б Like water, like fire: an anthology of Byelorussian poetry from 1828 to the present day / Rich, V. (trans.). — London, 1971. — 347 с. — ISBN 0-04-891041-4.
- ↑ Віталь Зайка (2010). "Сьв. пам. Вера РЫЧ (24.04.1936 – 20.12.2009)" (PDF). No. 563 - 564 (cнежань 2009 г. - cтудзень 2010 г.). Беларус. p. 15. ISSN 1054-9455. Праверана 2021-04-23.
- ↑ а б Adamovich, A. Reviewed Work: Like Water, Like Fire: An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day. by Vera Rich.(англ.) // Slavic Review. — 1973. — № 32(4). — С. 863-864. — DOI:10.2307/2495553
- ↑ а б в Будзіч, А. Савецкая канфіскацыя анталёгіі ЮНЭСКА // Беларус. — 1972. — № 179.
- ↑ а б в Ігар Іваноў. Like Water, Like Fire: першая анталогія беларускай паэзіі на англійскай мове (недаступная спасылка). Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане (2 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 19 мая 2022. Праверана 5 верасня 2023.
- ↑ Баршчэўская, Ніна. Роля дыяспары ў захаваньні й разьвіцьці беларускае мовы(недаступная спасылка). Камунікат. Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2023. Праверана 5 верасня 2023.
- ↑ McM [McMillin], A.B. Review Notices : Like Water, Like Fire. An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day(англ.) // Journal of European Studies. — 1971. — № 1(1). — С. 398-399. — DOI:10.1177/0047244171001001130
- ↑ а б McMillin, A. Reviewed Work: Like Water: Like Fire. An Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day by Vera Rich(англ.) // The Slavonic and East European Review. — 1972. — № 50(118). — P. 118-120. — ISSN 0037-6795.
- ↑ Надсон, А. Рэцэнзія // Божым шляхам. — 1971. — № 4. — С. 7-8. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2022.
- ↑ Юрэвіч, Лявон (2002). Пераклад збліжае народы: Матэрыялы Міжнар. "круглага стала", Мінск, 3-4 верасня 2001 г. Беларусіка = Albaruthenica. Vol. 24. Мінск: Беларускі кнігазбор. p. 122. ISBN 985-6638-71-2.
{{cite book}}
: Невядомы параметр|частка=
ігнараваны (даведка) - ↑ а б в Svetlana Skomorokhova. "Arising from the depths" (Kupala) : a study of Belarusian literature in English translation. Ph.D. University of Warwick 2012. (англ.) (2 снежня 2012).
- ↑ Ihar Ivanou. The first anthology of Belarusian Poetry in English: sponsors and censors (англ.). European Studies Blog. British Library (10 сакавіка 2017).