Флора Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Флора Беларусі — сукупнасць відаў раслін, якая гістарычна склалася тэрыторыі Беларусі.

Беларусь знаходзіцца ў заходняй частцы нечарназёмнай паласы Усходне-Еўрапейскай раўніны. Кліматычныя, геамарфалагічныя і глебава-гідралагічныя ўмовы на яе тэрыторыі неаднастайныя[1]. У сучасным раслінным покрыве Беларусі каля 1600 вышэйшых раслін[1]. Сярод іх дзярэзы (Lycopodiophyta), хвашчы (Equisetopsida), папараці (Pteridophyta), голанасенныя (Gymnospermae), пакрытанасенныя (Magnoliophyta). Відавая разнастайнасць уключае каля 1000 грыбоў, 350 лішайнікаў, 400 імхоў.

Асаблівасці сучаснай флоры[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная флора Беларусі геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гістарычнымі абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. У ёй трапляюцца віды горна-еўрапейскія (купальнік горны (Arnica montana), чына горная (Lathyrus linifolius), цыбуля мядзведжая (Allium ursinum)), тундравыя арктычныя (вярба лапарская (Salix lapponum), бяроза карлікавая (Betula nana), фіялка верхаголая), чарназёмнай зоны (вастралодачнік валасісты (Oxytropis pilosa), жаўтазель фарбавальны (Genista tinctoria), стальнік палявы (Ononis arvensis)), паўпустынь (хрупляўнік палявы (Polycnemum arvense), казлабарод усходні (Tragopogon orientalis), палявічка малая (Eragrostis minor)), віды неатрапічнай флоры (аксамітнік адкінуты (Amaranthus retroflexus), шчытоўнік мужчынскі (Dryopteris filix-mas)), палеатрапічнай (альдраванда пухіраватая (Aldrovanda vesiculosa), чальчак вербалісты (Lythrum salicaria), ваўчкі трохраздзельныя (Bidens tripartita)) і інш. Характэрная асаблівасць расліннасці Беларусі — значная колькасць таежных раслін, прадстаўнікоў шыракалістых лясоў Заходняй Еўропы і стэпаў. Зберагліся рэліктавыя расліны міжледавіковых эпох (больш за ўсё на Палессі).

Багатыя відамі сямействы кветкавых раслін. Сярод сямействаў з найбольш шырокай відавай разнастайнасцю асноўнымі з'яўляюцца астравыя (Asteraceae), метлюжковыя (Poaceae), асаковыя (Cyperaceae), залознікавыя (Scrophulariaceae), капуставыя (Brassicaceae), парасонавыя (Apiaceae), бабовыя (Fabaceae)[1]. Найбольшыя роды: асака (Carex), ястрабок (Hieracium), крынічнік (Veronica), вярба (Salix), дуброўка (Potentilla). Пераважаюць травяністыя расліны — каля 1400 відаў. Дрэўных раслін 104 віды (дрэў 28, кустоў 59, кусцікаў і паўкусцікаў 17). 3 эфемераў растуць вяснянка веснавая (Draba verna), мышахвоснік маленькі (Myosurus minimus), разухавідка Таля (Arabidopsis thaliana); з эфемероідаў чубатка (Corydalis), кураслеп (Anemone), гусіная цыбуля (Gagea); з сапрафітаў — пад'ельнік (Monotropa), гняздоўнік (Neottia), надбароднік (Epipogium), ладдзян (Corallorhiza); з паўпаразітаў — цяцюшнік (Euphrasia), дзярэга (Odontites), званец (Rhinanthus), братаўка (Melampyrum); з паразітаў — таемнік лускаваты (Lathraea squamaria), амяла белая (Viscum album), віды родаў павітуха (Cuscuta) і заразіха (Orobanche); з насякомаедных раслін — расіца (Drosera), альдраванда (Aldrovanda), тлушчанка (Pinguicula), плывунец (Utricularia).

Многа інтрадукаваных відаў дрэў, кустоў, травяністых харчовых і дэкаратыўных раслін.

