Брэсцкае Палессе
Брэсцкае Палессе — фізіка-геаграфічная акруга Беларускага Палесся на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці. Размешчанае паміж раўнінай Загароддзе на ўсходзе і ракой Заходні Буг, на захадзе, мяжуе на поўначы з Прыбужскай раўнінай, на поўдні з Валынскім узвышшам.
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да Брэсцкай упадзіны. Дакембрыйскі крышталічны фундамент укрыты асадкавымі пародамі верхнега пратэразою, ніжняга палеазою (кембрый, ардовік, сілур і ніжні дэвон), якія перакрываюцца тоўшчай меза-кайназойскіх асадкавых утварэнняў. Пашыраны ледавіковыя адклады беларускага, бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў.
Рэльеф
[правіць | правіць зыходнік]Рэльеф сфарміраваўся пад уздзеяннем ледавікоў і іх расталых водаў, а таксама пад уплывам тэктанічных працэсаў. Невысокая (вышыня 140—160 м над узроўнем мора) плоскаўвагнутая аднастайная і забалочаная раўніна, паверхня якой нахіленая ў бок сутокаў Мухаўца і Заходняга Буга. Мінімальная абсалютная вышыня (123 м) адпавядае ўрэзу Заходняга Буга. Паверхня складзеная зандравымі, алювіяльнымі, балотнымі, радзей азёрнымі ўтварэннямі. Вылучаюцца перапрацаваныя ветрам пясчаныя парабалічныя дзюны (вышыня 8—10 м), трапляюцца грудкаватыя пясчаныя палі. Пашыраны размытыя марэнныя грады (канцова-марэнныя ўтварэнні дняпроўскага ледавіка), плоскія рачныя даліны і невялікія азёрныя катлавіны. Характэрная асаблівасць Брэсцкага Палесся — наяўнасць шматлікіх скразных далін (шырыня ад 50 да 300 м, днішчы плоскія, забалочаныя), звычайна арыентаваных у паўднёва-заходнім кірунку. Утвораны яны ў выніку былога сцёку расталых ледавіковых водаў у Прыпяць (спыніўся з афармленнем сістэмы рачных далін Заходняга Буга і Віслы), выкарыстоўваюцца для пракладкі водазборных і водаадводных каналаў пры меліярацыі балот і забалочаных зямель
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Рачная сетка належыць да басейнаў Дняпра і Заходняга Буга. Найбольшыя рэкі: Заходні Буг з прытокам Мухавец, правыя прытокі Заходняга Буга — Спанаўка, Капаеўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца — Рыта і Асіпоўка. Каналы: Дняпроўска-Бугскі (заходняя частка), Белаазёрскі, Арэхаўскі і іншыя. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Любань, Белае, Рагазнянскае; вадасховішча Лукаўскае.
Глебы
[правіць | правіць зыходнік]Глебы тарфяна-балотныя (буйныя масівы ўздоўж Дняпроўска-Бугскага канала), дзярнова-падзолістыя, радзей карбанатна-перагнойныя, у далінах рэк Мухаўца і Заходняга Буга — поймавыя (алювіяльныя) глебы, большай часткай забалочаныя. Тарфяна-балотныя глебы нізінных балот на значнай плошчы меліяруюцца.
Расліннасць
[правіць | правіць зыходнік]Разаранасць тэрыторыі ад 30 да 40%. Пад лесам у цэнтральнай частцы Брэсцкага Палесся 10—20%, на поўдні да 40%.
Брэсцкае Палессе размешчана ў межах Бугска-Палескай геабатанічнай акругі. Тут распаўсюджаныя хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя лясы, на поўдні сустракаюцца невялікія ўчасткі дубова-грабавых лясоў. На ўсходзе Брэсцкага Палесся знаходзіцца Радостаўскі батанічны заказнік.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Навуменка У. Я. Брэсцкае Палессе // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
- Природа Белоруссии. Популярная энциклопедия. — Мн.: БелЭн 1986. — 600 с.: ил. (руск.)