1-ы Мінскі беларускі полк (ЦБВР)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
1-ы Мінскі беларускі полк
Гады існавання 24 лістапада 1917 — 8 снежня 1917
Падпарадкаванне Цэнтральная беларуская вайсковая рада
Тып воінскае фарміраванне
Колькасць 350 чалавек
Дыслакацыя Менск
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Манцывода

1-ы Мінскі беларускі полк — адно з першых аўтаномных беларускіх узброеных фарміраванняў, створанае ў 1917 годзе Цэнтральнай беларускай вайсковай радай у Менску.

Ва ўспамінах К. Езавітава фарміраванне завецца 1-м беларускім пешым палком, 1-м беларускім Менскім палком, 1-м пешым Менскім беларускім палком[1]. Гісторык А. Латышонак называе яго 1-м Менскім беларускім палком[2] і 1-м беларускім палком у Менску[3][4]. У тагачаснай прэсе фарміраванне фігуравала таксама як 1-ы беларускі нацыянальны полк[5].

Прадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дэлегацыя Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР) пасля 24 кастрычніка 1917 года (канец кастрычніка — пачатак лістапада) дамагалася дазволу на фарміраванне беларускіх нацыянальных часцей ад галоўнакамандуючага генерала М. Духоніна і праз некалькі дзён атрымала тэлеграму з дазволам ствараць нацыянальныя беларускія часці праз папаўненне беларусамі пэўных часцей расійскай арміі. Такім чынам ЦБВР мусіла фарміраваць беларускія часці фармальна ў межах нацыяналізацыі вайсковых часцей былой Рускай імператарскай арміі.[6]

Кіраўнік аддзела вайсковых фарміраванняў ЦБВР генерал К. Кандратовіч спланаваў фарміраванне беларускага палка, а затым і беларускага корпуса на Заходнім фронце, на што быў атрыманы асобны дазвол. Генерал К. Кандратовіч чакаў рашэнняў па выкананні гэтага плану ад Стаўкі, але тым часам адбываўся канфлікт галоўнакамандуючага генерала Духоніна з бальшавікамі, якія здзейснілі пераварот і перахоплівалі на сябе кіраванне расійскай арміяй. Урэшце 9 лістапада 1917 года генерал Духонін быў адхілены бальшавікамі ад камандавання, на яго месца прызначылі прапаршчыка М. Крыленку. Тым жа часам бальшавікі адхілілі і камандуючага Заходнім фронтам генерала П. Балуева, выкананне абавязкаў ўзяў на сябе падпалкоўнік В. Каменшчыкаў[6], а 20 лістапада 1917 года бальшавікі абралі камандуючым фронтам прапаршчыка А. Мяснікова[7].

У такіх умовах арганізацыі беларускіх вайскоўцаў дамагаліся ад Крыленкі пацверджання дазволу атрыманага ад Духоніна[8], тым самым фармальна прызнаўшы ўладу бальшавікоў[7]. Урэшце пацверджанне дазволу было атрыманы са Стаўкі 24 лістапада 1917 года[8].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фарміраванне 1-га Мінскага беларускага палка афіцыйна пачалося з 24 лістапада 1917 года. Дазвол дадаткова быў пацверджаны асобным загадам Крыленкі ад 27 лістапада 1917 года, дзе рэгламентаваўся парадак стварэння беларускіх часцей менавіта праз нацыяналізацыю пэўных часцей расійскай арміі, на што іх асабовы склад мусіў даць згоду праз плебісцыт і падкрэслівалася, што беларускія часці не могуць трымацца нейтралітэту ў грамадзянскай вайне ў Расіі, то бок практычна павінны быць на баку бальшавікоў. Нават пры гэтым, бальшавіцкія ўлады Заходняй вобласці і фронту дамагаліся ад Крыленкі прыпынення загаду на фарміраванне 1-га Мінскага беларускага палка да пачатку Усебеларускага з’езда. Аднак уступленне добраахвотнікаў у полк працягвалася.[3]