Каля 250 відаў флоры Беларусі дамінанты расліннага покрыва краіны. Геамарфалагічныя, глебава-гідралагічныя і кліматычныя ўмовы вызначаюць занальнасць расліннасці. Асноўныя яе тыпы на Беларусі — лясная, лугавая, балотная.

Лясная расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Доля плошчы раёнаў Беларусі пад лясамі.     болей за 60%     50—60%     40—50%     30—40%     20—30%     меней за 20%

Больш за 1/3 тэрыторыі краіны пад лясамі. Размешчаны яны пераважна на пясчаных раўнінах і забалочаных нізіяах. Буйных лясяых масіваў адносна мала, але няма і бязлесных раёнаў. Амаль усе лясы ў той ці іншай ступені высякаліся, аднаўляліся пераважна натуральным шляхам, таму допя штучна створаных лясоў на Беларусі адносна невысокая.

Для Беларусі тыповыя хвойныя, драбналістыя і шыракалістыя лясы. Вядучае месца займае хвоя (Pinus) — каля 60 % лясной плошчы, бяроза (Betula) — каля 20 %[1]. Самая пашыраная лясная парода — хвоя звычайная (Pinus sylvestris), яна з'яўляецца адной з асноўных культур і для аблясення непрыдатных для сельскай гаспадаркі зямель. Пашыраны таксама елка еўрапейская (Picea abies), бяроза павіслая (Betula pendula) і пушыстая (Betula pubescens), вольха чорная (Alnus glutinosa) і шэрая (Alnus incana), дуб звычайны (Quercus robur), ясень (Fraxinus), граб звычайны (Carpinus betulus) і інш. Яны ўтвараюць мяшаныя і чыстыя насаджэнні. Кліматычныя, глебавыя і араграфічныя асаблівасці розных рэгіёнаў абумоўліваюць занальнасць пашырэння лясоў розных тыпаў. 3 поўначы на поўдзень усходнееўрапейскія лясы паўднёватаежнага тыпу паступова трацяць барэальны выгляд і зменьваюцца фармацыямі заходнееўрапейскага тыпу.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі пашыраны розныя тыпы бароў. На нізінах з развітымі эўтрофнымі працэсамі балотаўтварэння (асабліва на Палессі, Верхнебярэзінскай нізіне) вялікіч плошчы пад чорнаальховымі і пушыстабярозавымі лясамі. На поўначы, дзе клімат халаднейшы, больш яловых лясоў, дуброў мала; елка ўтварае пераважна монадамінантныя масівы, на больш урадлівых глебах — шыракаліста-яловыя з невялікай колькасцю дуба і развітым падлескам з ляшчыны. Характэрны для паўночнай Беларусі шэраальховыя лясы, якіх у іншых зонахі няма. Лясная расліннасць цэнтральнай часткі Беларусі — своеасаблівы комплекс-спалучэнне хвойных лясоў усходнееўрапейскага і шыракалістых лясоў заходнееўрапейскага тыпаў: па паўночных яе раёнах праходзіць мяжа суцэльнага пашырэння граба, па паўднёвых — елкі. На поўдні тыповыя шыракалістыя лясы. Шмат грабовых дуброў, ёсць шыракаліста-хваёвыя лясы. Ельнікі найчасцей астраўныя, гэта — складаныя фітацэнозы з дамешкам дуба, граба, ясеня, чорнай вольхі, бярозы. На былых высечках, непрыдатных сельскагаспадарчых землях па ўсёй тэрыторыі пераважаюць бародаўчатабярозавыя лясы, асіннікі галоўным чынам на паўночным усходзе.

Расліннасць балот[правіць | правіць зыходнік]

На балотах характар расліннасці залежыць ад водна-мінеральнага жыўлення, у яе складзе дрэўныя і травяністыя расліны, імхі.

