Перайсці да зместу

Аксамітная рэвалюцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Аксамітавая рэвалюцыя)
Аксамітная рэвалюцыя
Пяшчотная рэвалюцыя
чэшск.: Sametová revoluce
славацк.: Nežná revolúcia
Трыбуна дэманстрантаў ля помніка Святому Вацлаву ў Празе
Трыбуна дэманстрантаў ля помніка Святому Вацлаву ў Празе
Месца Чэхаславакія Чэхаславакія
Дата 17 лістапада29 снежня 1989 года
Прычына Незадаволенасць палітыкай «Нармалізацыі»
Асноўная мэта Адхіленне КПЧ ад улады
Вынік Ліквідацыя сацыялістычнага ладу, распад ЧССР
Рухаючыя сілы Грамадзянскі форум
Грамадскасць супраць гвалту
Колькасць удзельнікаў ад 10 тысяч (17 лістапада 1989, Прага) да 300 тысяч (26 лістапада 1989, Прага)
Праціўнікі Народная міліцыя, Корпус нацыянальнай бяспекі (17 лістапада 1989)
Загінула 0
Паранена больш за 500 (17 лістапада 1989)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аксамі́тная рэвалю́цыя (чэшск.: sametová revoluce, славацк.: nežná revolúcia) — падзеі, якія адбываліся ў Чэхаславакіі ў лістападзе-снежні 1989 года і прывялі да адносна мірнага падзення камуністычнага рэжыму і ўсталявання дэмакратыі.

Пачаткам сталася дэманстрацыя студэнтаў у Браціславе (Славакія) 16 лістапада 1989 года, а потым, на наступны дзень, дэманстрацыя пратэсту студэнтаў у Празе (Чэхія). Дэманстрацыя ў Браціславе прайшла мірна, а ў Празе паліцыя жорстка разагнала студэнтаў, якія са свечкамі і вянкамі выйшлі ўспомніць пра сваіх папярэднікаў, і ў прыватнасці студэнта Яна Оплетала, які быў у 1939 годзе пакараны нацыстамі.

На наступны дзень пражскія тэатры абвясцілі, што здымаюць усе спектаклі і аддаюць свае сцэны для публічных дыскусій. Прадстаўнікі чэшскай апазіцыі, царквы, студэнцтва, сабраўшыся ў адным з тэатраў, абвясцілі пра стварэнне Грамадзянскага форуму і запатрабавалі зменаў ва ўладзе, свабоды слова і сходаў, вызвалення палітычных вязняў.

20 лістапада ідэі і патрабаванні Форуму ўжо прагучалі на масавай дэманстрацыі на Вацлаўскай плошчы, дзе сабралася 150 тысяч чалавек.

Камуністычная партыя Чэхаславакіі тэрмінова змяніла сваіх кіраўнікоў Мілаша Якеша — на Карла Урбанка. Улады пайшлі на дыялог з прадстаўнікамі Форуму, а прэзідэнт Густаў Гусак даў загад вызваліць вядомых палітвязняў.

Дзве дэманстрацыі студэнтаў атрымалі нечакана вялікі рэзананс. Студэнты спантанна вынеслі на вуліцы тыя патрабаванні дэмакратычных свабод, якія даўно выспелі ў грамадстве, на якія дзесяцігоддзямі перад тым працавалі шматлікія грамадзянскія ініцыятывы, такія як «Хартыя-77» і яе пазнейшая спадкаемца — ініцыятыва «Некалькі сказаў».

27 лістапада прыйшла чарга наступнага ўсеагульнага чыну — 2-гадзіннай агульнай забастоўкі. Праз дзень надзвычайны сход Федэральнага парламента Чэхаславакіі выканаў яшчэ адно народнае патрабаванне — з Канстытуцыі былі прыбраныя артыкулы пра кіруючую ролю камуністычнай партыі і марксізм-ленінізм як дзяржаўную ідэалогію.

Крызіс самой камуністычнай партыі быў настолькі глыбокі, што ўлада фактычна выпала з яе рук. Дысідэнты, якія першапачатковы разлічвалі на дыялог з уладай і змякчэнне палітычнага рэжыму, фактычна атрымалі саму ўладу.

29 снежня 1989 года дэпутаты Федэральнага сходу Чэхаславакіі абралі дысідэнта, аднаго з заснавальнікаў Грамадзянскага форуму Вацлава Гавела новым прэзідэнтам. Гэты дзень лічыцца днём перамогі «аксамітнай рэвалюцыі», але чэхі традыцыйна адзначаюць угодкі «аксамітнай рэвалюцыі» 17 лістапада, дзень, калі адбылася першая дэманстрацыя ў Празе.