Тры Будрысы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тры Будрысы
Trzech Budrysów
Жанр: баляда
Аўтар: Адам Міцкевіч
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1827
Публікацыя: 1829
Электронная вэрсія
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору
Малады Адам Міцкевіч

Тры Будрысы (па-польску: Trzech Budrysów) — баляда Адама Міцкевіча, якая ў жартаўлівай форме тлумачыць збліжэньне Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай і палянізацыю літоўскай шляхты. Таксама баляда адлюстроўвае жыцьцёвую пазыцыю паэта: не багацьце, а толькі каханьне прыносіць шчасьце[1]. Напісаная ў канцы 1827 альбо пачатку 1828 і прысьвечана філямату і філяэту Вінцэнту Будрэвічу(pl). Упершыню пабачыла сьвет у другім томе зборніка паэзыі Міцкевіча (Пецярбург, 1829). Мае падзагаловак «Баляда літоўская»[2]. Тадэвуш Булгарын назваў баладу «ўзорам прастаты апавяданьня й прыгажосьці»[3].

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяньне баляды адбываецца ў Літве XІV стагодзьдзя, якая разьвівае сваю моц дзякуючы ваенным дзеяньням, якія праводзяцца на некалькіх франтах адначасова. Першая страфа п’есы знаёміць чытача з домам галоўнага героя — старога Будрыса, — які адпраўляе трох сыноў на палі бітвы. Кожны зь іх павінен адправіцца ў іншы бок, каб змагацца ў войсках літоўскіх князёў: першы дапаможа Альгерду у барацьбе з рускімі, другі разам са Скіргелам (братам Ягайлы) адправіцца на «ляхаў», а трэці з Кейстутам «разграміць тэўтонаў».

Яны павінны прывезьці са сваіх экспэдыцый пэўную здабычу: у Расеі гэта «сабаліныя апоны й залатыя заслоны», у Прусіі — «як пяску, там бурштыну, сукны дзіўнага тканьня, і там рызы ў ксяндзоў у дыямэнтах». Самую незвычайную здабычу павінен прывезьці той, хто адправіцца на «ляхаў» — гэта будзе нявеста-полька, вартасьці якіх стары Будрыс сьмела праслаўляе перад сынамі.

Такім чынам, трое маладых літоўцаў адпраўляюцца на вайну ў пошуках славы, прыгод і абяцанай бацькам здабычы, пазьней турбуючы Будрыса сваёй доўгай адсутнасьцю. Урэшце, з экспэдыцыі вяртаецца першы з сыноў, прывозячы замест грошай польскую нявесту; неўзабаве пасьля яго ў доме бацькі зьяўляецца другі з братоў зь ідэнтычнай «здабычай». У фінале балады стары Будрыс, заўважыўшы на даляглядзе трэцяга са сваіх ваяўнічых сыноў, больш не пытаецца пра прывезеныя багацьці, рыхтуючы адразу трэцяе вясельле.

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На беларускую мову твор Міцкевіча двойчы пераклад Янка Купала, у 1913 і 1940 годзе. На летувіскую мову ўпершыню твор пераклаў Людвік Адам Юцэвіч у 1837 годзе[4], потым Петрас Армінас-Трупінеліс у 1892 годзе.

У 1829 годзе паэму парадкова пераклаў на расейскую мову Тадэвуш Булгарын. На расейскую мову твор таксама пераклаў Аляксандар Пушкін (1833), што быў апублікаваны ў 1834 годзе ў часопісе «Бібліятэка для чытаньня»[5].

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Станіслаў Манюшка ў 1839 годзе стварыў да балады музыку[6][7]. Польскі мастак Юльюш Косак стварыў да баляды дзьве карціны[8][9].

Пазьней сваю карціну да баляды стварыў летувіскі мастак Джэрард Багданавічус(lt) (1901—1986)[10].

Аляксандар Ходзька напісаў на матыў «Трох Будрысаў» сваю бяладу «Гербы», у якой распавёў гісторыю прымірэньня «Белага Арла» і «Пагоні»[11]. Уладзіслаў Сыракомля напісаў да баляды Міцкевіча паэму-працяг «Trzy córki Litwina» («Тры дачкі Літвіна»)[12].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ "Dėl Tavęs… — Lietuvos teatro, muzikos ir kino muziejus
  2. ^ Trzech Budrysów
  3. ^ «Сынъ Отечества и Северный Архивъ» (1829, т. V, с. 113—115)(недаступная спасылка)
  4. ^ Wyjątkі z nowoczesnych poetów polskіch. Wіlno, 1837
  5. ^ Томас Венцлова. К нулевому пра-тексту: заметки о балладе Будрыс и его сыновья. — Alexander Pushkin: Symposium II, ed. by Andrey Kodjak, Krystyna Pomorska and Kiril Taranovsky. — Columbus: Slavica, 1986. — P. 78—87.
  6. ^ Trzech Budrysów : Ballada
  7. ^ Moniuszko Stanisław, Trzech Budrysów Ballada Na Baryton I Orkiestrę
  8. ^ Budrys z Laszką
  9. ^ Bohaterowie tytułowi ballady Adama Mickiewicza «Trzech Budrysów»
  10. ^ Trys Budriai
  11. ^ Chodzka Aleksander. Poezye. Petersburg, 1829. Пераклад Кастуся Цьвіркі: Філаматы і філарэты, 1998, с. 344
  12. ^ Кондратовичъ, Л. Избранныя стихотворенія Людвига Кондратовича (Владислава Сырокомля) — Москва: В. М. Лавровъ и В. А. Федотовъ, 1879. — Т. 1. — 462 с. — с. 333

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]