Антычная раманізацыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Раманізацыя (лац.: Romanus рымскі, раманскі, раманізаваны) — працэс антычнай асіміляцыі і акультурацыі, які выражаўся ў засваенні народна-лацінскай мовы і асноўных элементаў раманскай культуры значнай колькасцю неіталійскіх народаў, якія насялялі правінцыі старажытнай Рымскай імперыі і іншыя падпарадкаваныя ёй рэгіёны. Найбольш глыбокай была раманізацыя абласцей, блізкіх да самой Італіі і Лацыума па клімаце і геаграфічна. У Міжземнамор'і гэта Італія, Іберыя, Галія (асабліва паўднёвая), Рэцыя, Сіцылія, Сардзінія, Корсіка, Балеарскія астравы, Дакія. У гэтых рэгіёнах да цяперашняга часу пражываюць раманскія народы (іспанцы, італьянцы, французы, малдаване і інш.) і захоўваюцца раманскія мовы (іспанская, французская, італьянская, румына-малдаўская і інш.)

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Працэс раманізацыі ішоў вельмі хутка ў Міжземнамор’і (Італія, Іберыя, Правансе — Аксітанія). У больш паўночных і перыферыйных рэгіёнах ён быў абцяжараны ў сілу аддаленасці, слабога прытоку каланістаў з Італіі і войнаў з суседнімі і/ці аўтахтоннымі народамі (кельты, германцы, ілірыйцы). Да прыкладу, у шэрагу месцаў раманская мова і культура знікла пад націскам іншых народаў (Панонія, Ілірыя, прырэйнская Германія, краіны Магрыба)[1]. Так, раманскай мове і культуры ў антычнай Брытаніі не ўдалося замацавацца з-за германскіх нашэсцяў, хоць на поўдні і паўднёвым усходзе Брытаніі, дзе насельніцтва ўжо было знаёма з рымскімі таварамі і рымскім ладам жыцця, раманізацыя была прыкметная, але так і не закранула шырокія пласты насельніцтва. Тут было шмат цэнтраў гарадскога тыпу, з’явіліся рымскія вілы. У іншых жа рэгіёнах, асабліва на поўначы і ўсходзе захоўваліся кельцкія звычаі і традыцыйная сацыяльная структура. У III ст. Брытанія перажывала перыяд адноснага дабрабыту, а IV ст. часта называецца як «залаты век Рымскай Брытаніі». Аднак, неўзабаве яна стала аб’ектам новага нашэсця — з боку германскіх плямёнаў англаў і саксаў. Рымская культура на поўдні знікла, а на ўсходзе і поўначы зноў адрадзіліся кельцкія традыцыі, хоць класічная латынь працягвала ўжывацца толькі ў вузкім коле багасловаў і летапісцаў[2].

Зноскі