Перайсці да зместу

Васіль Тышкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Тышкевіч
3-і ваявода смаленскі
1569 — 1570
Папярэднік Юрый Андрэевіч Салагуб[d]
Пераемнік Рыгор Багданавіч Валовіч
7-ы ваявода падляшскі
1558 — 2 мая 1569
Папярэднік Павел Сапега
Пераемнік Мікалай Пятровіч Кішка
староста пінскі[d]
26 кастрычніка 1565 — 1570
Папярэднік Станіслаў Андрэевіч Давойна[d]
Пераемнік Лаўрын Война
гараднічы менскі[d]
1550 — 1570
Папярэднік Андрэй Сямёнавіч Адзінцэвіч[d]
Пераемнік Марцін Валадковіч

Нараджэнне 1492
Смерць не раней за 10 жніўня 1570 і не пазней за 11 верасня 1570
Месца пахавання
Род Тышкевічы
Бацька Тышка Каленікавіч
Жонка Аляксандра з Чартарыйскіх[d][1] і Анастасія з Сапоцькаў[d][2]
Дзеці Астафій Васілевіч Тышкевіч[d], Юрый Тышкевіч і Каленік Тышкевіч[d]
Веравызнанне праваслаўе[2]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Васіль Цішкавіч, у гістарыяграфіі часцей Тышкевіч або Тышковіч (1492 — 13 жніўня 1571) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Дваранін каралеўскі (1522), маршалак гаспадарскі (1546—1558), ваявода падляшскі (1558—1569) і смаленскі (з 1569). Староста краснасельскі, чаркаскі і канеўскі (з 1536), менскі (з 1544), ваўкавыскі (з 1546), пінскі (з 1569), бабруйскі і гайнаўскі[3].

Сын Цішкі Каленікавіча, унук Каленіка Мішкавіча. Заснавальнік роду Тышкевічаў герба «Ляліва». Быў у магнацкай апазіцыі да караля Жыгімонта Аўгуста, выступаў супраць заключэння Люблінскай уніі, з гэтай прычыны ў 1569 года пазбаўлены ваяводства падляшскага і прызначаны на намінальнае ваяводства смаленскае[3]. Валодаў значнай часткай колішняга Лагойскага княства (спадчынай першай жонкі), маёнткам Ласасіная з дваром Бялавічы, Ражанай і Байкевічамі (пасагам першай жонкі), Здзітавым, Хрысай, Споравым і іншым. Пазней, атрымаў Ласасіную, Бялавічы, Байкевічы, Ражаную, Здзітаў, Хрысу і Спорава ў вечнасць ад караля Жыгімонта Аўгуста як выплату ранейшай пазыкі ў 12 тысяч коп грошаў. Купіў Камень-Харэцкі (цяпер Камена), Ружаны.

Удзельнічаў у бітвах з крымскімі татарамі, пасольствах у Крым і Маскву. Перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм. Атрымаў 5 лістапада 1569 года ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста тытул графа на Лагойску і Бярдзічаве[3].

Двойчы жанаты. У першым шлюбе з Аляксандрай з Чартарыйскіх меў дачку Анастасію (жонку Івана Мялешкі) і трох сыноў — Юрыя, Каленіка і Яўстахія. У другім шлюбе з Анастасіяй Сапоткаўнай меў дачку Аляксандру (жонку Аляксандра Хадкевіча) і сына Яўстахія Серафіна[4].

Пакінуў тастамент[5], паводле якога частка зямель пераходзіла дачцэ Аляксандры, а частка — малалетняму сыну ад другога шлюбу Яўстахію Серафіну. Наказаў пахаваць сябе ў Супрасльскім манастыры. На надмагіллі Васіля, зробленым са звычайнага каменю, была выява родавага герба і надпіс «Въ лето от нароженія Господа Бога и Спаса нашего Іисуса Христа 1571 мѣсеца августа 13 дня въ неделю, преставися рабъ Божій панъ Васили Тышковичъ воевода смоленскій, староста менскій и пинскій, положенъ въ храмѣ Благовѣщенія Богородицы въ монастыру Супраськомъ»[6]. Станам на 1871 год надмагілля ў царкве ўжо не было, цяпер яно захоўваецца ў музеі Вільнюскага ўніверсітэта.

Зноскі

  1. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. WolffWarszawa: 1895. — С. 22.
  2. а б Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 4, Ziemia smolenśka i województwo smolenśkie XIV-XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: Wydawnictwo DiG, 2003. — С. 215. — 412 с. — ISBN 83-7181-279-5
  3. а б в Грыцкевіч А. Тышкевічы // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 682. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0.
  4. Dworzaczek W. Genealogia. — Warszawa, 1959.
  5. Вядома чатыры тастаменты, гл.: Акты издаваемые Виленскою археографической комиссией. — Вильна, 1895. — Т. XXII. Акты Слонимского земского суда. — С. XL-XLIII, документы № 569, 570, 631, 632.
  6. Дзяніс Лісейчыкаў. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы