Дацкая Ост-Індская кампанія
Дацкая Ост-Індская кампанія (дацк.: Ostindisk Kompagni) — гандлёвыя манапольныя аб'яднанні Дацка-нарвежскага каралеўства для падтрымання эканамічных стасункаў з Паўднёвай Азіяй у 1616 — 1650 гг. і 1669 — 1729 гг.
Першая кампанія
[правіць | правіць зыходнік]У 1615 г. галандскія гандляры Ян дэ Вілем і Герман Розэнкранц звярнуліся да Крысціяна IV, караля Даніі і Нарвегіі, з праектам заснавання Ост-Індскай кампаніі па прыкладу кампаній з Галандыі і Англіі. У 1616 г. Крысціян IV зацвердзіў яго і асобным прывілеем гарантаваў манаполію на 12 гадоў. Унутраная структура і часткова статут дацкай кампаніі былі запазычаны ў Галандскай Ост-Індскай кампаніі. Стварэнне Дацкай Ост-Індскай кампаніі тлумачыцца палітыкай меркантылізму, характэрнай для Крысціяна IV, імкненнем гэтага манарха да ўзмацнення ролі Даніі і Нарвегіі на міжнароднай арэне, а таксама ў велізарных прыбытках, што абяцаў прамы гандаль з краінамі Паўднёвай Азіі.
Дацкая Ост-Індская кампанія з'яўлялася акцыянерным таварыствам. Пэўная частка акцый перадавалася каралеўскаму і дзяржаўнаму скарбам, большасць паступалі ў свабодны продаж па рынкавых коштах, але не меней за 150 талераў. Набываць акцыі дазвалялася нават іншаземцам, зацікаўленым у атрыманні прыбыткаў незалежна ад замкнёных манаполій Галандыі і Англіі. Нягледзячы на гэта, збор сродкаў для падрыхтоўкі першай экспедыцыі працягваўся амаль 2 гады. У 1617 г. галандскі авантурыст Марэліс дэ Басхаўэр, які выдаваў сябе за прадстаўніка "імператара" Канды, упэўніў Крысціяна IV падпісаць дагавор аб дапамозе і гандлі з сінгальскай дзяржавай. Дагавор даваў Даніі фармальнае права ўмешвацца ў ваенна-палітычныя справы на Цэйлоне.
Першая экспедыцыя Дацкай Ост-Індскай кампаніі ў 1619 - 1622 гг. скончылася сціплым камерцыйным поспехам. Сутычкі з французамі і партугальцамі, а таксама згуба аднаго з пяці караблёў саслабілі ваенныя магчымасці датчан. Перагаворы з валадаром Канды не адпавядалі іх чаканням. Аднак датчане пачалі будаўніцтва крэпасцяў у Трынкамалі на ўсходзе Цэйлона і на ўзбярэжжы сучаснага Тамілнада. Пазней крэпасць у Трынкамалі была зруйнавана партугальцамі, і галоўным дацкім цэнтрам каланіяльнага гандлю ў Індыйскім акіяне стала крэпасць Дансбарг у Тамілнадзе.
Прадстаўнікі Дацкай Ост-Індскай кампаніі імкнуліся асвойваць гандлёвыя шляхі не толькі паміж Індыяй і Еўропай, але таксама паміж Індыяй і краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. У 1624 — 1636 гг. сетка дацкіх гандлёвых прадстаўніцтваў ахоплівала ўсходні бераг Індыі, паўднёвы ўсход Гуджарата, Бенгалію і Яву. У першай палове XVII ст. Дацкая Ост-Індская кампанія з'яўлялася адным з галоўных пастаўшчыкоў чаю на еўрапейскі рынак.
Пасля 1636 г. фінансавае становішча кампаніі значна ўскладнілася з-за неахайнага кіраўніцтва. У 1638 г. акцыянеры нават прапаноўвалі распусціць яе, што не было прынята каралеўскімі ўладамі. Абавязкі кампаніі, у тым ліку перад азіяцкімі крэдыторамі, толькі раслі. Пасля 1643 г. Данія, якая вяла вайну са Швецыяй не мела магчымасцяў накіроўваць караблі ў Паўднёвую Азію. Прадстаўнікі Дацкай Ост-Індскай кампаніі, што заставаліся ў факторыях, былі вымушаны займацца пірацтвам. Спроба спыніць рэйды прывяла да паўстання гандляроў супраць губернатара Дансбарга ў 1648 г.
У 1650 г. кароль Фрэдэрык III афіцыйна абвясціў пра закрыццё кампаніі. Спробы прадаць ці перадаць Дансбарг у карыстанне іншым дзяржавам скончыліся беспаспяхова. Крэпасць працягвала афіцыйна належыць Даніі, яе гарнізон наймаўся з партугальцаў, а насельніцтва выжывала не столькі дзякуючы гандлю, колькі пірацтву.
Другая кампанія
[правіць | правіць зыходнік]У 1669 г. па ініцыятыве каралеўскіх уладаў Даніі і Нарвегіі дзейнасць Дацкай Ост-Індскай кампаніі была адноўлена. З 1670 г. узнавіліся экспедыцыі дацкіх караблёў у крэпасць Дансбарг. Дацкія гандляры выкарысталі ў сваіх мэтах нейтралітэт у дачыненні да Англіі і Галандыі, каб пачаць пастаўкі танных спецый і чаю з галандскіх калоній у Англію.
У 1698 г. задаволены прыбыткамі Крысціян V падпісаў прывілей на манаполію кампаніі на 40 гадоў. Аднак з-за падзей Вялікай Паўночнай вайны Дацкая Ост-Індская кампанія зноў апынулася на мяжы банкруцтва. У 1726 г. акцыянеры звярнуліся да Фрэдэрыка IV з прашэннем аб фінансавай дапамозе, але атрымалі адказ. У 1729 г. другая кампанія была распушчана.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Peter Ravn Rasmussen, Tranquebar The Danish East India Company 1616 - 1669 Архівавана 2 лютага 2014.
- Randolph Stow, Denmark in the Indian Ocean, 1616-1845 An Introduction
- Danish Era (1620-1845)
- Kathryn Wellen, The Danish East India Company’s War against the Mughal Empire, 1642-1698
- Tamil Nadu’s Danish Connection Архівавана 7 верасня 2020.