На бязлесных масівах нізінных балот поўначы Беларусі пашыраны разнатраўна-асаковыя, асакова-гіпнавыя, злакава-асаковыя асацыяцыі. У цэнтральных раёнах на поймавых травяных нізінных балотах пераважаюць буйнаасаковыя і злакава-асаковыя асацыяцыі. Бязлесных травяных нізінных балот найбольш на поўдні — у Пінска-Прыпяцкім раёне; тыповыя для іх злакава-буйнаасаковыя (у поймах рэк) і асакова-гіпнавыя (на водападзелах) асацыяцыі, часам пераважае трыснёг; у выніку меліярацыйных работ пашырэнне трыснягова-асаковых асацыяцый скарацілася. Ва ўсіх зонах Беларусі трапляюцца лясныя нізінныя балоты, на якіх растуць вольха чорная (Alnus glutinosa), бяроза пушыстая (Betula pubescens), часам вярба (Salix).

Для вярховых балот поўначы краіны характэрны хмызнячкова-падвейна-сфагнавыя асацыяцыі расліннасці; на градах — хваёва-хмызнячкова-сфагнавыя, у мачажынах — сфагнавыя асацыяцыі; на найбольш абводненых участках вярховых балот трапляюцца градава-азёрныя комплексы расліннасці. Сярэдняя вышыня хваёвых дрэвастояў 2—8 м, на моцна выпуклых балотах хвойнікі ніжэйшыя і больш рэдкія. Растуць імшарніца (Andromeda), журавіны (Oxycoccus), багун (Ledum), багноўка (Empetrum), шэйхцэрыя (Scheuchzeriaceae), расіца (Drosera). Пры перамяшчэнні на поўдзень фларыстычны склад раслінных асацыяцый на вярховых балотах мяняецца: знікаюць віды, характэрныя для балот прыбалтыйскага тыпу, расліннасдь набывае своеасаблівыя для Палесся рысы.

Пераходным балотам уласцівы лясныя і бязлесныя хмызнячкова-асакова-сфагнавыя асацыяцыі, часам вылучаюць хваёва-багунова-сфагнавыя. Хваёвы дрэвастой вышынёю 12—15 м; звычайны кампанент расліннасці пераходных балот — бяроза пушыстая (Betula pubescens), у некаторых асацыяцыях трапляецца елка (Picea), шмат багуну (Ledum), буякоў (Vaccinium uliginosum), васкоўніку звычайнага (Myrica gale), вербаў (Salix). Акрамя сфагнавых (Sphagnopsida), пашыраны гіпнавыя імхі (Hypnaceae).

Расліннасць лугоў[правіць | правіць зыходнік]

У раслінным покрыве лугоў Беларусі больш як 200 відаў раслін. У травастоі пераважаюць злакавыя (цімафееўка лугавая (Phleum pratense), купкоўка зборная (Dactylis glomerata), аўсяніца лугавая (Festuca pratensis), лісахвост (Alopecurus), метлюжок (Poa) і інш.), пашыраны бабовыя (канюшына белая (Trifolium arvense), канюшына чырвоная (Trifolium pratense), чына лугавая (Lathyrus pratensis), мышыны гарошак (Vicia cracca), рутвіца рагатая (Lotus corniculatus)), асокі (Carex) і шматлікае разнатраўе. Расліннасць заліўных, нізінных і сухадольных лугоў вызначаецца пэўнай спецыфічнасцю.

Водная расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Водная расліннасць разнастайная. На рэках, сажалках і азёрах часта трапляюцца зараснікі гарлачыкаў (Nymphaea), трыснягу (Phragmites), чароту (Scirpus). Ціхія затокі рэк зарастаюць раскай (Lemna), жабнікам (Hydrocharis). Усюды растуць эладэя канадская (Elodea canadensis), рдзесты (Potamogeton), стрэлкаліст (Sagittaria) і іншыя водныя расліны. У тоўшчы вады і на дне вадаёмаў сотні відаў водарасцей.

