Вольга Аляксандраўна Класкоўская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вольга Аляксандраўна Класкоўская
Род дзейнасці журналістка, актывіст, палітычны вязень
Дата нараджэння 30 студзеня 1982(1982-01-30) (42 гады)
Грамадзянства Беларусь
Бацька Аляксандр Уладзіміравіч Класкоўскі
Месца працы Народная воля, Deutsche Welle у Польшчы, Еўрапейскае радыё для Беларусі
Член у Малады Фронт

Вольга Аляксандраўна Класкоўская (нар. 30 студзеня 1982) — беларуская журналістка і актывістка, працавала ў газеце «Народная воля», на радыёстанцыях «Deutsche Welle» і «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (Euroradio). Палітычная зняволеная, двойчы абвінавачаная і асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бацька — журналіст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі, маці — Людміла.

Навучалася на журфаку БДУ у Мінску. Ужо падчас студэнцтва працавала журналісткай газеты «Народная воля», агулам супрацоўнічала з газетай з 1997 па 2005 год. З 2005 года працавала карэспандэнтам радыёстанцыіі «Deutsche Welle» у Польшчы (руская і беларуская службы), была таксама карэспандэнтам «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (Euroradio)[2].

Адлічана з трэцяга курсу пасля выбарчай кампаніі на пасаду прэзідэнта ў 2006 годзе. Падставай была «акадэмічная запазычанасць», але сакурснікі сцвярждалі, што адлічэнне было палітычна матываваным (Вольга ўдзельначала ў дзейнасці руху «Малады фронт»), напісалі заяву дэкану Сяргею Дубовіку з патрабаваннем спыніць пераслед студэнтаў за іх погляды. Ініцыятар напісання заявы ў падтрымку Вольгі, Алёна Андрэева, затым сышла з універсітэта і стала інфармацыйным каардынатарам Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі. Вольга Класкоўская пасля адлічэння папрасіла палітычнага прытулку ў Польшчы, дазвол на які неўзабаве атрымала, з’ехала з Беларусі ў статусе палітычнага ўцекача разам з непаўнагадовай дачкой Міраславай[3].

Бацька Міраславы, Віталь Навумовіч, абвінаваціў Вольгу ў выкраданні дачкі, у Беларусі Вольга была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. 7 лістапада 2007 польская паліцыя паведаміла пра ўзброены напад, у выніку якога Вольга Класкоўская атрымала нажавыя раненні. Была распачата крымінальная справа[4].

У канцы жніўня 2010 разам з 9-гадовай Міраславай з’ехала з Польшчы ў Швецыю, дзе таксама запрасіла палітычны прытулак. Свой ад’езд у Швецыю Вольга Класкоўская аргументавала ціскам з боку міграцыйных улад Польшчы[2][5].

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і падзей на Плошчы 19 снежня 2010 быў затрыманы брат Вольгі, Аляксандр Класкоўскі, былы міліцыянт, на якога была распачата крымінальная справа. Дзеля падтрымкі брата вярнулася ў Беларусь, адмовілася ад міжнароднай абароны. 5 траўня 2011 года Вольгу затрымалі ў яе кватэры, даставілі ў міліцыю Ленінскага раёна Мінска, дзе збілі[6].

У жніўні 2011 году Вольга Класкоўская вярнулася ў Швецыю. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам Гёканам Безгінам, з якім у студзені 2012 году пабралася шлюбам. У ліпені 2012 нарадзіла сына Адама. Пазней у яе ўзніклі праблемы з міграцыйнымі службамі Швецыі праз заканчэнне візы[7]. 6 лютага 2013 прадстаўнікі сацыяльных служб адабралі ў яе малалетняга сына[8][9].

30 сакавіка 2013 года Вольгу Класкоўскую затрымалі па абвінавачанні ў замаху на забойства ўжо былога мужа Гёкана Безгіна. 23 жніўня 2013 ёй быў прызначаны турэмны тэрмін у восем гадоў і выплата кампенсацыі памерам 110 тысяч шведскіх крон[10]. Пасля апеляцыі прысуд быў зменшаны да 7 гадоў турмы, праз тое, што Вольга доўгі час жыла ў стане псіхалагічнага стрэса і прэсінга[7].

У лістападзе 2014 Вярхоўны суд Швецыі дазволіў экстрадыцыю Вольгі Класкоўскай у Беларусь[11], але працэдура зацягнулася з-за хваробы Вольгі, яна была накіравана на лячэнне ў неўралагічную клініку, і тэхнічных складанасцяў. Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк таксама адзначаў, што не хапае пісьмовай просьбы Вольгі на экстрадыцыю ў Беларусь[12]. У выніку ўвесь час зняволення Вольга правяла ў турме ў Швецыі і выйшла з турмы па працэдуры ўмоўна-датэрміновага вызвалення.

