Італьянізацыя
Італьяніза́цыя (італ.: Italianizzazione, харв.: talijanizacija, славенск.: poitaljančevanje, ням.: Italianisierung) — палітыка каралеўства Італія, накіраваная на культурную і этнічную асіміляцыю карэнных нацменшасцей былых аўстра-венгерскіх тэрыторый, перададзеных Італіі ў абмен за яе далучэнне да саюза з Злучаным каралеўствам у Першай сусветнай вайне. Працэс італьянізацыі адбываўся падчас фашысцкага рэжыму 1922—1943 гадоў.
Падзеі
[правіць | правіць зыходнік]Ад 1922 да пачатку Другой сусветнай вайны пад дзеянне палітыкі трапіла нямецкамоўнае насельніцтва Трэнціна-Альта Адыджэ, а таксама славенцы і харваты Джульянскай Маркі. Пазней праграма была пашырана на тэрыторыі, анексаваныя ў II сусветную вайну — славенцаў у правінцыі Любляны і харватаў у Горскім Котары і прыбярэжнай Далмацыі.
Істрыя і Джульянская Марка
[правіць | правіць зыходнік]Былое Аўстрыйскае Прымор’е (пазней перайменаванае ў Джульянскую Марку) пасля перамір'я з Аўстрыяй было акупавана італьянскім войскам. У выніку анексіі 400[1] культурных, спартыўных, моладзевых, сацыяльных і прафесіянальных славянскіх арганізацый, бібліятэк («чытальняў»), тры палітычныя партыі, 31 газета і часопіс, 300 кааператываў і фінансавых устаноў былі забаронены. З прыняццем Закона аб аб'яднаннях (1925), Закона аб публічных дэманстрацыях (1926) і Закона аб грамадскім парадку (1926) адбылося закрыццё ліцэя ў Пазіне і 488[1] славацкіх і харвацкіх пачатковых школак.
Перыяд гвалтоўнага пераследу славенцаў у Трыесце пачаўся 13 красавіка 1920 масавымі непарадкамі, арганізаванымі ў адпомсту за напад на італьянскія акупацыйныя войскі 11 ліпеня ў Спліце мясцовымі харвацкімі жыхарамі. Падчас масавых непарадкаў былі разбураны мноства славенскіх крамаў і пабудоў, а групоўка італьянскіх фашыстаў на чале з Франчэска Джунтам спаліла «Народны дом», грамадскі цэнтр трыесцкіх славенцаў[2]. Беніта Мусаліні ўхваліў гэту акцыю як «шэдэўр трыесцкага фашызму»; праз два гады ён стане прэм'ер-міністрам Італіі[3].
У верасні 1920 Мусаліні заявіў:
Маючы справу з такой расай, як славянская - ніжэйшай і варварскай - трэба трымацца не перніка, але пугі. Не варта баяцца новых ахвяр. Італьянская граніца мусіць прайсці праз Брэнераў перавал, Монтэ Невоза і Дынарскія Альпы. Я б сказаў, што можна лёгка ахвяраваць 500 000 варварамі-славянамі за 50 000 італьянцаў. Беніта Мусаліні, прамова ў Пуле, 20 верасня 1920[4] |
Гэтае выказванне адлюстравала агульны фашысцкі погляд на статус славенскай і харвацкай меншасцей у Джульянскай Марцы[3].
У школах былі пастаўлены італьянскія настаўнікі, выкарыстанне славенскай і харвацкай моў забароненае ў адміністрацыі (1923) і судах (1925). У 1923 у кантэксце школьнай рэформы, падрыхтаванай фашысцкім міністрам Джавані Джэнціле, было скасавана навучанне на іншых мовах, акрамя італьянскай. Хаця ў Шушневіцы было дазволена карыстацца істрарумынскай мовай[5].
У 1926 на падставе «вяртання прозвішчаў да першапачатковай італьянскай формы» ўрад правёў італьянізацыю нямецкіх, славенскі і харвацкіх прозвішчаў[6][7]. Толькі ў Трыесцкай правінцыі былі зменены 3000 прозвішчаў, што закранула 60 000 чалавек[1]. Таксама былі італьянізаваны імёны.
Славенскія і харвацкія таварыствы, спартыўныя і культурныя аб'яднанні былі вымушаны спыніць дзейнасць паводле рашэнняў правінцыйных адміністрацый ад 12 чэрвеня 1927. Паводле асобнага загада прэфекта Трыеста 19 лістапада 1928 было распушчана палітычнае аб'яднанне Edinost. Славенскія і харвацкія фінансавыя кааператывы ў Істрыі, першапачаткова далучаныя да ашчадных банкаў Пулы ці Трыеста, паступова таксама былі ліквідаваны.
У 1927 паўстала славенская антыфашысцкая арганізацыя TIGR. Яна каардынавала славенскі супраціўленне фашысцкай Італіі да раззбраення фашысцкай сакрэтнай паліцыяй у 1941. Пасля гэтага частка членаў ТЫГРа далучылася да партызанаў.