Відавы састаў раслінных супольнасцей, што фарміруюць асацыяцыі, фармацыі і тыпы воднай расліннасці, адносяць да розных таксанамічных катэгорый. У аквафлоры Беларусі адзначана 260 відаў вышэйшых раслін і больш за 2 тыс. відаў водарасцей. Вышэйшыя водныя расліны, у склад якіх уключаны і травяністыя кветкавыя аднадольныя расліны, анатамічна і марфалагічна прыстасаваныя да жыцця ў водным асяроддзі. Глыбіня месцазнаходжання расліннасці (у сярэднім да 3—4, зрэдку да 6—10 м) залежыць ад празрыстасці вады.

У прыбярэжнай зоне растуць асокі (Carex), шабельнік балотны (Comarum palustre), цыкута ядавітая (Cicuta virosa), аер звычайны (Acorus calamus), капытнік балотны (Calla palustris). У земнаводнай зоне (да глыбіні 0,5 м) трапляюцца плюшчай галінасты (Sparganium ramosum), шабельнік трыпутнікавы, стрэлкаліст (Sagittaria), хвошч багнавы (Equisetum fluviatile), рагоз (Typha), касач (Iris). У зоне паветрана-водных раслін (глыбіня вадаёма 1,5—2 м) знаходзяцца трыснёг (Phragmites), чарот азёрны (Schoenoplectus lacustris), рагозы (Typha), хвашчы (Equisetopsida), маннік вадзяны (Glyceria aquatica). У зоне раслін з вадаплаўным лісцем (глыбіня 2—3 м) растуць гарлачык жоўты (Nuphar), гарлачык белы (Nymphaea alba), драсён земнаводны (Persicaria amphibia), рдзест плывучы (Potamogeton natans). Зона шыракалістых рдзестаў у вадаёмах з празрыстай вадой дасягае глыбіні 5 м. У зоне водных імхоў і водарасцей (глыбіня да 10 м, напр., возера Нарач) утвараюцца падводныя лугі з імхоў (у асноўным фантыналіс проціпажарны (Fontinalis antipyretica)) і водарасцей (пераважна харавых (Charophyta) — хара (Chara), нітэла (Nitella), нітэлопсіс (Nitelopsis)).

Усе віды аквафлоры — аўтатрофныя арганізмы, што ствараюць першасную прадукцыю і вызначаюць функцыянаванне іншых (гетэратрофных) узроўняў экасістэмы. Яны адыгрываюць першарадную ролю ў аэрацыі вадаёмаў, іх самаачышчэнні; некаторыя з іх здольныя паглынаць з вады і назапашваць таксічныя рэчывы. Празмернае развіццё воднай расліннасці прыводзіць да другаснага забруджвання, «цвіцення» вады і пагаршэння стану водных экасістэм.

Раянаванне[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з комплексным геабатанічных раянаваннем, якое ажыццяўлялі І. Д. Юркевіч і В. С. Гельтман у 1960 і 1969, былі вылучаны 3 геабатанічных падзоны[1]:

  • дубова-цёмнахваёвыя лясы
  • грабава-дубова-цёмнахваёвыя лясы
  • шыкараліста-хваёвыя лясы

У межах падзон вылучаны 7 геабатанічных акругоў, якія адлюстроўваюць унутрызанальныя адрозненні расліннасці[1]:

  • Заходне-Двінскі
  • Ашмяна-Мінскі
  • Аршана-Магілёўскі
  • Нёманска-Перадпалескі
  • Бярэзінска-Перадпалескі
  • Бужска-Палескі
  • Палеска-Прыдняпроўскі

Таксама на тэрыторыі выдзяляюць два экалагічныя рэгіёны: цэнтральнаеўрапейскія змяшаныя лясы(ісп.) бел.[2] і сармацкія змяшаныя лясы(руск.) бел..

Пераважным відам расліннасці з'яўляюцца лясы, яны займаюць прыкладна трэць плошчы краіны, далей ідуць лугі — 17 % і балоты — каля 12 %[1].