29 лістапада 2017 года Вольга Класкоўская вярнулася ў Беларусь[13].

Вольга Класкоўская была затрымана 14 кастрычніка 2020 у Мінску. Начальнік Ленінскага РАУС Віталь Капілевіч заявіў, што затрыманная ўвечары 13 кастрычніка правяла разам з іншымі акцыю з перакрыццём руху транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава, дзе ў іх узнікла сутычка з адным з кіроўцаў[14]. Затрымка ў руху транспарту склала каля хвіліны[15]. Да крымінальнай адказнасці ў выніку былі прыцягнуты Вольга Класкоўская, а таксама Максім Бабіч і Артур Булаўскі[15]. Вольгу затрымалі праз некалькі гадзін пасля здарэння, яна адмовіла следчым ў паказаннях, пасля знаходжання ў Ленінскім РАУС Мінску была перавезена ў шпіталь, дзе лекары дыягнаставалі страсенне мозгу. Нягледзячы на стан здароўя, яе перавялі ў ізалятар на Акрэсціна[16].

5 лістапада 2020 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт і Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволеннай[17][18].

У лістападзе-снежні 2020 Вольга Класкоўская ўтрымлівалася ў СІЗА Жодзіна. Шмат чытала. З аповедаў маці Вольгі, Людмілы: «Яна адкрыла для сябе, што па двух лініях у яе сям’і былі рэпрэсаваныя. Напрыклад, яе прапрадзед па бацькоўскай лініі, Вацлаў Францавіч Класкоўскі, дваццаць гадоў адбываў пакаранне ў Сібіры, а продкі па маёй лініі ваявалі супраць фашыстаў»[16].

17 снежня 2020 разгляд справы пачаў суд Ленінскага раёна Мінска. Пацярпелыя паказалі, што на дарозе яе не бачылі, што таксама Вольга спрабавала спыніць бойку, а не ўдзельначала ў ёй[15]. 18 снежня пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Адзначалася, што рэальны тэрмін быў запатрабаваны праз наяўнасць непагашанай судзімасці. Падчас разгляду справы «арганізацыя і падрыхтоўка» былі прыбраныя пракурорам з абвінавачвання, «актыўны ўдзел» быў пакінуты. Падсудная віну не прызнала і адмовілася даваць сведчанні[19]. 22 снежня суддзя Марына Запаснік[20] вынесла прысуд у два гады пазбаўлення волі ў калоніі. У апошнім слове Вольга Класкоўская сведчыла аб выкарыстаных да яе катаваннях, закончыла словамі «Жыве Беларусь!»[21].

З 3 сакавіка знаходзілася ў гомельскай калоніі, дзе больш за месяц правяла ў штрафным ізалятары, перанесла хваробу, была пазбаўлена сустрэч з роднымі[22]. У жніўні 2021 яе змясцілі ў памяшканне крытага тыпу на тры месяцы[23]. Да лістапада 2021 года Вольга Класкоўская правяла 40 дзён ў штрафным ізалятары[24].

Тым часам распачалі другую справу: яе абвінавацілі ў абразе супрацоўніка Ленінскага РАУС Брэста Андрэя Хвесюка паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады)[25][26]. У канцы лістапада 2021 года Вольгу этапавалі ў брэсцкі СІЗА № 7 для правядзення следчых дзеянняў, этапаванне заняло два тыдні[27].

У СІЗА № 7 у Брэсце была пастаўлена на ўлік як «схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» і «схільная да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». Таксама яна была накіравана для псіхічіятрычнай экспертызы. Праз гэта ў яе адбыўся доўгі этап: з брэсцкага СІЗА-7 перавялі ў баранавіцкае СІЗА-6, далей ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску, і толькі тады ў Навінкі, дзе Вольга правяла тыдзень. Пасля этап паўтарыўся ў адваротным парадку[25][28].

На паседжанні ў судзе Маскоўскага раёна ў Брэсце 19 студзеня 2022 года Вольга Класкоўская адмовілася ўставаць, назваць сваё імя і прозвішча, таксама заявіла хадайніцтва аб сваім выдаленні з залы пасяджэнняў, праз тое, што «суд над ёй незаконны і несправядлівы і ўдзельнічаць ў гэтым яна не збіраецца». Суддзя Марыя Аліферук[29] задаволіла хадайніцтва. Тым часам пракурор запрасіў для падсуднай два з паловай гады калоніі, што і было 20 студзеня зацверджана судом (де-юрэ было запрошана 1,5 гады «хатняй хіміі», але праз складанне тэрмінаў прысуд складае два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму). Свой прысуд Вольга Класкоўская слухала седзячы, пасля агучвання тэрміну звярнулася да суддзі са словамі: «Як вам не сорамна? Гэты рэжым хутка абрынецца! Жыве Беларусь!». Пасля суда паведаміла аб парушэнні яе працэсуальных правоў[25][30].