Пленум бальшавіцкага Выканаўначага камітэта Заходняй вобласці і фронту 2 снежня 1917 года разглядаў пытанне беларускай нацыяналізацыі вайсковых часцей, адзіны беларус з камісараў — матрос В. Муха, настойваў каб або беларусам было дазволена стварэнне нацыянальных часцей, або стварэнне нацыянальных часцей не было дазволена нікому[3]. Урэшце пленум пастанавіў распусціць ужо сфарміраваныя польскія часці і не дазваляць фарміравання беларускіх[9]. Пасля гэтага галоўнакамандуючы Крыленка выдаў загад пра прыпыненне нацыяналізацыі вайсковых часцей і забарону нацыянальных з’ездаў вайскоўцаў у прыфрантавой зоне[4]. Ужо 8 снежня 1917 года камандуючы Заходнім фронтам А. Мяснікоў загадаў расфарміраваць 1-ы Мінскі беларускі полк, а асабовы склад уключыць у 289-ы запасны пяхотны полк[6].

На гэты час 1-ы Мінскі беларускі полк пад камандаваннем Манцыводы налічваў 350 чалавек, не ўсе яны былі ўзброены вінтоўкамі, полк не меў кулямётаў, гранат і іншай амуніцыі, не меў і ўласнага месца дыслакацыі. Таксама не меў уласнага харчовага забеспячэння, залежаў у гэтым ад агульнавайсковых уладаў. З асабовага складу 150 чалавек знаходзілася пры 2-й запасной пяхотнай брыгадзе, 200 — пры 101-м тылавым этапе. У гэтых умовах, пасля сумеснай нарады вайсковага аддзела ЦБВР і прадстаўнікоў палка, было вырашана выканаць загад А. Мяснікова і далучыцца да 289-га запаснога пяхотнага палка.[4]

Наступныя падзеі[правіць | правіць зыходнік]

У ЦБВР спадзяваліся, што праз далучэнне беларусаў да 289-га запаснога пяхотнага палка і папаўненне яго добраахвотнікамі беларусамі ёсць магчымасць пераняць часць пад сваё камандаванне[4].

Неўзабаве, праз прыток у 289-ы полк беларускіх добраахвотнікаў і адток рускіх, колькасць беларусаў у асабовым складзе дасягнула 75 %. ЦБВР займалася агітацыяй сярод салдат і афіцэраў, заснавала ў кожнай роце беларускія камітэты, адначасова збіралася зброя кінутая дэмабілізаванымі расійскімі часцямі. Аднак, гэта працягвалася нядоўга, бальшавікі перавялі насычаны беларусамі 289-ы полк для службы на чыгунцы, расцягнуўшы ўздоўж лініі Мінск—Віцебск—Смаленск—Арол[2]. На думку гісторыка А. Латышонка, полк падпарадкаваўся загаду з ранейшай прычыны — у ЦБВР не было сродкаў на яго харчовае забеспячэнне. Урэшце, асабовы склад расцягнутага на вялікай адлегласці падраздзялення разышоўся па дамах. Такім чынам скончылася гісторыя 1-га Мінскага беларускага палка.[2]

Зноскі

  1. Езавітаў К. Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада // Крывіч № 1(7), 1924. — С. 37-45.; № 9, 1925. — С. 80-92.
  2. а б в Латышонак 2014, с. 54.
  3. а б в Латышонак 2014, с. 48.
  4. а б в г Латышонак 2014, с. 51.
  5. К. Езовитовъ Военный отдѣлъ // Белорусская рада. — Минскъ: 12 декабря 1917. — № 8. — С. 3.
  6. а б в Латышонак 2014, с. 45.
  7. а б Латышонак 2014, с. 47.
  8. а б Латышонак 2014, с. 46.
  9. Латышонак 2014, с. 49.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Латышонак А. Жаўнеры БНР. — выд. 3-е, перапрацаванае. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — ISBN 978-5-00076-003-1.