Значэнне для чалавека[правіць | правіць зыходнік]

Культурная расліннасць займае амаль 1/3 тэрыторыі. Глебава-кліматычныя ўмовы Беларусі даюць магчымасць вырошчваць асноўныя збожжавыя культуры, мець добрыя сенажаці і пашу. Аб'ектамі раслінаводства з'яўляюцца таксама многія віды агароднінных, тэхнічных, зернебабовых, кармавых, пладовых культур. Раслінная прадукцыя сельскай гаспадаркі — сыравіна для харчовай, камбікормавай, ільноапрацоўчай, спіртавой і іншых галін прамысловасці. Вялікае гаспадарчае значэнне мае і выкарыстанне дзікарослай флоры. Сыравіну для лясной прамысловасці дае лес. Нарыхтоўваюцца і спажываюцца дзікарослыя ягады, грыбы, арэхі. У раслінным покрыве шмат відаў кармавых траў, лекавых раслін. Асобныя віды раслін з'яўляюцца каранціннымі. У сувязі з развіццём гарадоў, прамысловасці, дарожнага і меліярацыйнага будаўніцтва раслінны свет Беларусі значна змяніўся. За 100 гадоў знікла каля 70 відаў раслін, скарачаецца пашырэнне некаторых відаў. Каб зберагчы віды, якія сталі рэдкімі або знікаюць, ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па іх ахове.

Выкапнёвая флора[правіць | правіць зыходнік]

Раслінны свет Беларусі, як і іншых рэгіёнаў Зямлі, прайшоў доўгі шлях эвалюцыйнага развіцця. Гісторыя яго вымяраецца мільёнамі гадоў і бярэ пачатак ад старажытных простых арганізмаў, уласцівых далёкім геалагічным перыядам.

У дакембрыйскі час у морах, якія займалі тэрыторыю Беларусі, панавалі водарасці. Шмат іх было і ў морах больш позніх геалагічных перыядаў. У адкладах многіх геалагічных сістэм, пачынаючы з лапіцкай світы верхняга пратэразою, знойдзены прадукты жыццядзейнаоці сіне-зялёных водарасцей — катаграфіі, анкаліты, страматаліты. У сярэднедэвонскім моры Прыпяцкай упадзіны водарасці ўтварылі своеасаблівыя арганагенныя структуры(руск.) бел. — біягермы(руск.) бел., у якіх выяўлены скопішчы нафты і газу.

Змены клімату, рэльефу, трансгрэсіі(руск.) бел. мораў на кожным геалагічным этапе суправаджаліся глыбокімі зменамі расліннага покрыва. Наземная расліннасць пашыралася ў дэвонскім перыядзе. Раслі вышэйшыя споравыя псілафіты (Psilophyta) (вымерлі ў канцы перыяду). У другой палове дэвону з'явіліся папараці (Pteridophyta), дзярэзы (Lycopodiophyta) і членістасцябловыя (Equisetophytina), у пачатку позняга дэвону псілафітападобную флору змяніла археаптэрысавая, у складзе якой былі першыя праголанасенныя расліны. Рэшткі раслін дэвону знойдзены ў многіх раёнах Беларусі. Асаблівага росквіту раслінны свет дасягнуў у цёплым і вільготным каменнавугольным перыядзе палеазою. У лясах раслі дрэвападобныя дзярэзы і членістасцябловыя (лепідадэндраны (Lepidodendron), сігілярыі (Sigillaria), каламіты (Calamites) і інш.), папараці (Pteridophyta), кардаіты (Cordaites). У раёнах адкладаў каменнавугольнага перыяду трапляюцца пласты каменных і бурых вугалёў (Прыпяцкі прагін). У засушлівы і гарачы пермскі перыяд пашыралася ксерафітная флора. Вільгацелюбныя дрэвападобныя хвашчы, лепідадэндраны і іншыя расліны меншалі і гінулі, іх месца занялі сагоўнікавыя (Cycadopsida), гінкгавыя (Ginkgoopsida) і хвойныя (Pinophyta).

У трыясе, юры і першай палове мелавога перыяду росквіту дасягнулі цыкадавыя, хвойныя. У мелавым перыявзе пашырыліся кветкавыя расліны, якія хутка занялі цэнтральнае месца ў раслінным свеце. У канцы перыяду паявіліся продкі магнолій, лаўраў, бяроз, дубоў, вербаў і інш.