14 сакавіка 2022 года Брэсцкім абласным судом была разгледжана апеляцыя, але прысуд быў пакінуты без зменаў. Зняволеную вярнулі ў жаночую калонію ў Гомелі[30][31].

Адбыла ў зняволенні 791 дзень, вызвалілася 14 снежня 2022 года.

Зноскі

  1. https://prisoners.spring96.org/be/person/volha-klaskouskaja
  2. а б https://bezhentsy.livejournal.com/tag/%D0%9E%D0%BB%D1%8C%D0%B3%D0%B0%20%D0%9A%D0%BB%D0%B0%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F(недаступная спасылка)
  3. https://www.dw.com/ru/%D1%8F%D0%BA-%D1%83%D1%81%D0%BF%D1%80%D1%8B%D0%BC%D0%B0%D1%8E%D1%86%D1%8C-%D1%83-%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81i-%D0%BF%D0%B0%D0%BBi%D1%82%D1%8B%D1%87%D0%BD%D1%83%D1%8E-%D0%B0%D0%BA%D1%82%D1%8B%D1%9E%D0%BD%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%8C-%D1%81%D1%82%D1%83%D0%B4%D1%8D%D0%BD%D1%82%D0%B0%D1%9E/a-1781998
  4. http://bielarus.eu/node/98 Архівавана 18 мая 2022.
  5. http://polskaprawda-lardarxo.blogspot.com/2010/08/blog-post_27.html
  6. https://humanrightshouse.org/articles/%D0%BF%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%8D%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%9E%D1%86%D0%B0%D1%9E-%D1%81%D1%83%D0%B4%D0%B7%D1%8F%D1%86%D1%8C-%D0%B6%D1%83%D1%80%D0%BD%D0%B0%D0%BB%D1%96%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%9E-%D0%B7%D0%B1/
  7. а б https://www.svaboda.org/a/25158430.html
  8. https://euroradio.fm/rashenne-pa-sprave-volgi-klaskouskay-moguc-vynesci-praz-dva-tydni
  9. https://euroradio.fm/lyudmila-klaskouskaya-prosic-u-shvedskaga-minyusta-admyanic-prysud-dachki
  10. https://www.svaboda.org/a/25083852.html
  11. https://euroradio.fm/belarusku-volgu-klaskouskuyu-ekstraduyuc-sa-shvecyi-u-belarus
  12. https://euroradio.fm/stala-vyadomaya-prychyna-zatrymki-ekstradycyi-sa-shvecyi-volgi-klaskouskay
  13. https://novychas.online/hramadstva/volhu-klaskouskuju-vyzvalili-sa-szvedskaj-turmy-j
  14. https://euroradio.pl/u-minsku-zatrymali-volgu-klaskouskuyu
  15. а б в https://auto.onliner.by/2020/12/19/sud-perekrytije-dorog
  16. а б https://spring96.org/be/news/100570
  17. https://spring96.org/be/news/100274
  18. https://belhelcom.org/be/news/supolnaya-zayava-pravaabaronchyh-arganizacyy-belarusi-ab-pryznanni-19-novyh-palitychnyh
  19. https://spring96.org/be/news/100979
  20. https://zubr.cc/judge/1145/
  21. https://spring96.org/be/news/101035
  22. https://belsat.eu/news/11-08-2021-palitznyavolenuyu-volgu-klaskouskuyu-zmyastsili-u-pkt/
  23. https://spring96.org/be/news/104641
  24. https://www.svaboda.org/a/31585123.html
  25. а б в https://spring96.org/be/news/106468
  26. https://belsat.eu/news/26-08-2021-suprats-palitznyavolenaj-volgi-klaskouskaj-raspachali-novuyu-kryminalnuyu-spravu/
  27. https://belsat.eu/news/01-12-2021-palitznyavolenuyu-volgu-klaskouskuyu-peravyali-z-kalonii-u-berastsejski-siza-kab-znou-sudzits/
  28. https://t.me/prisoners_spring96/560
  29. https://belsat.eu/news/01-10-2021-prysud-vosmaj-grupe-pa-karagodnaj-sprave-vynesuts-6-kastrychnika/
  30. а б https://belsat.eu/news/20-03-2022-drugi-prysud-volze-klaskouskaj-sud-pakinuu-bez-zmenau-palitznyavolenuyu-vyarnuli-u-gomelskuyu-kaloniyu/
  31. https://t.me/viasna96/10108

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]