Паўднёвы Ціроль
[правіць | правіць зыходнік]У 1919, у час анексіі, паўднёвая частка Ціролю была населена амаль 90 % нямецкамоўнай[8]. У кастрычніку 1923 італьянская мова была ўведзена як абавязковая (але не адзіная) для выкарыстання на ўсіх узроўнях федэральнай, правінцыйнай і мясцовай адміністрацый[9]. Пастановамі фашысцкіх уладаў усе віды знакаў і грамадскіх абвестак павінны былі абвяшчацца толькі па-італьянску. Карты, паштоўкі і іншыя графічныя матэрыялы павінны былі адлюстроўваць італьянскія варыянты назваў[9]. У верасні 1925 італьянская мова стала адзінай дазволенай у судах[9]. Нямецкамоўная меншасць тады заснавала падпольныя «катакомбавыя школы » дзеля навучання дзетак. Урад стварыў спрыяльныя ўмовы дзеля перасялення італьянцаў у паўднёвы Ціроль.
Пэўныя фактары абмежавалі эфект палітыкі італьянізацыі, у прыватнасці неспрыяльная прырода края (цяжкадасяжныя горы і даліны), складанасць адаптацыі для італьянцаў да абсалютна іншага асяроддзя і, пазней, саюз паміж Германіяй і Італіяй. Паводле пагаднення на права выбару 1939 года Адольф Гітлер і Беніта Мусаліні вызначылі статус нямецкага народа края. Яны павінны былі выбраць ці эміграцыю ў Германію, ці застацца ў Італіі і стаць цалкам італьянізаванымі. Але з-за пачатку Другой сусветнай вайны гэта пагадненне не прымянялася, і большасць этнічных немцаў засталіся ці вярнуліся пад канец вайны.
У XXI стагоддзі, амаль праз 100 гадоў пасля анексіі Паўднёвага Ціролю Італіяй, 64 % жыхароў края па-ранейшаму карыстаюцца нямецкай мовай як роднай.
Другая сусветная вайна
[правіць | правіць зыходнік]Падчас Другой сусветнай вайны Італія амаль цалкам акупавала Далмацыю, і італьянскі ўрад прыкладаў пераканаўчыя намаганні па яе італьянізацыі. Акупацыйныя войскі былі абвінавачваны ў здзяйсненні ваенных злачынстваў дзеля трансфармацыі акупаваных тэрыторый у этнічныя італьянскія[10].
Італьянскі ўрад карыстаўся канцэнтрацыйнымі лагерамі[11] для славянскіх грамадзян, напрыклад Раб і адным з астравоў Молат. Пасля вайны ацалелыя вязні не атрымалі ад Італіі ніякіх кампенсацый.
Марыа Раата быў камандзірам 2-й італьянскай арміі ў Югаславіі. Каб здушыць супраціўленне славенскіх партызанаў, ён абраў тактыку «распраў на месцы , узяцця закладнікаў, рэпрэсій, інтэрнаванняў і спальвання хат і вёсак»[12]. Пасля вайны югаслаўкі ўрад намагаўся яго экстрадыцыі з Іспаніі, аднак ён быў абаронены Франсіска Франка[13]. Марыа Рабоці выдаў загад дзеля выканання дырэктывы, атрыманай ад Мусаліні ў чэрвені 1942: «Я б не быў супраць, каб усе (sic) славенцы былі пазбаўлены волі і замененыя на італьянцаў. Інакш кажучы, неабходна прыняць меры, каб гарантаваць супадзенне нашых палітычных і этнічных межаў»[13].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Cresciani, Gianfranco. Clash of civilisations // Italian Historical Society Journal. — снежань 2004. — Т. 12. — № 2. — С. 4.
- ↑ Milan Pahor. [http://www.primorski.eu/dossiers/dossier/10/31/130144/ Požig Narodnega doma ali šentjernejska noč tržaških Slovencev in Slovanov] (славенск.)(недаступная спасылка). Primorski dnevnik (24 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2012. Праверана 21 верасня 2015.
- ↑ а б Il confine orientale: una terra, molti esodi // Gli esuli istriani, dalmati e fiumani a Lucca (англ.) / Sestani, Armando. — Instituto storico della Resistenca e dell’Età Contemporanea in Provincia di Lucca. — С. 12—13.
- ↑ Verginella Marta. Antislavismo, razzismo di frontiera? // Aut aut. — 2011. — ISBN 9788865761069.
- ↑ Puşcariu, Sextil. Studii istroromâne. — Bucureşti: 1926. — Т. II.
- ↑ Regio decreto legge 10 Gennaio 1926, n. 17: Restituzione in forma italiana dei cognomi delle famiglie della provincia di Trento
- ↑ Mezulić, Hrvoje; R. Jelić. Fascism, baptiser and scorcher (O Talijanskoj upravi u Istri i Dalmaciji 1918—1943.: nasilno potalijančivanje prezimena, imena i mjesta). — Zagreb: Dom i svijet, 2005. — ISBN 953-238-012-4.
- ↑ South Tyrol in Figures 2008. — Bozen/Bolzano: Provincial Statistics Institute of the Autonomous Province of South Tyrol, 2007. — С. 19, Table 11.
- ↑ а б в Steininger, Rolf (2003), p. 23-24
- ↑ Dizdar, Zdravko. Italian Policies Toward Croatians In Occupied Territories During The Second World War // Review of Croatian History Issue. — 2005. — № 1.
- ↑ List of Italian concentration camps (італ.). Праверана 21 верасня 2015.
- ↑ Burgwyn, H James. General Roatta’s war against the partisans in Yugoslavia: 1942 // Journal of Modern Italian Studies. — Routledge, part of the Taylor & Francis Group, September 2004. — Т. 9. — № 3. — С. 314—329.
- ↑ а б Tommaso Di Francesco and Giacomo Scotti. Sixty years of ethnic cleansing // Le Monde diplomatique. — 8 May 1999.