У палеагене на Еўрапейскім мацерыку панаваў цёплы субтрапічны і трапічны клімат; на Беларусі, дзе кліматычныя ўмовы былі пераходныя паміж умовамі ўмеранага і трапічнага паясоў, раслі алеандры, араліі, разнастайныя міртавыя, васкоўнікі і інш., пашыраліся лясы з вечназялёных каштанаў, дубоў, лаўраў. Флора поўдня Беларусі мела рысы флоры сучаснай трапічнай Азіі. У многіх месцах Палесся у тоўшчы кварцавых пяскоў выяўлены праслоі і лінзы бурых вугалёў, якія ўтварыліся з рэшткаў тагачасных раслін. У міяцэне трапічныя і субтрапічныя лясы на тэрыторыі Беларусі вымерлі. Пашырыліся блізкія да сучасных віды розных родаў хвойных (хвоя, елка, піхта, тсуга, секвоя, кіпарыс) і лісцевых (граб, клён, дуб, каштан, бяроза, вярба і інш.) дрэўных парод. Як дамешак асталіся субтрапічныя віды (платан, лаўр, мірт, эўкаліпт).

У пліяцэне пышныя хвойна-шыракалістыя лістападныя лясы саступілі месца тайзе, больш багатай па складу дрэўных парод, чым сучасныя еўрапейска-сібірскія таежныя лясы. Пераважалі хвоі, елкі, піхты, лістоўніцы, тсугі. Месцамі зберагліся секвоі, балотныя кіпарысы. Раслі граб, арэшнік, дуб, вяз, ліпа, клён і барэальныя катахакветныя — вольха, бяроза, таполя. Значная колькасць гэтых раслін у лясах пліяцэну робіць іх падобнымі да сучасных. Пахаладанне ў канцы неагенавага перыяду прывяло да рэзкай змены расліннасці. Хваёвыя і бярозавыя лясы радзелі, больш стала траў, знікалі цеплалюбныя расліны.

У антрапагене цёплыя і халодныя эпохі зменьвалі адна адну. У цёплыя прамежкі часу (міжледавікоўі) кліматычныя ўмовы быяі блізкія да сучасных, пашыралася лясная расліннасць. Флора паступова мянялася: знікалі пліяцэнавыя рэлікты і нееўрапейскія віды. Кожнае міжледавікоўе вызначалася індывідуальнай схемай змены раслінных асацыяцый. Для лясоў наступнага, налібоцкага міжледавікоўя характэрна вялікая колькасць шыракалістых парод — вяза, дуба і ліпы. У сярэдзіне антрапагену ў найбольш працяглым александрыйскім міжледавікоўі ў раслінным покрыве пераважалі елка, піхта, ціс і граб. У шклоўскім міжледавікоўі пашыраліся хвойна-шыракалістыя лясы з бярозай і шыракалістыя лясы з дубу, ліпы, грабу, клёну, арэшніку. На працягу апошняга, муравінскага міжледавікоўя дубовыя і дубова-вязявыя лясы з густымі зараснікамі ляшчыны змяніліся ліпавымі, апошнія — грабовымі лясамі. У канцы паазерскага зледзянення пашырыліся таежныя рэдкалессі пераважна з сібірскай елкі і хвоі, паступова яны саступілі месца хвойна-лісцевым, бярозава-асінавым, потым хваёвым лясам, у якіх на працягу галацэну ўдзел асобных дрэўных парод мяняўся залежна ад клімату. У другой палове галацэну флора і расліннасдь мелі блізкі да сучаснага выгляд.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 Лекарственные растения и и их применение. Изд. 5-5, перераб. и доп. «Наука и техника». Мн., 1974. 592 с. с ил. (АН БССР. Ин-т эксперим. ботаники им. В. Ф. Купревича)
  2. Central European mixed forests (PA0412)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Расліннае покрыва // Геаграфія Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-056-4
  • Раслінны свет // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. ІІ. Рэспубліка Беларусь. — Мн.: БелЭн, 2004.
  • Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]